Словы, людзі, кнігі…

- 12:00Культура

“Liber est mutus magister” (“Кніга — нямы настаўнік”), — сказаў амаль за паўстагоддзя да нашай эры старажытны грэчаскі філосаф Платон. А філосаф Сенека яму падтакнуў: “Non refert quam multos, sed quam bonos habeas” (“Важна не колькі ў цябе (кніжак), а наколькі яны добрыя”).

Кнігі і кніжная культура заўсёды шанаваліся ў еўрапейскай традыцыі. Але…

Мне стала непамысна ад наступных лічбаў, агучаных у адным з апошніх нумароў расійскага часопіса Esquire: 35 працэнтаў расіян чытаюць кнігі штодня, але 34 працэнты расіян за апошні год не прачыталі ніводнай кнігі; 30 працэнтаў расіян ніколі не былі ў бібліятэцы; 93 працэнты расіян не чытаюць сваім дзецям кнігі.

Горшыя ці лепшыя мы за нашых суседзяў-сяброў? Цяжка сказаць.

Магу гаварыць толькі на прыкладзе ўласных бібліятэк. У маёй хатняй бібліятэцы — тысячы кніг. У хатняй бібліятэцы маёй жонкі, якая родам з Бярозы, дзякуючы яе бацьку, дарэчы, зусім не філолагу, — сотні. Прыязджаю летам і чытаю.

Кніга ў маім жыцці была пастаянна як сябар, як дарадчык, як паразумоўца.

Іншым разам нават як бяда. У мяне столькі кніг, што часам у якой з іх нават пытаюся: “Што ты ў мяне робіш, скажы мне? Навошта ты мне?”

Шкадую, праўда, заўсёды потым. Кажу ёй: “Даруй мне, ты ж кніга. Ты ж — святое”.

А быў час, калі я нават не ведаў, як быць без кнігі. На старонках некаторых маіх кніг — ледзь бачныя плямкі.
Гэта слёзы мае.

Яны — на “Жалейцы”, “Вянку”, “Людзях на балоце”, “На імперыялістычнай вайне”, “Запісках Самсона Самасуя”, “Знаку бяды”, “Роднай зямлі”, “Арчыбальдзе”, “Боскай камедыі”, “Макбеце”, “Марціне Ідэне”, “Гронках гневу”, “Улісе”, “Штылеры”, “Па тым баку дабра і зла”, “Каханцы французкага лейтэнанта”, “Вайне з саламандрамі”, “Жарце”, “Замку”, “Над прорвай у жыце”, “Апраўданні вечнасці”, “Чалавеку без уласцівасцей”, “Завадным апельсіне”… Я мог бы працягваць яшчэ вельмі доўга спіс гэтых маіх любімых кніг, разам з якімі і плакаў, і смяяўся.

У сераду ў выставачным павільёне на сталічны праспекце Пераможцаў пачала працаваць ХХIV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі”. У яе рамках праходзіць гэтымі днямі і міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час”.

ХХIV Мінскую кніжную выставу-кірмаш наведаў міністр адукацыі Ігар Карпенка

Ігар Васільевіч асаблівую ўвагу ўдзяліў стэндам выдавецтваў і структур, якія маюць непасрэднае дачыненне да сферы адукацыі, — выдавецкім цэнтрам Нацыянальнага інстыта адукацыі, “Пачатковай школе” “РІПА”, Народнай асвеце” і інш.

Міністр быў задаволены і ўласна кантактаванню з прадстаўнікамі адукацыйна-выдавецкай дзейнасці, і кніжнымі навінкамі, якія ўбачыў на стэндах.

Так, Ігар Карпенка меў змястоўны дыялог з прадстаўнікамі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, падчас якога абмеркаваў пытанні забяспечанасці вучэбнай і метадычнай літаратурай спецыялістаў сістэмы прафесійнай адукацыі.

Парадавалі міністра адукацыі і іншыя ведамасныя выдавецтвы. Так, на рахунку “Адукацыі і выхавання” такія каштоўныя выданні, як “Беларуская педагагічная энцыклапедыя” ў 2 тамах (гэта фундаментальная праца; удзел у ёй узялі больш за 400 вучоных — і педагогаў-практыкаў, і навукоўцаў-спецыялістаў з вучонымі ступенямі; фактычна, гэта ўвасобленая ў розных артыкулах канцэпцыя беларускай адукацыі з апісаннем беларускіх і замежных педагагічных методык, асноўных педагагічных школ, навукова-асветніцкіх цэнтраў); энцыклапедыя “Сусветная мастацкая культура” з серыі “Лепшая калекцыя школьніка”, даведнік па літаратурнай праўцы выкладчыка кафедры стылістыкі Белдзяржуніверсітэта Пятра Жаўняровіча — незаменная кніжка як для журналістаў, так і для ўсіх, хто мае справу са словам. Пра гэта нашаму карэспандэнту паведаміла начальнік аддзела маркетынгу выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Таццяна Іванова.

