Настаўнік заўсёды на вачах — у гэтым і прастата, і складанасць арыентацыі на педагагічную прафесію

- 12:51Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

Безумоўна, ключавой фігурай у сістэме адукацыі з’яўляецца настаўнік. Менавіта ад яго кваліфікацыі, настойлівасці і зацікаўленасці ў канчатковым выніку залежыць будучыня як кожнага канкрэтнага вучня, так і грамадства, у якім мы будзем жыць, яго дабрабыт і бяспека. Гэта складана асэнсаваць, напэўна, нават не ўсе настаўнікі гэта ўсведамляюць, але іх сённяшняй супольнай працай ствараюцца перспектывы нашага заўтрашняга жыцця.

Іронія лёсу ў тым, што высокая місія настаўніка выказваецца выключна высакамоўнымі словамі, а яны па прычыне сваёй філасафічнасці не ўспрымаюцца належным чынам. Ну як растлумачыць 17-гадоваму маладому чалавеку, што, выбіраючы педагагічную прафесію, ён будзе ствараць будучыню сваёй краіны? У гэтым і заключаецца найвялікшая цяжкасць, а таксама галоўная мэта прафарыентацыі.

Пра тое, як прыцягнуць на педагагічныя спецыяльнасці найбольш здольную моладзь, пра падрыхтоўку педагогаў ва ўніверсітэтах, а таксама пра прэстыж настаўніцкай працы мы папрасілі паразважаць прафесіяналаў. Сёння ў нас у гасцях рэктар Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, доктар біялагічных навук, прафесар Валянцін Васільевіч ВАЛЕТАЎ; начальнік Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Аляксандра Валянцінаўна ПАЗНЯК; дэкан факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ірына Анатольеўна КАМАРОВА; дэкан факультэта псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Уладзіслаў Аляксандравіч БЕЙЗЕРАЎ.

— Надзвычай важна не проста ажыццявіць набор на першы курс, а каб прыём вёўся па конкурсе і на педагагічныя спецыяльнасці прыходзілі лепшыя выпускнікі школ. Аднак трэба прызнаць, што тут ёсць пэўныя цяжкасці. Дзе недапрацоўвае сістэма прафарыентацыі? Чаму з адных школ прыходзіць шмат абітурыентаў, а з іншых — не?

В.В.ВАЛЕТАЎ: “Для спецыяліста любой сферы, і педагагічная — не выключэнне, сацыяльна і прафесійна важным з’яўляецца свядомае эмацыянальнае прыняцце выбранай прафесіі, разуменне значнасці прафесійнай дзейнасці, каштоўнае стаўленне да яе. Мы правялі ў сваім універсітэце анкетаванне, вынікі якога паказалі, што выбарам прафесіі педагога задаволены і паўтарылі б яго больш за 70% апытаных студэнтаў. Найбольш каштоўнымі фактарамі студэнты назвалі работу з людзьмі, магчымасць самарэалізацыі і самаўдасканалення, творчы характар дзейнасці.

У той жа час фактарамі, якія зніжаюць прывабнасць педагагічнай прафесіі, студэнты назвалі невысокі сацыяльны статус настаўніка, агульную недаацэнку значнасці педагагічнай дзейнасці. І ў гэтым — адна з цяжкасцей арыентацыі на прафесію настаўніка.

Настаўнік — прафесія публічная, узоры яго працы, адносін да справы, задаволенасці прафесіяй бачны вучням на працягу ўсіх гадоў навучання ў школе. І, як ні парадаксальна, да складанасцей арыентацыі на прафесію настаўніка можна аднесці і тое, што школьнікі, у адрозненне ад іншых прафесій, знаёмы з ёй “знутры”. Прапаганда педагагічных спецыяльнасцей на практыцы часта сутыкаецца са сфарміраванымі ў часткі школьнікаў уяўленнямі пра настаўніка як перагружанага дадатковымі абавязкамі спецыяліста. Ды і самі настаўнікі, публічна наракаючы на складанасці прафесіі і недастатковую аплату працы, пэўным чынам уплываюць на фарміраванне прафесійных пераваг школьнікаў. Адсюль, напэўна, і розная колькасць выпускнікоў, якія ідуць з канкрэтных школ у педагагічныя ўстановы адукацыі.

Вядома, што прафесійная арыентацыя як сістэма мер уключае прафесійную асвету, прафесійную дыягностыку, прафесійны адбор і прафесійную адаптацыю. Аднак варта прызнаць, што ў працэсе арыентацыі на прафесію настаўніка рэалізоўваюцца не ўсе названыя складнікі (напрыклад, дыягностыка і прафесійны адбор). Аддзелы і ўпраўленні адукацыі павінны больш дзейсна праяўляць зацікаўленасць у камплектаванні педагагічных спецыяльнасцей лепшымі сваімі выпускнікамі.

Вопыт паказвае, што ва ўстановах адукацыі пераважная большасць педагогаў — яркія, творчыя, высокапрафесійныя спецыялісты, тыя, хто любіць сваю справу і робіць неацэнны ўклад у будучыню краіны. Але варта таксама прызнаць, што і педагогі, і органы кіравання, і СМІ мала робяць для фарміравання ў масавай свядомасці прывабнага вобраза сучаснага педагога. Ці часта, напрыклад, у СМІ (акрамя нашых прафесійных) можна знайсці інфармацыю пра цікавы вопыт работы канкрэтных настаўнікаў?

Арыентацыя на прафесію настаўніка павінна быць справай не толькі педагагічных устаноў адукацыі. У тым, каб у прафесію прыйшлі самыя лепшыя, самыя падрыхтаваныя, самыя яркія маладыя людзі, павінны быць зацікаўлены ўсе: настаўнікі, бацькі, прадстаўнікі органаў кіравання, дэпутаты ўсіх узроўняў, сродкі масавай інфармацыі.

Прыцягненню на педагагічныя спецыяльнасці лепшых выпускнікоў будзе спрыяць мэтанакіраваная сумесная работа педагагічных калектываў школ і ўніверсітэтаў па “вырошчванні” будучых педагогаў, выхаванні цікавасці і любові да педагагічнай прафесіі. Варта пашыраць сетку педагагічных класаў, ствараць іх у кожным раёне, магчыма, нават у кожнай школе. Неабходна таксама павышаць адказнасць педагагічных калектываў школ, аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі за арыентацыю лепшых выпускнікоў на педагагічныя спецыяльнасці. Можа быць, адным з важных паказчыкаў эфектыўнасці работы педагагічных калектываў школ варта разглядаць колькасць тых, хто паступае на педагагічныя спецыяльнасці?

Ну і вядома, важна рэалізаваць сістэму мер па павышэнні статусу настаўніка, якая ўключае маральнае і матэрыяльнае стымуляванне працы настаўніка, больш дыферэнцыраваны падыход да аплаты працы ў залежнасці ад рэальнага ўкладу і спецыфікі прадмета, памяншэнне колькасці дадатковых абавязкаў як школы ў цэлым, так і настаўніка ў прыватнасці”.

У.А.БЕЙЗЕРАЎ: “Хачу заўважыць, што за апошнія 2 гады сітуацыя з прыцягненнем абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці змянілася ў лепшы бок. У прыватнасці, у нашым універсітэце няма праблем з запаўненнем бюджэтных месцаў, платныя месцы ў большасці выпадкаў таксама запаўняюцца цалкам. Па многіх педагагічных спецыяльнасцях, у тым ліку і на ўмовах аплаты, існуе конкурс.

Станоўчыя вынікі прыносіць стратэгія прафарыентацыйнай работы, якая носіць сістэмны, а не выпадковы характар, ажыццяўляецца штодня, а не эпізадычна, і накіравана на патрэбы кожнага абітурыента. Да прафарыентацыйнай работы далучаюцца не толькі выкладчыкі, але і студэнты — учарашнія школьнікі, якія ў больш даступнай форме могуць данесці неабходную інфармацыю будучым абітурыентам, бо яны вельмі блізкія па ўзросце, ладзе жыцця і мысленні.
У мінулым навучальным годзе мы першымі ў краіне апрабавалі праект “Універсітэцкая субота”. Практычна кожны тыдзень ва ўніверсітэце праводзіліся цікавыя мерапрыемствы для абітурыентаў (папулярныя лекцыі вядомых навукоўцаў, майстар-класы, практычныя заняткі ў лабараторыях універсітэта, інтэрактыўныя праблемныя заняткі). У маі гэты вопыт быў з поспехам выкарыстаны на рэспубліканскім узроўні.

