Кулінарная і кандытарская справа — гэта сапраўднае мастацтва, а смачныя вырабы могуць быць непаўторнымі шэдэўрамі. У гэтым мог пераканацца кожны, каму давялося ўбачыць работы, прадстаўленыя на Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва, які прайшоў у рамках выставы-кірмашу “ПрадЭкспа”. Работы з цеста, карамелі, масцікі, цукру, шакаладу здзіўлялі прыгажосцю, дасканаласцю выканання, цікавымі сюжэтамі. У конкурсе бралі ўдзел прафесіяналы, а таксама тыя, хто яшчэ крочыць па шляху да прафесіі, — навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі.
Установы на любы густ
У Мінску прайшла 26-я Міжнародная спецыялізаваная аптовая выстава-кірмаш “ПрадЭкспа-2020”. Кожны год гэтае маштабнае мерапрыемства збірае разам прадстаўнікоў харчовай прамысловасці. Выстава прапанавала ўдзельнікам шэраг актыўнасцей — гэта дзелавы форум, кангрэс вытворцаў і гандлёвых сетак, сімпозіумы і круглыя сталы, а таксама конкурсныя мерапрыемствы і майстар-класы.
На правядзенне мерапрыемства ў гэтым годзе наклала адбітак эпідэмічная сітуацыя: быў арганізаваны кантроль тэмпературы, масачны рэжым і правядзенне некаторых актыўнасцей у анлайн-фармаце. Колькасць удзельнікаў меншая, чым у папярэднія гады: больш за 80 прадпрыемстваў і арганізацый з Беларусі і Расіі — вытворцы і прадаўцы прадуктаў харчавання — узялі ўдзел у выставе-кірмашы.
Традыцыйна важнай часткай выставы становяцца прафарыентацыйныя мерапрыемствы — удзел у іх бяруць установы прафесійнай адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў для харчовай прамысловасці. У многіх школах сталіцы добра ведаюць аб гэтым мерапрыемстве і чакаюць яго, каб паказаць вучням, наколькі высокі ўзровень майстэрства ў сучасных кухараў і кандытараў, і расказаць, дзе гэтае майстэрства можна набыць.
— За некалькі тыдняў да выставы нам званілі са школ нашы пастаянныя наведвальнікі і ўдакладнялі, калі пройдзе мерапрыемства, як трапіць на яго. Гэта цудоўная магчымасць расказаць школьнікам пра шэраг устаноў адукацыі і адразу ж паказаць магчымасці працаўладкавання, даць інфармацыю пра ўсю харчовую галіну, бо яна паўнавартасна прадстаўлена на выставе, — расказвае Вольга Дзічко, вядучы спецыліст па рэкламе спецыялізаванага часопіса “Пекар і кандытар”. — Школьнікам падабаецца ўдзельнічаць у майстар-класах, якія прапануюць каледжы і ліцэі. А яшчэ падабаецца, што на пляцоўках дзейнасць устаноў адукацыі прэзентуюць навучэнцы, якія блізкія да іх па ўзросце. Школьнікаў уражвае, як многа ўмеюць іх амаль аднагодкі.
На выставе была прадстаўлена лінейка ўстаноў адукацыі — 15 каледжаў і ліцэяў Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцей і сталіцы падрыхтавалі свае пляцоўкі, дзе расказвалі аб дзейнасці ўстаноў.
Маладзечанскі дзяржаўны каледж, напрыклад, запрасіў на дэгустацыю безалкагольных кактэйляў, якія згатавалі і прыгожа падалі навучэнцы каледжа — будучыя кухары і афіцыянты. У абласным аграрна-тэхнічным прафесійным ліцэі, дзе таксама рыхтуюць кухараў і афіцыянтаў, навучэнцы прадэманстравалі свае ўменні, зрабіўшы тэматычную сервіроўку навагодняга стала. Пляцоўка Слонімскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа прываблівала дзівоснымі кветкамі, якія быццам распусціліся ўнутры шкла — так эфектна выглядае 3D-жэле.
Ва Уздзенскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі сярод прапанаваных прафесій ёсць спецыяльнасці кухара і кандытара. Навучэнцы атрымліваюць актуальныя, сучасныя веды, сочаць за навінкамі кулінарнай індустрыі. На выставе навучэнец каледжа расказваў наведвальнікам пра гісторыю ўзнікнення такога ласунку, як трайфл, і сакрэты яго гатавання. Прадстаўнікі Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя расказвалі аб кулінарнай майстэрні, якая дзейнічае ва ўстанове. Займацца сюды прыходзяць вучні дзвюх школ і на занятках спасцігаюць азы кулінарнай і кандытарскай справы. На выставачнай пляцоўцы ліцэя можна было ўбачыць кветкі з безэ і незвычайныя вырабы з ізамальту. Майстар-клас па гатаванні бліноў з дэгустацыяй правялі навучэнцы Вілейскага дзяржаўнага каледжа. А на пляцоўцы Жлобінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа частавалі духмянымі чайнымі напіткамі — сыравіну для іх вырошчваюць ва ўласным гадавальніку ўстановы.
Салодкія гісторыі
У рамках выставы праходзіў і чэмпіянат кандытарскага мастацтва, у якім не першы год бяруць удзел навучэнцы і педагогі ўстаноў адукацыі. Чэмпіянат прапаноўваў усім жадаючым узяць удзел у 13 намінацыях.
Былі заяўлены 83 работы, і 55 з іх і прадстаўлены навучэнцамі і майстрамі вытворчага навучання каледжаў і ліцэяў.
— Міжнародныя суддзі ацэньвалі работы анлайн, а беларускія спецылісты працавалі непасрэдна на выставе. Агульнае ўражанне, якое выказвалі члены журы, — гэта захапленне прадстаўленымі работамі, — адзначае Людміла Аляксандраўна Аўсяннікава, рэдактар часопіса “Пекар і кандытар”, які з’яўляецца адным з арганізатараў Міжнароднага кулінарнага кубка. — Чэмпіянат праводзіцца ўжо шмат гадоў, і прыемна заўважаць, што з кожным разам узровень работ расце, канкурсанты не перастаюць радаваць усё новымі дасягненнямі.
Работа з харчовымі прадуктамі — гэта мноства розных цікавых тэхнік. Напрыклад, карвінг — мастацкае выразанне па фруктах і агародніне. Ужо некалькі гадоў у Слуцкім дзяржаўным каледжы дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах, дзе навучэнцаў з гэтай тэхнікай знаёміць Вольга Барысаўна Канапелькіна. Яна прадставіла сваю работу ў намінацыі “Карвінг”. У якасці матэрыялу для выразання выбрала гарбузы. Карункі з сакавіта-аранжавай мякаці цудоўна выглядаюць на цёмна-зялёнай скурцы. Тэмай работы стала “Песня глушца”. Майстэрства Вольгі Барысаўны было адзначана залатой узнагародай чэмпіянату.
Дарэчы, для случчан гэты чэмпіянат наогул багаты на “золата”: яшчэ дзве перамогі былі заваяваны ў намінацыі “Работа з масцікі”. У намінацыі ўдзельнічалі майстар вытворчага навучання Ірына Васільеўна Купрыянчык і яе навучэнка Ганна Радзюк. Асаблівасць гэтых работ у тым, што кожная з іх расказвае цэлую разгорнутую гісторыю. Так працуе Ірына Васільеўна, гэтаму вучыць і Ганну. Ганна прыдумала і ўвасобіла торт у выглядзе сырнага дома, дзе жыве вясёлая мышыная сям’я. Кожны персанаж гэтай гісторыі атрымаўся вельмі жывым і цікавым. Аўтару ўдалося перадаць эмоцыі кожнага ўдзельніка гісторыі. Пры гэтым дзяўчына вучыцца яшчэ толькі на другім курсе. Работа Ірыны Васільеўны Купрыянчык — гэта таксама цэлая імпрэза пад назвай “Цырк”. Тут столькі цікавых дэталей, што разглядаць яе работу і заўважаць усё новыя і новыя цікавыя моманты можна бясконца.
— Безумоўна, працаваць над конкурснымі работамі даводзіцца вельмі доўга і карпатліва, бо патрабуецца вельмі высокі ўзровень. Журы заўважае ўсё. Напрыклад, калі ты робіш нейкую жывёлу, то трэба не толькі дасягнуць падабенства, але таксама ўлічыць прапорцыі цела, удала перадаць рухі, — расказвае Ірына Купрыянчык.
Ва ўстановах адукацыі ўвесь час пашыраюць вучэбныя прасторы і бяруць на ўзбраенне новыя тэхналогіі. Напрыклад, у Слуцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі гэта адбываецца на факультатыўных занятках “Кандытарскае мастацтва”. У гэтым годзе пачалі працаваць з карамеллю і ўпершыню прадставілі работу на чэмпіянаце. У выніку заслужылі “серабро”.
Спаборніцтвы паказваюць, што ва ўстановах адукацыі здольны вельмі хутка разгледзець і раскрыць талент навучэнца. Пацвярджае гэта той факт, што сярод канкурсантаў ёсць тыя, хто вучыцца яшчэ толькі на першым курсе. Як, напрыклад, Максім Артамонаў з Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. Ён працаваў з пасцілажам. Гэта няпросты матэрыял — рэчыва накшталт самаробнай масцікі, якое робіцца з жэлаціну, цукровай пудры, лімоннай кіслаты. Пасцілаж падобны да пластыліну, але вельмі хутка сохне і патрабуе пэўных умоў пры рабоце з ім. Усё гэта Максім ужо вывучыў.
— Я заўсёды марыў пабываць у Венецыі на знакамітым карнавале. І гэтая мара натхніла мяне на стварэнне венецыянскіх карнавальных масак з пасцілажу. Яны пафарбаваны гелевымі харчовымі фарбамі, упрыгожаны кандытарскім бісерам і кандытарскімі карункамі, — расказвае пра сваю работу Максім Артамонаў.
Дэбют юнака на чэмпіянаце быў паспяховым: ён атрымаў бронзавую ўзнагароду. Яшчэ адна навучэнка Маладзечанскага каледжа — Валерыя Іванова — таксама выступала ў намінацыі “Пасцілаж” і заваявала “серабро” і “бронзу”.
Конкурсы спрыяюць прафесійнаму сталенню навучэнцаў. Напрыклад, Ксенія Патрэпка, навучэнка Гродзенскага тэхналагічнага каледжа, удзельнічае ў чэмпіянаце ў рамках выставы-кірмашу “ПрадЭкспа” другі год запар. Нядаўна яна выступала на Нацыянальным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020. Рыхтуючыся да гэтых спаборніцтваў, яна вывучыла, здаецца, усё пра шакалад, засвоіла ўсе вядомыя на сёння тэхнікі работы з ім: лепка, мармур, велюр, тэмпераванне, аэрограф і іншыя. І ў той жа час конкурсы далі разуменне, што заўсёды ёсць куды расці.
— Я разумею, што добра засвоіла ўсе базавыя ўмені і навыкі, выкананне многіх аперацый даведзена да аўтаматызму, і сёння напрацоўваю хуткасць работы. А яшчэ працую над дасканаласцю выканання, бо менавіта гэта адрознівае майстра і дазваляе ствараць шэдэўры. Менавіта да гэтага я імкнуся, — расказвае Ксенія.
Працаваць з шакаладам няпроста: нават невялікае змяненне тэмпературы можа прывесці да пашкоджання вырабу, яго вельмі складана транспартаваць. Аднак усе гэтыя нюансы былі ўлічаны, і Ксенія прадставіла сваю работу ў намінацыі “Работа з шакаладу”. Дарэчы, дзяўчына была адзінай навучэнкай устаноў прафесійнай адукацыі ў гэтай намінацыі. У выніку яе работа “Скрыня з кветкамі” адзначана сярэбранай узнагародай.
Многія ўстановы прафесійнай адукацыі рыхтуюць сваіх удзельнікаў да чэмпіянату ўжо некалькі гадоў запар. У выніку выпрацоўваецца ўласная сістэма работы, якая дазваляе выступаць паспяхова на розных прафесійных спаборніцтвах. Так, напрыклад, спецыялісты Дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа хлебапячэння пастаянна шукаюць будучых канкурсантаў сярод мноства таленавітых юнакоў і дзяўчат, якія вучацца ва ўстанове. Выбіраюць, разумеючы, што, акрамя таленту, для такой дзейнасці неабходна цярплівасць, стрэсаўстойлівасць, гатоўнасць многа і ўпарта працаваць. Такі падыход дае плён — на чэмпіянаце ў мінулым годзе навучэнка каледжа Алена Дзенісевіч атрымала залаты медаль у намінацыі “Святочны торт”. І ў гэтым годзе зноў “золата”! Такога выніку дасягнула ў той жа намінацыі Аляксандра Скуратовіч.
Для прадстаўнікоў прадпрыемстваў “ПрадЭкспа”— гэта магчымасць убачыць сваю будучыню, увасобленую ў моладзі. Дарэчы, нярэдка юныя ўдзельнікі выставы, асабліва тыя, хто бярэ ўдзел у конкурсах, на мерапрыемстве атрымліваюць прапановы работы. Навучэнцы прафесійных каледжаў і ліцэяў на выставе маюць магчымасць пазнаёміцца з супольнасцю працаўнікоў галіны, часткай якой яны ў хуткім часе стануць. Гэтае мерапрыемства дазваляе пачынаючым кухарам і кандытарам пазнаёміцца таксама з навінкамі сваёй прафесійнай сферы і з зоркамі кулінарнага і кандытарскага майстэрства, бо на выставе-кірмашы ладзяцца паказальныя выступленні і майстар-класы прафесіяналаў. А яшчэ гэта цудоўная пляцоўка, дзе моладзь дэманструе свае таленты, расказвае свае салодкія гісторыі.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.