Спорт павінен заставацца палітычна нейтральным

- 11:12Інфармацыйная гадзіна

Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры ААН Валянцін Рыбакоў выступіў на пленарным пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН па пункце парадку дня “Спорт для развіцця і міру”, паведамілі ў прэс-службе МЗС.

Валянцін Рыбакоў адзначыў узрастаючую ролю фізічнай культуры і спорту ў фарміраванні здаровага ладу жыцця і дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Ён падкрэсліў, што спорт неаддзельны ад палітыкі, спартыўныя дасягненні дапамагаюць прапагандаваць нацыянальны імідж дзяржаў на міжнароднай арэне. У той жа час спорт павінен заставацца палітычна нейтральным.

Кіраўнік беларускай місіі звярнуў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на асноўныя праблемы, якія мае сучасны спорт, у прыватнасці на прымяненне допінгу, а таксама прадузятае судзейства, якое парушае асноўны прынцып “фэйр-плэй” і пазбаўляе спартсменаў упэўненасці ў роўных шансах на перамогу. У барацьбе з сучаснымі негатыўнымі тэндэнцыямі ў спорце важную ролю адыгрывае Міжнародны алімпійскі камітэт, які павінен абапірацца ў сваёй дзейнасці на нацыянальныя алімпійскія камітэты, і іх меркаванні недапушчальна ігнараваць.

Беларускі дыпламат адзначыў, што здароўе людзей, развіццё фізічнай культуры і спорту з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў сацыяльнай палітыкі Беларусі. Ён нагадаў, што Беларусь атрымала права прыняць найважнейшыя спартыўныя спаборніцтвы: II Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе і 85-ы чэмпіянат свету па хакеі з шайбай у 2021 годзе.