Таксама можа пахваліцца сваімі набыткамі і “Пачатковая школа”: самымі разнастайнымі варыянтамі часопісаў “Рукзачок” і “Рукзачочак”, спецыялізаванымі выданнямі накшталт “Юны тэхнік і вынаходнік”, кнігамі-трэнажорамі для матэматыкаў, фізікаў, хімікаў.

Выдавецтва Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі выдала нямала прафесійных кніг, прысвечаных слясарнай справе, машынабудаванню, фрэзероўцы, абслугоўванню і рамонту машын і механізмаў, такарніцтву, геадэзійнаму будаўніцтву і інш.

Удзельнікам кніжнага свята накіраваў прывітанне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які адзначыў: “Літаратура адыгрывае выключную ролю ў вырашэнні агульнанацыянальных задач, захаванні духоўнай спадчыны, актывізацыі дыялогу культур. Ваш маштабны форум служыць аўтарытэтнай пляцоўкай для абмену ідэямі, прымае шматлікіх гасцей з блізкага і далёкага замежжа”. Прэзідэнт у сваім прывітанні таксама падкрэсліў, што лічыць глыбока сімвалічным набыццё 500-годдзя ўсходнеславянскага кнігадрукавання шырокага міжнароднага гучання. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ХХIV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі” паслужыць развіццю друкаванага слова і ўзбагачэнню нацыянальнай літаратурнай традыцыі.

І гэтыя словы кіраўніка нашай дзяржавы спраўдзіліся. Ужо самы першы дзень яскрава засведчыў: беларусам ёсць чым ганарыцца ў сваёй кніжнай культуры, а гэтую нацыянальную кніжную культуру паважаюць ва ўсім свеце.

…Што заўсёды мяне радуе на Мінскай кніжнай выставе-кірмашы?

Радуюць словы.

Вельмі парадавалі словы прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі. Парадавалі словы першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова, які адзначыў на цырымоніі адкрыцця ХХIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, што ва ўсе часы кніга была і застаецца вялікім памочнікам у жыцці.

Радуюць людзі.

Напрыклад, 20 юных паэтаў і празаікаў, якія сталі пераможцамі конкурсу маладых літаратараў “Першацвет” (у ім паўдзельнічалі ажно 160 чалавек ва ўзросце ад 17 да 30 гадоў усёй Беларусі). Для аўтара гэтых радкоў навіна стала асабліва прыемнай, паколькі ваш пакорны слуга напрыканцы 90-х рэдагаваў часопіс маладых літаратараў з назвай “Першацвет”.

Радуюць кнігі.

Іх на Мінскай кніжнай выставе-кірмашы настолькі многа, што разбягаюцца не толькі вочы, але і рукі. Хочацца ўсе пабачыць, пагартаць, памацаць — кнігі цёплыя і пяшчотныя, як жанчыны.

Радуюць справы.

Ну, проста немагчыма было не ўразіцца стэндам ганаровага госця сёлетняга кірмашу Вялікабрытаніі — з традыцыйнай чырвонай лонданскай тэлефоннай будкай, з вялікім слоганам стэнда Literature is great (“Літаратура — гэта крута”). Немагчыма было не залюбавацца і рэканструяваным друкарскім станком ХVI стагоддзя, на якім паспрабавалі надрукаваць старонкі Бібліі Скарыны нават першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў, міністр інфармацыі Лілія Ананіч і намеснік міністра інфармацыі Алесь Карлюкевіч. Немагчыма было не здзівіцца таму, што многія стэнды замежных краін былі аформлены па-беларуску, як, напрыклад, стэнд Германіі: поруч з надпісам Vielfaltiges Deutschland тут ёсць і наш, беларускі: “Кнігі, якія здзіўляюць”.

Радуюць намеры.

Па словах старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, гэтай арганізацыяй падчас ХХIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу “Кнігі Беларусі” плануецца падпісаць некалькі дагавораў з іншымі краінамі аб супрацоўніцтве, у прыватнасці, з Венесуэлай, Іранам, Францыяй. Гэта аблегчыць магчымасць выдаваць кнігі нашых пісьменнікаў за мяжой.

ХХIV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі” будзе працаваць сёння, 11 лютага, і паўдня заўтра, 12 лютага. Такім чынам, у аматараў кніг ёсць добры шанс яе наведаць менавіта ў выхадныя (не будзем забываць, што ў працоўныя дні настаўнікам адлучыцца са школы праблематычна). І, як паказвае практыка мінулых гадоў, якраз у выхадныя ММКВК асабліва насычаецца падзеямі. Вы прыйдзеце ў выставачны павільён па праспекце Пераможцаў, 14 — і не згубіцеся. Вас чакаюць сустрэчы з пісьменнікамі, майстар-класы, інтэрактыўныя мерапрыемствы. Літаральна пры кожным стэндзе будзе рух. Так, напрыклад, ля стэнда Вялікабрытаніі ў рэжыме нон-стоп будуць прэзентавацца школы англійскай мовы, брытанскія ўніверсітэты. Акрамя таго, наведвальнікаў выставы-кірмашу чакае ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з бібліятэкай Францыска Скарыны ў Лондане.

Багатая праграма запланавана на выхадныя дні і ў палякаў. У суботу а 10-й адбудзецца аўтарская сустрэча з Яраславам Гжэндовічам — адным з самых папулярных сучасных польскіх пісьменнікаў-фантастаў, а 14-й — прэзентацыя беларускамоўнага выдання кнігі Фларыяна Чарнышэвіча “Надбярэзінцы” (авантурнай меладраматычнай эпапеі пра драматычны лёс жыхароў шляхецкіх засценкаў на землях паміж Бярэзінай і Дняпром у 1911—1920 гадах). У нядзелю а 12-й гадзіне ілюстратар дзіцячых кніг Моніка Хануляк прэзентуе адначасова і сваю творчасць, і польскае выдавецтва Wytwórnia, а таксама правядзе майстар-клас для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў.

А самым прыгожым падарункам ад нашых расійскіх сяброў стала адкрыццё секцыі кніг з Санкт-Пецярбурга ў сталічнай кнігарні “Светач”. Тут прадстаўлена больш за 400 кніг пісьменнікаў з расійскай паўночнай сталіцы, а таксама выданні, якія расказваюць пра гэты горад. Дарэчы, Сяргей Серазлееў, які прадстаўляе камітэт па друку і СМІ Санкт-Пецярбурга, днямі падкрэсліў значнасць беларуска-расійскіх кантактаў у кніжнай галіне. Ён адзначыў, што даўно абмяркоўваліся планы па супрацоўніцтве ў гэтым кірунку з Міністэрствам інфармацыі нашай краіны. “Мы павінны адно аднаго падтрымліваць ва ўзаемным пашырэнні кніжнай прадукцыі і развіваць гэтыя кантакты”, — заўважыў пецярбуржац. Плануецца, што ўжо ў маі секцыя беларускіх кніг будзе адкрыта ў адным з кніжных магазінаў Санкт-Пецярбурга.

Словы, людзі, кнігі, намеры… Так хочацца ў гэтыя дні, калі праходзіць ХХIV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, каб кніга сапраўды прагучала. Каб сапраўды прагучалі для нашых людзей імёны Скарыны, Купалы, Коласа. Для ўсіх іх, дарэчы, 2017 год — юбілейны.

Магу падказаць цікавы маршрут на суботні або нядзельны дзень нашым чытачам.

Заедзьце спачатку ў адміністрацыйны комплекс па адрасе праспект Пераможцаў, 14, уласна на саму выставу-кірмаш. Адкрыйце для сябе кніжны свет.

Потым праедзьце некалькі прыпынкаў на аўтобусе і завітайце ў магазін “Светач” — адкрыйце для сябе высокую піцерскую кніжную культуру.

Потым праедзьце некалькі прыпынкаў да помніка Янку Купалу. Пакланіцеся яму за яго кнігі.

Сядзьце зноў у аўтобус і пад’едзьце да помніка Якубу Коласу на плошчы Якуба Коласа. І яму пакланіцеся.

А завяршыце сваё падарожжа ўжо на метро, прыехаўшы на станцыю “Усход” і падышоўшы да Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, да помніка Францыску Скарыну — нашаму першадрукару, нашаму ўсяму.

Такім чынам, вы зробіце вялікі-вялікі паклон беларускай кнізе. Гэтае падарожжа сапраўды можна здзейсніць за дзень, нават за паўдня. Але ўражанняў будзе на ўсё жыццё. Ад таго, што ў нас былі яны — Скарына, Купала, Колас, што ў нас ёсць кніга.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.