Не зважаючы на асаблівасці сёлетняга лета ў абмежаванні выезду за межы краіны, наша нацыянальная каманда WorldSkills Belarus актыўна вядзе падрыхтоўку да 46-га Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Shanghai — 2022. Гэтым разам найбольшую эфектыўнасць набылі дыстанцыйныя тэхналогіі. Традыцыйна арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне падрыхтоўкі беларускай зборнай ажыццяўляе Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Менавіта дзякуючы трывалым сувязям інстытута з расійскімі калегамі ўдалося амаль на два летнія месяцы заняць членаў нацыянальнай каманды падрыхтоўкай да спаборніцтваў у Кітаі. Агенцтва развіцця прафесійнай адукацыі WorldSkills Russiа запрасіла нашых канкурсантаў, экспертаў, трэнераў, майстроў вытворчага навучання, выкладчыкаў прыняць удзел у вучэбных і практычных мерапрыемствах Размеркаванага еўразійскага чэмпіянату WorldSkills, які праходзіў з 7 чэрвеня па 18 ліпеня. Беларусь выступіла там у 10 прафесійных кампетэнцыях. У чэмпіянаце прымалі ўдзел 10 краін еўразійскай прасторы. Акрамя Беларусі і Расіі, удзельнічалі Азербайджан, Арменія, Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Таджыкістан і Узбекістан. Асаблівасць гэтых спаборніцтваў у тым, што ўдзельнікі выконвалі практычныя заданні на базе пляцовак у сваіх краінах, ацэньванне адбывалася ў дыстанцыйным фармаце. Але не толькі гэтым адметна мерапрыемства.
— Размеркаваны еўразійскі чэмпіянат — гэта не звычайны чэмпіянат і мае шэраг істотных адрозненняў ад традыцыйнага, — расказала Зоя Аляксееўна Александровіч, метадыст вышэйшай катэгорыі аддзела параўнальных даследаванняў і развіцця руху WorldSkills РІПА. — Самай важнай яго асаблівасцю з’яўляецца тое, што чэмпіянат не абмяжоўваецца толькі спаборніцтвамі паміж яго ўдзельнікамі, гэта практыка-арыентаванае навучанне канкурсантаў, экспертаў і педагогаў, якія задзейнічаны ў руху WorldSkills. Па сутнасці, атрымліваецца, што перад самім выступленнем на спаборніцтве канкурсанты рыхтаваліся да выканання заданняў пад кіраўніцтвам практыкаў самага высокага ўзроўню, вопытных, высокапрафесійных экспертаў з Расіі, якія знаходзіліся на трэніровачным палігоне ў Расійскай Федэрацыі. Навучанне праходзілі і эксперты з іншых краін. Яны прымалі ўдзел у практыка-арыентаваных трэнінгах па выкананні модуляў заданняў па кампетэнцыях. Адной з форм навучання было выкананне практычных заданняў на базе трэніровачных пляцовак у сваіх краінах. Абавязковым элементам навучання з’яўлялася незалежная ацэнка выкананых работ, дэманстрацыя метадаў ацэнкі ў дыстанцыйным рэжыме. Так, напрыклад, па кампетэнцыі “Графічны дызайн” экспертам трэба было стварыць лагатыпы, візітныя карткі сваіх кампаній, вызначыць іх перавагі і адрозненні. Кожны эксперт, які ўдзельнічаў у практыка-арыентаваным навучанні, выконваў гэтае заданне, і потым галоўны эксперт вызначаў плюсы і мінусы выкананай работы і выстаўляў адзнаку. Калі модуль выконваў сам удзельнік зборнай альбо майстар вытворчага навучання, то эксперты давалі свае каментарыі, адзначалі нюансы па ходзе выканання задання, вызначалі матэрыялы, інструменты, з якімі працаваў удзельнік, давалі рэкамендацыі па іх найбольш аптымальным і эфектыўным выкарыстанні. Увогуле, такое навучанне доўжылася дастаткова вялікі тэрмін. За гэты час можна было шмат высветліць, засвоіць, адшліфаваць прафесійныя навыкі, набыць новыя веды.
Чаму чэмпіянат называўся размеркаваным? Ён меў размеркаванні ў часе і ў тэрыторыі. Правядзенне конкурсу па той ці іншай кампетэнцыі было вызначана ў пэўныя дні і гадзіны, а сам чэмпіянат праводзіўся не на адной пляцоўцы, а ахапіў розныя рэгіёны Расійскай Федэрацыі. Пляцоўкі чэмпіянату размясціліся ў Маскве, Казані, Чабаксарах, Новасібірску, Краснаярску.
І яшчэ адна асаблівасць мерапрыемства: чэмпіянат праводзіўся ў дыстанцыйным фармаце з шырокім выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій. Агульная камунікацыя праходзіла праз Тelegramchat, дзе па кожнай кампетэнцыі была створана група ўдзельнікаў. На прасторы Google-Дыск выкладваліся інфраструктурныя лісты і конкурсныя заданні. На платформе ZOOM.US (воблачная платформа для правядзення анлайн-мерапрыемстваў) арганізоўваліся відэаканферэнцыі.
Беларусь удзельнічала ў наступных кампетэнцыях: “Графічны дызайн”, “Кандытарская справа”, “Малярныя работы”, “Цырульніцкае мастацтва”, “Праграмныя рашэнні для бізнесу”, “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы”, “Тэхналогія моды”, “Электрамантаж”, “Эстэтычная касметалогія”, “Інжынерны дызайн CAD”.
— Пасля нашага нацыянальнага чэмпіянату, які адбыўся ў верасні 2020 года, з ліку прызёраў мы сфарміравалі склад нацыянальнай зборнай для ўдзелу ў міжнародным чэмпіянаце ў Шанхаі, — паведаміла Зоя Аляксееўна. — З тымі навучэнцамі, якія выказалі жаданне ўдзельнічаць у гэтым спаборніцтве, былі заключаны адпаведныя дамовы. Але перанос чэмпіянату ў Кітаі на больш позні тэрмін выклікаў нямала цяжкасцей. Маючы такі вялікі перапынак магла знізіцца і матывацыя канкурсантаў да ўдзелу ў спаборніцтвах. Таму Размеркавальны еўразійскі чэмпіянат мы ўспрынялі як выдатны шанс для падрыхтоўкі нашай каманды. На яго мы накіравалі тых навучэнцаў, якія з’яўляюцца патэнцыяльнымі ўдзельнікамі міжнароднага чэмпіянату ў Шанхаі.
Да чарговага міжнароднага чэмпіянату яго канкурсанты будуць рыхтавацца на базе сваіх навучальных устаноў, а потым — на пляцоўках цэнтраў падрыхтоўкі нацыянальнай зборнай. Некаторыя пляцоўкі былі задзейнічаны сёлета ў Размеркавальным еўразійскім чэмпіянаце. Сярод іх — Гуманітарны каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва, Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 12 будаўніцтва, Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, філіял РІПА “Індустрыяльна-педагагічны каледж”, Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж мантажных і пад’ёмна-транспартных работ, Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну, Вучэбны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў эстэтыкі і масажу Наталлі Антановіч.
Згодна з інфраструктурным лістом, трэба было падрыхтаваць абсталяванне, матэрыялы, інструменты для кожнай з пляцовак, забяспечыць іх відэакамерамі. Па кожнай кампетэнцыі іх колькасць адрознівалася. Так, напрыклад, у кампетэнцыі “Электрамантаж” было дастаткова ўсталяваць адну відэакамеру: удзельнік манціраваў неабходную канструкцыю на ўчастку сцяны, якая цалкам была ахоплена відэаназіраннем. А вось у кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы” спатрэбіліся 4 відэакамеры, каб канструкцыя з гіпсакардону была агледжана з усіх бакоў. Было і так, што не ўсе матэрыялы, якія трэба было выкарыстоўваць у час спаборніцтва, можна было знайсці ў нашым гандлі, таму прыйшлося звярнуцца па дапамогу да расійскіх калег. Так, пры выкананні дэкаратыўных работ шпалеры, якія адпавядалі ўмовам конкурсу, прывезлі з суседняй краіны.
Удзельнікі чэмпіянату выконвалі практычныя заданні на базе пляцовак у сваіх краінах, а незалежная ацэнка выкананага задання па стандартах WorldSkills ажыццяўлялася ўсёй камандай экспертаў, дыстанцыйна з боку экспертаў Расіі. Для гэтага праводзілася фота- і відэафіксацыя замераў у адпаведнасці з крытэрыямі ацэньвання, адпраўка фатаграфій выкананых работ. Эксперты ўносілі даныя ў сістэму інфармацыйнай падтрымкі CIS, з дапамогай якой былі падведзены вынікі. Па некаторых кампетэнцыях выступалі некалькі ўдзельнікаў. Напрыклад, па эстэтычнай касметалогіі — 2, па цырульніцкім мастацтве — 2, па тэхналогіі моды — 3. У залік пайшло лепшае выступленне, але і астатнія ўдзельнікі не застануцца ў накладзе: чэмпіянат дазволіў ім сфарміраваць байцоўскі дух, праверыць сябе на стрэсаўстойлівасць, прафесійную гатоўнасць. Заданні былі разлічаны на 3—4 дні, яны практычна адпавядалі заданням міжнароднага ўзроўню.
Усе канкурсанты выступілі вельмі дастойна і занялі прызавыя месцы. Напрыклад, узрадавала сваёй малярнай і дэкаратыўнай работай у вольнай творчасці Вікторыя Гарбузава (эксперт І.У.Леванькова), якая прадстаўляла філіял РІПА “Індустрыяльна-педагагічны каледж” і якая ўразіла сваім майстэрствам на нацыянальным чэмпіянаце ў мінулым годзе. Пётр Сібораў з Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа выступаў у прафесійнай кампетэнцыі “Электрамантаж” пад кіраўніцтвам эксперта А.В.Шыдлоўскага і прадэманстраваў высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі, дастойна выглядаў на фоне канкурсантаў з Расіі, Казахстана, Узбекістана і Кітая, якія таксама выступалі ў гэтай кампетэнцыі.
Настасся Маляеўская, якая прадстаўляла арганізацыю СОДО “Тон-сервіс”, выступаючы разам з яшчэ пяццю ўдзельнікамі з Расіі, Індыі і Казахстана, выканала заданні па ўсіх 4-х модулях кампетэнцыі “Графічны дызайн” і атрымала высокія адзнакі. У кампетэнцыі “Эстэтычная касметалогія” выступалі дзве нашы канкурсанткі — Настасся Станкевіч (эксперт А.А.Свіркова) і Дар’я Рыбакова (эксперт Н.В.Антановіч). Праграма конкурсу па гэтай кампетэнцыі, як, дарэчы, і па іншых, прадугледжвала практыка-арыентаванае навучанне. Для гэтай кампетэнцыі былі праведзены майстар-класы ад пераможцаў мінулых гадоў з расійскай зборнай па ўсіх модулях. Два дні былі прысвечаны выкананню конкурсных заданняў. Свае навыкі ўдзельніцы павінны былі прадэманстраваць адразу ў некалькіх кірунках эстэтычнай касметалогіі: комплексны догляд скуры твару, спа-догляд цела, манікюр гель-лакам, візаж, архітэктура броваў і афарбоўка хной. Ацэньвалі іх работу міжнародныя эксперты ў рэжыме рэальнага часу. У гэтай кампетэнцыі таксама ўдзельнічалі Расія, Кітай, Індыя. Падрыхтоўка да конкурсу была вельмі інтэнсіўнай, і нашым удзельніцам удалося адтачыць свае навыкі да аўтаматызму. Улічваўся не толькі кожны дакладны рух, правільнасць дзеянняў, але і прыгажосць, манера паводзін, эстэтыка. У кампетэнцыі “Кандытарская справа” дэманстравала сваё майстэрства Караліна Гарбачова з Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа. Дзейсную падтрымку ёй аказала эксперт Т.С.Кабанькова. У кампетэнцыі “Тэхналогія моды” выступілі тры ўдзельніцы. Юлія Ганчарук (эксперт Н.І.Юхневіч) і Алеся Лявончык (эксперт І.В.Пяцэвіч) прадстаўлялі Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну.Трэцяя ўдзельніца, Таццяна Цішкавец, вучыцца ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы швейнай вытворчасці (эксперт Н.В.Войнава). Юлія і Таццяна ўжо маюць вопыт паспяховага выступлення на IV Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills Belarus. Падрыхтоўка да конкурсу дазволіла ім адтачыць сваё прафесійнае майстэрства ў вырабе мадэляў, лякал і раскладак, пабудове канструкцыі, выкананні наколкі, пашыве адзення, даведацца пра новыя трэнды швейнай вытворчасці. У рамках чэмпіянату дзяўчаты выконвалі 4 модулі: “Тэхнічны малюнак”, “Канструяванне, мадэляванне і выраб камплекта лякал жаночай вятроўкі”, “Пашыў і кастамізацыя (індывідуальны падыход) жаночай вятроўкі”, “Макетаванне”. Увесь час, адведзены на выкананне заданняў, працавалі вэб-камеры, перадаючы кожны рух канкурсанта.
Рэспубліку Беларусь у кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы” прадставіў Максім Варажбіт, залаты прызёр IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus па гэтай кампетэнцыі. У якасці пляцоўкі правядзення чэмпіянату выкарыстоўвалася майстэрня Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12 будаўніцтва, дзе Максім працуе майстрам вытворчага навучання (эксперт А.С.Іўчанка). У гэтай кампетэнцыі дэманстравалі свае навыкі таксама прадстаўнікі Расіі, Узбекістана і Кітая. Тэставае заданне складалася з 4-х модуляў: зборка канструкцыі з устаноўкай цепла- і гукаізаляцыі, фінішнае шпакляванне з заладкай стыкаў і вуглоў, устаноўка фігурных гіпсавых элементаў, яшчэ трэба было выканаць творчае заданне ў вольным стылі (фрыстайл).
Як адзначыла Зоя Аляксееўна Александровіч, удзел у любых спаборніцтвах: галіновых, рэгіянальных, нацыянальных у сваёй краіне і ў іншых — найлепшая магчымасць праверыць узровень прафесійнай падрыхтоўкі нашых канкурсантаў, прафесіяналізм экспертаў і трэнераў, выявіць праблемныя месцы ў падрыхтоўцы, вызначыць прафесійную годнасць і псіхалагічную ўстойлівасць удзельнікаў спаборніцтваў. Таму ўдзел і ў гэтым чэмпіянаце стаў для нашай краіны значнай падзеяй у развіцці руху WorldSkills, у павышэнні якасці прафесійнай адукацыі, папулярызацыі рабочых прафесій сярод маладых людзей.
Нашы ўдзельнікі на чэмпіянаце заваявалі шмат узнагарод. Настасся Маляеўская ў “Графічным дызайне” заваявала бронзавы медаль (эксперт А.В.Пракопчык-Бяляўская). У “Цырульніцкім мастацтве” “бронзу” атрымала навучэнка Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Настасся Васілевіч (эксперт М.А.Булдык). У кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы” Максім Варажбіт таксама атрымаў бронзавую ўзнагароду. Не засталіся без узнагарод удзельнікі чэмпіянату ў кампетэнцыі “Кандытарская справа”. Караліна Гарбачова ўзнялася на другую прыступку п’едэстала. “Серабро” атрымала і Вікторыя Гарбузава ў кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”. Сярэбранай узнагародай было ацэнена выступленне Пятра Сіборава (кампетэнцыя “Электрамантаж”). Таксама сярэбранай прызёркай у кампетэнцыі “Тэхналогія моды” стала Таццяна Цішкавец, а ў кампетэнцыі “Эстэтычная касметалогія” бронзавую ўзнагароду атрымала Дар’я Рыбакова. У кампетэнцыі “Праграмныя рашэнні для бізнесу” “бронза” стала дасягненнем студэнта Інстытута інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Максіма Мемуса (эксперт В.М.Бялоцкая). У “Інжынерным дызайне CAD” 3-е месца заваяваў Аляксандр Краўчанка (філіял Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта “Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж”) (эксперт С.А.Пранкевіч).
Можна з упэўненасцю сказаць, што ўдзел у падобнага роду чэмпіянатах з’яўляецца эфектыўным этапам у падрыхтоўцы членаў каманды нашай краіны да чарговага міжнароднага чэмпіянату. Ёсць яшчэ дастаткова часу для ўдасканалення навыкаў, павышэння хуткасці выканання задання, выпрацоўкі байцоўскіх якасцей характару, усяго таго, што дае магчымасць паказаць найлепшы вынік. Лейтматыў спаборніцтваў еўразійскай прасторы “Стань першым, стань яркім, будзь гордасцю сваёй краіны” павінен стаць паўнавартасным лозунгам руху WorldSkills і ў нашай краіне.
Ала КЛЮЙКО.