Свой плён прыносіць і створаны ў рамках рэспубліканскага Гомельскі рэгіянальны вучэбна-навукова-інавацыйны кластар бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Ён аб’яднаў рэгіянальныя ўстановы адукацыі розных узроўняў, а цэнтр кластара ўтварылі ГДУ імя Францыска Скарыны, МДПУ імя І.П.Шамякіна і Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

У мінулым навучальным годзе ў сямі ўстановах адукацыі Гомельшчыны створаны і працуюць педагагічныя групы, у якіх займаецца больш за 60 навучэнцаў. Вопыт дзейнасці педагагічных груп паказаў перспектыўнасць гэтай формы работы, узрасла цікавасць навучэнцаў да заняткаў і да педагагічнай прафесіі”.

І.А.КАМАРОВА: “Наш факультэт — адзін з самых вялікіх ва ўніверсітэце, і конкурсы на ўсе спецыяльнасці даволі высокія. Але для таго, каб набраць лепшых абітурыентаў, неабходна шмат працаваць на працягу года. Таму да прафарыентацыйнай работы далучаюцца не толькі выкладчыкі, але і студэнты, якія актыўна прапаган-дуюць свае спецыяльнасці на ўсіх узроўнях. На час практык (а яны праводзяцца не толькі ў Магілёве, многія студэнты выязджаюць у свае раёны) студэнты нават атрымліваюць адмысловае заданне і праводзяць са старшакласнікамі прафарыентацыйныя заняткі і трэнінгі.

Акрамя таго, студэнты актыўна працуюць падчас уступнай кампаніі. Яны не толькі дапамагаюць з прыёмам дакументаў, але і тлумачаць абітурыентам перавагі кожнай спецыяльнасці. Справа ў тым, што ў нас агульны конкурс па факультэце і паступаючым важна правільна ранжыраваць спецыяльнасці паводле сваіх схільнасцей і інтарэсаў. Калі расказвае выкладчык ці дэкан, у абітурыентаў могуць быць сумненні, а калі гаворыць равеснік, адчуваецца яго запал і відаць, што яму самому цікава вучыцца, то і давер да яго слоў большы.

Безумоўна, вялікая справа — педагагічныя класы. Мы ведаем гэта, бо там працуюць выкладчыкі нашага факультэта. Ужо цяпер навучэнцы педкласаў бываюць у нас ва ўніверсітэце, удзельнічаюць у навуковых канферэнцыях, алімпіядах, а таксама ў розных валанцёрскіх праектах, дабрачынных акцыях. Гэтыя дзеці паглыбіліся ва ўніверсітэцкую атмасферу і даволі добра ўяўляюць, што іх чакае падчас вучобы і потым у прафесійнай дзейнасці. Спадзяёмся, што праз год многія з іх прыйдуць да нас паступаць і стануць вельмі добрымі, матываванымі студэнтамі”.

А.В.ПАЗНЯК: “Сапраўды, задача прыцягнення на педагагічныя спецыяльнасці і матываванай, і добра адукаванай моладзі адна з найбольш актуальных для сістэмы адукацыі нашай краіны. Ад таго, які абітурыент прыйдзе сёння асвойваць педагагічную прафесію, залежыць, які настаўнік прыйдзе ва ўстановы адукацыі ў перспектыве. Таму тут важны сістэмны падыход, які дазваляе максімальна ўлічыць розныя фактары, што спрыяюць і наадварот, замінаюць у вырашэнні пастаўленай задачы.

Мы перакананы, што рэалізацыя ідэі бесперапыннасці педагагічнай адукацыі, якая пачалася ў нашай краіне з 2015 года, дазволіць прыцягваць у педагагічную прафесію добра падрыхтаваных выпускнікоў школ і іх прафесійны выбар будзе свядомым. Я маю на ўвазе стварэнне сістэмы профільнай педагагічнай адукацыі на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі, або, як мы часта гаворым, педагагічныя класы.

Мінулы навучальны год быў для нас асаблівым: у школах і гімназіях па ўсёй краіне было створана больш за 100 педагагічных класаў і груп. З гордасцю адзначу, што наш універсітэт стаяў ля вытокаў гэтага пачынання і шмат зрабіў для таго, каб метадычна, навукова і арганізацыйна падтрымаць адміністрацыі ўстаноў, дзе адкрыты педкласы, а таксама настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў, якія першымі паверылі ў ідэю педагагічнага профілю і зрабілі адпаведны выбар.

Першыя вынікі мы падвялі ў чэрвені гэтага года, калі ў БДПУ адбылася рэспубліканская канферэнцыя “Педагагічныя класы: вопыт, праблемы, перспектывы”. Яе ўдзельнікамі сталі педагогі і навучэнцы педагагічных класаў і груп, дырэктары і намеснікі ўстаноў адукацыі, у якіх рэалізоўваецца педагагічны профіль, прадстаўнікі ўпраўленняў адукацыі, інстытутаў развіцця адукацыі, навукоўцы і выкладчыкі. Калі коратка, то галоўным вынікам канферэнцыі стала пацвярджэнне жыццяздольнасці ідэі пошуку і фарміравання настаўнікаў будучыні яшчэ са школьнай лаўкі — у педагагічных класах.

Аднак мы працягваем пошук надзейных механізмаў прыцягнення на педагагічныя спецыяльнасці “невыпадковых” абітурыентаў. Аналіз арганізацыйна-педагагічных умоў работы педкласаў паказаў неабходнасць больш ранняй прафілізацыі. Каб прыцягнуць у педагагічныя класы самых матываваных навучэнцаў, патрэбна папярэдняя работа ўжо на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, або дапрофільная падрыхтоўка. Змест такой падрыхтоўкі ў 5—9 класах павінен быць накіраваны на набыццё вучнямі пазнавальнага вопыту і цікавасці да педагагічнай дзейнасці, фарміраванне ўяўлення аб уласных інтарэсах і магчымасцях (фарміраванне вобраза “я”), развіццё здольнасцей, якія вызначаюць паспяховасць далейшага навучання ў профільных педагагічных класах.

У гэтым навучальным годзе стартуе трохгадовы рэспубліканскі эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, які дазволіць праверыць эфектыўнасць умоў, форм і метадаў фарміравання ў вучняў базавай ступені матываванага выбару адукацыі ў профільных педагагічных класах. Удзельнікамі праекта сталі 15 школ і гімназій краіны, у якіх адкрыты педагагічныя класы.

Гаворачы аб прыцягненні ў педагагічную прафесію маладых людзей, якія стануць дастойнымі прадстаўнікамі сістэмы адукацыі, важна разумець неабходнасць удзелу ў гэтым працэсе ўсяго педагагічнага калектыву школы ці гімназіі, мясцовай супольнасці, а таксама бацькоў навучэнцаў. Эфектыўнасць педагагічнай прафілізацыі ва ўстанове адукацыі будзе залежаць у першую чаргу ад створанага там асяроддзя: ці маюць навучэнцы магчымасць штодня, прыходзячы ў школу, бачыць лепшыя ўзоры педагагічнай дзейнасці, ці гавораць настаўнікі, бацькі, прадстаўнікі мясцовай грамадскасці аб прафесіі настаўніка як аб значнай і годнай павагі, ці заахвочваюць у педагагічным і вучнёўскім калектыве школы выбар навучэнцамі педагагічнага профілю.

Нам трэба максімальна выкарыстаць патэнцыял значных для старшакласнікаў дарослых (бацькоў, настаўнікаў) для папулярызацыі прафесіі педагога”.

— Вельмі ўдалым аказаўся вопыт прыёму на педагагічныя спецыяльнасці медалістаў без уступных выпрабаванняў. Што яшчэ можна зрабіць для паляпшэння набору?

В.В.ВАЛЕТАЎ: “Прыём на педагагічныя спецыяльнасці медалістаў без уступных выпрабаванняў, безумоўна, спрыяе прыцягненню ў педагагічныя ўніверсітэты лепшых выпускнікоў. Колькасць медалістаў, якія падалі дакументы на спецыяльнасці нашага ўніверсітэта, у апошнія гады павялічылася.

На наш погляд, варта яшчэ больш пашырыць пералік педагагічных спецыяльнасцей, на якія медалісты могуць залiчвацца без уступных выпрабаванняў. Напрыклад, для тых, хто паступае на спецыяльнасці “Руская мова і літаратура”, “Беларуская мова і літаратура”, “Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)”, такая магчымасць ёсць, а для тых, хто паступае на спецыяльнасці “Руская мова і літаратура. Замежная мова”, “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова”, “Біялогія і хімія”, — не.

