У студзені бягучага года стартаваў новы спартыўны праект — Рэспубліканская школьная баскетбольная ліга. Гэтае спартыўнае мерапрыемства праводзілася сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а яго арганізатарамі выступілі Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, упраўленні адукацыі спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама, Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, грамадскае аб’яднанне “Беларуская федэрацыя баскетбола”. Мэтай новых спартыўных спаборніцтваў сярод школьнікаў з’яўляецца далейшае развіццё, прапаганда і папулярызацыя баскетбола сярод навучэнскай моладзі, а таксама прыцягненне дзяцей і падлеткаў да масавых заняткаў гэтым займальным відам спорту.
Як паведаміў галоўны суддзя спаборніцтваў Андрэй Мікалаевіч Котаў, Рэспубліканская школьная баскетбольная ліга праводзілася ў тры этапы. Першапачаткова спаборніцтвы прайшлі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, потым — у раёнах і гарадах. Другой прыступкай да перамогі для каманд стаў удзел у абласных спаборніцтвах, а канчатковае першынство выявіў рэспубліканскі этап.
Дарэчы, фінальныя спаборніцтвы лігі праходзілі ў Магілёве. У горад на Дняпры з’ехаліся 168 навучэнцаў з чатырнаццаці каманд. Лепшых выяўлялі як сярод юнакоў, так і сярод дзяўчат. Колькасць прэтэндэнтаў на перамогу была даволі вялікай, таму і барацьба за прызавыя месцы разгарнулася сур’ёзная. Спартыўныя жарсці кіпелі ў спартыўных залах СК “Алімпіец” на працягу чатырох дзён.
Па выніках баскетбольных баталій перамогу сярод юнакоў упэўнена заваявалі прадстаўнікі Мінска. Другімі сталі магіляўчане, а замкнулі тройку прызёраў юныя баскетбалісты з Віцебскай вобласці. Сярод дзяўчат прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — Мінск, другое — Магілёўская, трэцяе — Брэсцкая вобласць.
Усе прызёры былі ўзнагароджаны дыпломамі, медалямі, кубкамі і памятнымі падарункамі ад арганізатараў. Для пераможцаў прадугледжаны яшчэ адзін бонус: яны прымуць удзел у чэмпіянаце Школьнай баскетбольнай лігі “КЭС-Баскет”, якая зусім хутка адбудзецца ў Расіі.