Слуцкаму дзяржаўнаму каледжу — 75. Расказваем пра яго дасягненні і напрамкі дзейнасці

- 10:02Образование

Гісторыя Слуцкага дзяржаўнага каледжа — гэта, па сутнасці, гісторыя сям’і Блахіных, добра вядомай у горадзе і за яго межамі. Якую б старонку ў гісторыі ўстановы ні адкрыў, кожная звязана з гэтай сям’ёй. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вярнуцца да вытокаў

Сёлета каледжу споўнілася 75 гадоў. І калі падлічыць тэрмін дырэктарства Браніслава Рыгоравіча Блахіна, яго сына Барыса Браніслававіча, то ён скла­дзе больш за паўвека. Установе прысвяцілі сваё жыццё і маці Барыса Браніслававіча Валянціна Нікіфараўна, і яго брат Яўген. Асноўныя вехі дзейнасці ўстановы — інавацыя, высокі вынік і прыклад для іншых.

Гледзячы на сучасны будынак каледжа, на яго прыбудовы, на добраўпарадкаванае наваколле, успрымаеш навучальную ўстанову як вучэбны гарадок са сваёй атмасферай, сваімі традыцыямі і дасягненнямі. Сёння цяжка ўявіць, што навучальная ўстанова пачыналася са спецыяльнай двухгадовай школы майстроў сыраробства і масларобства, выпускнікамі якой былі толькі 30 чалавек. Але развіццё было інтэнсіўным: умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база, пабудавалі новы корпус інтэрната, змяніўся змест навучання, пашыралася кола новых спецыяльнасцей, вырасла колькасць навучэнскай моладзі. Усё гэта паспрыяла змене статусу ўстановы — з’явілася Слуцкае ПТВ-97, якое ўзначаліў Браніслаў Рыгоравіч Блахін.

З яго прыходам пачаўся чарговы этап развіцця навучальнай установы, калектыў якой імкнуўся дасягаць новых вяршынь. У пе­рыяд дырэктарства Б.Р.Блахіна было адкрыта 10 новых спецыяльнасцей, якія заяўляліся прадпрыемствамі перапрацоўчай прамысловасці, і змест навучання фарміраваўся толькі з удзелам заказчыкаў кадраў. Браніслаў Рыгоравіч наладжваў цесныя кантакты з вытворчасцю, дакладна адсочваў яе патрэбы. Ён лічыў, што без адпаведнага аналізу вытворчай сферы немагчыма пад­рыхтаваць патрэбнага для эканомікі спецыя­ліста. І гэта шмат разоў пацвярджалася на практыцы. Вучылішча было ў першых радах па якасці навучання, перамагала ў шматлікіх спаборніцтвах, навучальная ўстанова стала ініцыятарам, наватарам і першапраходцам у развіцці прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Усе, хто ведаў Браніслава Рыгоравіча, успамінаюць яго з душэўнай цеплынёй. Ён быў няўрымслівым кіраўніком, выдатным арганізатарам, чуллівым, спагадлівым чалавекам. Адказнасць, дысцыплінаванасць, цвёрдасць характару перапляталіся з дабрынёй, чалавечым стаўленнем да кожнага педагога і навучэнца. Ён мог даць жыццёвую параду, накіраваць у працы, навучанні, умеў сябраваць, і людзі адказвалі яму тым жа.

Браніслаў Рыгоравіч не спыняўся на дасягнутым, быў заўсёды ў пошуку новага, эфектыўнага напрамку, які дазваляў бы рухацца наперад, быць лідарам.

Бацькоўскі наказ

Яго сын Барыс Браніслававіч Блахін пераняў стыль кіраўніцтва бацькі. Бацькоўскі пасыл стаў асновай у кожнай яго справе, кожным кроку. Ён працягваў развіваць існуючыя кірункі і пачынаў новыя.

— Я імкнуўся выконваць баць­каў наказ, — расказвае Барыс Браніслававіч. — Калі бярэшся за справу, то не толькі імкніся давесці яе канца, а старайся, каб яна прыносіла істотны вынік.

Барыс Браніслававіч на пасту амаль 40 гадоў, і не злічыць колькасць новаўвядзенняў, якія з’явіліся ў дзейнасці каледжа за час яго дырэктарства. Развіццё перапрацоўчай прамысловасці з укараненнем сучаснага абсталявання і новых тэхналогій стала матывацыяй для падрыхтоўкі спецыяліста новага ўзроўню з больш высокай кваліфікацыяй. З гэтай мэтай установа атрымала статус вышэйшага прафесійна-тэхнічнага вучылішча, дзе была арганізавана двухступеньчатая падрыхтоўка кваліфікаваных рабочых. Але ўжо амаль 20 гадоў — гэта Слуцкі дзяржаўны каледж. Штогод ва ўстанове вучыцца каля 1200 чалавек на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама ў аддзяленні дадатковай адукацыі дарослых.

Сёння ў каледж паступа­юць не толькі навучэнцы Слуцка і Мінскай вобласці. Гэта адзіная ў краіне ўстанова сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якая рыхтуе кадры для малочнай галіны. Высокі імідж установы прыцягвае ўвагу моладзі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

— Каледж вядзе падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых і спецыя­лістаў, канкурэнтаздольных на рынку працы, кампетэнтных, адказных прафесіяналаў, тым самым заваёўвае высокі давер у заказчыкаў кадраў, — адзна­чае Барыс Блахін. — За сваю гісторыю ўстанова адукацыі падрыхтавала і выпусціла амаль 40 тысяч кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці.
Выпускнікі каледжа займаюць кіруючыя пасады на прадпрыемствах і ў арганізацыях не толькі Беларусі, але і за яе межамі.

Ганаровы статус

У каледжы пастаянна вядзецца прафарыентацыйная работа, формы якой мяняюцца з улікам патрабаванняў часу. У навучальнай установе наладзілі цесныя сувязі з прадпрыемствамі перапрацоўчай прамысловасці і актыўна з імі ўзаемадзейнічаюць. Сярод заказчыкаў кадраў Слуцкі сыраробны камбінат, “Савушкін прадукт”, “Брэсцкае марожанае”, “Малочны гасцінец”, “Молочный мир”, універмаг “Слуцк”, Кранавы завод, Салігорскгандаль, Слуцкі хлебазавод і інш. Няма ніводнага прадпрыемства альбо арганізацыі гэтай сферы, дзе б ні пабываў дырэктар Барыс Браніслававіч Блахін. Яго цікавіць, як працуюць падчас практыкі навучэнцы каледжа, ці хапае ім атрыманых ведаў, як адаптаваліся выпускнікі, як забяспечваюцца іх сацыяльныя гарантыі. А каб быць бліжэй да патрэб работадаўцаў, забяспечыць якасную прафесійную падрыхтоўку навучэнцаў, Барыс Браніслававіч арганізаваў у навучальнай установе міні-вытворчасць. Немагчыма назваць інакш сучасную, высокатэхналагічную матэрыяльна-тэхнічную базу, якая складаецца з шэрага вучэбных кабінетаў, лабараторый, вучэбна-вытворчых майстэрань, цэнтра кампетэнцый сучасных тэхналогій у сферы грамадскага харчавання, буфета, кафэ “Юнацтва”, кулінарных студый “Гурман”, “Справа густу”.

Асаблівай увагі заслугоўвае цэнтр кампетэнцый сучасных тэхналогій у сферы грамадскага харчавання па прафесіі кухар. Ён мае вучэбны кабінет, лабараторыі, аснашчаныя найноўшым тэхналагічным абсталяваннем сферы грамадскага харчавання. Навучанне ў цэнтры праходзяць навучэнцы і педагогі з нашай краіны, а таксама Расійскай Федэрацыі, Казахстана.

Амаль 30 гадоў на базе каледжа адкрыта аддзяленне дадатковай адукацыі дарослых. А з 2018 года вядзецца прафесійная падрыхтоўка школьнікаў Слуцкага раёна па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”. Такім чынам складваецца ланцужок бесперапыннасці навучання, які станоўча ўплывае на якасць падрыхтоўкі рабочых і спецыя­лістаў.

Гэтаму садзейнічае мэтанакіраваная работа выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання, якія маюць высокі прафесійны ўзровень. Педагагічныя работнікі актыўна выкарыстоўваюць у адукацыйнай дзейнасці эксперыменты, інавацыі, з’яўляюцца распрацоўшчыкамі адукацыйных стандартаў вучэбна-плануючай дакументацыі па спецыяльнасцях, аўтарамі вучэбных дапаможнікаў. Каманднае ўзаемадзеянне і вялікі аўтарытэт дырэктара дазваляюць вырашаць пастаўленыя задачы.

— Як бы ні мяняўся час, нязменнымі застаюцца чалавечыя якасці, якія дапамагаюць буда­ваць зносіны паміж людзьмі, — гаво­рыць Барыс Браніслававіч. — У нашым калектыве створана атмасфера добразычлівасці, спагады сярод педагогаў і навучэнцаў, якая спрыяе творчасці, інавацыям і ўрэшце дапамагае педагогам і навучэнцам дасягаць высокіх вынікаў на самых розных узроўнях.

Традыцыйным з’яўляецца ўдзел каледжа ў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах прафесійнага майстэрства, рэспуб­ліканскім спаборніцтве навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”. У нядаўнім Міжнародным чэмпіянаце кулінарнага мастацтва, які праходзіў у рамках выставы-кірмашу “Прадэкспа”, навучэнцы каледжа прадэманстравалі цудоўныя вырабы, якімі здзівілі прафесіяналаў міжнароднага ўзроўню, і па ўсіх кампетэнцыях заваявалі высокія ўзна­гароды.

Каб запала ў душу

— Прафесіяналізм у працы, безумоўна, дорага каштуе. Але не будзе асоба чалавека гарманічнай, калі не будзе мець духоўнай асновы, сфарміраванай жыццё­вай пазіцыі, — сцвярджае Барыс Браніслававіч. — Таму выхаванне грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны знаходзіцца ў цэнтры дзейнасці нашай установы. З гэтай мэтай мы распрацавалі цэлы спектр кірункаў выхаваўчай работы, каб яны не проста захапілі нашых выхаванцаў, а запалі ў душу.

У каледжы створаны народны гісторыка-этнаграфічны музей. Існуе музей малака, а таксама разгорнуты экспазіцыі з вырабамі навучэнцаў і педагогаў кале­джа, і ўвогуле прадстаўлена гісторыя ўстановы адукацыі. Для тых навучэнцаў, хто захапляецца навукай, працуе таварыства “Інавацыйны фармат”. Яго ўдзельнікі з’яўляюцца пераможцамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. У каледжы дзейнічае валанцёрскае аб’яднанне “Добрыя сэрцы”, маладзёжныя грамадскія аб’яднанні, якія рэалізуюць патрыятычныя праекты.

Візітнай карткай каледжа з’яўляецца зімовы сад, які ўжо больш за 15 гадоў радуе сваіх наведвальнікаў. Сёння ў садзе расце звыш пяцісот экзэмпляраў раслін, у тым ліку экзатычныя.

За дасягнутыя поспехі ў пад­рыхтоўцы кадраў рабочых і спецыялістаў установа адукацыі мае шмат узнагарод. Чатыры разы яна была занесена на рэспубліканскую Дошку гонару пераможцаў спаборніцтва за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця. На працягу апошніх гадоў калектыў каледжа з’яўляецца пераможцам абласнога спаборніцтва “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”. Гэта вялікі гонар. Барысу Браніслававічу гэты гонар дарагі ўдвая. Ён дастойна працягвае справу свайго бацькі, высока трымае планку дзейнасці навучальнай установы і будуе новыя планы, каб і далей займаць лідзіруючыя пазіцыі ў сферы прафесійнай адукацыі.

Ала КЛЮЙКО
Фота з архіва навучальнай установы