Служу чалавеку!

- 10:26Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Спаборніцтвы па нейрапілатаванні, робасумо, майстар-класы, навукова-папулярныя лекцыі пра сакрэты робататэхнічнай творчасці і шмат чаго іншага цікавага, захапляльнага — усё гэта чакала ўдзельнікаў адкрытага робататэхнічнага фестывалю “Робафэст — Беларусь”, які прайшоў 16—18 верасня ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Арганізатарамі фестывалю выступілі Міністэрства адукацыі, адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі.

Фестываль можна па праве лічыць ключавой падзеяй 2016 года ў сферы тэхнічнай творчасці моладзі. На працягу трох дзён фестываль наведала больш за тысячу школьнікаў і іх бацькоў, педагогаў, студэнтаў. Гасцям прапаноўвалася пабываць на адкрытых пляцоўках для тэхнамейкерства, сабраць робата ці дрона, змайстраваць яго з кардону або паперы, стварыць на спецыяльным прынтары 3D-мадэль. Спаборніцтвы праходзілі ў 6 дысцыплінах, у іх прынялі ўдзел больш за 250 чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Санкт-Пецярбурга і Казані. “Робафэст — Беларусь” адкрыў новыя імёны дзяцей, падлеткаў і студэнтаў, якія цікавяцца робататэхнікай, інавацыямі, інфармацыйнымі тэхналогіямі.

— Гэта знамянальная і знакавая падзея для нашай краіны. Падобнае мерапрыемства праводзіцца не ўпершыню, аднак на гэты раз мы вырашылі сабраць пад адным дахам усе кірункі робататэхнікі, аматараў сучасных тэхналогій, каб паказаць, што такое сённяшняя робататэхніка. Калі гучыць слова “робаты”, то мы ўяўляем нешта чалавекападобнае, хаця паняцце “робататэхніка” надзвычай шырокае. Яно звязана з ІТ-сферай, мехатронікай, электронікай. За робататэхнікай — будучыня. Моладзь, якая сёння прыйшла паглядзець, паўдзельнічаць, паспаборнічаць, заўтра будзе студэнцтвам, а паслязаўтра будзе вызначаць аблічча нашай дзяржавы, якая павінна ісці ў нагу з сучасным светам, перадавымі краінамі. Дзякуй усім, хто дапамагае ў арганізацыі гэтага свята. Дзякуй энтузіястам, якія працуюць з нашай моладдзю ў гуртках, імкнуцца дапамагчы моладзі разабрацца ў сучасным, няпростым, цікавым свеце, патоку ведаў, — адзначыў у прывітальным слове міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў.

Па словах дырэктара адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій Вадзіма Віктаравіча Зелянкова, арганізатары фестывалю не чакалі, што ён пройдзе ў такім маштабе, што на заклік далучыцца да робаспаборніцтваў адгукнецца вялікая колькасць энтузіястаў. “Спадзяёмся, фестываль стане зыходным пунктам для сумеснай работы па папулярызацыі тэхнічнай адукацыі і творчасці ўсіх зацікаўленых. Мы неаднаразова абмяркоўвалі, што Беларусі патрэбен свой фармат робататэхнічных спаборніцтваў, мы паспрабавалі гэты фармат прыдумаць, упэўнены, што ў нас атрымалася. Робаквест — гэта вельмі складаная дысцыпліна, якая ўвабрала ў сябе розныя конкурсы, складаныя задачы. І мы бачым, што ўдзельнікі справіліся”, — падзяліўся Вадзім Віктаравіч.

Адным з цэнтральных мерапрыемстваў фестывалю стаў круглы стол, на якім прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, педагагічнай і бізнес-супольнасці Беларусі, Расіі і Украіны абмяркоўвалі праблемы і перспектывы развіцця адукацыйнай робататэхнікі. З актуальнымі пытаннямі, узнятымі ўдзельнікамі круглага стала, адказамі на гэтыя пытанні нашы чытачы азнаёмяцца ў адным з наступных нумароў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.