Старажытны і такі малады!

Полацк, горад з тысячагадовай гісторыяй, афіцыйна стаў яшчэ і самым маладым. Сімяон Полацкі, Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына… Сёння ў летапіс горада ўпісвае новыя старонкі і сучасная моладзь. Напрыканцы мінулага тыдня Полацку ўручылі памятны знак “Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь” і яе сімвал — ключ, які адамкне ўсе дзверы для маладых палачан: у гэтым годзе тут пройдзе каля сотні маладзёжных праектаў гарадскога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

Нашчадкі славы

Рэспубліканскія святочныя мерапрыемствы з нагоды набыцця новага статусу горадам праходзілі на працягу двух дзён. У іх прынялі ўдзел некалькі соцень гасцей: прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, лідары маладзёжных арганізацый, органаў студэнцкага самакіравання, маладыя спецыялісты, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных спартыўных спаборніцтваў, маладыя вучоныя, лаўрэаты міжнародных конкурсаў з ліку студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, моладзь Полацка. Далучыліся да іх і ганаровыя госці з маладзёжных сталіц розных гадоў Азербайджанскай Рэспублікі.

Абгрунтоўваючы выбар Полацка Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, якое і было ініцыятарам праекта “Маладзёжная сталіца”, намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык зазначыў: “Адным з крытэрыяў выбару журы былі планы па развіцці маладзёжнай інфраструктуры. У Полацку такіх праектаў шмат. Важна і тое, што кожны чацвёрты жыхар горада — гэта моладзь, якая працуе і на прадпрыемствах, і ў арганізацыях, студэнты і навучэнцы. Да таго ж Полацк — калыска нашай дзяржаўнасці, горад са слаўнымі традыцыямі, які ў гэтым годзе будзе прымаць Дзень пісьменства. Тут пройдзе святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, сам горад адзначыць 1155 гадоў. Гэта ўсё разам створыць незабыўную атмасферу і дазволіць зрабіць горад больш прыгожым. І галоўнае, моладзь прыме актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах”.

Эльнур Абдулаеў, галоўны кансультант Міністэрства моладзі і спорту Азербайджанскай Рэспублікі, назваў ідэю выбару маладзёжнай сталіцы вельмі актуальнай: так ствараецца платформа для далейшага развіцця рэгіёна, з’яўляецца яшчэ адна пляцоўка для міжрэгіянальных і міжнародных кантактаў. “У рамках мемарандума аб супрацоўніцтве мы наладжваем абмен студэнцкімі і маладзёжнымі грамадскімі арганізацыямі. У 2016 годзе дэлегацыя беларускай моладзі прымала ўдзел у Днях беларускай моладзі ў Азербайджане. У гэтым годзе ў сакавіку мы плануем візіт моладзі Азербайджана ў Рэспубліку Беларусь падчас Дзён азербайджанскай моладзі ў Беларусі, — зазначыў Э.Абдулаеў.

Старшыня Полацкага райвыканкама Мікалай Шаўчук, выступаючы перад моладдзю падчас адкрыцця форуму, сказаў: “У Полацку нарадзіліся і тварылі пакаленні знакамітых таленавітых людзей, чэрпаючы сілы і натхненне ў непаўторнай атмасферы горада. Гэта і вялікі князь Усяслаў Брачыслававіч, асветніца і святая заступніца зямлі беларускай Ефрасіння Полацкая, першадрукар і гуманіст Францыск Скарына, філосаф і педагог Сімяон Полацкі і многія іншыя. Захоўваючы непаўторнасць старажытнасці, Полацк не стаіць на месцы і дынамічна развіваецца. З кожным годам ён становіцца больш утульным, сучасным і камфортным для маладых жыхароў — нашчадкаў слаўных спраў знакамітых землякоў. Гэта значыць, што Полацк можа ганарыцца не толькі сваёй слаўнай гісторыяй, але і ўпэўнена глядзіць у будучыню. На вас з надзеяй глядзяць бацькі і старэйшае пакаленне, у вашых сілах сваёй працавітасцю, жаданнем зрабіць наш родны горад і нашу краіну моцнай”.

Мы разам!

Першы святочны дзень прайшоў пад знакам рэспубліканскага форуму “Разам мы — Беларусь!”. У рамках свята адбылася прэзентацыя дасягненняў маладых вучоных і прадпрымальнікаў Віцебшчыны, быў арганізаваны маладзёжны марафон “Час першых”, дадзены старт шматлікім праектам, сярод якіх “Мы ў тэме — перазагрузка”, “Полацк — горад, у якім мне хацелася б жыць”, праект “СтоЛичный кадр”, конкурс мабільнага кіно “SmartСТУДиЯ”, праект лічбавай творчасці “Полацкі партал”, міжнародны праект “Разам да здароўя” і інш.

Студэнты прынялі ўдзел у дыскусійных пляцоўках “Сучасныя формы занятасці: прадпрымальніцкая дзейнасць, студэнцкія атрады, валанцёрства” і “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра”. Для прарэктараў па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце УВА быў праведзены круглы стол “Сучасныя падыходы ў арганізацыі работы з моладдзю”.

Цэнтральнай падзеяй стаў дыялог у адкрытым фармаце з удзельнікамі форуму. Да гутаркі далучыліся прадстаўнікі 46 устаноў вышэйшай адукацыі краіны, а экспертамі выступілі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Беларусі, БРСМ, Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Пытанні студэнтаў тычыліся змяненняў у Кодэксе аб адукацыі, магчымасцей унесці прапановы ў яго змяненні. Абмяркоўваліся і праблемы жылля. У прыватнасці, некаторыя студэнты гаварылі, што хацелі б пражываць у інтэрнатах палепшанай планіроўкі. На гэта начальнік упраўлення па справах моладзі Наталля Пшанічная зазначыла, што ў большасці краін забеспячэнне студэнтаў жыллём увогуле не ўваходзіць у функцыі Міністэрства адукацыі і навучальных устаноў. У Беларусі ж 81 працэнт тых, хто мае патрэбу, забяспечаны інтэрнатамі.

Пытанні тычыліся і размеркавання выпускнікоў — здвоены выпуск стварыў пэўныя цяжкасці ў гэтым кірунку. “У гэтым пытанні крыху мяняецца стаўленне да сістэмы размеркавання выпускнікоў, — сказала Наталля Іванаўна. — Раней гучалі разважанні пра плюсы і мінусы, сёння ж ужо студэнты ўспрымаюць праграму як сацыяльную падтрымку. Акрамя таго, ёсць студэнты (самы яркі прыклад — БДУІР), якія з 1 курса працуюць у сферы IT і атрымліваюць даволі высокія зарплаты. І фірмы вядуць барацьбу за такіх выпускнікоў, якія да свайго выпуску становяцца спецыялістамі вышэйшага пілатажу. Але гэта хутчэй выключэнне. Прафесія ж асноўнай часткі выпускнікоў патрабуе не толькі ведання тэорыі, але і вопыту і практыкі. У гэтым кірунку робіцца шмат, каб вышэйшая адукацыя была практыка-арыентаванай. Каб не на 4 курсе ўпершыню студэнт трапляў на прадпрыемства, на якім будзе працаваць, а ўжо на 1 курсе, няхай пакуль пасіўна, але ўжо акунуўся ў справу, і, можа, своечасова расчараваўся і вызначыў адразу, падабаецца гэтая работа яму ці не.

Напрыклад, будучыя педагогі ўжо на 1 курсе працуюць у дзіцячых калектывах, найчасцей падчас валанцёрскай дзейнасці. Па-першае, гэта вопыт, па-другое, магчымасць упэўніцца ў сваім выбары, каб пасля ўніверсітэта яны не сказалі: “Я больш ніколі не ўвайду ў клас!”.

Ахоўваючы права і парадак

Падчас адкрытага дыялогу прайшла і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы маладзёжны атрад аховы правапарадку і лепшы штаб МААП па выніках 2016 года. Пераможцы конкурсу атрымалі ўзнагароды з рук прадстаўнікоў МУС Рэспублікі Беларусь, МНС Рэспублікі Беларусь і кіраўнікоў Саюза моладзі.

