Станцыя будзе пушчана ў тэрмін з захаваннем усiх патрабаванняў бяспекі

- 11:35Інфармацыйная гадзіна

На падагульняючай калегіі Мінэнерга ў Астраўцы міністрам энергетыкі Уладзімірам Патупчыкам пастаўлена задача забяспечыць выкананне ў 2018 годзе ўсіх ключавых падзей, каб у 2019 годзе быў запушчаны першы энергаблок.

Як растлумачыў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, для гэтага сумесна з дзяржкарпарацыяй “Расатам” і генпадрадчыкам выпрацаваны ўсе неабходныя рашэнні. Паводле яго слоў, дзяржкарпарацыя “Расатам” з’яўляецца сусветным лідарам у галіне ядзернай энергетыкі. Генпадрадчык будаўніцтва Беларускай АЭС АТ “Атамбудэкспарт” паспяхова рэалізуе праекты па ўзвядзенні АЭС як у Расіі, так і за мяжой. Нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю энергаблокі на Новаваронежскай АЭС, Растоўскай АЭС, у стадыі завяршэння аналагічны беларускаму праект на Ленінградскай АЭС-2.

“Галоўная задача — выбудаваць сістэмную работу, каб праект па будаўніцтве Беларускай АЭС рэалізоўваўся. Мы бачым, што ўсе ўдзельнікі будаўніцтва на гэта настроены. Станцыя будзе пушчана ў тэрмін з захаваннем усiх патрабаванняў бяспекі”, — адзначыў намеснік міністра. Для абмеркавання ходу рэалізацыі праекта рэгулярна праводзяцца штабы з удзелам усіх зацікаўленых ведамстваў. Для аператыўнага вырашэння пытанняў наладжана цеснае ўзаемадзеянне з Мінбудархітэктуры, МНС, Мінпрыроды, іншымі міністэрствамі.

Міхаіл Міхадзюк падкрэсліў, што 2018 год будзе вырашальным для своечасовага ўводу станцыі. “У разрэзе кожнай арганізацыі мы сфарміравалі заданні на год, распісалі іх па месяцах. Усе забяспечаны праектнай дакументацыяй, бываюць бягучыя карэкціроўкі, але гэтыя моманты аператыўна вырашаюцца, — сказаў ён. — Няма абсалютна ніякіх пытанняў па фінансаванні, мы ім забяспечаны. Акрамя прадугледжаных кантрактамі авансаў, генпадрадчык і “Расатам” пайшлі насустрач субпадрадным арганізацыям — пад абгрунтаваныя заяўкі выдаюцца мэтавыя авансы. Гэта трэба, каб своечасова праводзіць закупку матэрыяльных рэсурсаў”.

Фізічны пуск першага энергаблока запланаваны на люты 2019 года, гэта значыць, што ў рэактарную ўстаноўку будзе загружана ядзернае паліва і паэтапна будзе набірацца магутнасць. На ўсіх этапах будуць праводзіцца адпаведныя выпрабаванні. “Летам 2019 года мы павінны выйсці на ўключэнне ў сетку з невялікай магутнасцю і паступова яе набіраць, каб да канца года першы энергаблок пачаў працаваць на поўную магутнасць”, — удакладніў ён.

Паралельна вядзецца работа над атрыманнем ліцэнзіі на эксплуатацыю АЭС. Яна павінна быць атрымана да завозу ядзернага паліва на пляцоўку ў Астравец, дастаўка якога запланавана на лістапад 2018 года. Прадаўжаецца незалежная экспертыза экспертамі Еўрасаюза даклада па стрэс-тэстах БелАЭС. У сярэдзіне сакавіка чакаецца візіт групы экспертаў ЕС. Яны наведаюць станцыю і атрымаюць усю неабходную інфармацыю, запэўніў Міхаіл Міхадзюк.