Стратэгічны рэсурс краіны

- 17:44Да Рэспубліканскага педагагічнага савета

Секцыя “Грамадска значныя ініцыятывы навучэнскай моладзі ў адукацыйным працэсе” ў рамках Рэспубліканскага педагагічнага савета была арганізавана на базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Абмеркаваць праблемы маладзёжнай палітыкі сабраліся прадстаўнікі ўпраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, спецыялісты ўпраўленняў адукацыі з абласцей і сталіцы, прарэктары па выхаваўчай рабоце ўстаноў вышэйшай адукацыі, прадстаўнікі маладзёжных парламентаў, грамадскіх аб’яднанняў моладзі і іншыя зацікаўленыя спецыялісты. І ўсе яны сышліся на галоўнай думцы, што сучасная моладзь — стратэгічны рэсурс нашай краіны.

Начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Іванаўна Пшанічная, расказваючы аб стратэгіі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў нашай краіне і механізмах рэалізацыі прыярытэтных напрамкаў, нагадала калегам, што ўжо зацверджана дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка” — новая вяха ў гэтай дзейнасці. Вялікая ўвага зараз удзяляецца маладзёжнай кадравай палітыцы. Яшчэ адно з новаўвядзенняў апошняга часу — з’яўленне ў сферы маладзёжнай палітыкі паняцця “настаўніцтва”.

Спынілася Наталля Іванаўна на найбольш значных кірунках маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Сістэмна і дзейсна працуюць спецыялісты ў напрамках грамадзянска-патрыятычнага выхавання, валанцёрскай дзейнасці, супрацоўніцтва з маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі (стратэгічным партнёрам сістэмы адукацыі тут з’яўляецца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі). Вялікую ўвагу варта ўдзяляць рабоце з моладдзю ў сетцы. Тут дарослым трэба ўжо не даганяць моладзь, а ісці з ёй на адным узроўні, размаўляць на адной мове. А далучаць да работы ў сацыяльных сетках Н.І.Пшанічная парэкамендавала маладзёжных лідараў: яны з радасцю і цікавасцю зоймуцца такой справай, падставяць плячо дарослым калегам. Спынілася начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Беларусі і на пытанні прафарыентацыі: важна звязаць агульнаадукацыйную школу, установы прафтэх-, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў адну сістэму. На думку Наталлі Іванаўны выдатным рэсурсам тут можа стаць шосты школьны дзень: менавіта ў суботу каледжы і ўніверсітэты могуць прадэманстраваць будучым абітурыентам магчымасці і перавагі сваіх навучальных устаноў.

Своеасаблівым адкрытым дыялогам, мазгавым штурмам, якія дазволіць развівацца сістэме, назваў Рэспубліканскі педагагічны савет першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Эдуардавіч Белякоў. Ён засяродзіўся на праблемах у сферы маладзёжнай палітыкі. Адна з галоўных — як затрымаць беларускую моладзь у нашай краіне. Вырашэнне гэтай праблемы — у прывіцці падрастаючаму пакаленню асноўных маральных якасцей, якія фарміруе разам з сям’ёй менавіта настаўнік. А.Э.Белякоў заклікаў удзельнікаў педсавета да больш цеснага супрацоўніцтва з саюзам моладзі, бо БРСМ, на думку Андрэя Эдуардавіча, “складнік нацыянальнай бяспекі”.

Думкамі наконт развіцця студэнцкага спорту падзяліўся з удзельнікамі сустрэчы алімпійскі чэмпіён, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксадр Віктаравіч Багдановіч. Студэнцкі спорт — першая прыступка на лесвіцы спорту высокіх дасягненняў. Задача людзей, якія працуюць з моладдзю, падтрымаць у студэнтаў сярод іншых талентаў і спартыўны. А.В.Багдановіч паведаміў калегам пра дзейнасць Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, праінфармаваў іх аб тым, што БАСС падтрымлівае выбітных студэнтаў-спартсменаў, у тым ліку і ў матэрыяльным плане. Напрыклад, лепшыя з іх атрымліваюць імянныя стыпендыі ад асацыяцыі. І гэта вельмі важна, бо студэнцкі спорт — рэзерв нацыянальных каманд Беларусі.

Н.І.Пшанічная звярнулася да А.В.Багдановіча з прапановай займацца ва ўстановах вышэйшай адукацыі не толькі са студэнтамі-спартсменамі, але і студэнтамі-балельшчыкамі. Алімпійскі чэмпіён падтрымаў такую слушную рэкамендацыю і зазначыў, што ўжо ёсць крокі ў гэтым напрамку: распрацавана сістэма балаў для студэнтаў-валанцёраў, якія за сваю актыўнасць атрымаюць пасля пэўныя прэферэнцыі.

Сістэму педагагічнага суправаджэння студэнцкіх ініцыятыў у адукацыйнай і пазавучэбнай дзейнасці ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны прадставіў удзельнікам секцыі прарэктар па выхаваўчай рабоце ўніверсітэта Юрый Валер’евіч Нікіцюк. Ён расказаў аб самых цікавых маладзёжных праектах універсітэта: “Бессмяротныя імёны”, “Жывыя галасы ветэранаў”, “Юрыдычная клініка” і інш. Самай дынамічнай часткай грамадства назвала моладзь галоўны спецыяліст аддзела па справах сям’і і моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Марына Вячаславаўна Саўчук. Па яе словах, краіне і грамадству сёння неабходны самастойныя маладыя людзі, здольныя прымаць рашэнні. “Моладзь — гэта не толькі наша будучыня, гэта наша сучаснасць, яе праблемы трэба вырашаць тут і зараз, — падкрэсліла Марына Вячаславаўна, — не навязваць, а падхопліваць здаровыя маладзёжныя ініцыятывы”.

Пра падтрымку маладзёжных ініцыятыў гаварыў і старшыня Маладзёжнага савета Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Міхаіл Фляр’янавіч Барэйша, прыводзячы ў якасці прыкладу сістэмную работу па выхаванні студэнцкай моладзі ў БДЭУ. А прадстаўнік маладога пакалення — навучэнец сярэдняй школы № 20 Брэста Мікіта Нічыпарук, які з’яўляецца членам Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў, назваў маладзёжны парламент стартавай пляцоўкай для рэалізацыі ініцыятыў маладых лідараў, месцам, дзе меркаванне моладзі абавязкова ўлічваецца, а сама моладзь набывае вопыт удзелу ў грамадска значнай дзейнасці.

Наталля КАСТЭНКА.