Такія ж правы павінны мець і выпускнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй, якія маюць дыпломы з адзнакай, пры паступленні на спецыяльнасць “Прафесійнае навучанне (па напрамках)”, арыентаваную на падрыхтоўку педагагічных кадраў для сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Ужо не першы год у краіне праводзіцца алімпіяда па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”. Хацелася б, каб пераможцы (дыпломы I, II, III ступені) трэцяга этапу гэтай алімпіяды мелі магчымасць без уступных выпрабаванняў паступаць на спецыяльнасці “Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва”, “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва”.

А.В.ПАЗНЯК: “Магчымасць паступаць на шэраг педагагічных спецыяльнасцей без уступных выпрабаванняў, якую маюць медалісты і ўладальнікі дыпломаў ССНУ з адзнакай, — гэта, безумоўна, вельмі дзейсны механізм прыцягнення высокападрыхтаваных маладых людзей у педагагічную прафесію. Напрыклад, сёлета ў нашым універсітэце ў конкурсе ўдзельнічалі 170 такіх абітурыентаў. Аднак важна задзейнічаць і іншыя механізмы. Хачу адзначыць нестандартны асобасны падыход, які прыносіць добры плён. Так, медалістам Мінска і Мінскай вобласці, а таксама прызёрам і пераможцам Мінскай гарадской і абласной алімпіяд напярэдадні ўступнай кампаніі былі накіраваны лісты-запрашэнні паступаць у БДПУ асабіста ад рэктара Аляксандра Іванавіча Жука. Можна ўявіць эмоцыі, якія адчулі, атрымаўшы такую карэспандэнцыю, выпускнікі, іх бацькі і настаўнікі: радасць, хваляванне, гордасць за свае дасягненні, пачуццё, што ты патрэбны!

Зрэшты, прыцягваць абітурыентаў можна і трэба не толькі льготамі, прывабным павінна быць само ўніверсітэцкае жыццё. Будучым патэнцыяльным студэнтам неабходна ўсвядоміць, што вучыцца ў педуніверсітэце цікава: тут працуюць студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі, ажыццяўляюцца міжнародныя адукацыйныя праекты, арганізоўваюцца сацыяльна значныя справы, праводзяцца валанцёрскія акцыі, зорныя паходы, спартыўныя спаборніцтвы, можна паглыбіцца ў мультысэрвіснае інфармацыйнае адукацыйнае асяроддзе, паспрабаваць сябе ў клубе вясёлых і знаходлівых і нават на льготных умовах у сценах універсітэта наведаць лепшыя тэатральныя пастаноўкі (у БДПУ заключаны адпаведныя дагаворы з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета і Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы). Усё гэта стварае пазітыўны імідж як універсітэта, так і прафесіі педагога, прыцягвае ініцыятыўных абітурыентаў з актыўнай жыццёвай пазіцыяй”.

— Як прыцягнуць у прафесію асоб мужчынскага полу?

В.В.ВАЛЕТАЎ: “У педагагічных універсітэтах нямала спецыяльнасцей, на якія ахвотна ідуць юнакі (фізічная культура, тэхнічная праца, прафесійнае навучанне, гісторыя і інш.). Аднак, каб настаўнікі-мужчыны не сыходзілі са школы пасля абавязковай адпрацоўкі, неабходны комплекс эканамічных, арганізацыйна-кадравых, а таксама інфармацыйна-прапагандысцкіх мер”.

У.А.БЕЙЗЕРАЎ: “На жаль, прафесія настаўніка ў цяперашні час, як, у прынцыпе, і ў савецкі перыяд, лічыцца амаль выключна жаночай. Напэўна, гэта звязана з больш нізкай у параўнанні з іншымі галінамі заработнай платай, а таксама адсутнасцю дастатковага піяру ў СМІ. Асабліва дрэнная зарплата ў маладых псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, якая складае крыху больш за 200 рублёў (менш, чым пенсія).

Актуальнай застаецца праблема неабароненасці настаўніка перад самаўпраўствам бацькоў і адміністрацыі ўстаноў адукацыі. Не сакрэт, што педагог сёння часта з’яўляецца казлом адпушчэння: менавіта ён (а чамусьці не праваахоўнікі і не бацькі) у першую чаргу абвінавачваецца ў тым, што “недагледзелі”, “не правялі адпаведную работу” і г.д. у выпадку, калі вучні становяцца ўдзельнікамі або ахвярамі правапарушэнняў і злачынстваў.

