Школьная субота без фармалізму

- 12:30Да Рэспубліканскага педагагічнага савета, Рознае

Шосты школьны дзень… Шосты, але для вельмі многіх тыдзень пачынаецца менавіта з суботы! Гэты дзень чакаюць, ім жывуць, у ім становяцца сабой. У гэты дзень дзеці, прыгнечаныя грузам ведаў і дэфіцытам часу, стомленыя патокамі інфармацыі, адкрываюць у сабе тое, што, магчыма, стане іх пуцяводнай зоркай, што запомніцца і будзе саграваць іх усё жыццё. Яны спрабуюць, шукаюць і знаходзяць сябе. Тут няма выдатнікаў і тых, хто адстае, няма бедных і бясталентных — усе роўныя ў падыходах, на сцэне, дома ў ветэрана і на футбольным полі.

Як зрабіць школьную суботу жаданай для самой школы, для дзяцей і іх бацькоў? На гэтае пытанне для кожнага з бакоў педагагічнага працэсу адказ бу-дзе розным. Не хацелася б паўтараць тое, пра што гаворана-перагаворана. Існуе вялікая колькасць рэкамендацый, канцэпцый, праблемных артыкулаў, і, здавалася б, мэты і задачы сфармуляваны, шляхі іх дасягнення намечаны, перадавы вопыт прапагандуецца. І ўсё ж шосты школьны дзень вельмі для многіх застаецца шостым. Не прэтэндуючы на аб’ектыўнасць, пры поўнай адсутнасці жадання ператвараць свае словы ў догму, дазволю сабе звярнуцца да тых чытачоў, хто шчыра лічыць суботу неад’емным элементам усяго працэсу навучання і выхавання, вянцом школьнага тыдня.

Школьная суббота — это просто!
Пой, танцуй, читай, учись, играй!
Витамины творческого роста
Без ограничений принимай!

І праўда. Чаго прасцей? Паставіць у расклад заняткі ў творчых студыях і тэхнічных гуртках, завязаць цыклаграму класных кіраўнікоў на работу з класам у шосты школьны дзень, размеркаваць па сетцы субот мерапрыемствы, дабавіць заняткі ў спартыўных секцыях і спаборніцтвы круглагадовай спартакіяды, запланаваць экскурсійныя паездкі, паходы выхаднога дня, работу з сем’ямі — і ўсё ў парадку! Усё гэта і многае іншае робіцца. Пра што ж гаворка? Да чаго гэтая размова? На жаль, як любое жывое і карыснае пачынанне, шосты школьны дзень мае свае хваробы, свае “два крокі назад”.

Чаму субота часта ператвараецца ў спробу сагнаць дзяцей у школы, правесці ўлік іх наведвальнасці, захаваць на памяць факт іх знаходжання і ў прызначаны час адпусціць іх па дамах? Фармалізм. Вось яна, цяжкавылечная, латэнтная карозія ў любой са сфер дзейнасці, але, калі гаворка ідзе пра адносіны да дзяцей, гэта бяда. Кадры вырашаюць усё! Тысячу разоў згодны. Побач з захопленым педагогам вырастаюць святланосныя пакаленні маладых. Яны будуць ператвараць краіну, у якой мы жывём, несці гэтую эстафету радаснай творчасці, прагу спартыўных перамог, любоў да роднага краю сваім дзецям. Падтрымайце сваіх энтузіястаў, паважаныя кіраўнікі ўстаноў адукацыі, дзякуйце ім матэрыяльна і маральна пры кожным зручным моманце і не скочвайцеся да ўраўнілаўкі. Менавіта гэтыя прафесіяналы, гэтыя лакаматывы школ патрабуюць найбольшай увагі і асаблівага клопату. Яны не просяць, не лічаць гадзін і не шкадуюць сіл і часу. Наўрад ці ў школьных сценах існуе што-небудзь больш цяжкае, што патрабуе большага творчага напружання і душэўнай усмешлівасці, чым масавая інавацыйная і кантактная работа з дзецьмі. У суботу мяжа, якая раздзяляе настаўніка і вучня, мінімальная, і мы ператвараемся ў сазлучаныя сасуды. Гэта чараўніцтва шостага дня. У гэтым яго “непад’ёмнасць” для адных педагогаў і прыцягальнасць для іншых. Менавіта апошніх часта страчваюць школы, і гэтыя страты незаменныя ў першую чаргу для дзяцей. Бо кадры вырашаюць усё. Гэта раз!

