“Сонейка” ў падарунак дзецям

- 12:14Навіны рэгіёнаў

Новы яслі-сад адкрыўся ў Жодзіне. Установа атрымала назву “Сонейка”. Як сонейка сагравае ўсё жывое на зямлі, так і педагогі гэтай дашкольнай установы гатовы дарыць цяпло і радасць сваім маленькім выхаванцам.

Восьмы мікрараён горада машынабудаўнікоў самы малады, але густанаселены. Тут жыве многа маладых сем’яў, таму яслі-сад стаў для мясцовых жыхароў цудоўным падарункам.

Новы будынак разлічаны на 230 маленькіх выхаванцаў, якія размесцяцца ў 12 утульных групах. Для ўсебаковага развіцця дзяцей працуюць трэнажорная, фізкультурная і музычная залы, басейн, кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага. Таксама ёсць камп’ютарны гульнявы пакой. Цудоўныя ўмовы створаны і на спартыўных і гульнявых пляцоўках на тэрыторыі ясляў-сада.

Павіншаваць дзяцей і бацькоў, педагогаў і ўсіх жыхароў Жодзіна прыехалі ганаровыя госці: намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Сірэнка, старшыня Жодзінскага гарвыканкама Юрый Шары, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін. Госці адрасавалі ўсім, хто прыйшоў на адкрыццё ясляў-сада, добрыя словы, а таксама падарылі калектыву і выхаванцам “Сонейка” мультыборд, сінтэзатар і тэлевізар.

Яслі-сад № 7 — першая частка вялікага вучэбна-педагагічнага комплексу, які ствараецца ў восьмым мікрараёне Жодзіна. Хутка тут пачнецца будаўніцтва сярэдняй школы, разлічанай на 720 месцаў.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама.