Для большасці дзяцей лагер ужо стаў абавязковай летняй падзеяй. Але для некаторых перспектыва змяніць прывычную абстаноўку на новую, бацькоў — на важатых, а сяброў — на незнаёмых людзей падобна на выпрабаванне. Менавіта для такіх дзяцей чацвёрты год запар дзейнічае псіхалагічны летні лагер “Развіварыум”.
Па слядах Коласа
Сёлета лагер размясціўся ў ціхім маляўнічым куточку — ва ўрочышчы Тумель, што пад Смалявічамі. Менавіта гэтыя мясціны Якуб Колас апісваў у сваёй трылогіі “На ростанях”. На гэты раз галоўнымі дзеючымі асобамі сталі 19 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 8 да 13 гадоў.
Асаблівасць лагера ў тым, што важатымі тут працуюць псіхолагі, для якіх забеспячэнне псіхалагічнага камфорту дзяцей — прафесія. Напрыклад, Юлія Яцкевіч — педагог-псіхолаг псіхалагічнай службы БДУ, магістр псіхалагічных навук, вядучы спецыяліст праектаў “Дзіцячая група выхаднога дня” і “У кантакце з падлеткам”, стваральнік адукацыйных ларпаў для дзяцей і моладзі; Андрэй Крупеньчык — педагог-псіхолаг ЦКРНіР Смалявіцкага раёна. Улічваючы, што дзеці жывуць цэлую тыднёвую змену на прыродзе, сваімі навыкамі з імі дзеліцца Канстанцін Пронін, псіхолаг з тэхнічнай адукацыяй і вынаходнік па натуры, Юрый Цыганок — тэхнік, спецыяліст па выжыванні, у мінулым — намеснік старшыні Беларускай рэспубліканскай скаўцкай асацыяцыі, а таксама арт-педагогі, трэнеры па камандаўтварэнні і інш. Менавіта яны з першых хвілін знаёмства дзяцей адно з адным закручваюць іх у віры сюжэтных падзей.
“Рабінзоны. Вельмі заселены лес” — такую назву атрымалі дзве першыя змены з чатырох. Прыгоды пачынаюцца ўжо з прыезду дзяцей у лагер, дзе іх сустракае Рабінзон. Разам з ім дзеці праходзяць квест па пошуку неабходнага інвентару для арганізацыі жылля, здабычы прэснай вады і таго, што спатрэбіцца для выжывання ў лесе цэлы тыдзень.
Хоць галоўныя на палявой кухні прафесійныя кухары, ад дапамогі яны не адмаўляюцца, таму дзеці здабываюць і ачышчаюць ваду, ловяць рыбу на вячэру, каб за пучком кропу ці салаты не прыходзілася выбірацца “ў цывілізацыю”, разбіваюць і засаджваюць зелянінай агарод. Ліпень дазваляе вывучаць віды лекавых траў, грыбоў і ягад. Мяркуючы па колеры вуснаў выхаванцаў лагера, дэгустацыя суніц, малін і асабліва чарніц праходзіць тут масава.
Пакуль хлопчыкі будуюць шалаш ці паходную лазню, вяжуць венікі, майструюць лукі і вуды з арэшніку, ствараюць танк, катапульту і выпрабоўваюць іх, з кары робяць караблікі, дзяўчынкі плятуць кошыкі, знаёмяцца з 3D-маляваннем, удзельнічаюць у кулінарных майстар-класах і асвойваюць народныя промыслы разам з запрошаным майстрам-рамеснікам Наталляй Бяляевай. Але раздзялення абавязкаў тут не існуе, таму гендарныя інтарэсы часта супадаюць.
Гульні, інтэлектуальныя шоу, прыгоды, квесты, вяровачныя выпрабаванні, спартыўныя спаборніцтвы, кулінарныя паядынкі… Сядзець няма калі. Напрыклад, учора прайшла экскурсія ў конны клуб, дзе дзяцей чакалі забаўныя поні і коні ўнікальных парод. Цікавым было цыркавое шоу ад кабылы Зоркі. Хутка каманда лагера адправіцца ў падарожжа, дзе трэба будзе прайсці выпрабаванні на кемлівасць і трываласць духу. Праходжанне перашкод патрабуе выкарыстання набытых за час змены ведаў і асабістага вопыту. Неабходна будзе за кароткі час пабудаваць прыстанак, раскласці агонь, пераадолець небяспечны яр, разгадаць складаную загадку, прайсці лабірынт, пазмагацца з монстрам і інш. Напрыканцы тыдня ўдзельнікі лагера стануць індзейцамі для святочнага канцэрта “Пад зорным небам” і касцюміраванай дыскатэкі. Развітваючыся, яны складуць карту і загадкі для наступнай змены і схаваюць у лесе скарбы.
