“Славянскія сустрэчы” на мове мінулага стагоддзя

- 12:01Навіны рэгіёнаў

Міжнародны культурна-адукацыйны і навуковы форум “Славянскія сустрэчы” чарговы раз сабраў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны вядомых навукоўцаў з шасці краін.

Пяць гадоў назад у Гомельскім дзяржуніверсітэце пры падтрымцы прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь нарадзілася выдатная традыцыя штогадовага правядзення “Славянскіх сустрэч”. Галоўным мерапрыемствам у рамках форуму з’яўляецца міжнародная канферэнцыя. Кожны год “сустрэчы” маюць сваю тэматыку, але славістычны кірунак застаецца нязменным. За гэты час разглядаліся тэмы славянскіх народаў і іх культуры, славянская фразеалогія і этналінгвістыка і інш.

Улічваючы сёлетнія стогадовыя юбілеі Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, якія аказалі велізарны ўплыў на грамадска-палітычнае і культурнае жыццё многіх краін свету, Расійскім цэнтрам навукі і культуры ў Гомелі было ініцыіравана правядзенне ў рамках “сустрэч” міжнароднай навуковай канферэнцыі “Мова як люстэрка эпохі”. Мовазнаўцы і славісты з Беларусі, Расіі, Украіны, Чэхіі, Азербайджана і Румыніі, выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, настаўнікі школ, студэнты, магістранты і аспіранты абмяркоўвалі заканамернасці развіцця ўсходнеславянскіх моў на працягу мінулага стагоддзя, аналізавалі адлюстраванне ў адзінках мовы стэрэатыпных уяўленняў, звязаных з мінулай эпохай.

Пачатак пленарнага пасяджэння быў незвычайным. Студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Слова пра рэвалюцыю”, дзе паказалі рознае ўспрыманне гістарычнай падзеі пісьменнікамі таго часу, чыталі вершы і спявалі.

Удзельнікі канферэнцыі прадставілі для абмеркавання на канферэнцыі розныя па тэматычнай накіраванасці даклады, звязаныя з іх навуковымі густамі і перавагамі. Падчас адкрытай навуковай дыскусіі разглядаліся такія актуальныя праблемы, як адлюстраванне ў адзінках мовы каштоўнасцей зменлівага свету, тэкставыя рэалізацыі моўных адзінак, сувязь мовы з грамадска-культурным жыццём.

З вялікай цікавасцю прысутныя слухалі даклад “Homo sovieticus і мова таталітарнай сістэмы” доктара філалагічных навук прафесара кафедры славістыкі Яскага ўніверсітэта імя А.І.Куза (Румынія) Людмілы Бежанару, якая выйшла на сувязь пры дапамозе Skype. Пазнавальным было выступленне настаўніка-метадыста і вядомага на Гомельшчыне трэнера па падрыхтоўцы навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядах па прадметах Жанны Жадзейка. Жанна Фёдараўна прааналізавала прыметы часу і мову эпохі ў паэме А.Блока “Дванаццаць”.

Цікавымі аказаліся таксама выступленні прафесара Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Валянціны Маславай “Цікавасць да глыбіннага ведання як найважнейшы прынцып лінгвістыкі ХХI стагоддзя”, дацэнта кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Алены Цімашэнка “Палітычныя сэнсы слова “таварыш” у мове XX стагоддзя”.

Праца форуму працягнулася ў трох секцыях: “Адлюстраванне каштоўнасцей зменлівага свету ў адзінках мовы”, “Дыскурсіўныя рэалізацыі моўных адзінак”, “Мова. Грамадства. Культура”. Варта адзначыць, што з вынікамі даследаванняў навукоўцаў, настаўнікаў, аспірантаў і студэнтаў можна было азнаёміцца ў зборніку навуковых артыкулаў, апублікаваным да пачатку канферэнцыі.

Другі дзень “Славянскіх сустрэч” пачаўся з наведвання Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Гомелі, дзе адбыўся круглы стол, удзельнікі якога прааналізавалі сферу інтэрнэт-камунікацый як сучаснай маўленчай з’явы.

— Я ўпэўнены ў тым, што V юбілейная культурна-адукацыйная і навуковая праграма “Славянскія сустрэчы ў Гомелі” будзе садзейнічаць умацаванню рознабаковых культурных, творчых і навуковых сувязей выкладчыкаў універсітэтаў і навуковых устаноў Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краін, зробіць свой уклад ва ўмацаванне ўзаемаразумення і сяброўства славянскіх народаў, — адзначыў кіраўнік Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Гомелі Віктар Мічурын.

— Штогадовыя сустрэчы спецыялістаў у галіне славяназнаўства — гэта не толькі папулярызацыя славянскіх моў і культур, — тлумачыць галоўны арганізатар мерапрыемства загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны прафесар Уладзімір Коваль. — Яны спрыяюць наладжванню рознабаковых кантактаў сярод навукоўцаў і студэнтаў, даюць магчымасць развіваць новыя кірункі, ствараць сумесныя праекты ў галіне славяназнаўства.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Алены АСЕНЧЫК.