Нельга не ўзгадаць і розныя няпрофільныя віды дзейнасці, якія адміністрацыя школ ускладае на педагогаў. Гэта і рамонтныя работы, і дзяжурствы (у тым ліку ў позні час), і ўдзел у розных “паказушных” мерапрыемствах.

Магчыма, калі СМІ звернуць больш увагі на педагагічную прафесію, будуць яе прапагандаваць (як, напрыклад, прафесію ратавальніка ці лётчыка) і створаць прывабны вобраз педагога, то ў прафесію пацягнуцца і прадстаўнікі моцнага полу. Матэрыяльны складнік таксама важны. Па сваёй прыродзе мужчына павінен адчуваць сябе здабытчыкам і прыносіць у дом зарплату не меншую, чым жонка.

— Ці дастатковая практычная падрыхтоўка студэнтаў ва ўніверсітэтах? Наколькі яны гатовы адразу пасля размеркавання пачаць паўнавартасную работу ў школе?

У.А.БЕЙЗЕРАЎ: “Сёння, як ніколі раней, падрыхтоўка студэнтаў ва ўніверсітэтах стала практыка-арыентаванай. У працэсе навучання студэнты вывучаюць шырокі спектр дысцыплін, якія ў поўнай меры рыхтуюць іх да будучай прафесійнай дзейнасці. Акрамя таго, яны праходзяць розныя віды практыкі (на многіх педагагічных спецыяльнасцях практыка прадугледжана ўжо з першага курса) пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў.

Акрамя таго, студэнты ўцягнуты ў валанцёрскую дзейнасць (у складзе валанцёрскіх атрадаў яны аказваюць дапамогу дзецям-інвалідам, дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, пажылым людзям, асобам без пэўнага месца жыхарства).

У рамках курсавых і дыпломных работ распрацоўваюцца актуальныя для рэальнай практычнай дзейнасці тэмы, якія ўкараняюцца ў практыку ўстаноў адукацыі. Студэнты актыўна займаюцца ў студэнцкіх навукова-даследчых лабараторыях.

Для ўзмацнення практыка-арыентаванай накіраванасці падрыхтоўкі спецыялістаў, а таксама для правядзення даследаванняў на базе ўстаноў адукацыі адкрываюцца філіялы кафедраў універсітэтаў. У прыватнасці, ГДУ імя Францыска Скарыны мае філіялы кафедраў у 20 установах сярэдняй адукацыі Гомеля.

Адукацыйны працэс на практычных і семінарскіх занятках таксама арыентаваны на практыку. Сёння ўжо няма заняткаў, на якіх студэнты проста пераказваюць завучаную тэорыю ці чытаюць рэфераты. Усё большае распаўсюджанне набываюць праблемныя метады навучання (у тым ліку праектнае навучанне, кейс-метад і інш.), дзе ў ходзе заняткаў студэнтам прапаноўваецца вырашаць рэальныя жыццёвыя задачы, прагназаваць развіццё розных сітуацый, выказваць і абараняць свае меркаванні”.

— Як вы ацэньваеце вопыт тых краін, дзе ў школе часта працуюць непрафесійныя педагогі, але дасведчаныя людзі, якія ўмеюць і жадаюць займацца з дзецьмі?

В.В.ВАЛЕТАЎ: “У цэлым да такога вопыту стаўленне станоўчае. Але для любой дзейнасці неабходна прафесійная падрыхтоўка, што і адлюстравана ў кваліфікацыйных патрабаваннях да спецыяліста. На жаль, не кожнага, хто мае дыплом педагога, можна назваць прафесіяналам. Але бывае і адваротнае, калі спецыялісты з іншых галін, кампенсуючы акадэмічную педагагічную падрыхтоўку жаданнем працаваць з дзецьмі і любоўю да іх, дасягаюць добрых адукацыйных вынікаў. Гэта можна параўнаць з тым, што не ўсе выпускнікі кансерваторыі — выдатныя салісты, і ў той жа час ёсць цудоўныя спевакі без адпаведнай адукацыі”.

У.А.БЕЙЗЕРАЎ: “У практыцы заходніх школ даволі часта сустракаецца вопыт прыцягнення ў адукацыйны працэс або выхаваўчую дзейнасць непрафесіяналаў, якія валодаюць пэўным жыццёвым вопытам і любяць дзяцей. Часта гэта пенсіянеры, а таксама прафесіяналы з іншых сфер. У большасці выпадкаў іх удзел носіць валанцёрскі характар і ён даволі абмежаваны (напрыклад, правядзенне факультатыўных заняткаў, ажыццяўленне гуртковай работы і г.д.). Безумоўна, гэты вопыт можна і трэба пазычаць.

Тым не менш выкладчыцкую дзейнасць на рэгулярнай аснове ажыццяўляюць выключна прафесіяналы. Тут неабходна адзначыць, што ў большасці развітых краін, для таго каб быць настаўнікам у сярэдняй школе, аднаго дыплома каледжа або ўніверсітэта недастаткова. Яшчэ неабходна атрымаць спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на ажыццяўленне педагагічнай дзейнасці”.

І.А.КАМАРОВА: “Тыя, хто матываваны на прафесію і жадае працаваць з дзецьмі, усведамляюць неабходнасць атрымання педагагічнай адукацыі. Апошнім часам да нас прыходзіць даволі шмат людзей на другую вышэйшую адукацыю. У іх або ўжо ёсць педагагічная спецыяльнасць, але няпрофільная, або ёсць эканамічная, юрыдычная ці іншая спецыяльнасць, аднак яны працуюць, напрыклад, у дзіцячым садку і хочуць атрымаць адукацыю па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Мы прымаем іх адразу на другі курс і папярэдне праводзім субяседаванне. Гэтыя людзі дакладна ведаюць, навошта ім вучыцца і што яны хочуць атрымаць на выхадзе.

Дарэчы, у многіх краінах такая практыка з’яўляецца абавязковай: перш чым паступаць ва ўніверсітэт і вучыцца, напрыклад, на сацыяльнага педагога, чалавек павінен папрацаваць з пэўнай катэгорыяй людзей і атрымаць адпаведныя рэкамендацыі. А мы прымаем усіх, і здараецца, што пасля першай практыкі студэнты расчароўваюцца ў прафесіі, мы мусім пераводзіць іх на іншыя спецыяльнасці ў рамках факультэта. Таму, як бы ні крытыкавалі завочную форму навучання, студэнты-завочнікі вельмі матываваныя. І, нават калі яны не працуюць па спецыяльнасці, у іх ёсць дзеці і пэўны жыццёвы вопыт, таму яны ўсім цікавяцца і задаюць шмат пытанняў. З імі лёгка і цікава працаваць, і нават паспяховасць у іх вышэйшая, чым у студэнтаў дзённай формы навучання”.

— І зноў прапаноўваю вярнуцца да пытання прэстыжу педагагічнай прафесіі, ад вырашэння якога ў многім залежыць і прыём на педагагічныя спецыяльнасці, і падрыхтоўка педагагічных кадраў, і, па вялікім рахунку, якасць адукацыі на ўсіх узроўнях. Хто адказны за прэстыж педагагічнай прафесіі?

В.А.БЕЙЗЕРАЎ: “Статус настаўніка і прэстыж педагагічнай прафесіі — гэта адлюстраванне меркавання і стану грамадства.

Па-першае, адказнасць за фарміраванне статусу настаўніка ляжыць на самім настаўніку, які павінен быць прафесіяналам. Настаўнік — фігура публічная, а таму ён павінен несці адказнасць за сваю працу і за кожнае сваё дзеянне або слова. Павага да самога сябе, да сваёй прафесіі, да іншых людзей, упэўненасць у сабе таксама немалаважная частка станоўчага іміджу педагога.

Па-другое, і грамадству трэба карэнным чынам памяняць сваё стаўленне да настаўніка, бо гэта такі ж высокакваліфікаваны прафесіянал, як урач, банкір, адвакат ці прадстаўнік іншай інтэлектуальнай прафесіі.

Па-трэцяе, на настаўніка нельга ўскладаць неўласцівыя яму функцыі. У яго дастаткова сваіх абавязкаў, а ўсё, што звыш, павінны выконваць іншыя спецыялісты.

Па-чацвёртае, СМІ павінны таксама павярнуцца тварам да педагога, усяляк прапагандаваць прафесію.

