Стаўка на рэгіянальныя ўніверсітэты. Перспектывы падрыхтоўкі педагагічных кадраў абмеркавалі ў Віцебску

- 11:01Актуально, Образование

Упершыню за апошнія 5 гадоў былі павялічаны кантрольныя лічбы прыёму на педагагічныя спецыяльнасці: на ўзроўні вышэйшай адукацыі набор вырас з 4,2 да 5,3 тысячы чалавек, а ў 2024 плануецца прыняць да 6,1 тысячы абітурыентаў. Такая інфармацыя прагучала падчас сустрэчы міністра адукацыі Андрэя Іванца з рабочай групай па ўдасканальванні забеспячэння педагагічнымі кадрамі ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці, якая адбылася на базе Віцебскага дзяржуніверсітэта, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Па словах Андрэя Іванца, сёння сістэма адукацыі з пункту погляду кадравага забеспячэння працуе стабільна. Разам з тым перад галіной пастаўлены шэраг задач, якія патрабуюць вырашэння ў прыярытэтным парадку. Так, ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі краіны колькасць педработнікаў, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, дастаткова збалансаваная — каля 11 працэнтаў. Аднак прагноз сведчыць, што ў наступныя 3 гады гэтая лічба можа ўдвая павялічыцца. На Віцебшчыне ў гэтым плане сітуацыя не настолькі складаная, як у некаторых іншых рэгіёнах. У той жа час пашырыць профільны набор як ва ўніверсітэты, так і ў каледжы неабходна, каб упэўнена глядзець у будучыню. 

Міністэрствам адукацыі прымаюцца сістэмныя меры для вырашэння кадравых пытанняў, вялікая ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы будучых педагогаў. Так, у мінулую ўступную кампанію ўпершыню за апошнія 5 гадоў былі павялічаны кантрольныя лічбы прыёму на педагагічныя спецыяльнасці: на ўзроўні вышэйшай адукацыі набор вырас з 4,2 да 5,3 тысячы чалавек, а ў 2024 го­дзе плануецца прыняць да 6,1 тысячы абітурыентаў. Адпаведна, трэба загадзя паклапаціцца і стварыць спрыяльныя ўмовы для прафесійнага станаўлення кожнага маладога спецыяліста. Кіраўнік ведамства зрабіў акцэнт на тым, што цяперашні сярэдні паказчык замацавальнасці педагагічных кадраў знаходзіцца на ўзроўні 72—73 працэнтаў: тут ёсць сур’ёзны рэзерв.

— Гэта другі вектар, дзе мы павінны прыкласці асаблівыя намаганні менавіта з пункту погляду суправаджэння і настаўніцтва, — паставіў задачу Андрэй Іванец. — Ад таго, у якое асяроддзе трапяць нашы маладыя спецыялісты, залежыць, ці застануцца яны ва ўстанове адукацыі і ў прафесіі настаўніка. Сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны мы прааналізавалі ўсе лічбы ў аспекце кадравага складу па ўсіх напрамках. У дачыненні да педагагічных кадраў размова ідзе не толькі пра настаўнікаў-прадметнікаў, але і пра педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, педагогаў-арганізатараў, настаўнікаў-дэфектолагаў — шырокі спектр тых спецыялістаў, якія прыходзяць у нашы ўстановы, у першую чаргу дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Карыстаючыся выпадкам, я папрасіў сабраць нашу групу, каб мы паглядзелі па кожным напрамку, наколькі існуючыя патрэбы, нават патэнцыяльныя, могуць быць задаволены ў перспектыве. Хацеў бы звярнуць увагу, што гэта вуліца як мінімум з двухбаковым рухам. Неабходна ўлічваць, хто паступіць вучыцца на педагагічныя спе­цыяльнасці і якога спецыяліста мы атрымаем. Мы маем магчымасці, але не ставім на мэце фарсіраваць павелічэнне набораў, бо важная не столькі колькасць, колькі якасць.

Ключавая роля належыць установам вышэйшай адукацыі, якія ажыццяўляюць па­д­рыхтоўку педагагічных кадраў. Як падкрэс­ліў міністр, рэгіянальная кадравая бяспека з’яўляецца задачай найперш рэгіянальных універсітэтаў. Аднак кадры — клопат агульны, і комплексная работа ў названым напрамку павінна праводзіцца скаардынавана на ўсіх яе этапах, пачынаючы са школы. Кожны кіраўнік на месцы абавязаны ведаць, якіх кадраў у яго не хапае, каб своечасова нацэльваць на навучанне, фарміраваць будучае папаўненне. Асаблівае значэнне гэты аспект работы набывае ў сельскай мясцовасці. Па статыстыцы, каля 80 працэнтаў маладых педагогаў вяртаюцца ў родныя школы, таму персанальная адказнасць за вынікі прафарыентацыі ўскладаецца на дырэктараў.

Кіраўнік ведамства таксама закрануў пытанні падрыхтоўкі педкадраў у каледжах. У прыватнасці, ён станоўча ацаніў практыку, калі ў дашкольныя ўстановы прыхо­дзяць пераважна маладыя спецыялісты з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Пры гэтым рост прафесійнага ўзроўню вітаецца і падтрымліваецца: звыш 80 працэнтаў з іх потым атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў завочнай форме навучання па скарочаным тэрміне, многія працягваюць навучанне ў магістратуры.

Сярод прыярытэтаў, пастаўленых перад каледжамі, міністр вылучыў вырашэнне пытанняў па забеспячэнні галіны настаўнікамі пачатковых класаў і працоўнага навучання.

Па меркаванні Андрэя Іванца, на сённяшні дзень для павышэння прывабнасці прафесіі педагога створана неймаверная колькасць умоў. У абласцях трэба працаваць так, каб выпускнікі школ выбіралі рэгіянальныя ўніверсітэты, а потым уладкоўваліся ў жыцці згодна з прынцыпам “дзе нарадзіўся — там і згадзіўся”. З мінулага года назіраецца тэндэнцыя скарачэння набору ў сталічныя УВА, за выключэннем медыцынскіх і педагагічных спецыяльнасцей. Добра сябе зарэкамендавалі педкласы. З кожным годам расце як іх колькасць, так і працэнт паступлення выпускнікоў гэтых класаў на профільныя спецыяльнасці. Праз год аналагічную траекторыю плануецца арганізаваць для інжынерных класаў, для выпускнікоў якіх закла­дзена магчымасць паступлення на спецыяльнасці не толькі інжынерна-тэхнічнага, але і педагагічнага профілю.

— Інжынерныя класы створаны для вырашэння шэрага задач, — адзначыў кіраўнік ведамства. — У тым ліку для прафарыентацыі, падрыхтоўкі будучых настаўнікаў фізікі, матэматыкі, хіміі, біялогіі, інфарматыкі. Упэўнены, што з навучэнцаў інжынерных класаў вырастуць дастойныя інжынеры і педагогі будучыні.

Не засталіся па-за ўвагай сістэма STEM-класаў у рэгіёнах і патэнцыял Нацыя­нальнага дзіцячага тэхнапарка. На жаль, вельмі малая колькасць яго выпускнікоў, якія атрымалі рэкамендацыі наглядальнага савета, скарысталіся ўнікальнай магчымасцю паступіць у рэгіянальныя УВА без уступных іспытаў, гэты напрамак трэба сур’ёзна прапрацоўваць. Міністр назваў і такі дзейсны інструментарый, як бонусы пры паступленні ў рэгіянальныя ўніверсітэты для пераможцаў абласных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і ўніверсітэцкіх алімпіяд.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара