Смілавіцкі La Ruche

- 12:43Культура, Рознае

5 кастрычніка на базе Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і музея “Прастора Хаіма Суціна” пры падтрымцы Белгазпрамбанка быў урачыста адкрыты дзіцячы арт-цэнтр “Вулей”.

Стварэнне дзіцячага арт-цэнтра “Вулей” на базе Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, у якім у 2008 годзе быў адкрыты музей “Прастора Хаіма Суціна”, стала лагічным крокам у развіцці і гэтай установы дадатковай адукацыі, і гэтага музея, аднаго з культурных цэнтраў Міншчыны. Гэтай ідэяй даўно гарэлі людзі, якія стаялі ля вытокаў музея ці далучыліся да яго жыцця крыху пазней, — слынны культурны дзеяч, да нядаўняга часу старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны, знаная даследчыца беларускага мастацтва супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Надзея Усава, старшыня праўлення вядомага сваёй дабрачыннай і фундатарскай дзейнасцю Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка і інш. І яны выдатна ведалі, што там, у Смілавічах, іх ініцыятывам ахвотна пойдуць насустрач мясцовыя кіраўнікі і рупліўцы: начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама Ларыса Асановіч, дырэктар Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ала Лаўрыновіч, яе намеснік загадчык музея “Прастора Хаіма Суціна” Святлана Хасіневіч. 5 кастрычніка было свята для іх усіх, а таксама для іншых вядомых людзей, якія завіталі ў той дзень у Смілавічы (у прыватнасці, дырэктара фонду “Спадчына і час” Юрыя Абдурахманава, тэлевядучага, сцэнарыста і рэжысёра, аўтара цыкла дакументальных фільмаў “Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі” Алега Лукашэвіча, мастацтвазнаўцы і галерыста Ларысы Фінкельштэйн), некалькіх журналістаў і, безумоўна, смілавіцкіх дзяцей, выхаванцаў цэнтра. Тых, для каго і быў створаны арт-цэнтр “Вулей” — гэтакая адукацыйная надбудова некласічнага тыпу над “класічным” Смілавіцкім цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.
Чаму некласічнага тыпу? Чаму назва такая дзіўная — “Вулей”?

Наогул, Смілавічы і, шырэй, Ігуменшчыну (Чэрвеньшчыну) можна было б назваць другім па значнасці пасля Віцебска гняздоўем мастакоў, ураджэнцаў нашай зямлі, якія значна ўзбагацілі сусветнае мастацтва і тым самым праславілі Беларусь на ўвесь свет. Але калі пра “віцебскіх” Шагала і Малевіча ведае, бадай, кожны школьнік, то пагалоска ў “чэрвеньскіх” славутасцей значна меншая. А між тым гэта такія гучныя імёны мастакоў ХІХ—ХХ стагоддзяў, як Валенцій Ваньковіч, Апалінарый Гараўскі, Хаім Суцін, Файбіш-Шрага Царфін, Міхаіл Станюта… Менавіта Хаіма Суціна і Файбіша-Шрагу Царфіна лёс у розныя часы “засяляў” у “Вулей” (па-французску La Ruche) — знакамітую парыжскую мастацкую камуну, у якой майстэрні былі нарэзаны як маленечкія “соты” плошчай у 3 квадратныя метры. Усяго ў “Вулеі” было 140 такіх студый, акрамя Суціна і Царфіна, іх здымалі такія знакамітасці, як Лежэ, Мадыльяні, Шагал, Цадкін, Крэмень, Касцецкі… У першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя “Ля Руш” літаральна гудзеў, абвяшчаючы на ўвесь свет аб нараджэнні ўнікальнай Парыжскай школы, мастацтва з абсалютна новымі філасофіяй і экзістэнцыяй.

Безумоўна, назваць “Вулеем” новы дзіцячы арт-цэнтр у Смілавічах для яго заснавальнікаў і было адмысловай данінай памяці пра слынных смілавіцкіх “пчол” Суціна і Царфіна. Але ёсць у гэтай назве сённяшняга цэнтра і іншы падтэкст: са стварэннем “Вулея” ў Смілавічы будуць залятаць сённяшнія “пчолы ад мастацтва” — вядомыя беларускія мастакі, скульптары, дызайнеры, музейшчыкі, мастацтвазнаўцы… Будуць натхняць і сілкаваць смілавіцкіх дзяцей сваімі ведамі, навыкамі, ідэямі. Гэты момант непасрэднага кантактавання дзяцей з прызнанымі майстрамі закладзены ў канцэпцыю новага арт-цэнтра ці не ў першую чаргу. Сёння ў дворыку Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і, адпаведна, у дворыку “Вулея” можна ўбачыць два арт-аб’екты — “Вуллі” і “Пчала”, якія яе аўтар скульптар Павел Вайніцкі падарыў новай установе. Гэта сімвалы і талісманы смілавіцкага “Вулея”. Гэтакія манументальныя клічнікі ў дачыненні да мінулага і пытальнікі ў дачыненні да будучыні. Ці будзе багатым на пчол і мёд новы “Вулей”? Ці з’явіцца ў Смілавічах у ХХІ стагоддзі новы Суцін ці новы Царфін?

5 кастрычніка ў гонар нараджэння новай адукацыйнай структуры выхаванцы Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі далі невялікі канцэрт, а ў перапынках паміж нумарамі выступалі пачэсныя госці.

“Мы, сапраўды, задумвалі гэты дзіцячы арт-цэнтр як школу будучых Суціных і Царфіных, — адзначыў Уладзімір Шчасны. — І хай не ўсе навучэнцы “Вулея” стануць Суцінымі ці Царфінымі, але, калі праз гады чалавек зможа ўжо для свайго дзіцяці намаляваць яго любімага сабачку, рэйтынг таты або мамы значна павысіцца ў вачах дзіцяці. А калі ён зможа сур’ёзна паразважаць пра мастацтва Суціна ці Царфіна ў коле сяброў, то яго рэйтынг павысіцца ўжо не толькі ў сям’і, але і ў грамадстве ў цэлым”.

Верыць найперш у сябе самога заклікаў будучых навучэнцаў “Вулея” старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка: “Безумоўна, можна гаварыць пра нейкіх чараўнікоў, без якіх не бывае цудаў. Але гэта, паверце, няпраўда. Не было б тут нікога і нічога, але ўсё адно былі б тут вы і было б тут нешта. Я хачу, каб вы заўсёды пра гэта памяталі: вы — гэта тое, што вы робіце. Безумоўна, вам дапамагаюць бацькі, безумоўна, вам дапамагаюць вашы настаўнікі, безумоўна, уся навакольная рэчаіснасць заклікана да таго, каб вам дапамагчы… Але вы ва ўсякім выпадку з’яўляецеся цэнтральнай часткай гэтай школы, гэтага праекта. А хто з вас атрымаецца ў рэшце рэшт — Марк Шагал, Хаім Суцін ці Біл Гейтс, гэта, па вялікім рахунку, не важна. Больш за тое, крый божа, каб з некага з вас атрымаўся другі Суцін! Павінны атрымацца менавіта вы новыя, а не новыя Суціны! Зразумейце, што, дзе б вы сябе ні рэалізоўвалі ў будучыні, ваша мара не павінна быць копіяй, не павінна паўтараць чыюсьці мару, хай нават мару генія… Кожны ваш лёс індывідуальны. А новы дзіцячы арт-цэнтр “Вулей” — гэта проста дапамога вам у тым, каб вы знайшлі сваю ўнікальную жыццёвую дарогу. Усё, што вы тут набудзеце, з вамі застанецца назаўсёды. А ўсё ваша жыццё будзе на 90 працэнтаў залежаць ад таго, як вы яго для сябе збудуеце. А для таго, каб яго збудаваць, найперш трэба паверыць у сябе”.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама Ларыса Асановіч заўважыла: “У свой час, адкрываючы музей “Прастора Хаіма Суціна”, мы нават не думалі, што зможам некалі сягнуць яшчэ далей і адкрыць на базе музея арт-цэнтр. Самымі галоўнымі інвестыцыямі заўсёды былі і застаюцца інвестыцыі ў нашых дзяцей, у нашу будучыню. З такімі думкамі мы і адкрываем сёння наш “Вулей”.

“Кожны навучэнец нашай установы, у якім бы аб’яднанні па інтарэсах ён ні займаўся, абавязкова наведвае наш унікальны музей “Прастора Хаіма Суціна”, — сказала ў працяг слоў Ларысы Асановіч дырэктар Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ала Лаўрыновіч. — Там яны натхняюцца, і гэтае натхненне вядзе іх да перамог. А перамог у нас, сапраўды, многа. На працягу апошніх двух гадоў нашы дзеткі, якія займаюцца мастацтвам, заваявалі на розных конкурсах каля 40 дыпломаў міжнароднага ўзроўню. Такія цудоўныя вынікі ў прынцыпе і падштурхнулі нас да ідэі стварэння арт-цэнтра, да той думкі, што з такімі таленавітымі і неардынарнымі дзецьмі трэба і займацца нейкім неардынарным чынам”.

Дык якім жа гэта — неардынарным чынам?

Аб стратэгіях развіцця дзіцячага арт-цэнтра “Вулей” на будучы год падрабязна расказала супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і галоўны аўтар праграмы навучання ў новай структуры Надзея Усава.

Два разы на тыдзень навучэнцы “Вулея” будуць вучыцца ствараць класічны малюнак — маляваць кубы, збаны, гіпсавыя маскі і г.д. — займацца фактычна па праграме звычайнай дзіцячай мастацкай школы. Гэтыя заняткі будуць весці выкладчыкі Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

