Уступленне Рэспублікі Беларусь у сусветную арганізацыю WorldSkills International стымулявала новы віток развіцця айчыннай сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сёння да гэтага руху актыўна далучаюцца розныя ўстановы адукацыі. У Мінскай вобласці стартаваў абласны этап Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus.
Маладзечанскі дзяржаўны каледж вітаў першых удзельнікаў спаборніцтва — юных майстроў, якія выказалі жаданне паспрачацца за званне лепшага муляра. У каледжы прайшоў адборачны тур па прафесійнай кампетэнцыі “Каменныя работы”.
Удзел у конкурсе прынялі навучэнцы каледжаў, прафесійных ліцэяў, а таксама малады рабочы, які нядаўна ўжо скончыў ліцэй. У якасці задання ўдзельнікам адборачных спаборніцтваў было прапанавана выканаць дэкаратыўную кладку з часткова неперавязанымі вертыкальнымі швамі. Конкурснае заданне адпавядала стандартам WorldSkills.
4 гадзіны канкурсанты працавалі над заданнем. Ім неабходна было не толькі паспець выкананаць яго за адведзены час, але і прадэманстраваць высокую якасць вырабу, веданне і выкананне правіл аховы працы, тэхналагічную паслядоўнасць вядзення работ. Тое, наколькі канкурсантам гэта ўдалося, ацэньвала журы. У яго склад увайшлі эксперты-практыкі — прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў.
І вось стала вядома імя лепшага маладога муляра ў Мінскай вобласці. Ім па выніках спаборніцтва прызнаны Аляксандр Паўлоўскі, навучэнец другога курса Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. Аляксандр у складзе каманды Мінскай вобласці возьме ўдзел у нацыянальных спаборніцтвах WorldSkills. Другое месца заняў Аляксей Арцем’еў, навучэнец Жодзінскага прафесійнага ліцэя, “бронза” ў Мікалая Курача, выпускніка Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя.
Дар’я РЭВА,
Фота прадастаўлена Маладзечанскім дзяржаўным каледжам.