Безумоўна, без эканамічнага складніка таксама не абысціся. Тут шмат ужо зроблена, у прыватнасці можна прывесці вопыт дыферэнцыяцыі аплаты працы педагагічных работнікаў. У шэрагу ўстаноў адукацыі настаўнікі, якія рыхтуюць вучняў да алімпіяд, займаюцца метадычнай работай, навуковай дзейнасцю, атрымліваюць прыстойныя даплаты да акладаў. Тым не менш сярэдні заработак па галіне ўсё яшчэ істотна адстае ад паказчыкаў у рэальным сектары эканомікі”.

І.А.КАМАРОВА: “Вядома, медалісты маглі б здаць цэнтралізаванае тэсціраванне і паступіць практычна ў любы ўніверсітэт, таму, відаць, не толькі льготы вабяць іх на педагагічныя спецыяльнасці. Усё ж такі адносіны ў грамадстве да педагагічнай прафесіі мяняюцца. Сёння ўжо і ў сем’ях паступленне на педагагічныя факультэты абмяркоўваюць загадзя, а не разглядаюць іх як нейкі запасны варыянт. Бацькі самі прыводзяць да нас дзяцей, разумеючы, што з дыпломам педагога яны дакладна не застануцца без работы.

Я лічу, што адносіны да педагагічнай прафесіі ў грамадстве ў многім залежаць ад нас саміх. Калі мы будзем ныць і казаць, што наша прафесія нестатусная і непрэстыжная, то ўсе нам павераць і будуць думаць гэтак жа. Але можна знайсці ў нашай прафесіі і шмат плюсоў. Гэта і працяглы летні адпачынак, і канікулы, калі можна хоць крыху перавесці дух, і камфортныя ўмовы працы (мы працуем у цяпле і чысціні), і павага з боку дзяцей і бацькоў. А самае важнае, у жыцці педагога штодня адбываецца штосьці новае, мы мусім пастаянна расці, шмат чытаць, развівацца. Побач з дзецьмі мы надоўга застаёмся актыўнымі і маладымі душой.

Педагогам трэба ўсвядоміць: як мы самі ставімся да сваёй прафесіі, такой яна і будзе выглядаць у вачах грамадства. Калі нам падабаецца працаваць, мы атрымліваем задавальненне ад таго, што робім, і ганарымся сваёй прафесіяй, то гэта бачаць нашы вучні, якія хочуць быць падобнымі на нас. Будзе падрастаць дастойная змена, якая замацуе і статус педагога, і прэстыж педагагічнай прафесіі”.

А.В.ПАЗНЯК: “Педагагічная прафесія мае вельмі вялікі патэнцыял, для апантаных людзей яна адкрывае шматлікія перспектывы прафесійнага росту. Гэта не толькі “быць навечна выкліканым да дошкі”. У кар’ераграме сучаснага выпускніка педагагічнага ўніверсітэта — шырокі спектр прафесій і магчымых прафесійных пазіцый: і настаўнік, і сацыяльны педагог, і псіхолаг, і педагог дадатковай адукацыі, і менеджар у сферы адукацыі, і нават міністр адукацыі! А калі паглядзець на перспектыву, то ў спісе спецыяльнасцей недалёкай будучыні — дызайнер падручнікаў, мадэратар вучэбных курсаў, цьютар, коўч, гульняпедагог, трэнер па майнд-фітнесе і іншыя. Менавіта пра гэта трэба гаварыць маладым людзям, якія стаяць на парозе прафесійнага выбару: педагагічная спецыяльнасць толькі пашырыць іх жыццёвыя перспектывы, і ў будучыні ўсё, у тым ліку ўспрыманне асабістага сацыяльнага статусу і прэстыжнасці сваёй прафесіі, будзе залежаць толькі ад іх намаганняў і дасягненняў”.

В.В.ВАЛЕТАЎ: “За прэстыж педагагічнай прафесіі адказныя як самі прадстаўнікі гэтай прафесіі, так і ўсе мы. Ад таго, хто будзе выхоўваць падрастаючае пакаленне, шмат у чым залежыць далейшае развіццё ўсіх сфер нашай дзейнасці”.

Падрыхтавала
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА,
Ганны СІНЬКЕВІЧ
і з асабістых архіваў удзельнікаў круглага стала.