“Смаргонскія мядзведзі” лепшыя

- 11:25Выхаванне

Юныя сябры пагранічнікаў з васьмі раёнаў Гродзенскай вобласці сабраліся ў Смаргоні. Тут на базе Смаргонскага вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь адбыўся другі абласны злёт атрадаў  юных сяброў пагранічнікаў і кадэцкіх класаў.

80 хлопцаў на працягу трох дзён спаборнічалі за пераходны кубак. А каб заваяваць яго, трэба было праявіць сябе ў шматлікіх спаборніцтвах і конкурсах.

— Прэзентацыя каманд пад дэвізам “Мы — адзінае цэлае” адбывалася каля вогнішча. У ёй прымалі ўдзел усе члены калектыву. Хлопцы не толькі расказвалі пра сябе, але і пра сваю малую радзіму, — адзначыла дырэктар Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі Таццяна Шпакоўская. — Ваенізаваная эста­фета “Тарнада” складалася з наступных этапаў: зборка і разборка аўтамата, уменне карыстацца процівагазам падчас хімічнай атакі, спаборніцтвы санітараў, эста­фета. На этапе “Дальнамер” каманды з дапамогай лінейкі на час вызначалі адлегласць да трох аб’ектаў. На апошнім этапе на кантрольна-следавай паласе з пяццю дарожкамі слядоў трэба было вызначыць кірунак руху парушальніка мяжы.

Паказалі спрыт і фізічную падрыхтоўку ўдзельнікі злёту ў асабіста-камандных спаборніцтвах “Снайпер”, у кіданні вучэбнай гранаты і перацягванні каната. Творчы патэнцыял удзельнікі прадэманстравалі ў аглядзе-конкурсе строю і песні “Раўненне на сцяг”, інтэлектуальным турніры “Памятаем і шануем”. Выпускаліся газеты “Баявы лісток”, змест якіх быў прысвечаны 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзю Гродзенскай вобласці.

— У Гродзенскай вобласці каля 500 навучэнцаў наведваюць клубы юных сяброў пагранічнікаў, — расказвае начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Асмалоўская. — Злёт атрадаў юных сяброў пагранічнікаў паказвае зацікаўленасць навучэнцаў гэтым відам дзейнасці і іх добрую падрыхтоўку, а таксама цікавасць да гісторыі і традыцый пагранічнай службы. У мінулым годзе кубак заваявалі навучэнцы Бераставіцкага раёна, у гэтым годзе — навучэнцы Смаргоні.

Пры падвядзенні вынікаў улічваваліся дысцыпліна, захаванне ўнутранага распарадку, вынікі спаборніцтваў. Чатыры першыя месцы з васьмі спаборніцтваў — прэзентацыя каманды, ваенізаваная эстафета, інтэлектуальны турнір, перацягванне каната, другое месца ў кіданні гранаты заняла аб’яднаная каманда з сярэдніх школ № 5 і № 7 Смаргоні. Каманда, якая называлася “Смаргонскія мя­дзведзі”, адзначана пераходным кубкам другога абласнога злёту атрадаў  юных сяброў пагранічнікаў і кадэцкіх класаў.

Другое месца заняла каманда “Усаўцы” сярэдняй школы № 3 Гродна, якая носіць імя героя-пагранічніка В.Усава. Трэці вынік прадэманстравалі навучэнцы Варнянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна.

Былі вызначаны і ўзнагароджаны пераможцы ў намінацыях “Лепшы каман­дзір”, “Лепшы стралок”, “Лепшы страявік” злёту. Лепшым камандзірам прызнаны Герман Шамурзэ з Раціцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.

Экскурсія ў Смаргонскі вучэбны цэнтр Інстытута пагранічнай службы, азнаямленне з работай кіналагічнай службы, плац-парад сталі для юных сяброў пагранічнікаў яшчэ адным пацвярджэннем таго, што яны выбралі для сябе справу цікавую і адказную.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.