Сусветны дзень снегу — свята маладое, але з добрымі традыцыямі. Пачынаючы з зімы 2012 года ў адзін з нядзельных дзён студзеня па ініцыятыве Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (FIS) адзначаецца Сусветны дзень снегу (World Snow Day), або Міжнародны дзень зімовых відаў спорту.
Наша краіна таксама не застаецца ў баку ад сусветных тэндэнцый, таму World Snow Day заняў сваё месца сярод іншых свят краіны. Мэта свята — павысіць цікавасць да зімовых відаў спорту і далучыць моладзь да актыўнага ладу жыцця. Паводле задумы FIS, у гэты дзень павінны праходзіць снежныя фэсты, падчас якіх дзеці і дарослыя змогуць прыняць удзел у спаборніцтвах на каньках, лыжах або снаўбордах.Як задумвалі арганізатары, “гэты дзень дасць усім магчымасць атрымаць асалоду ад снегу, пазнаёміцца з кімсьці і акунуцца ў зімовыя віды спорту, якія будуць успрымацца не толькі як спаборніцтва, але і як забава”.
Па інфармацыі прэс-службы Міністэрства спорту і турызму, больш за 120 тысяч жыхароў Беларусі ў выхадныя ўзялі ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да Сусветнага дня снегу. У прыватнасці, там адзначылі, што 16 і 17 студзеня па ўсёй Беларусі прайшлі снежныя фестывалі, падчас якіх як дарослыя, так і дзеці змаглі паспаборнічаць ва ўменні катацца на каньках, лыжах або снаўбордах.
Акрамя таго, прайшлі рэгіянальныя этапы рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжных гонках і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі “Снежны снайпер”, рэспубліканскае свята “Беларуская лыжня”, спаборніцтвы па лыжным спорце сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства, сельскіх жыхароў, дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ.Каардынатарам правядзення ўсіх мерапрыемстваў стаў Беларускі лыжны саюз. У ліку арганізатараў — Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам.
Сусветны дзень снегу зладзілі і ў сярэдняй школе № 1 Ашмян Гродзенскай вобласці. Тут з гэтай нагоды ў суботу правялі дзень здароўя. У свяце прынялі ўдзел навучэнцы 2—11 класаў. Як заўважыла Ганна Раманаўна Лянкоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы, дзень прайшоў спартыўна і весела. Парадаваў удзел у мерапрыемстве бацькоў.
У праграму спартыўнага свята было ўключана шмат конкурсаў, забаў, спаборніцтваў. У тым ліку прайшлі камандныя эстафеты “Хто хутчэй?” (катанне на санках); “Хуткая лыжа”, калі ўдзельнікі па чарзе беглі дыстанцыю на адной лыжы. Адбылася гульня ў хакей на катку, а затым за клюшкі ўзяліся і бацькі. А для падтрымання добрага настрою можна было пакатацца на школьным кані. Смак зімовага свята можна было замацаваць гарачай гарбатай, піражкамі і печанай бульбай, пра якія таксама паклапаціліся арганізатары. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, Сусветны дзень снегу ўдаўся. На свята ў сярэдняй школе № 1 Ашмян прыйшлі амаль усе навучэнцы.
Падрыхтавала Вольга БАРЫСЕВІЧ.
Фота Андрэя Машуты.