Здароўе фізічнае і псіхалагічнае
“Пытанні здароўя дзяцей для мяне і для нашых педагогаў заўсёды ў ліку асноўных, — прызнаецца Таццяна Уладзіміраўна, якая, дарэчы, мае не толькі педагагічную, але і медыцынскую адукацыю. — Калі наш сад быў яшчэ звычайным, мы з жалем адзначалі, што многія выхаванцы часта хварэюць, падоўгу не наведваюць установу. Вельмі хацелася змяніць сітуацыю да лепшага. Спачатку адкрылі дзве санаторныя групы. І попыт на іх з’явіўся адразу. Бацькі прадстаўлялі даведкі аб стане здароўя дзяцей і заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, на падставе якіх мы залічвалі малышоў, што часта і доўга хва-рэлі (такіх было каля 80 працэнтаў), у санаторныя групы. У асноўным гэта былі прастудныя захворванні, якія ўскладняліся іншы раз бранхітамі ці пнеўманіяй. Значна менш прыходзіла выхаванцаў з захворваннямі сардэчна-сасудзістай, мочавыдзяляльнай сістэмы, ЖКТ, з паталогіямі ЦНС і апорна-рухальнага апарату, з ЛОР-паталогіяй, астмай, алергіяй, дэрматытам, з парушэннямі зроку і г.д. Пры падвядзенні вынікаў дзейнасці санаторных груп за першы год іх існавання высветлілася, што ў дзяцей, якія наведвалі іх, зменшылася захваральнасць у параўнанні з малышамі, якія наведвалі звычайныя групы”. (У мінулым годзе з 58-мі выпускнікоў сада 26-ці была пастаўлена першая група здароўя. А сёлета зноў жа 22 дзіцяці з 56-ці пойдуць у школу з першай групай здароўя. Многія дзеці ў апошні год знаходжання ў садзе ўвогуле перастаюць хварэць.)
Кожны новы навучальны год у садзе з’яўляліся па 2—3 новыя санаторныя групы, і ў выніку рашэннем упраўлення адукацыі Савецкага раёна Мінска яслі-сад № 268 атрымаў статус санаторнай установы. Ва ўстанове была распрацавана праграма “Здаровы малыш”, якая прадугледжвала канкрэтныя лячэбныя, аздараўленчыя і прафілактычныя мерапрыемствы з дашкольнікамі, утрымлівала рэкамендацыі па арганізацыі здароўезберагальнага асяроддзя. Праект па павышэнні якасці сучаснай дашкольнай адукацыі з выкарыстаннем здароўезберагальных тэхналогій, аўтарам якога ў 2005 годзе выступіла загадчык сада Т.У.Жыцкая і яе намеснік Г.І.Крупеніна, атрымаў грант Мінгарвыканкама. Сёння камфортныя ўмовы для выхаванцаў і педагагічнага калектыву ствараюць разам з Таццянай Уладзіміраўнай яе намеснікі Святлана Аляксандраўна Ус і Інеса Міхайлаўна Тамашэўская пры актыўным садзейнічанні бацькоў. Шмат сродкаў траціцца на метадычныя дапаможнікі, гульні, цацкі. Плануецца набыць інтэрактыўныя дошкі.
Ва ўстанове абсталяваны медыцынскі блок з фізіякабінетам, масажным кабінетам, пакоем для ўрача. Сад наладзіў цеснае супрацоўніцтва з 17-й гарадской паліклінікай. Медыкі пастаянна кансультуюць педагогаў і бацькоў па найбольш актуальных пытаннях аздараўлення дзяцей. Медыцынскае абсталяванне набываецца як за кошт бюджэтных сродкаў упраўлення адукацыі, так і з дапамогай бацькоў: лямпа “Цэптар”, інгалятары, кварцавыя апрамяняльнікі, інфрачырвоная лямпа, тубусны кварц і г.д. У садзе працуюць урачы-педыятры і медсёстры. На кожнага малыша ўрач складае індывідуальны план аздараўлення. У яго ўваходзяць курсы вітаміна- і фітатэрапіі, масажу, кіслародных кактэйляў (іх, дарэчы, дзеці ўжываюць ужо чацвёрты год). Бацькі набылі для сада сучасны апарат для прыгатавання такіх кактэйляў. Ад ранейшага ён адрозніваецца тым, што дазваляе прыгатаваць смачны напітак не на яечным бялку, а на спецыяльных парашках. Адзін раз у тры месяцы кожны з выхаванцаў бясплатна атрымлівае прафілактычны курс кіслародных кактэйляў. Інгрэдыенты для іх прыгатавання набываюцца як за пазабюджэтныя сродкі ўстановы, так і за кошт сродкаў папячыцельскага савета.
