Святлана Патоцкая – пра новыя праекты, якія рэалізуюцца ў сферы адукацыі ў Івацэвіцкім раёне

- 12:20Планерка

Што з мясцовага вопыту заслугоўвае ўвагі калег з іншых рэгіёнаў краіны? Пра гэта і не толькі карэспандэнт «Настаўніцкай газеты»  пагутарыў з начальнікам аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама Святланай Патоцкай.

І чырвоная дарожка на баль…

— Святлана Мікалаеўна, з чаго пачынаўся для вас гэты навучальны год?

Як звычайна: дакладвала на пасяджэнні райвыканкама аб гатоўнасці школ да навучальнага года. Гаварыла пра забяспечанасць кадрамі, сучасныя тэндэнцыі ў адукацыі… Пра харчаванне школьнікаў, бо з 1 верасня вынікі пілотнага праекта па ўкараненні новых прынцыпаў харчавання рэалізуюцца ў 13 з 26 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Мы закупілі новае абсталяванне для харчаблокаў, уключаючы халадзільнае, параканвектаматы. Раней у падобных праектах школы раёна не ўдзельнічалі. Цяпер у кухараў іншыя тэхналагічныя карты, і меню складаем з улікам пажаданняў навучэнцаў. Астатнія школы таксама ўжо ўключаюць новыя стравы ў свае двухтыднёвыя меню. Па раёне ў нас 58 устаноў адукацыі. Сярод іх ёсць Запалянская і Даб­рамысленская сярэднія школы, якія раней мелі статус школ-садоў, а цяпер гэта ўстановы сярэдняй адукацыі з рэалізацыяй праграмы да­школьнай адукацыі. Вулька-Аброўская сярэдняя школа ў выніку рэарганізацыі таксама рэалізуе праграму дашкольнай адукацыі.

— Сотні настаўнікаў, выхавальнікаў, дынастыі педагогаў… А ці ёсць у раёне музей адукацыі, як у суседзяў у Ганцавіцкім раёне? Вы ж ведаеце, там вядзецца і асветніцкі летапіс, і раённую Дошку гонару сістэмы адукацыі адкрылі…

Пра вопыт суседзяў ведаю, бу­дзем яго пераймаць. У 3-й школе ёсць музей гісторыі школы і гісторыі адукацыі раёна — будзем яго развіваць і напаў­няць. Па выніках года збіраем летапіс яркіх момантаў, фіксуем іх і на пленарнай нара­дзе педработнікаў агуч­ваем дасягненні, аналізуем. А яшчэ маем каштоўны вопыт ушанавання адоранай моладзі і педагогаў: з 2020 года ў раёне прахо­дзіць баль таленавітай моладзі ў адрэс­таўрыраваным палацы Пуслоўскіх у Косаве. Першы правялі ў студзені як Калядны баль. Потым вырашылі зладзіць баль у цёплую пару і правялі яго 14 мая, у 2022 годзе — 15 мая і сёлета — 28 мая. Гэта наша сумесная са старшынёй райвыканкама ідэя: Аляксандр Барысавіч Грыцук шмат зрабіў, каб у такім кірунку работа з маладымі талентамі разгарнулася. Цяпер у нас новы старшыня райвыканкама, і я спадзяюся, што традыцыя прадоўжыцца.А

— Так адрэстаўрыраваны палац пачаў выконваць культурна-адукацыйную функцыю…

— І патэнцыял у задумы вялізны. На першым балі было 24 школьнікі з раёна, сёлета — ужо 35. Праўда, і з суседніх раёнаў мы прынялі таленты, у тым ліку школьнікаў з Бярозаўскага. На баль запрашаем пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый і спартыўных спаборніцт­ваў за апошні навучальны год. Ёсць афіцыйна-танцавальная частка: усе танцуюць у прыгожай вялікай зале, прычым ужывую іграе аркестр. Потым старшыня райвыканкама звяртаецца да школьнікаў, віншуе са святам і дорыць падарункі. Ушаноўваем і педагогаў, дзякуючы якім раскрываюцца юныя таленты. Чырвоная дарожка, фантаны, нефармальныя зносіны пад каву і чай — шмат цікавага ўключана ў праграму балю. Мы стварылі зону камфорту для запрошаных бацькоў, ладзім дыскатэку і феерверк. І штогод у канву балю дабаўляем новыя фішкі. Запрашаем і сацыяльна актыўных выпускнікоў школ раёна. Сярод іх, напрыклад, кіраўнік ААТ “Івацэвічдрэў” Аляксандр Юр’евіч Ільніцкі, які скончыў Целяханскую школу.

— Карацей, лепш адзін раз уба­чыць! Вы гатовы паказаць ваш баль журналістам?

— Так, і не толькі прадстаўнікам “Настаўніцкай газеты”. Мяркую, добрая справа зацікавіць калег з іншых рэгіёнаў краіны. Госці гавораць нам: выдатна прыдумана! І сваіх дзяцей хочуць убачыць на такім балі. На гэта я адказваю: усё ў руках вашых і вашых дзяцей, вучыцеся добра, дасягайце поспехаў — і, калі будзе на тое воля Усявышняга, вам ляжа пад ногі чырвоная дарожка на баль.

Штрыхі да партрэта

Святлана Патоцкая родам з Івацэвіч. Прафесію настаўніка пачатковых класаў атрымала ў Баранавіцкім педвучылішчы.

“Да гэтага дня вельмі ўдзяч­на педагогам вучылішча: атрымала там грунтоўную базу прафесійных ведаў, было шмат практыкі”, — адзначае Святлана Мікалаеўна. Працуючы настаўніцай, паступіла завочна ў Брэсцкі педінстытут, скончыла ўжо ўніверсітэт: атрымала дыплом настаўніка рускай мовы і літаратуры.

Выбар прафесіі для яе прадвызначыла першая настаўніца.

“Я была прос­та ўлюбёная ў Зінаіду Пятроўну Саскавец. Светлыя ўспаміны засталіся пра тое, як натхнёна і творча яна нас вучыла. І сёння вобраз настаўніцы, якая рана пайшла з жыцця, перад вачыма. Помніцца, на 8 Сакавіка яна право­дзіла ранішнік у доўгай шыкоўнай сукенцы, і мы ў ім удзель­нічалі”, — прыгадвае Святлана Патоцкая. Яшчэ ў дзяцінстве яна казала, што хоча быць падобнай да Зінаіды Пятроўны, і мару сваю ажыццявіла.

На пасадзе начальніка аддзела працуе з лістапада 2020 года.

Нам бы STEM-клас!

— Але ж вернемся з балю на карабель. Што для вас актуальна цяпер, якія праблемы патрабуюць найбольшай увагі?

— Скажу адным словам: маттэхбаза. І гэтая база была, ёсць і, пэўна, застанецца для нас актуальнай тэмай. Рамантуем дахі, рэагуем на заўвагі РЦГіЭ і РАНС — патрэбны сродкі. Робім рамонт пешаходных дарожак для бяспекі і камфорту вучняў і настаўнікаў. Нашы ўстановы адукацыі ўжо ва ўзросце, прылеглая інфраструктура патрабуе абнаўлення. І спонсары дапамагаюць нам. Сёлета ААТ “Мічурынск” замяніла вокны ў некалькіх кабінетах Амяльнянскай школы. Сістэмна і грунтоўна дапамагае ААТ “Івацэвічдрэў” — мэбляй. Сёлета па ўстановах адукацыі гэтае прадпрыемства аказала дапамогу больш чым на 30 тысяч рублёў. І мы рухаемся ў бок вытворчасці: адкрылі на базе 1-й гарадской школы групу інжынернай накіраванасці. Калі ў раёне праходзіў кірмаш мэтавай падрыхтоўкі для старшакласнікаў, прапрацоўвалі на ім у тым ліку і гэтае пытанне. У цэлым краіне патрэбны такія кад­ры, і мы чуем гэты запыт грамадства, рэагуем на яго.

— Што хацелася б яшчэ зрабіць?

— STEM-клас абавязкова адкрыла б, каб дзеці глыбей асвойвалі новыя інфармацыйныя тэхналогіі, робататэхніку. Такога класа ў раёне яшчэ няма, толькі некалькі робакамплектаў, і працуе факультатыў па робататэхніцы на базе 1-й школы. Неяк Ігар Карпенка ў рангу міністра адукацыі прыязджаў да нас, наведваў Косаўскую школу. Калі ён убачыў хлопчыка, які стварыў робата і пісаў адпаведную даследчую работу, то выказаў думку: добра было б у гэтай школе адкрыць STEM-клас… Ідэя і мне блізкая, бо я амаль 30 гадоў адпрацавала ў 1-й школе, намеснікам дырэктара — 17 гадоў. Мы ўдзельнічалі ў інавацыйным праекце па робататэхніцы, закуплялі абсталяванне. І цяпер там вядуцца заняткі, дзеці вывучаюць азы робататэхнікі. Але ж маттэхбазу трэба ўмацоў­ваць! Хацелася б і мультыборды ў кожную школу набыць, прычым па некалькі, з доступам у інтэрнэт. Марым пабуда­ваць асобны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Ён цяпер размешчаны ў будынку дзіцячага сада, і дзяцей з асаблівасцямі развіцця не становіцца менш. У старым будынку ўсё даводзіцца прыстасоўваць, а нам патрэбна спецыяльна створанае безбар’ернае асяроддзе.

 Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара