Унікальны музейны пакой, прысвечаны гісторыі РАУС, адкрыўся ў сярэдняй школе № 2 Клічава імя П.І.Кавалёва. Экспанаты расказваюць пра станаўленне клічаўскай міліцыі, пра лёсы міліцыянераў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі ў мірны час пры выкананні службовых абавязкаў, а таксама пра сучаснасць Клічаўскага РАУС, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Тое, што такі пакой створаны менавіта ў гэтай школе, — невыпадкова: сярод педагогаў і вучняў установы нямала тых, у каго родныя мелі дачыненне да міліцыі ці зараз ахоўваюць у раёне закон і парадак.
— Адкрыццё музейнага пакоя — вельмі значная падзея для ўсіх нас, — гаворыць дырэктар школы Таццяна Белабародая. — Да збору дакументаў, фота, узнагарод, асабістых рэчаў герояў экспазіцыі з энтузіязмам далучыўся ўвесь калектыў установы. Рэалізаваць ідэю, якая, дарэчы, належыць старшыні ветэранскай арганізацыі Клічаўскага РАУС Аляксандру Белабародаму, удалося за вельмі кароткі тэрмін.
У вялікім пакоі сабраны ўнікальныя экспанаты: абмундзіраванне міліцыянераў мінулых гадоў, прылады крыміналістаў, гістарычная фотатэхніка. Экскурсіі тут праводзяць выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба “ЮнПатрыёт”.
— Гэта справа для іх не новая. Дзеці ўжо шмат гадоў водзяць экскурсіі па нашым школьным музеі баявой славы, — заўважае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Навумовіч. — Ідэямі іх натхняе наш малады крэатыўны кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Арцём Анісімаў. Ён таксама выкладае фізкультуру і кіруе клубам “ЮнПатрыёт”.
У 2024 годзе Клічаўскаму РАУС, які калісьці пачынаўся з адной коннай павозкі і шасці міліцыянераў, споўнілася 100 гадоў — гэтай падзеі і прысвяцілі адкрыццё музейнага пакоя.
— За некалькі гадоў, што я працую ў школе, ужо два нашы выпускнікі, удзельнікі клуба, паступілі ў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, — расказвае Арцём Юр’евіч. — У гэтым годзе яшчэ 4 адзінаццацікласнікі выбралі гэты напрамак: два збіраюцца паступаць у Ваенную акадэмію і два ў Акадэмію МУС. Матывую іх сваім уласным прыкладам — вучні часта распытваюць мяне пра службу. Размаўляю з імі як старэйшы брат, даю парады, і падлеткі прыслухоўваюцца. Клічаўскі РАУС, які знаходзіцца недалёка ад школы, дапамагае нашаму школьнаму клубу. Яго супрацоўнікі прыходзяць на размовы з дзецьмі, праводзім сумесныя заняткі, трэніроўкі. Спачатку ў клубе былі вучні 9—11 класаў, а потым і малодшыя школьнікі падцягнуліся — убачылі, як мы ходзім строем, пяём хорам. Іх гэта ўразіла! Цяпер у клубе самыя малодшыя — 6-класнікі, якраз зараз рыхтуемся з імі да конкурсу сцяганосцаў, які пройдзе ў сакавіку. Заняткі ў клубе праходзяць кожную суботу.
У клубе ёсць і дзяўчынкі. Так, васьмікласніца Кацярына Лапко займаецца ўжо другі год, летам наведвае лагер “Патрыёт”. Яе сяброўка з 7 класа Ілона Новік таксама ходзіць і ў клуб, і ў лагер. Гаворыць, што гэта невыпадкова — яе тата служыць у міліцыі.
— У музейным пакоі спадзяюся больш даведацца пра прафесію міліцыянера, — гаворыць Ілона. — Тут сабрана шмат дакументаў, фота, газетных артыкулаў, арыгінальных рэчаў супрацоўнікаў РАУС. Цікава будзе кожнаму.
Работа па напаўненні экспазіцыі працягваецца. На экскурсіі школа запрашае педагогаў са сваімі класамі, прадстаўнікоў ветэранскіх арганізацый і ўсіх, хто хоча даведацца пра асаблівасці прафесіі міліцыянера.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара