«Стараюся, каб дзеці бачылі ў маёй асобе апору, падтрымку і абарону». Філасофія выхавання Ларысы Грабун

- 14:20Классный классный

Быць класным — значыць быць дзіцем? Аб рабоце з маленькімі дарослымі, сваім шляху і факультатыве рэлігійнай накіраванасці карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала Ларыса Мікалаеўна Грабун — настаўніца беларускай мовы, літаратуры і мастацтва і класны кіраўнік 8 “А” класа сярэдняй школы № 7 Слоніма.

Стаць педагогам Ларыса Мікалаеўна цвёрда вырашыла яшчэ ў сярэдняй школе, натхніўшыся прыкладам свайго настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Яна паступіла ў педагагічнае вучылішча і толькі падмацавала гэтым ціка­васць да прафесіі і прадмета, які выбрала. Далей быў Віцебскі педагагічны ўніверсітэт і нарэшце першае працоўнае месца. Ларыса Мікалаеўна прыйшла працаваць у школу Зэльвенскага раёна: была настаўніцай музыкі, настаўніцай пачатковых класаў, намеснікам дырэктара па выхаваўчай, а пасля і па вучэбна-выхаваўчай рабоце. У 2007 годзе перавялася на работу ў сярэднюю школу № 7 Слоніма і служыць ёй і яе вучням больш за 15 гадоў. Спачатку была дырэктарам, а зараз ужо трэці год працуе настаўніцай беларускай мовы, літаратуры і мастацтва і класным кіраўніком.

— Класнае кіраўніцтва — гэта адказная праца, — гаворыць Ларыса Мікалаеўна. — А калі ты і сам па натуры адказны чалавек, то быць класным становіцца яшчэ складаней. Таму што пачынаеш успрымаць чужых дзяцей, як сваіх уласных, перажываеш за іх поспехі і няўдачы, цікавішся іх захапленнямі, турбуешся за іх бяспеку. Часам сваім вучням я аддаю сябе больш, чым родным дзецям… Тады я нагадваю сабе, што я не толькі “класная” мама.

Яшчэ адна складанасць класнага кіраўніцтва і работы настаўніка ў цэлым, на думку Ларысы Мікалаеўны, гэта самі дзеці. Яны розныя, непаўторныя, са сваімі поглядамі і меркаваннем. У класе Ларысы Мікалаеўны вучыцца 18 чалавек — і гэта, па словах настаўніцы, яшчэ пашанцавала, бо бывае, што колькасць вучняў у класах дасягае 30 чалавек. Знайсці да кожнага падыход, стаць калі не сябрам, то хоць бы чалавекам, да якога ў дзіцяці ёсць давер, няпроста, але гэта тое, да чаго штодзень імкнецца Ларыса Мікалаеўна.

— Я стараюся, каб мае дзеці бачылі ў маёй асобе апору, падтрымку і абарону, — гаворыць класны кіраўнік. — І па іх адносінах да мяне я ра­зумею, што ў мяне гэта атрымліваецца.

Аднак здараюцца і канфлікты, да якіх важна ставіцца з асэнсаваннем і без лішняй агрэсіі. У прыклад Ларыса Мікалаеўна прыво­дзіць сітуацыю ў сям’і: з родным дзіцем таксама не заўсёды знаходзіш агульную мову, а што казаць пра іншых? У спрэчных сітуацыях педагог вучыць сваіх падапечных не забываць узважваць усе за і супраць, пытацца ў сябе: “Ці сапраўды я маю рацыю?”, даваць сабе пару хвілін падыхаць, перш чым паказаць злосць праз словы.

— Бывае, што і я не маю рацыі, напрыклад, перагінаю з камандным тонам, тады прашу прабачэння ў дзяцей і не бачу ў гэтым нічога ганебнага, — дзеліцца Ларыса Мікалаеўна. — Мы з вучнямі заўсёды шукаем кампрамісы.

Клас Ларысы Мікалаеўны — гэта дзеці 13—14 гадоў. Педагог не адмаўляе, што ўзрост няпросты: у гэты перыяд чалавек толькі пачынае шу­каць сябе і магчымасці самавыяўлення. Працуючы з дзецьмі, настаўніца заўсёды нагадвае сабе, што і яна калісьці была маленькай. І тады становіцца куды прасцей зразумець матывацыю ўчынкаў дзіцяці.

Філасофія выхавання педагога накіравана на тое, каб даць магчымасць дзіцяці здзей­сніць памылкі і сутыкнуцца сам-насам з цяжкасцямі. А задача дарослых у гэты момант — дапамагчы справіцца з перажываннямі і не даць дзіцяці апус­ціць рукі.

У рабоце з дзецьмі Ларыса Мікалаеўна выкарыс­тоўвае інтэрактыўныя метады ўзаемадзеяння. Лекцыі сучаснай моладзі, па вопыце настаўніцы, даўно не цікавыя. Менавіта таму на першы план выйшлі дабрачынныя акцыі, паходы, экскурсіі як альтэрнатыва класнай гадзіне.

Па словах педагогаў, у кожнай школы ёсць свая асаблі­васць — вось і 7-я заўсёды адрознівалася якаснымі праектамі па вывучэнні канфесій і актыўнай дзейнасцю па культурнай асвеце вучняў. Вялікую ролю адыграў і сам горад: Слонім — культурная сталіца Беларусі з вялікай колькасцю храмаў з багатай гісторыяй. Летась адміністрацыя сярэдняй школы № 7 правяла апытанне сярод вучняў і іх бацькоў, у выніку якога ў школе стартаваў праект “Укараненне ма­дэлі этнічнай сацыялізацыі фарміравання полікультурнай кампетэнтнасці асобы навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”.

— Пачалі мы з экскурсіі ў касцёл, які знаходзіцца зусім недалёка ад Слоніма, але ж з нашых вучняў у ім не быў ніхто (!), — успамінае Ларыса Мікалаеўна. — Знакам лёсу стаў і той факт, што ў нашым калектыве працуе свяшчэннаслужыцель айцец Аляксандр. Акрамя духоўнай адукацыі, у яго таксама ёсць дыплом па спецыяльнасці “Педагог”. Ён выкладае факультатывы па духоўна-маральным выхаванні, удзельнічае ў тэматычных мерапрыемствах. Раней да нас прыходзілі навучэнцы духоўнай семінарыі і праводзілі для дзяцей заняткі, паглыблена асвятлялі тэму канфесій.

У 2022 годзе клас Ларысы Мікалаеўны ездзіў з айцом Аляксанд­рам у мінскі храм-помнік у гонар Усіх Святых на сустрэчу з клірыкам Усіхсвяцкай царквы Фёдарам Поўным, заснавальнікам факультатыву па духоўна-маральным выхаванні. Святар падарыў 7-й школе батлейку і дапамог укараніць яе ў адукацыйны працэс. На сустрэчы для дзяцей правялі экскурсію і ўрок духоўнасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі ў асобных залах, пасля з імі правялі і агульную гутарку. А педагогі ў гэты час, асобна ад вучняў, размаўлялі з прадстаўніком царквы.

Падобныя паездкі і экскурсіі даюць навучэнцам матывацыю і далей цікавіцца праектам. Летась ра­зам з Ларысай Мікалаеўнай вучні наведалі царкву Святога Архангела Міхаіла ў вёсцы Сынкавічы — гэта адзін з самых ранніх гатычных праваслаўных храмаў нашай краіны. Па адной з легенд, храм быў пабудаваны па зага­дзе князя Вітаўта. За сваю гісторыю ён паслужыў праваслаўным, уніятам і католікам, з’яўляючыся прадуктам зліцця культур і сімвалам рэлігійнага сінтэзу. На базе ўбачанага Ларыса Мікалаеўна з вучнямі напісала даследчы праект, які на штогадовых ХІ Каложскіх адкрытых абласных навукова-адукацыйных чытаннях у Гродне атрымаў
дып­лом ІІ ступені.

— На факультатывах мы расказ­ваем навучэнцам пра ўсе рэлігіі, не вылучаючы ні адну з іх. Няма мэты схіліць дзіця да пэўнай веры, — адзна­чае Ларыса Мікалаеўна. — Мы хочам пашырыць светапогляд дзяцей, і ў нас гэта атрымліваецца. Дзеці з вялікай цікавасцю хо­дзяць на заняткі. У нас у класе — кабінеце праваслаўнай культуры і мастацтва — для прыкладу вісіць іканастас. Айцец Аляксандр на факультатывах выкарыстоўвае яго для стварэння атмасферы: запальвае свечкі, тлума­чыць дэталі абразоў, расказвае пра звычаі.

— Настаўнік — гэта прызванне або вопыт працы? — пытаюся напрыканцы.

— Я пераканана, што гэта прызванне, — адказвае Ларыса Мікалаеўна. — Можна дапрацаваць да глыбокай пенсіі і застацца ўрокадаўцам, але не настаўнікам. Першы школе таксама патрэбны, але яго ні ў якім разе нельга прызначаць класным кіраўніком. Таму што дзецям патрэбны ўвага, цікавасць да іх персоны, ініцыятыва ад старэйшага і дастойны прыклад, а такі чалавек не зможа даць ім гэтага. Я не размяжоўваю дзейнасць выкладчыка і класнага. Для мяне ўсё гэта — педагог, які павінен выхаваць і наву­чыць. І адсюль наша галоўная мэта — вырасціць дастойнага чалавека, які паважае людзей, сваю краіну і сябе.

Соф’я ЦЫКУНОВА
Фота аўтара