“Больш чым настаўнік, — так гавораць вучні сярэдняй школы № 8 Кобрына пра сваю настаўніцу геаграфіі і біялогіі Святлану Бандарук. — Побач з ёй хочацца вучыцца, даследаваць, спасцігаць нязведанае, адкрываць новае”.
За плячамі ў Святланы Пятроўны 18 гадоў работы ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным універсітэце на геаграфічным факультэце, дзе яна прайшла шлях ад лабаранта да выкладчыка кафедры геаграфіі і прыродакарыстання. Пасля навучання ў аспірантуры і навуковай работы працуе ў школе.
За пяць гадоў у настаўніцкай прафесіі вучні Святланы Пятроўны атрымалі шмат дыпломаў розных узроўняў па выніках конкурсаў даследчых работ, навукова-практычных праектаў эколага-біялагічнай накіраванасці, рэспубліканскага турніру “Пазнай свой край”, рэспубліканскіх алімпіяд па геаграфіі і біялогіі. Сёлета тры вучні Святланы Пятроўны сталі пераможцамі раённага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Зараз ідзе напружаная падрыхтоўка да абласной алімпіяды.
Педагог — актыўны член Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускае геаграфічнае таварыства”. Штогод яна прымае актыўны ўдзел (а сёлета разам з вучнямі!) у рэспубліканскай асветніцкай акцыі “Беларускі геаграфічны дыктант”.
“Нястомны працаўнік, дасведчаны і адказны настаўнік, ініцыятыўны класны кіраўнік, — так характарызуе Святлану Пятроўну дырэктар школы Іван Аляксандравіч Пінгаль. — Да якой бы справы яна ні далучылася, усё ў яе атрымліваецца цікава і крэатыўна”.
У школе пры непасрэдным удзеле настаўніцы праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы ў межах тэматычных дзён, такіх як Дзень мора, Дзень гор, Дзень метэаралогіі, Дзень экалагічных ведаў, Дзень беларускай навукі, Дзень Зямлі. Святлана Пятроўна не толькі заахвочвае да даследчай дзейнасці вучняў, але і сама ўдзельнічае ў разнастайных даследчых праектах, конкурсах метадычных матэрыялаў і распрацовак, навукова-практычных канферэнцыях. За апошнія 5 гадоў апублікавала 11 артыкулаў у разнастайных навукова-метадычных выданнях.
Другі год педагог удзельнічае ў праграме “Настаўнік для Беларусі”, шмат увагі ўдзяляе арганізацыі і правядзенню разнастайных адукацыйных мерапрыемстваў, у школе рэалізуе праект “Актыўныя канікулы”. Так, на базе школы ў сакавіку прайшоў “Фестываль ПРАфесій”, на якім вучні розных школ мелі магчымасць пазнаёміцца з паспяховымі ў сваіх прафесіях людзьмі. На станцыях (лакацыях) з вучнямі праводзілі актыўнасці прадстаўнікі розных прафесій: повар-кандытар, журналіст, вучоны-геолаг, настаўнік, псіхолаг, трэнер, ратавальнік, вайсковец, пажарны. Самы актыўны ўдзел у фестывалі прынялі вучні педагагічнага класа, у якім працуе Святлана Пятроўна.
“Люблю вучыць і вучыцца”, — прызнаецца настаўніца. А дома яе чакае сям’я: любімы муж і два сыны-падлеткі, якім таксама патрэбны клопат, любоў і ўвага. Часам здзіўляешся, як у чалавека на ўсё хапае часу!.. Мабыць, у гэтым і заключаецца сакрэт паспяховасці нашай калегі: жыць паўнавартасным жыццём, любіць сваю справу і тых, хто побач.
Таццяна ПЕТРУКОВІЧ,
загадчыца Кобрынскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета