СМІ, тэхналогіі, людзі

У сталічным Футбольным манежы па адрасе праспект Пераможцаў, 20/2 завяршылася ХVІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі” і ХХ Міжнародны форум па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях “ТІВО-2013”. Арганізатарамі мерапрыемстваў выступілі міністэрствы інфармацыі, сувязі і інфарматызацыі, ЗАТ “Тэхніка і камунікацыі” і іншыя буйныя гульцы

Сёлета “СМІ ў Беларусі” і “ТІВО” разгарнуліся разам на адной вялікай пляцоўцы толькі ў другі раз, але фармат сумеснага правядзення гэтых двух форумаў яшчэ ў мінулым годзе паспеў цалкам апраўдацца ў вачах тысяч наведвальнікаў і соцень удзельнікаў — сродкаў масавай інфармацыі і ІТ-кампаній. Сучаснае жыццё не пакідае сродкам масавай інфармацыі іншага шансу на выжыванне і поспех у сваіх карыстальнікаў акрамя таго, каб асвойваць усё новыя і новыя высокатэхналагічныя фарматы, усё больш і больш паглыбляцца ў тую сферу, у якой рэй вядзе не слова, а лічба. Гэта цудоўна сёння разумеюць стваральнікі газет і часопісаў, і тут у ход ідзе ўсё — ад ужо звыклых інтэрнэт-версій выданняў да мабільных, інтэрактыўных і іншых найноўшых медыйных прадуктаў.

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта А.М. Радзькоў і міністр інфармацыі А.В. Праляскоўскі падчас наведвання стэнда "Наша вялікая педагагічная сям'я": з першай электроннай беларускамоўнай газетай для падлеткаў "Раніца" іх знаёміць галоўны рэдактар "Настаўніцкай газеты" В.А. Кнышаў.Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў сваім віншаванні ўдзельнікам выставы “СМІ ў Беларусі” і форуму “ТІВО”, якое агучыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў, асабліва адзначыў, што сугучна з сусветнымі тэндэнцыямі беларускія электронныя і друкаваныя СМІ паспяхова развіваюцца, актыўна ўкараняючы лічбавыя тэхналогіі. “Інтэрнэт-версіі айчынных СМІ сталі агульнадаступнай і паўсюднай крыніцай атрымання свежай і праўдзівай інфармацыі. Міжнародны статус форуму і выставы дэманструе значную цікавасць замежных кампаній, гатовых садзейнічаць актыўнаму прасоўванню інавацыйных тэхналогій у нашай краіне”, — гаворыцца ў віншаванні кіраўніка дзяржавы.

Міжнародны статус экспазіцый “СМІ ў Беларусі” і “ТІВО”, сапраўды, відавочны. У юбілейным форуме па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях прынялі ўдзел больш як 300 кампаній з 13 краін свету, а на выставе “СМІ ў Беларусі” прадстаўлена каля 600 выданняў, у тым ліку з Масквы, Маскоўскай і Ніжагародскай абласцей. Ёсць тут і дыхтоўныя стэнды Кітая, Індыі, Кубы, Венесуэлы.

Зрэшты, бадай самым нечаканым уражаннем ад сумеснай экспазіцыі “СМІ ў Беларусі” і “ТІВО” сёлета, як і летась, застаецца тое, што паміж гэтымі двума сегментамі няма ніякай мяжы. Вось ты блукаеш па прасторы, аддадзенай сродкам масавай інфармацыі, бачыш знаёмыя і незнаёмыя лагатыпы, знаёмішся са зместам цікавых табе выданняў, пераходзіш ад стэнда да стэнда, і вось… ты ўжо ў іншым спрэс лічбавым царстве, дзе валадараць разнастайныя тэхналогіі, ІТ-паслугі, гаджэты, камп’ютарныя гульні і іншыя “гаспадары” “ТІВО”. Дарэчы, годнымі эскпазіцыямі ў рамках “ТІВО” прадстаўлены Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, вядучыя ўстановы вышэйшай адукацыі нашай краіны. Напрыклад, адзін толькі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прадстаўлены мноствам сваіх спецыялізаваных структур (такіх, як Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій, РУП “ІНКОС”, НДІ “Прыкладных фізічных праблем імя А.Н.Сеўчанкі” і інш.) і адпаведна многімі, у тым ліку ўжо ўкаранёнымі ў нацыянальную гаспадарку, высокатэхналагічнымі прадуктамі (у прыватнасці, аўтаматызаванай сістэмай ранняга выяўлення і апавяшчэння пры надзвычайных сітуацыях на хімічных аб’ектах, авіяцыйнай сістэмай кантролю за становішчам у зоне надзвычайных сітуацый і наступстваў ад іх, карпаратыўнай аўтаматызаванай сістэмай праектавання, кіравання і суправаджэння горных работ, праграмай па стварэнні і вядзенні картаграфічных і атрыбутыўных баз даных “MapManager”, праграмным забеспячэннем працэсу кіравання рухам транспартных сродкаў пры іх уездзе на тэрыторыю прадпрыемства “Вагавая прахадная” і інш.).

Але ж вернемся на плошчу “СМІ ў Беларусі” і падыдзем да стэнда “Настаўніцкай газеты” і нашых спадарожных выданняў. Кожны, хто сёлета наведаў наш стэнд меў унікальную магчымасць пазнаёміцца з нашымі новымі — пакуль яшчэ пілотнымі праектамі — інтэрнэт-версіяй “Настаўніцкай газеты” на рускай мове і інтэрнэт-версіяй газеты для падлеткаў “Раніца”. Мяркуецца, што “Настаўніцкая RU”,  як пакуль што ўмоўна называецца рускамоўны інтэрнэт-варыянт нашай газеты, будзе выходзіць у сеціве раз на тыдзень і адпаведна змяшчаць тры тыднёвыя друкаваныя нумары. “Раніца” будзе выходзіць у інтэрнэце з такой жа перыядычнасцю. І, дарэчы, любы ахвочы непасрэдна на выставе мог запампаваць пілотны нумар газеты для падлеткаў у сваю мабільную прыладу абсалютна бясплатна!

А яшчэ помніце, што за любымі пілотнымі праектамі і тэхналогіямі стаяць іх распрацоўшчыкі — жывыя крэатыўныя людзі. ХVІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі” і ХХ Міжнародны форум па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях “ТІВО-2013” — добрая нагода пакантактаваць у рэале з гэтымі людзьмі.

Міхал КАСЦЮЧЫК.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.