А самае цікавае будзе адбывацца па суботах. Як ужо адзначалася вышэй, навучэнцаў арт-цэнтра чакаюць сустрэчы з вядомымі спецыялістамі з мастакоўскай супольнасці, якія будуць размаўляць з дзецьмі зусім не так, як гэта робіцца ў звычайных школах. Заняткі з удзелам запрошаных гасцей будуць грунтавацца на методыцы “Стратэгіі візуальнага мыслення”, распрацаванай 26 гадоў назад амерыканскім музейным работнікам Філіпам Енавайнам і кагнітыўным псіхолагам Абігаль Хаўзінг. Гэтая методыка прайшла апрабацыю ў школах і гімназіях Францыі, ЗША і Украіны ў пачатку ХХІ стагоддзя. “Стратэгіі візуальнага мыслення” кідаюць выклік стандартнай дыдактычнай мадэлі навучання мастацтву. Замест чытання лекцый і механічнага паўтарэння матэрыялу выкладчык будзе вучыць сродкамі пастаноўкі пытанняў вучню і сумеснага пошуку адказаў на іх. Праект арт-цэнтра “Вулей” фактычна і задуманы як асаблівы фармат кантактавання педагога з вучнем, адмысловая размова прафесіянала і дылетанта, жывы дыялог на тэму сучаснага, класічнага і традыцыйнага народнага мастацтва.

Адукацыйнай праграмай арт-цэнтра “Вулей” прадугледжана наведванне яго навучэнцамі на працягу гэтага навучальнага года 10 беларускіх музеяў, майстэрань вядомых мастакоў і рэстаўратараў, грунтоўнае абмеркаванне 10 сусветных шэдэўраў.

Акрамя таго, у рамках адукацыйнай праграмы арт-цэнтра яго навучэнцы пазнаёмяцца з тым, што такое перформанс, інсталяцыя, графіці і іншыя формы сучаснага мастацтва. На майстар-класах дзеці навучацца пісаць эсэ, правільна фатаграфаваць, рабіць калаж і манатыпію, выцінанку, паспрабуюць прачытаць арнаменты ручніка, намаляваць карціну на шкле. Навучэнцы будуць атрымліваць і дамашнія заданні, напрыклад, зрабіць партрэты сваіх бабуль і дзядуляў, што ў перспектыве можа рэалізавацца ў выглядзе адмысловай галерэі партрэтаў пажылых жыхароў Смілавіч.

Запланаваны таксама ўдзел дзяцей у ролевых гульнях “Я — арткрытык” і “Я — мытнік”.

Галоўным жа вынікам дзейнасці арт-цэнтра на працягу года стане вялікая справаздачная выстава работ дзяцей, па выніках якой незалежным журы на чале са старшынёй праўлення Белгазпрамбанка В.Д.Бабарыкам будзе выбраны лепшы навучэнец ці лепшая навучэнка “Вулея”. Пераможца атрымае галоўны прыз — паездку ў Парыж, дзе ён зможа на свае вочы ўбачыць сапраўды “Ля Руш”. А лепшыя дзіцячыя малюнкі, магчыма, будуць выстаўлены ў асобным дзіцячым раздзеле штогадовага “Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам”.

Музей “Прастора Хаіма Суціна”

Музей “Прастора Хаіма Суціна” займае тры залы — тры колішнія кабінеты Смілавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

У першай зале “На Радзіме: Смілавічы — Мінск — Вільня” размешчана інфармацыя пра радавод Хаіма Суціна, яго сям’ю, пра яўрэйска-татарскае мястэчка Смілавічы перыяду дзяцінства і юнацтва мастака, пра яго вучобу ў рысавальнай школе Якава Кругера і Віленскай школе мастацтваў. Між іншым экспазіцыя гэтай залы пераканаўча развейвае пашыраны міф пра тое, што Хаім Суцін “скочыў” адразу са Смілавіч у Парыж. Адзін з самых каштоўных экспанатаў залы — Тора ХІХ стагоддзя.

У другой зале наведвальнік акунаецца ў атмасферу парыжскіх вуліц: памяшканне стылізавана пад тыповую парыжскую кавярню з барнай стойкай, некалькімі столікамі і крэсламі. На сценах размешчаны рэпрадукцыі твораў Хаіма Суціна і яго сяброў, мастакоў Парыжскай школы, ураджэнцаў Беларусі і Літвы: Шагала, Цадкіна, Кікоіна, Крэменя, Мешчанінава, а таксама Мадыльяні, Марэўны і інш.

Трэцяя зала прысвечана яшчэ аднаму знакамітаму ўраджэнцу Смілавіч — жывапісцу, дызайнеру па тканіне, паэту, кніжнаму ілюстратару Файбішу-Шрагу Царфіну. Надоечы Белгазпрамбанк перадаў музею на захаванне на працягу года шэраг арыгіналаў карцін Царфіна са сваёй карпаратыўнай калекцыі, якія і можна тут убачыць. Дарэчы, французскія вучоныя эксперыментальным шляхам прыйшлі да высновы, што карціны гэтага мастака маюць рэальны псіхатэрапеўтычны эфект. Яны здольны станоўча ўздзейнічаць на чалавека, нармалізуючы яго пульс і ціск, паляпшаючы яго агульны стан. Акрамя таго, у экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі з сямейнага альбома Шрагі Царфіна, палітра і пэндзлі мастака, нататнік з яго малюнкамі, эскізы тканін і інш. Ахвочыя могуць паглядзець тут фільм пра Шрагу Царфіна, у якім ён… спявае калыханку на беларускай мове!

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.