“Спакушэнне Скарыны”,

- 11:39Навіны рэгіёнаў

ці Шлях ад эпохі першадрукара да дня сённяшняга

VII Міжнародная навуковая канферэнцыя “Скарына і наш час” сабрала ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны навукоўцаў і студэнтаў. Сёлетняе навуковае мерапрыемства мела асаблівасць: яно было прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і з’яўлялася часткай культуралагічнага праекта Рэспубліканскага форуму.

Рэспубліканскі форум распачала прэм’ера спектакля “Спакушэнне Скарыны” па п’есе загадчыка кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта прафесара Івана Штэйнера. Спектакль быў пастаўлены рэжысёрам Сяргеем Зяньковым, а ролі выконвалі таленавітыя маладыя артысты народнага студэнцкага тэатра-студыі “Калі б…”.

Тыя, хто праглядзеў спектакль, адразу адзначылі, што ў п’есе асоба першадрукара не супадае з тым уяўленнем, якое даюць нам вядомыя літаратурныя тэксты. Пра жыццё і дзейнасць Скарыны гледачы даведаліся з вуснаў галоўных герояў — Марціна Лютэра, Эразма Ратэрдамскага, славутага лекара Парацэльса і Вольнага мастака.

— Постаць Скарыны я паказаў на фоне гісторыка-культурнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага і ўсёй Еўропы пачатку XVI стагоддзя, — растлумачыў прафесар Штэйнер. — Гэтай п’есай мусіў паставіць дыягназ сучаснасці, нашай ідэнтычнасці, сістэме каштоўнасцей, прыярытэтаў. Ці гатовы былі людзі ўспрыняць асветніцкую дзейнасць Скарыны? Магчыма, ідэя даць беларусам кнігу на роднай мове апярэдзіла час.

Акрамя інтрыгуючага спектакля, госці канферэнцыі мелі магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыямі культуралагічнага праекта “Грані творчасці” — перасовачнай рэспубліканскай выставы сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў. Гэта была другая па ліку выстава цікавага праекта, тэмай-дэвізам якой стаў слоган “Францыск Скарына. Чалавек дасканалы”, а склала яе больш як сто прац з 18 універсітэтаў нашай краіны. У гэты ж дзень удзельнікам форуму было прапанавана наведаць музей-лабараторыю Францыска Скарыны Гомельскага дзяржуніверсітэта і выставы рэдкіх кніг.

Другі дзень форуму быў у асноўным скіраваны на мерапрыемствы навуковага характару, і асноўную частку займала непасрэдна навуковая канферэнцыя “Скарына і наш час”. Пачатак канферэнцыі пакладзены ў далёкім 1994 годзе. З таго часу на мерапрыемства ў гомельскую ўстанову вышэйшай адукацыі ў розныя гады прыязджалі навукоўцы, даследчыкі, бібліятэкары — розныя людзі з розных краін, якіх аб’ядноўвала цікавасць да спадчыны вялікага асветніка.

Нельга пераацаніць значэнне творчай спадчыны беларускага першадрукара і асветніка не толькі для саміх беларусаў, але і для іншых народаў, паколькі ён зрабіў значны ўклад у культуру многіх нацыянальнасцей.

— Вядучыя навукоўцы адукацыйных цэнтраў Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы разглядалі пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю беларускага першадрукара, роляй нацыянальнай мовы ў гісторыка-культурным працэсе, аналізавалі праблемы сучаснай дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі і лексікаграфіі, — расказвае дэкан філалагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны Алена Палуян. — Разглядаліся таксама і актуальныя сёння напрамкі анамастыкі, міжмоўных камунікацый і кантактаў, выкарыстанне беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі, публіцыстыцы, мастацкай літаратуры і фальклоры.

Праца розных тэматычных секцый, якія адкрыліся пасля пленарнага пасяджэння, дазволіла кожнаму знайсці свой інтарэс, абмеркаваць нейкія гіпотэзы, параіцца з аднадумцамі. Больш дэталёва паразважаць аб ролі першадрукара для сучаснасці можна было падчас круглага стала. Паралельна ў холе аднаго з карпусоў універсітэта разгарнулася інтэрактыўная гістарычная пляцоўка “Эпоха Скарыны”, якая знаёміла з эпохай сярэдневякоўя, а таксама наглядна дэманстравала прысутным метад друку кніг, якім карысталіся ў XVI стагоддзі.

У межах Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Скарына і наш час” адбылася яшчэ адна важная падзея: на філалагічным факультэце ГДУ імя Францыска Скарыны адкрыўся Скарынаўскі кабінет.

З часу прысваення Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя беларускага асветніка ва ўстанове бесперапынна працуюць над развіццём скарынаўскіх традыцый, свой уклад у гэтую справу ўносяць як выкладчыкі, так і студэнты. Але ж існаванне такога кабінета, лічаць на філфаку, стане цэнтрам прыцягнення ўвагі студэнтаў да традыцый і ідэй гуманіста, які дбаў аб сваім народзе і роднай мове.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.