Акрамя таго, у дні форуму прайшоў шэраг іншых рэспубліканскіх мерапрыемстваў, прысвечаных Дню маладзёжных атрадаў аховы правапарадку з удзелам больш за 250 лепшых прадстаўнікоў маладзёжнага праваахоўнага руху БРСМ з усіх рэгіёнаў краіны. Прафесійнае свята для ўдзельнікаў МААП заснавана Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі ў 2012 годзе і адзначаецца штогод 6 лютага. Традыцыйна ў першы тыдзень лютага па ўсёй краіне праходзілі прэзентацыі дзейнасці атрадаў МААП.

У Полацку падчас экскурсіі па вайсковай часці 5530 атрадаўцы змаглі пазнаёміцца з жыццём і побытам ваеннаслужачых, а таксама выставай зброі і спецыяльных сродкаў, якія стаяць на ўзбраенні ва ўнутраных войсках. Традыцыйна ў рамках экскурсіі для юнакоў і дзяўчат былі арганізаваны майстар-класы па тактыцы дзеянняў унутраных войскаў: адпрацоўцы прыёмаў рукапашнага бою, знішчэнні злачыннай групы, дзеяннях сапёрнай групы пры выяўленні выбухованебяспечнага прадмета.

Яшчэ адзін адкрыты дыялог аб’яднаў у дыскусіі моладзь МААП і прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Яны абмяркоўвалі, як сумеснымі намаганнямі больш прадукцыйна забяспечваць грамадскі парадак, займацца прафілактыкай бяспекі жыццядзейнасці, прадухіляць дарожна-транспартныя здарэнні, як удзельнікам атрадаў праводзіць індывідуальную работу з падлеткамі, якія стаяць на ўліку ў ІСН.

Экскурс у студэнцкае жыццё

Полацк нездарма называюць студэнцкім горадам. Толькі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце сёння па 45 спецыяльнасцях вучыцца больш за 10 тысяч студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. Каб дапамагчы гасцям форуму ўявіць жыццё студэнта, для іх была арганізавана экскурсія па ўніверсітэце з прэзентацыяй яго дасягненняў. На паўтары гадзіны галоўны корпус ператварыўся ў прэзентацыйныя пляцоўкі.

Маладыя людзі, госці Полацка, размясціліся падчас флэшмобу ў студыі сучаснага танца, у валанцёрскім цэнтры згулялі ў гульні на тэму здаровага ладу жыцця, паназіралі за работай будучых экспертаў-крыміналістаў, даведаліся пра тонкасці судовага працэсу і пабывалі ва ўніверсітэцкай зале судовых пасяджэнняў, паламалі галаву, трапіўшы да аматараў кубіка Рубіка. Сёння ў Полацкім універсітэце 10 актыўных аматараў гэтай знакамітай галаваломкі. Сярод іх і Уладзіслаў Ушакоў, які за 4 гады практыкі стаў рэкардсменам свету па спідкубінгу. Спаборніцтвы праходзілі на базе ўніверсітэта ў жніўні 2016 года, і Уладзіслаў устанавіў рэкорд у дысцыпліне на колькасць хадоў: удзельнікам трэба было за гадзіну знайсці рашэнне з найменшай колькасцю хадоў. Хлопец рашыў яго за 19 хадоў.

Дзмітрый Куксо, студэнт гэтага ж універсітэта, які стаў уладальнікам тытула “Студэнт года — 2016”, на IQ-пляцоўцы падзяліўся сакрэтамі сваёй перамогі. Так, галоўны яго сакрэт — не шкадаваць часу на інтэлектуальнае самаразвіццё, шмат вучыцца і ўмець слухаць тых, каму ёсць што сказаць.

А ва ўніверсітэце такіх многа: у яго сценах працуюць 16 дактароў навук, прафесараў і больш за 150 кандыдатаў навук, дацэнтаў. Вучонымі ўніверсітэта створана і запатэнтавана больш за 1000 вынаходніцтваў. Распрацоўкі ўніверсітэта патэнтуюцца ў Беларусі, Расіі, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Бельгіі, Аўстрыі, Нідэрландах, ЗША, Канадзе, Японіі, Кітаі. Набліжаюцца па колькасці вынаходніцтваў і студэнты.

Урэшце, здзіўляюць тут навуковымі амбіцыямі нават малышы. З 2014 года ва ўніверсітэце “вышэйшую” адукацыю атрымліваюць і дашкольнікі. У цэнтры дашкольнага дзяцінства і інавацыйных тэхналогій развіцця “Універык” пры ПДУ займаюцца юныя палачане ва ўзросце ад 2 гадоў. На асобным факультэце маленькія студэнты пад кіраўніцтвам лепшых педагогаў горада і выкладчыкаў кафедры тэхналогіі і методыкі выкладання ПДУ займаюцца падрыхтоўкай да школы, развіццём маўлення, граматыкай, логікай з элементамі матэматыкі, англійскай мовай і фітнесам. Фішкай праграмы сталі заняткі па дысцыпліне “Займальная робататэхніка і асновы праграмавання”.

Выкладчыкі ўпэўнены, што гульня з робатамі — гэта не толькі забава, але і захапляльны пазнавальны працэс, у аснове якога — работа дзяцей па праектаванні і праграмаванні на базе канструктара LEGO. Так, гасцям 6-гадовыя робататэхнікі прадставілі свае распрацоўкі. Іх робаты прадэманстравалі, як мыюць падлогу, збіраюць і сартуюць смецце.

Чацвёртакурснік з радыётэхнічнага факультэта Уладзіслаў Кашміраў прадставіў больш сур’ёзную распрацоўку студэнтаў і іх навуковых кіраўнікоў — аснову кіравання для механічнай галавы Сакрата, дакладнай копіі твора знакамітага вучонага Габрыэля Грубера, якая працавала ў Полацку яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя і нядаўна аднавіла сваю работу ў сценах універсітэта. Сівавалосы старац адказвае на любое пытанне студэнтаў і гасцей на беларускай, рускай, англійскай, нямецкай мовах і латыні. На сцяне ўніверсітэта працуе яшчэ адно вынаходніцтва студэнтаў — музычны гадзіннік з акадэмічным шэсцем. Кожную гадзіну пасля бою курантаў гучаць два гімны — гімн студэнтаў Gaudeamus igitur і гімн ПДУ. А па невялікім балкончыку павольна з адных дзверцаў у другія шпацыруюць фігуры вядомых асветнікаў Полацка: Францыска Скарыны, Ефрасінні Полацкай, першага рэктара Полацкага езуіцкага калегіума Пятра Скаргі, а таксама абагульненыя вобразы выкладчыка і студэнта.

Францыск Скарына — чалавек дасканалы

Другі дзень форуму дазволіў яго ўдзельнікам акунуцца ў культуру горада. Паспрыяла гэтаму насычаная экскурсійная праграма па полацкіх славутасцях, канцэрт арганнай музыкі ў Сафійскім саборы і інш.

Яе лагічным працягам стала прэзентацыя рэспубліканскага культуралагічнага праекта “Францыск Скарына. Чалавек дасканалы”, якая прайшла ў музеі беларускага кнігадрукавання. Ініцыятарам і арганізатарам выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і музей.

У 2017 годзе шырока адзначыцца 500-годдзе стварэння першай друкаванай кнігі Беларусі. Гэты ж праект, па задуме аўтараў праекта, аб’яднае студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі.

У рамках праекта маладымі мастакамі і фатографамі будуць створаны работы ў сучасных тэхніках і кірунках мастацкай творчасці па некалькіх намінацыях.