Школьная субота ў кожнай школе свая. Старонкі “Настаўніцкай газеты”, зносіны з калегамі, рэспубліканскі конкурс праектаў па арганізацыі шостага школьнага дня — усё гэта дэманструе найбагацейшую мазаіку напрамкаў і форм менавіта беларускай сістэмы адукацыі. Гэты вопыт унікальны. Разнастайнасць падыходаў да арганізацыі шостага школьнага дня ў кожнай школе лагічная і павінна вітацца. Спецыфіка выклікана наяўнасцю кадраў, асаблівасцямі размяшчэння школы, яе тыпам, інфраструктурай і многімі іншымі фактарамі. Але галоўнае, як мне здаецца, неабходна вызначыць пункты сутыкнення паміж патрэбамі дзяцей і магчымасцямі самой установы або нават адукацыйнай інфраструктуры раёна. Часта нізкая (або бязрадасная) наведвальнасць школ у суботу — непасрэдны вынік таго, што дзецям проста не задалі пытанне: “Якой ты бачыш сваю школьную суботу?” Такім чынам, маніторынг меркавання навучэнцаў і бацькоў! Два!

Інфармаванне ўсімі даступнымі сродкамі! Гэта тры. Што мы — школы, установы дадатковай адукацыі — можам прапанаваць дзецям? Мала, відаць, калі ёсць толькі стэнд і сайт. Сайт не абавязковы для наведвання, а стэнд не абавязковы для прачытання. Дзеці павінны ўсё ўбачыць на свае вочы. Наведаць, дакрануцца, прыйсці ў захапленне, пазнаёміцца з педагогам, убачыць вынікі, якіх зможа дасягнуць кожны. Рэклама — рухавік не толькі гандлю, але і шанс захапіць дзіця, дапамагчы яму знайсці сябе, не даць “завіснуць” на ўсе выхадныя ў сацыяльных сетках.

Сярод мноства дарог, якія пачынаюцца ў суботу, мне як класнаму кіраўніку бліжэй за ўсё праекты. Праз сумесную творчасць, паглыбленне ў розныя віды мастацтва, спалучэнне навучання і выхавання, стварэнне свайго аўтарскага прадукту нам удаецца стварыць аптымальнае асяроддзе, зону даверу, росту і ўзаемадзеяння дзяцей, бацькоў і педагогаў. Праект, рэалізацыя якога доўжыцца часам некалькі месяцаў, — гэта заўсёды ідэя дзіцяці. Ідэя, якую мы пачулі. Такім чынам, ідэя — гэта чатыры! Ідэя — гэта скрыжаванне, дзе сустракаюцца жаданне дзіцяці, яго здольнасці, з аднаго боку, і жаданне настаўніка, яго адоранасць у якой-небудзь сферы, з другога. Вось яно, месца вашай сустрэчы! У вас ёсць узаемнае жаданне, вы маеце схільнасць да пэўных відаў дзейнасці? Ну дык займіцеся любімай справай! Усе згодны? Да сустрэчы ў суботу!

Праславутыя КТС — палачка-выручалачка для класнага кіраўніка! Хочаш не хочаш, а менавіта яны былі і будуць краевугольным каменем школьных субот. Калектыўна-творчая справа дазваляе рэалізаваць сябе кожнаму. У тым і сутнасць любога такога праекта: лішніх дзяцей не бывае, кожны важны. Ваш праект (увага!) задумваецца як складнік схільнасцей, здольнасцей, уменняў і навыкаў навучэнца і настаўніка. Праект павінен быць пасільным. Няхай невялікім, няхай простым па выкананні, але такім, які патэнцыяльна рэалізоўваецца. Галоўнае — пачаць, не баяцца дарогі, на якую вы, узяўшыся за рукі, выходзіце. Зрабіце крок, а далей усё будзе значна прасцейшым. Але прашу: азірніцеся, ці няма дзяцей, якія засталіся ўбаку? Зразумела жаданне педагога паказаць праект у лепшым ракурсе, запаланіць авансцэну дзецьмі больш яркімі. Гэта прасцей за ўсё. Але дайце шанс сціпламу, самотнаму, непрасунутаму, нявопытнаму дзіцяці. Даручыце яму ролю другога фатографа, чытальніка, дэкаратара. Няхай яно прыдумае афішу, пабудзе суфлёрам, сыграе ролю другога плана ў невялікай сцэнцы. Дайце яму зразумець, што яно вам неабходна, адшукайце ў ім струну, краніце яе, і яна загучыць на поўны голас. Пачніце з калектыўна-творчай справы! Усе сюды! Гэта пяць!

Творчая група — гэта шэсць! Усім вядомы інгрэдыенты поспеху ў любой справе — дзіцячая ініцыятыва, неабыякавыя настаўнікі і таты з мамамі! Далучэнне да праектаў педагогаў-прафесіяналаў пажадана, напрыклад, харэографа або педагога па вакале. Узровень успрымання, эмацыянальнае напружанне, а значыць, і дзейснасць духоўна-маральнага пасылу значна вышэйшыя, калі з дзіцем-выканаўцам папрацуе прафесіянал. Калі не — не бяда! Спявайце, як умееце, танцуйце ад душы, добра што рэсурсы інтэрнэту дазваляюць развучыць або капіраваць кампазіцыі любой складанасці. Даручыце гэта старшакласніцам — і, паверце, нумар будзе цудоўным! Ёсць у дзіцячай непасрэднасці, у выкананні ад душы, у аматарскай інтэрпрэтацыі вакальнага твора свая прыгажосць, пагадзіцеся. У штаце праекта абавязкова знойдзецца месца настаўніку-філолагу. Ён можа папрацаваць з вядучымі вечарыны і дэкламатарамі твораў. Настаўнік інфарматыкі прасочыць за стварэнннем мультымедыйнай прэзентацыі, мантажом відэаролікаў і аўдыяфайлаў. Настаўнікі выяўленчага мастацтва дадуць парады па афармленні сцэны і ўзначаляць выраб дэкарацый, афіш і запрашальных білетаў. Нескладаны рамонт касцюма, яго падгонка, выраб элементаў адзення і яго дэкарыраванне — гэта ў першую чаргу неацэнная дапамога настаўнікаў працоўнага навучання.

Безумоўна, арганізацыя калектыўна-творчых спраў немагчыма без садзейнічання класных кіраўнікоў. Яны непасрэдна трымаюць кантакт з навучэнцамі і іх бацькамі, праходзяць поплеч з творчай групай праз усе этапы рэалізацыі праекта, перажываюць за справу шчыра і часам вядуць у ёй рэй. Роля бацькоў як членаў творчай групы немалаважная. Бясконца хочацца паўтараць словы паважанага В.А.Сухамлінскага: “Без сям’і мы — я маю на ўвазе школу — былі б бяссільныя”. Як гэта правільна! Сем’і навучэнцаў не проста наведваюць выніковыя мерапрыемствы, яны дапамагаюць у рэпетыцыйным працэсе, прыдумваюць і праводзяць пазнавальныя віктарыны, ствараюць сцэнічныя касцюмы, дапамагаюць папаўняць прызавыя фонды праектаў і ўдзельнічаюць у экскурсійных паездках. Бацькі ў школе… Гэта добра, бо часта дзіця стараецца, вельмі стараецца, таму што ў зале будуць яго родныя. Гэта матыў! І матыў базавы.

Аншлаг! Гэта сем! Прасоўванне праекта ажыццяўляецца па некалькіх напрамках: маляўнічыя афішы пра падзею, якая адбудзецца, рэкламныя лістоўкі, якія раздаюцца школьнікам, анонс у сацыяльнай сетцы і на сайце школы і персанальныя запрашальныя білеты. Мала падрыхтаваць саму справу. Галоўнае — данесці яе да гледача. Немалаважна і тое, што школы змагаюцца за вучняў. Таму мы і завём, гаворым на ўвесь голас, павышаем статус установы і, канечне, сеем разумнае, добрае, вечнае!
Яшчэ адна вельмі важная пазіцыя. Праект не завяршаецца апусцелай глядзельнай залай. Надыходзіць час яго СМІ-прасоўвання. Добра, калі вы запрасілі тэлебачанне: сюжэт з вашымі децьмі з’явіцца на мясцовым канале, а ў вас будзе якасны відэаматэрыял, які разыдзецца па сямейных архівах. Усведамленне гэтага вельмі стымулюе дзяцей. Калі тэлебачанне — гэта рэч недаступная, шукайце аператара сярод сваіх знаёмых: у каго-небудзь ды знойдзецца камера. Памятайце, успаміны бясцэнныя!

Абавязковай умовай (і дадатковай матывацыяй) з’яўляецца артыкул у друкаваных СМІ. Не палянуйцеся, даручыце яго дзецям або напішыце самі, прыкладзіце фотаздымкі і занясіце ў рэдакцыю. Ваш матэрыял прымуць, і дзеці, убачыўшы свае імёны, свае твары, з яшчэ большым запалам пачнуць новую справу. Краіна павінна ведаць сваіх герояў у твар і пайменна!

Любы з нас, настаўнікаў, разумее, што стварае ўспамін. Ён будзе жыць у сэрцах дзяцей вельмі доўга, саграваць іх доўгія гады, выклікаць усмешку і жаданне тварыць самім. Калі ж сеяць разумнае, добрае, вечнае, калі не ў шосты школьны дзень? Ён проста створаны для таго, каб быць разам і быць сабой. Такая субота для многіх дзяцей на ўсё жыццё застанецца месцам, дзе яны былі любімымі і паспяховымі. Школьная субота — гэта вялікая праца. Даводзіцца вырашаць мноства пытанняў, пераадольваць неразуменне навакольных, звычайную чалавечую стомленасць, адчуваць дэфіцыт часу і сродкаў. Як бы там ні было, шукайце аднадумцаў, не апускайце рукі і часцей зазірайце ў вочы дзецям. Зазірайце, дарагія сябры! У іх вы знойдзеце адказы на ўсе пытанні.

Юрый БАЗЫКІН,
настаўнік англійскай мовы салігорскай сярэдняй школы № 5 Салігорска 
імя Героя Савецкага Саюза В.І.Казлова.
Фота аўтара.