Зразумела, толькі працэдурамі, лячэбнымі мерапрыемствамі і правільным харчаваннем нельга зрабіць дзіця поўнасцю здаровым. Трэба закласці больш трывалы падмурак здароўя, сфарміраваць у малыша пэўныя навыкі, звычку самому весці правільны лад жыцця. На занятках, у тым ліку на фізкультурных і музычных, у свабоднай дзейнасці педагогі стараюцца ненадакучліва прывіваць дзецям навыкі ЗЛЖ. Актыўна далучаюць і бацькоў да гэтага працэсу. Ва ўстанове працуе клуб для бацькоў дзяцей, якія часта і доўга хварэюць, і для бацькоў дзяцей з парушэннем паставы. Чаму педагогам так неабходна бацькоўская падтрымка? Таму што толькі на занятках немагчыма выправіць, напрыклад, такую праблему ў фізічным стане дзяцей, як ступні вальгусныя. Для гэтага малышы павінны выконваць пэўныя практыкаванні не толькі ў садзе, але і дома. Тады будзе вынік. Калі і выхавальнікі, і бацькі аб’ядноўваюць свае намаганні, дзеці ўвогуле могуць пазбавіцца ад некаторых праблем са здароўем.
“Мы пастаянна аналізуем дынаміку захваральнасці кожнага дзіцяці, фіксуем, напрыклад, што ў Іванова яна станоўчая, а ў Пятрова сітуацыя не паляпшаецца, — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна. — Урачы ўстановы запрашаюць маму Пятрова на індывідуальную размову, даюць ёй пэўныя рэкамендацыі. Калі ў дзіцяці дрэнны апетыт або яно неактыўнае, не гуляе з дзецьмі, медыкі раяць з мэтай высвятлення прычыны здаць усе аналізы, каб разабрацца ў праблеме дасканала. Калі арганізм дзіцяці аслаблены пасля перанесенай хваробы, напрыклад, бранхіту, доктар, як правіла, рэкамендуе яму прайсці курс рэабілітацыі, у які ўваходзяць інгаляцыі з мінеральнай вадой ці фізрастворам, а пры неабходнасці з супрацьалергічнымі ці супрацьастматычнымі лекамі, а таксама праграванне інфрачырвонай лямпай, масаж.
На стан фізічнага здароўя вельмі ўплывае псіхалагічны фактар: калі дзіцяці камфортна і ў яго добры настрой, калі яно з радасцю пераступае парог сада, то і імунітэт яго будзе мацнейшым. Стварэнне пазітыўнага настрою ў групах — гэта ўжо задача выхавальнікаў, якія ў кожным малышу павінны разгледзець асобу са сваім непаўторным характарам і здольнасцямі. Педагогі сада пра кожнае дзіця могуць расказаць вельмі многа — які ў яго характар, якія заняткі яму падабаюцца больш за ўсё, яны дакладна ведаюць, як трэба паводзіць сябе з малышом у пэўны момант, калі абняць і пахваліць, а калі паглядзець строга. Некаторых дзяцей выхавальнікі, калі трэба, гатовы на руках насіць (у прамым сэнсе). Заўсёды казала сваім калегам: “Калі вы лічыце, што паводзіны дзяцей у вашай групе дрэнныя і скардзіцеся на іх бацькам, то, прабачце мне, вы не педагогі. Гэта вашы недапрацоўкі, калі вы не можаце пераключыць малышоў на карысную справу, не можаце адчуць іх унутраны свет, зразумець і зацікавіць. Звярніцеся да дзяцей са шчырай душой — яны адкажуць тым жа і падораць вам пазітыўныя эмоцыі”.
Найбольш цяжкі перыяд для дзяцей, іх бацькоў і педагогаў — адаптацыя малыша да дзіцячага сада. Тут вялікую падтрымку сям’і аказвае педагог-псіхолаг Вольга Міхайлаўна Шэйбак. Ва ўстанове арганізаваны псіхалагічны лекторый, для педагогаў і бацькоў праводзяцца спецыяльныя трэнінгі. У сваёй рабоце псіхолаг выкарыстоўвае нетрадыцыйныя тэхнікі малявання, элементы пясочнай тэрапіі (пры карэкцыі эмацыянальных парушэнняў у дзяцей), гульнявую тэрапію (пры рабоце з гіперактыўнымі дашкольнікамі).
Праблемы з маўленнем?
Не ўпусціце час!
Асаблівая ўвага ў яслях-садзе № 268 Мінска ўдзяляецца дзецям з лагапедычнымі праблемамі. Установу наведваюць 60 дзяцей (з 260) з парушэннямі маўлення, якія займаюцца ў чатырох спецыяльных групах для дзяцей з АНР (агульным недаразвіццём маўлення). Для выхаванцаў з парушэннямі маўлення характэрна своеасаблівасць развіцця агульнай, дробнай і артыкуляцыйнай маторыкі, а таксама рухальная няёмкасць, малы дыяпазон рухаў, іх нізкі тэмп і слаба развітая здольнасць пераключэння ўвагі. З гэтымі дзецьмі працуюць педагогі толькі з першай і вышэйшай катэгорыяй. У першую чаргу гэта настаўнікі-дэфектолагі А.А.Шкрабкова, В.В.Семянюга, Н.Л.Коўзан.
“Раней выхаванцаў у групах для дзяцей АНР было мала, зараз жа мы проста не можам прыняць усіх жадаючых, — заўважае Таццяна Уладзіміраўна. — З кожным годам выхаванцаў з маўленчымі праблемамі становіцца ўсё больш, і дэфекты маўлення абвастраюцца. Канечне, іншы раз яны носяць арганічны характар, а часта абумоўлены недахопамі ў выхаванні. Сучасныя маладыя мамы і таты мала размаўляюць са сваімі малышамі, у іх няма цесных зносін. Назіраю, і даволі часта, як маладыя мамы падчас прагулак з дзецьмі на вуліцы замест таго, каб расказваць ім пра тое, што яны бачаць, — кветкі, дрэвы, птушак, проста размаўляюць па мабільніку. Бацькі не заўсёды чытаюць дзецям кнігі і ўвогуле мала часу праводзяць з імі. Нават у выхадныя дні аддаюць дзяцей у школы ранняга развіцця, а значыць, таксама не кантактуюць з дзецьмі”.
Кожны год настаўнікі-дэфектолагі ясляў-сада № 268 абследуюць дзяцей і рэкамендуюць некаторым з іх прайсці псіхолага-медыка-педагагічную камісію ЦКРНіР для ўдакладнення дыягназу і атрымання накіравання ў групу для дзяцей АНР. І нават сёння знаходзяцца бацькі, якія не жадаюць аддаваць сваіх дзяцей з парушэннямі маўлення ў такія групы. Яны мяркуюць, што навучанне ў спецыяльнай групе кіне цень на іх дзіця, стане штампам на яго біяграфіі на ўсё жыццё. Загадчык установы Таццяна Уладзіміраўна Жыцкая сустракаецца з такімі бацькамі і расказвае ім, што вельмі перажывае, калі дзіця выйдзе з іх сада з дрэнным маўленнем і будзе непаспяховым у школе. У бацькоў жа ёсць магчымасць атрымаць дапамогу выдатных спецыялістаў і выправіць сітуацыю. За рэдкім выключэннем выпускнікі сада, якія наведвалі спецыяльныя групы, працягваюць заняткі з настаўнікам-дэфектолагам у школе (такіх — працэнтаў 10). На жаль, некаторыя бацькі “прачынаюцца”, калі іх дзецям спаўняецца 5 і больш гадоў, і даюць згоду на заняткі з настаўнікам-дэфектолагам, але ж каштоўны час у многім ужо ўпушчаны.
“Пяць гадоў назад мы пайшлі на эксперымент і адкрылі ва ўстанове групу для дзяцей з парушэннямі маўлення з 3 гадоў (раней такая група існавала толькі для дзяцей з 4 гадоў), — гаворыць Таццяна Уладзіміраўна. — У Савецкім раёне Мінска дзейнічаюць такія групы, ёсць яшчэ і дыягнастычныя групы для дзяцей з 2 да 3 гадоў. Мы ўпэўніліся, што сэнс у дзейнасці такіх груп ёсць. Сёлета, напрыклад, трое выхаванцаў, што займаліся ў спецыяльных групах з 3 гадоў, перайшлі ў масавую групу, на выпраўленне парушэнняў маўлення ім хапіла года”.
Выхавальнікі і настаўнікі-дэфектолагі, якія працуюць у спецыяльных групах, імкнуцца спалучаць у рабоце традыцыйныя сродкі з камп’ютарнымі гульнямі, прэзентацыямі, што дазваляе істотна павышаць матывацыю дзяцей да заняткаў і скарачаць такім чынам час для пераадолення маўленчых парушэнняў. Належным чынам арганізавана і прадметна-развіццёвае асяроддзе ў кабінеце настаўніка-дэфектолага і ў групе для дзяцей з АНР.
Для развіцця маўлення дзяцей педагогі выкарыстоўваюць прыёмы нагляднага мадэлявання (піктаграмы, мнематабліцы, замяшчэнне), прыёмы кінезіялогіі (навукі аб развіцці кагнітыўных здольнасцей і фізічнага здароўя дзяцей праз пэўныя рухальныя практыкаванні). Адзін з эфектыўных метадаў, які практыкуюць выхавальнікі групы для дзяцей з АНР Алена Анатольеўна Карпава і Ірына Пятроўна Уэльская, — альбатэрапія, або лепка з гліны. Гэты метад адкрывае больш шырокія магчымасці для дзіцячай творчасці, а таксама прыносіць карысць для развіцця пальцавай маторыкі дзіцяці. А навучыла педагогаў, прычым амаль прафесійна, прымяняць гліну мама аднаго з выхаванцаў, член Саюза мастакоў Беларусі, мастак-кераміст Вольга Угрыновіч. Гэты вопыт работы ў 2006 годзе адзначаны грантам Мінгарвыканкама.
***
Хутка пачнецца летні аздараўленчы перыяд, а значыць, дзіцячае меню ўзбагаціцца садавіной і агароднінай, сокамі. Малышы шмат часу будуць праводзіць на вуліцы, больш дыхаць свежым паветрам, загартоўваць свой арганізм. І кіраўнік фізвыхавання 268-га ясляў-сада Таццяна Аркадзьеўна Мінакова максімальна поўна зможа выкарыстоўваць магчымасці рухавых гульняў пры аздараўленні дзяцей.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.