Так, у намінацыі “Летэрынг — “Я, Францішак, Скарынін сын…” прапаноўваецца з дапамогай слоў і нават радкоў на паперы ствараць цікавыя графічныя формы і мастацкія аб’екты. У намінацыі “Буквіца — “Друкаванае слова. Вялікія літары” ўдзельнікі будуць выконваць работы, якія складаюцца з адной расквечанай літары. У ёй аўтары перададуць змест твораў, якія беларускія паэты і пісьменнікі прысвяцілі Францыску Скарыну. Намінацыя “Фотаальтэрнат “Крыніца мудрасці, ведаў і навукі — лекі для душы” накіруе студэнтаў да асабістай бібліятэкі, у якой ім трэба будзе знайсці самую старую кнігу і менавіта з ёй зрабіць фотаздымак. Намінацыя — “Візуальны сэт “Vademecum: там ёсць вялікая тайна” прадугледжвае адлюстраванне ў творчых работах маладых аўтараў гістарычных сюжэтаў у розных тэхніках і напрамках выяўленчага мастацтва. У маі — чэрвені 2017 года лепшыя творчыя работы, створаныя студэнтамі, будуць прадстаўлены ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, а ў верасні — снежні 2017 года творчыя работы будуць экспанавацца ва ўніверсітэтах усіх абласцей Рэспублікі Беларусь.

Плануецца, што праект аб’яднае студэнтаў універсітэтаў Беларусі і замежных універсітэтаў, паколькі жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны непарыўна звязана з многімі еўрапейскімі гарадамі: Кракавам, Падуяй, Прагай, Вільняй (сучасны Вільнюс), Кёнігсбергам (сучасны Калінінград). Удзел у праекце дазволіць студэнтам з розных краін пазнаёміцца, расказаць пра гісторыю ўніверсітэтаў і ў новым сучасным прачытанні асэнсаваць культурную спадчыну Францыска Скарыны.

Першы росчырк алоўка ў гэтым праекце ўжо зрабілі студэнты ПДУ, выхаванцы студыі выяўленчага мастацтва “Вобраз” (кіраўнік А.А.Піскун), якія і прывезлі на прэзентацыю свае першыя работы. Напэўна, самая цікавая — у выхаванкі студыі Яны Зянько. Вобраз Ф.Скарыны яна стварыла ў незвычайнай камбінаванай тэхніцы, якая нагадвае тэхніку напісання ікон — каляровым алеем па залатой пласціне.

“Сталічныя” планы

Безумоўна, рэалізавацца ў гэтым годзе будзе магчымасць не толькі ў мастацка адоранай моладзі. Максім Малаток, студэнт 5 курса радыётэхнічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, старшыня студэнцкага самакіравання, зазначыў: “У гэтым годзе ў нас будзе магчымасць правесці новыя праекты, новыя мерапрыемствы самых розных узроўняў з удзелам гасцей, якіх мы з задавальненнем будзем прымаць. Упэўнены, што гэты год і наш горад запомняць усе нашы госці. Акрамя ўжо запланаваных, мы будзем рэалізоўваць і іншыя, ідэі якіх яшчэ толькі абдумваем. Напрыклад, мы плануем пашыраць праект “Акадэмічная мабільнасць Рэспублікі Беларусь”. Пакуль у яго рамках мы на 1—2 тыдні абменьваемся студэнтамі з Віцебскім тэхналагічным універсітэтам толькі па спецыяльнасці “Бухгалтэрыя”. Плануем пашырыць гэтую практыку”.

Свае ідэі прапаноўвалі на форуме і ўдзельнікі маладзёжнага парламента Полацка. Сярод іх былі прапановы правядзення конкурсу на лепшага выпускніка і выпускніцу, арганізацыя велапрабегу “ПаЕдзем паядзІм”, дабрачыннай масленічнай акцыі-кірмашу, стварэнне экалагічнага агітатрада і інш.

Каля 100 праектаў ужо запланаваны на гэты год у Полацку. Акрамя ўжо адзначаных буйных юбілейных праектаў, пройдуць і новыя. Сярод іх — маладзёжны “Крэатыў-батл”, фітнес-марафон “Бяжы за мной!, “Кветкі для незнаёмкі”, “Лепшы малады спецыяліст — 2017”, сямейны квест і квест-гульня “Прыгоды іншаземцаў у маладзёжнай сталіцы”, квест “Экстрым на мяжы магчымага”, маладзёжны фестываль “Навука+”, Міжнародны конкурс медыцынскага майстэрства, фестываль актыўнага турызму, “Кавуновы марафон”, “Кактэйль-фэст”, air-праект “Маладзёжная сталіца” — Dens Teim” і інш.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і БелТА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *