Спорт вучобе дапамагае

- 10:59Навіны рэгіёнаў

Гімназія № 1 Навагрудка па выніках работы за мінулы год стала пераможцам раённага конкурсу “Установа адукацыі ўзорнай якасці і парадку”. У скарбонцы дасягненняў — перамогі ў алімпіядах і конкурсах рознага ўзроўню, удзел у міжнародных праектах. Не менш цэняць тут і спартыўныя дасягненні навучэнцаў і ствараюць усе ўмовы, каб як мага большая колькасць дзяцей займалася фізічнай культурай і спортам.

Футбол карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод гімназістаў. На працягу апошніх гадоў каманда гімназіі паспяхова ўдзельнічае ў раённых спаборніцтвах “Скураны мяч”, турніры па футболе на прыз М.Белуша і займае лідзіруючыя пазіцыі. У мінулым годзе пераможцай на раённых спаборніцтвах па міні-футболе стала каманда дзяўчат.

— Асабліва заняткі футболам актывізаваліся, калі ў гімназіі ў 2014 годзе з’явілася новая спартыўная пляцоўка — міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём, на якім можна трэніравацца на працягу ўсяго года, — гаворыць дырэктар гімназіі Святлана Аляхновіч. — Такі падарунак мы атрымалі ад гандлёвай сеткі “Родная Сторона” і Беларускай асацыяцыі футбола. А яшчэ ў гімназіі працуюць зацікаўленыя ў развіцці дзіцячага спорту маладыя настаўнікі — Сяргей Віктаравіч Раманюк і Аляксандр Юр’евіч Кужалевіч.

Адзінаццаць гімназістаў з 4 па 9 клас у розных узроставых групах абараняюць гонар Навагрудскага раёна на абласных спаборніцтвах па футболе “Скураны мяч”. Вучні 9-х класаў Ягор Антановіч і Яўген Маркевіч выступаюць у складзе каманд ФК “Белкард”, ФК “Нёман” і прымаюць удзел у юнацкім чэмпіянаце рэспублікі па футболе.

У гімназіі арганізаваны тры футбольныя гурткі, трэніроўкі адбываюцца тры разы на тыдзень. Усе вучні з задавальненнем наведваюць іх у любое надвор’е.

А тое, што спорт вучобе не перашкаджае, а, наадварот, мабілізуе і стымулюе, гавораць вынікі гімназістаў і па іншых відах спорту. 3-е месца заняла гімназічная каманда ў раённых спаборніцтвах “Залатая шайба”. Павел Бяспалы, Алег Бургун, Яўген Маркевіч і Данііл Тарбая ў складзе раённай каманды па хакеі прынялі ўдзел у спаборніцтвах на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Залатая шайба”. Каманда валейбалістак была лепшай у раёне. У спаборніцтвах “Абаронца Аўчыны” — таксама лепшыя, а Павел Бяспалы і Дзмітрый Самбурскі ўвайшлі ў склад зборнай раёна.

У лёгкаатлетычных спаборніцтвах “300 талентаў для каралевы” каманда гімназіі таксама заняла 1-е месца ў раёне, а вучаніца 2 класа Софія Бараноўская на абласных спаборніцтвах была лепшай у бегу на 500 метраў. Зараз дзяўчынка актыўна трэніруецца для ўдзелу ў рэспубліканскіх стартах.

У сярэдзіне кастрычніка ў Навагрудку адбыліся спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні “Замкавая гара — 2017”. Сярод 12 каманд каманда гімназіі № 1 была лепшай.

У канцы кастрычніка ў гімназіі адбылася важная падзея, якая таксама дапаможа расці дзецям здаровымі і актыўнымі, а бацькам з карысцю праводзіць вольны час. Падчас акцыі “Здаровы я — здаровая сям’я” тут адкрылі трэнажорную залу. Зала была створана ў рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы “Здаровая сям’я — здаровая нацыя”, якая рэалізуецца ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.