Над пошукам новых механізмаў павышэння якасці вучэбнага працэсу і шляхоў развіцця ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі разважалі кіруючыя работнікі адукацыйнай сферы Магілёўшчыны. Выязное пасяджэнне калегіі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама сабрала разам прадстаўнікоў усіх раёнаў вобласці.
Сумесна начальнікі аддзелаў адукацыі рай(гар)выканкамаў, загадчыкі метадычных кабінетаў, дырэктары ўстаноў адукацыі абласнога падпарадкавання шукалі рэсурсы далейшага ўдасканалення работы. Неабходна наладзіць сістэму работы з адоранымі навучэнцамі, палепшыць выніковасць здачы цэнтралiзаванага тэсцiравання, эфектыўнасць прафарыентацыі, арганізацыю харчавання навучэнцаў. Таму размова была прадметнай, з канкрэтнымі прапановамі, здольнымі змяніць цяперашняе становішча спраў.
Галоўным пытаннем мінулай калегіі было павышэнне ўзроўню арганізацыйнага і метадычнага забеспячэння адукацыі. Пра тое, як палепшыць работу ў гэтым кірунку, гаварылі, наведваючы ўстановы адукацыі Слаўгарадскага раёна. У мясцовых педагогаў ёсць чаму павучыцца. Напрыклад, эканоміі бюджэтных сродкаў. У тутэйшым прафесійным ліцэі колькасць навучэнцаў на працягу некалькіх гадоў не адпавядала праектнай магутнасці будынка. А вось раённаму Цэнтру карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі для ажыццяўлення належнага адукацыйнага працэсу плошчаў не хапала. Дзякуючы адпаведнаму рашэнню, ЦКРНіР размясціўся на першым паверсе прафесійнага ліцэя. Агульнымі намаганнямі тут зрабілі бягучы рамонт, і цяпер дзеткі з асаблівасцямі ў развіцці ў поўнай меры забяспечаны своечасовай дапамогай педагагічных і медыцынскіх работнікаў.
— Гэты прыклад паказальны. Многія ўстановы адукацыі валодаюць дастаткова вялікімі вучэбнымі карпусамі, у той час як колькасць вучняў у іх штогод памяншаецца. Вызваленыя плошчы можна і неабходна выкарыстоўваць для патрэб іншых навучальных устаноў. Такі крок дазваляе і якасць навучання паляпшаць, і бюджэтныя сродкі эканоміць, — матываваў калег начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.
У сярэдняй школе № 1 Слаўгарада прысутныя на калегіі ўбачылі, як стараннямі педагогаў і мясцовых улад магчыма ператварыць старую навучальную ўстанову ў сучасную. Першай школе райцэнтра — паўтара стагоддзя, але пра гэта тут гавораць хіба толькі інфармацыйныя стэнды. Некалькі гадоў назад навучальная ўстанова падверглася маштабнай рэканструкцыі двух вучэбных корпусаў. Акрамя гэтага, тут быў з нуля пабудаваны яшчэ адзін — дадатковы — корпус. Сёння ў плане матэрыяльнага забеспячэння ва ўстанове ёсць усё, што патрэбна для паўнавартаснага развіцця навучэнцаў.
Сельскія школы раёна ў тэхнічным аснашчэнні нічым не саступаюць гарадскім. Але, акрамя якаснага навучання, упор тут робяць на далучэнне вучняў да народнай спадчыны. У Ляснянскім дзіцячым садзе — пачатковай школе педагагічны калектыў арыентуецца на полікультурнае выхаванне і стварэнне адпаведнага прадметнага адукацыйнага асяроддзя. Ва ўстанове стварылі пакой-музей баявой і працоўнай славы сваёй вёскі, куток беларускай хаты. Навучэнцы вучэбна-педагагічнага комплексу прыцягваюцца да ўдзелу ў тэатралізаваных паказах, фальклорных святах, экскурсіях па родным краі. Педагогі Бярозаўскай базавай школы патрыятычныя пачуцці, любоў да нацыянальных традыцый фарміруюць у вучняў таксама з выкарыстаннем рэгіянальнага кампанента. Такі падыход дастаткова дзейсны: навучэнцы абедзвюх навучальных устаноў свабодна выкарыстоўваюць у штодзённым жыцці беларускую мову, выконваюць народныя звычаі ў сем’ях, добра ведаюць гісторыю сваёй малой радзімы.
Як заўважыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі, падобныя метады работы вартыя распаўсюджвання, бо яны спрыяюць адраджэнню беларускай мовы, далучэнню падрастаючага пакалення да роднай культуры.
— Трэба стварыць спецыяльную працоўную групу, якая б паспрыяла распаўсюджванню назапашанага слаўгарадскімі педагагічнымі калектывамі вопыту ў iншыя, асабліва гарадскія ўстановы адукацыі, — адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.
Абмеркаванне адукацыйнага патэнцыялу навучальных устаноў Слаўгарадчыны працягнулася ў ходзе пасяджэння калегіі. Загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Голік адзначыла, што ў раёне педагогаў імкнуцца ўсяляк падтрымліваць і матываваць на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці.
Па словах начальніка аддзела агульнай сярэдняй адукацыі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Іны Казловай, слаўгарадскія навучальныя ўстановы не маюць звышвысокіх паказчыкаў, але стабільна функцыянуюць і, што важна, імкнуцца да развіцця. Як і ў цэлым па вобласці, тут ёсць і добрыя вынікі, і праблемы.
Начальнік мясцовага аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Аўчыннікаў пацвердзіў: па многіх аспектах намеціліся станоўчыя тэндэнцыі, але разам з тым прысутнічаюць і асобныя недапрацоўкі, якія трэба выпраўляць.
— Вызначаючы стратэгію дзеянняў на перспектыву, будзем зыходзіць з аналізу дасягненняў і недахопаў. У нас ёсць усё для плённай працы: прафесійныя педагагічныя калектывы, належная матэрыяльна-тэхнічная база навучальных устаноў. У прыярытэце — імкненне да выканання пастаўленых перад сістэмай адукацыі задач, — сказаў Аляксандр Леанідавіч.
Як было агучана, канкрэтныя дзеянні кіраўнікам неабходна рабіць не толькі ў дачыненні да павышэння якасці навучання, эфектыўнасці работы з адоранымі навучэнцамі, але і па іншых праблемных момантах. Адным з такіх па-ранейшаму застаецца арганізацыя харчавання навучэнцаў.
Пытанні, якія тычацца гэтага важнага напрамку работы, разглядаліся на калегіях, семінарах і нарадах ужо неаднаразова. Дасканала разбіраліся ўсе хібы, была сфарміравана сістэма працы, гучалі запэўніванні аб выпраўленні недапушчальных сітуацый. Аднак час прайшоў, а вынікі планавых праверак ва ўстановах адукацыі выяўляюць тыя ці іншыя парушэнні. Самыя распаўсюджаныя — няправільнае складанне меню, недастатковы рацыён, невыкананне норм таварнага суседства і правіл захавання прадуктаў, адсутнасць маркіровак на прадукцыю. Характэрна, што ў большасці сваёй выяўляюцца хібы, на якія кіраўнікам ужо неаднаразова ўказвалася. Пасля праверкі яны выкараняюцца, а затым з-за адсутнасці кантролю з’яўляюцца зноў. Падобныя тэндэнцыі гавораць аб халатнасці некаторых кіраўнікоў у адносінах да выканання сваіх службовых абавязкаў.
— Трэба знаходзіць шляхі вырашэння гэтых праблем, бо нашы дзеці павінны вучыцца ў годных умовах, а таксама збалансавана і якасна харчавацца. Магчыма, варта ўзмацніць адказнасць дырэктараў навучальных устаноў за арганізацыю харчавання, — выказаў меркаванне начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў.
Пэўная ўвага падчас пасяджэння была ўдзелена выкананню дзяржаўных сацыяльных стандартаў. У рэгіёне ўсе яны выконваюцца ў поўнай меры. На Магілёўшчыне — стапрацэнтны ахоп дзяцей пяцігадовага ўзросту падрыхтоўкай да навучання ў школе, такі ж паказчык па аснашчэнні навучальных устаноў сучаснай камп’ютарнай тэхнікай і іншых пазіцыях. Адметна, што па некаторых напрамках удаецца рабіць нават больш, чым было даведзена. Так, звыш устаноўленага нарматыву забяспечваецца прадастаўленне месцаў у дашкольных установах.
А вось з эканоміяй і беражлівасцю пакуль не ўсё так добра. Бюджэтныя сродкі не ўсюды расходуюцца рацыянальна, таму кіраўнікам была дадзена парада больш дэталёва кантраляваць свае выдаткі, а таксама актывізаваць работу па развіцці пазабюджэтнай дзейнасці.
Чарговая калегія расцягнулася практычна на цэлы дзень. Сумеснымі намаганнямі былі абмеркаваны таксама ступень падрыхтоўкі навучальных устаноў да надыходзячага ацяпляльнага сезона, стан выкладання вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе”, заняткаў “Гадзіна здароўя і спорту”, перспектывы рэалізацыі праграмы ўсеагульнага шахматнага навучання, развіцця дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў. Быў прыняты і шэраг калегіяльных рашэнняў. Наколькі эфектыўна яны будуць выкананы — пакажа час.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.