Важны кантэкст
“Палатачны лагер — ідэя не новая, але тут важны кантэкст, — расказвае Юлія Яцкевіч. — У нас няма мэты ў абавязковым парадку навучыць раскладваць касцёр, ставіць палатку і інш. Сваёй задачай мы лічым вельмі мяккую сацыялізацыю. Пры гэтым мы прымаем пад увагу асобасныя асаблівасці дзяцяці, яго тэмперамент, бо камусьці лёгка ўжо ў першы дзень з усімі пасябраваць, забыцца на тыдзень пра бацькоў, а ў некага ўзнікаюць з гэтым складанасці. Мы вучым дзяцей абыходзіцца без бацькоў, а бацькоў — без дзяцей, пры гэтым адчуваць сябе камфортна. Так дзіця эфектыўней вучыцца камунікацыі, зносінам, ацэньвае ўласнае “магу — не магу”.
У псіхалогіі ёсць тэрмін “сепарацыйная трывога”, калі бацькам неспакойна ўжо таму, што дзіцяці няма побач. Як правіла, трэці дзень — максімальна складаны для дзяцей перыяд адаптацыі. І бацькі ў гэты дзень вельмі адчувальныя, часта тэлефануюць. Калі ўзнікае нейкая трывога, мы просім бацькоў тэлефанаваць нам, а не дзецям, не задаваць сыну ці дачцэ пытанні кшталту “Ці ўсё ў цябе ў парадку?”, “А можа, усё-такі нешта не так?”.
З бацькамі, пакуль дзеці заняты сваёй справай, часцей размаўляе Андрэй Крупеньчык, начальнік лагера. Расказвае, як дзіця адаптуецца, як сябе праяўляе, ці ёсць у яго лідарскія якасці, а можа, дзіця — генератар ідэй, матыватар і інш. Пры неабходнасці ён дае парады на будучыню. Па словах начальніка лагера, асабліва часта ўзнікаюць праблемы ў няпоўных сем’ях.
“Я бачу, што дзецям часта не хапае мужчынскага выхавання, — гаворыць Андрэй. — Многія не маюць татаў. Гэтая праблема асабліва відаць, калі бацька не выхоўвае хлопчыка, таму ў лагеры ён адчувае прыхільнасць да важатых-мужчын, разам з імі майструе, пілуе, сячэ, забівае цвікі. Мы стараемся ўключаць у праграму больш мужчынскіх заняткаў.
Увогуле, як псіхолагі мы працуем амаль кругласутачна. Але ў лагеры гэтая праца асаблівая. З таго моманту, як дзеці селі ў аўтобус, калі іх адзенне яшчэ не страціла пах горада, мы стараемся іх згуртаваць. Застаецца толькі падключыць “выпадаючых” дзяцей. Потым усе яны становяцца адным калектывам, адным цэлым.
У першы год я запрасіў да нас на трэнінгі псіхолага, але яна не змагла справіцца з дзецьмі. І не таму, што дрэнны прафесіянал, а таму, што ў нас ужо сваё жыццё, агульнае дыханне ў калектыве. Па гэтай прычыне псіхолагаў неабходна рабіць важатымі, каб яны жылі з дзецьмі, каб прыглядаліся да іх з першага дня. Тады гэта будзе не надакучлівая камунікацыя, не па канспекце, а знутры. Мы не афармляем працу з псіхолагам як трэнінг, а праводзім гэта незаўважна. Напрыклад, перад рыбалкай дзіця само праяўляе творчасць, выбірае, якую палку ператварыць у вуду. Мы не шліфуем яе, каб была прыгожая карцінка. Гэта яго рэч, і яна павінна быць такой, як захоча дзіця”.
Лепш, калі не ўсё па плане
“Улічваючы тое, што напачатку могуць быць праблемы (нехта засумуе, праявіць агрэсію, капрызы), першыя дні мы стараемся зрабіць максімальна структураванымі, але з гібкім графікам, — дадае Юлія. — Калі нехта, скажам, не хоча ісці ў лес ці на рэчку, мы разам прыдумваем альтэрнатыву. Мы супраць усялякай “ураўнілаўкі”: ніколі не прывязваем дзяцей да нашага плана, не дыктуем ім, калі, куды і ў колькі ісці. Мы вучым зносінам у новым калектыве, але пры гэтым дзеці не губляюць сваіх асаблівасцей і маюць уласныя жаданні.
Для гэтага у нас шмат важатых. Не хочаш ісці на рыбалку — пагуляй у “настолкі”, хочаш будаваць шалаш — цудоўна, хочаш падгледзець сакрэты кухара і высветліць, чаму ніхто не можа адмовіцца ад дабаўкі, — калі ласка.
Мы стараемся жыць па прынцыпе вялікай сям’і: не выкананая праграма, а перадача ўменняў дарослых дзецям”.
Зразумела, усе любяць гуляць. У лагеры да гэтага асаблівае стаўленне. Попытам карыстаюцца не толькі актыўныя гульні, але і настольныя, напрыклад, “Уна”, “Барабашка”, “Бомба”, “Татэм”, “Манаполія”. На ўсе нават не хапае часу.
