Спорт — частка нашай прафесіі

- 13:20"Настаўніцкай газеце" — 70

Мода на спорт сярод рабочых, у тым ліку і педагогаў, была аб’яўлена амаль 90 гадоў назад і з кожным годам толькі набірала свой разбег. Не спыніла яго нават Вялікая Айчынная вайна, хоць і замарудзіла. Цяпер штогод на спартакіядныя старты выходзяць больш за 30 тысяч беларускіх настаўнікаў. Пра спартыўныя дасягненні нашых педагогаў, пра перспектывы аматарскага спорту — з вуснаў арганізатараў і ўдзельнікаў спартакіяд.

За спартыўны запал у настаўніцкіх, зарад бадзёрасці на ўроках, хуткасць руху па школьных калідорах на перапынках і нават за добрае фізічнае адчуванне пасля ўрокаў у нашых педагогаў адказваюць Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі і Рэспубліканскі галіновы фізкультурна-спартыўны клуб “Буравеснік” Міністэрства адукацыі. Вынікі гэтага супрацоўніцтва з перыядычнасцю раз у два гады найярчэй дэманструюць Рэспубліканскія спартакіяды — як галіновыя, так і міжгаліновыя. У іх пераможцы вызначаюцца па 11 відах спорту: гіравым спорце, дартсе, більярдзе, міні-футболе, валейболе, плаванні, настольным тэнісе, лёгкаатлетычным кросе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, перацягванні каната і тэхніцы веласіпеднага турызму. Сярод усіх 27 каманд прафсаюзаў краіны традыцыйна педагогі займаюць 4 месца, толькі на апошняй спартакіядзе, якая праходзіла летась, нашай зборнай давялося задаволіцца ўсяго толькі 7 месцам.
Затое турнірная табліца на галіновых рэспубліканскіх спаборніцтвах амаль не мяняецца, і за апошнія гады ўзначальваюць яе педагогі сталіцы. Сакрэты поспеху і яго пастаянства адкрывае старшыня Мінскага гарадскога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава: “Перамогі ў спорце не выпадковыя. Спорту мы ўдзяляем шмат увагі на ўзроўні кожнага раёна і кожнай установы адукацыі. Мы трацім вялікія сродкі на спартыўныя мерапрыемствы і, натуральна, на падрыхтоўку да іх. Магчымасці для трэніровак у педагогаў ёсць практычна ў кожнай установе адукацыі. Акрамя таго, члены нашай прафсаюзнай арганізацыі могуць бясплатна выкарыстоўваць базы, абсталяваныя для дзяцей: спартыўныя залы, баскетбольныя пляцоўкі, сталы для тэніса, басейны. А калі там ёсць спецыялісты, то яны праводзяць для педагогаў калектыўныя заняткі, скажам, па аква- ці аэробіцы. Што тычыцца футбола, шахмат, гіравога спорту, то яны рэдкія ва ўстановах адукацыі, таму нашы педагогі займаюцца ў спартыўных установах. Напрыклад, СДЮШАР №11 рыхтуе нашых педагогаў да ўдзелу ў спаборніцтвах па шахматах і шашках. Дартс — дарагі від спорту, але ў трох установах адукацыі пярвічная прафсаюзная арганізацыя ўжо аплачвае падрыхтоўку педагогаў па гэтым відзе спорту.
Мне вельмі прыемна адзначыць, што нашы педагогі заўсёды рады магчымасці займацца не толькі сваім, але і новым для сябе відам спорту. Нядаўна быў у нас турнір па пейнтболе: многія нават не ведалі, што гэта такое, але тым не менш было амаль 120 жадаючых паспрабаваць сябе. Былі спачатку пробныя гульні, потым правялі спаборніцтвы, а цяпер педагогі просяць іх паўтарыць. І гэта галоўнае — атрымліваць задавальненне, бо спорт — частка нашай прафесіі”.
Надае трываласці мінскім пазіцыям і тое, што часта педагогі займаюцца спортам на працягу многіх гадоў. Напрыклад, высокія вынікі паказваюць настаўнік сярэдняй школы № 139 Эльдар Абдулаеў (дартс), настаўніца сярэдняй школы № 83 Вольга Філончык (стральба). На апошняй міжгаліновай спартакіядзе не знайшлося роўных у лёгкай атлетыцы настаўніцы з сярэдняй школы № 175 Ганне Мацкевіч. Разам з ёй на п’едэстал паднялася настаўніца-атлетка з гімназіі № 13 Таццяна Чайко, хоць прымала ўдзел у спартакіядзе ўпершыню.
Нязменны прызёр у настольным тэнісе сярод жанчын — Ірына Кузьмінава, выкладчык англійскай мовы БДЭУ і кандыдат у майстры спорту па настольным тэнісе. І ў школу, і ва ўніверсітэт яна насіла ў сумцы тэнісную ракетку. А цяпер Ірына Уладзіміраўна, як і вядомая кінагераіня Ірыны Мураўёвай, пакідае яе ў сваім працоўным кабінеце.
У чым сакрэт такога поспеху? Ірына Уладзіміраўна тлумачыць так: “Сіла характару і нервы, канечне, у спорце нялішнія, але вызначальныя тут трэніроўкі. Перавагі маюць і тыя, хто не так даўно закончыў спартыўную кар’еру. Часам маладыя спартсмены, якія толькі пару гадоў назад пакінулі заняткі спортам, абыгрываюць тых, хто трэніраваўся 20 гадоў назад. Я ж трэніроўкі не спыняла ніколі. У нашым універсітэце цудоўная спартыўная база, у прыватнасці, ёсць спецыялізаваная тэнісная зала, за якую мы ўдзячны нашаму былому рэктару Раману Міхайлавічу Карсеку, таксама аматару настольнага тэніса (ён, дарэчы, і цяпер займаецца спортам)”.
Але, беручы ва ўвагу тое, што з калег Ірыны Уладзіміраўны ва ўніверсітэце больш ніхто не гуляе ў тэніс, пераконваешся, што не заўсёды магчымасць становіцца сінонімам жадання. Таму сапернікамі выступаюць яе сябры, з якімі яна гуляе з дзяцінства. Затое выкладчык радуецца, што ў Палацы тэніса нядзельныя турніры сталі збіраць не па 10 чалавек, як было зусім нядаўна, а каля тысячы. І сярод іх, не прапускаючы ні аднаго, абавязкова і Ірына Уладзіміраўна.
Апошнія гады свае ўпэўненыя крокі ў бок п’едэстала робяць і спартсмены з рэгіёнаў. Напрыклад, на апошняй галіновай спартакіядзе адваявала сабе перамогу зборная жаночая каманда па валейболе з Віцебскай вобласці, у більярдзе, гіравым спорце, плаванні вылучаецца Брэсцкая вобласць.
Арганізатары спадзяюцца, што ў будучым рэгіёны складуць канкурэнцыю сталічным калегам, бо, як адзначыў першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь старшыня РГФСК “Буравеснік” Вадзім Анатольевіч Богуш падчас гарачай лініі, праведзенай днямі “Настаўніцкай газетай”, сродкі для стымулявання аматараў спорту сярод педагогаў будуць толькі пашырацца.
“Безумоўна, мы павінны выпрацаваць адпаведныя механізмы, каб павысіць стымул да заняткаў фізкультурай і спортам у педагагічнай грамадскасці, — адзначыў Вадзім Анатольевіч. — З гэтай мэтай мы плануем у самы бліжэйшы час выпрацаваць захады па падтрымцы фізкультурнага руху ў сістэме адукацыі і вызначыць магчымыя рычагі стымулявання, але гэта будуць не фінансавыя стымулы, а меры арганізацыйнага характару. Магчыма, той настаўнік, які клапоціцца аб сваім здароўі, прапагандуе здаровы лад жыцця сярод сваіх навучэнцаў, удзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах, будзе мець прэферэнцыі ў сваіх прафесійных абавязках”.

У гісторыі савецкага спорту комплексныя спаборніцтвы па некалькіх відах спорту пачалі праводзіцца ў 1923 годзе ў часцях Чырвонай Арміі і ў маладзёжнай фізкультурнай арганізацыі імя Спартака, адсюль і назва — спартакіяда. Стартам у міжнародным спартыўным жыцці рабочых стала Усесаюзная спартакіяда, якая прайшла 12 жніўня 1928 года ў Маскве. Удзел у ёй прынялі 7125 прадстаўнікоў рабочых спартыўных арганізацый з 17 краін — небывалая да гэтага колькасць у гісторыі спорту. Беларусы тады заваявалі трэці прыз першай Усесаюзнай спартакіяды, уступіўшы “серабро” Украіне і “золата” Расіі.

Па словах старшыні Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандра Бойкі, пытанні арганізацыі спартыўнай, фізкультурна-аздараўленчай і культурна-масавай работы ўключаны ў калектыўныя дагаворы ўстаноў адукацыі асобнымі раздзеламі. За паспяховае выступленне ў спаборніцтвах і за ўдзел у іх прадугледжана прэміраванне, прычым памеры яго пераглядаюцца штогод. Абмяркоўваюцца і пытанні з закупкай спартыўнай формы, неабходнага інвентару, аплаты камандзіровачных і транспартных расходаў, ствараюцца ўмовы для заняткаў спорту па месцы працы. Педагогі маюць ільготы пры наведванні басейнаў, трэнажорных залаў. Праўда, калі спартыўныя аб’екты ва ўстановах працуюць у рэжыме пастаяннай загрузкі, з такой паслугай для педагогаў узнікаюць праблемы.
Дарэчы, акрамя спартакіяд, педагогі актыўна прымаюць удзел у турыстычных злётах, турнірах па асобных відах спорту. Зборныя каманды прымаюць удзел у рэспубліканскіх міжгаліновых фізкультурна-спартыўных мерапрыемствах, днях здароўя і іншых спартыўных мерапрыемствах. Такім чынам педагогі даюць прыклад і сваім калегам, і выхаванцам.

Святлана НІКІФАРАВА.