“У псіхалогіі ёсць такое паняцце, як “кантралюемая гульня”. Гэта калі дарослы не ўмешваецца ў гульню, але прысутнічае, — уводзіць у сутнасць гульнявога выхавання Юлія. — Падчас гульні ў дзяцей абавязкова сутыкаюцца інтарэсы. І гэтага не трэба баяцца, бо гэта новы вопыт. Мы не гаворым “Памірыцеся хуценька!”, а разбіраем, што адбылося, хто што адчувае, хто што хацеў, але не атрымаў. Пасля таго як усе эмоцыі прагавораны, пачуцці перажыты, мы разам думаем, як вырашыць праблему, каб працягнуць гульню. Гэтае ўменне — вырашаць складаныя сітуацыі, спраўляцца з эмоцыямі — спатрэбіцца дзецям потым у школе, на вуліцы, дома. Пакуль яны маленькія, пераадольваць перажыванні ім дапамагаюць бацькі: ударыла дзіця каленца — адразу слёзы, а мама ці тата падзьмуў на рану — і ўсё прайшло. А сталенне дзяцей праяўляецца ў тым, што яны самі вучацца спраўляцца з эмоцыямі. Гэта дазваляе пашыраць уласныя магчымасці, бо знікае неабходнасць пастаяннай прысутнасці бацькоў побач”.
Нягледзячы на тое, што дзеці самі карэкціруюць свой дзень, у асноўных лагерных падзеях удзельнічаюць усе выхаванцы, чаму спрыяюць традыцыі лагера. Дзеці, якія адпачываюць тут не першы год (“старэнькія”), гэтыя традыцыі ведаюць і ўжо загадзя расказваюць пра іх новым сябрам. Ды і мерапрыемствы ладзяцца такія, якія звычайна падабаюцца ўсім, напрыклад, квесты, майстар-класы. Тут не гавораць, што, напрыклад, прыедзе майстар, таму трэба абавязкова быць у гульнявым пакоі ў пэўны час. Дзецям расказваюць, чаму яны могуць навучыцца на майстар-класе, і даюць права самім вырашаць, ісці туды ці не.
Сярод “старэнькіх” — Раман Голеў з гімназіі № 24 Мінска. Хоць ўжо толькі перайшоў у 5 клас, у гэтым лагеры ён восьмы раз. Цяпер сядзіць з навічкамі на гамаку і аўтарытэтна дае парады, як зрабіць лук: “Рабіць яго трэба з арэшніку. Для гэтага трэба выбраць роўную галіну з аднолькавай па ўсёй даўжыні таўшчынёй. Памер павінен быць роўны росту. Кару можна здымаць, а можна не чапаць. Галоўнае — завастрыць два канцы і нацягнуць нітку так, каб выгнуўся лук. Па жаданні можна зрабіць і проразь, каб было зручней размяшчаць стралу. А стралу заўтра выражам — таксама з арэшніку. Для кожнага лука — свая страла, для большага лука і страла патрэбна большая”.
Рома актыўна ўсім дапамагае, бо на гэты раз сабе лук выразаць не прыйшлося — застаўся мінулагодні, і мяняць яго хлопчык не хоча. Частыя спаборніцтвы з сябрамі даказалі, што гэтаму луку няма роўных.
“Кожны раз тата разглядвае фотаздымкі і кажа, што і сам прыехаў бы сюды, — гаворыць Рома. — Я толькі хвалюся яму нашым лагерам. Адна лазня чаго вартая! Мы добра парымся, а на вуліцы абліваемся вадой. Учора мы яе амаль дабудавалі”.
Роміна аднагодка Таіса Чарнова з мінскай гімназіі № 61 у лагеры сёмы раз. Для яе лагер — гэта чарговая магчымасць здзівіць сваіх бацькоў новымі ўменнямі. “Мне падабаецца жыць у палатцы, рабіць усё самастойна, вучыцца выжываць у прыродзе. Можа, калі-небудзь адна ў паход захачу пайсці, — гаворыць дзяўчынка, — а пакуль збіраюся туды разам з бацькамі: у жніўні ідзём на некалькі дзён, і я хачу паказаць, што ўжо ўмею. Напрыклад, прадэманструю, як трэба складваць дровы для вогнішча, як гатаваць ежу на кастры, раскажу розныя рэцэпты паходных страў”.
Адно ў аднаго многаму вучацца ў лагеры і важатыя. Сярод іх — Наталля Стаіна, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Гасцілавіцкай сярэдняй школы Лагойскага раёна. Наталля сумяшчае ў лагеры абавязкі важатай і медыка: “Для мяне гэта выдатная магчымасць удасканальвацца прафесійна. Праца ў школе патрабуе большай строгасці, а тут зусім іншая справа. З дзецьмі мы як роўныя. Гэтаму, дарэчы, спрыяе тое, што называюць яны нас па імёнах. А калі я раптам забываюся, мне калегі гавораць: “Выключы завуча”. І калі я потым прыязджаю ў школу, ужо сам па сабе “выключаецца завуч”. І такое крыху аўтарытарнае стаўленне “ты гаворыш, а дзеці выконваюць” змяняецца на лагернае “ты дамаўляешся з дзецьмі і шукаеш кампраміс”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва лагера.