Стратэгічныя вектары адукацыі

- 11:19Актуально, Апошнія запісы

Тэмай выступлення міністра адукацыі Ігара Карпенкі на рэспубліканскім семінары “Інавацыйнае развіццё — стратэгічны вектар адукацыі” сталі стан і перспектывы інавацыйнага развіцця адукацыйнай сферы нашай краіны. “Адукацыя — галіна, якая рухаецца ў агульным рэчышчы інавацыйнага развіцця краіны, грамадства і дзяржавы. Патрабаванні да адукацыйных інавацый і іх тэмп пастаянна ўзрастаюць. На рэспубліканскім педагагічным савеце кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць распрацоўкі і ўкаранення ў практыку работы ўнікальных аўтарскіх методык навучання і выхавання, якія заснаваны на жыццёвых рэаліях, на ўзаемаадносінах настаўніка і вучня. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на распрацоўку аўтарскіх методык павінен быць запыт — як дзяржавы, так і грамадства. У сувязі з гэтым перш за ўсё варта сказаць пра арганізацыю адзінай інавацыйнай адукацыйнай прасторы краіны”, — пачаў размову міністр.

У гэтым навучальным годзе працуюц­ь 865 інавацыйных устаноў адукацыі, якія рэалізуюць 69 інавацыйных тэм. Вынікам работы становяцца новыя методыкі, тэхналогіі, вучэбныя і кантрольныя матэрыялы. Педагогі інавацыйных устаноў адукацыі праводзяць майстар-класы, адкрытыя ўрокі, семінары. Настаўнікі-наватары шырока прыцягваюцца да правядзення курсаў па павышэнні кваліфікацыі. Аднак выкарыстанне такіх разавых мерапрыем­стваў ужо не можа лічыцца аптымальным. Сёння павінен рэалізоўвацца мэтанакіраваны пераход ад асобных праектаў да арганізацыі адзінай інавацыйнай адукацыйнай прасторы.

“Найважнейшым рэсурсам павышэння якасці інавацыйнай работы з’яўляецца ўзаемадзеянне інавацыйных адукацыйных устаноў. На вырашэнне гэтай задачы накіраваны праект “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. Рэспубліканскія інавацыйныя цэнтры закліканы распаўсюджваць вопыт, які ўжо апраўдаў сябе. Цэнтры павінны стаць вытворчай пляцоўкай для павышэння кваліфікацыі педагогаў, каардынаваць развіццё інавацыйнай дзейнасці па вызначаным напрамку. Усё гэта будзе садзейнічаць аптымізацыі колькасці інавацыйных пляцовак і тым самым эканоміі дзяржаўных сродкаў”, — працягваў Ігар Васільевіч.

Найважнейшым стратэгічным прыярытэтам развіцця адукацыі з’яўляецца падрыхтоўка педагагічных кадраў да работы ў новых умовах. Сучасны педагог павінен быць камунікатыўна падрыхтаваным, валодаць камп’ютарнай, прадпрымальніцкай і фінансавай пісьменнасцю. У цяперашні час распрацаваны “Прафесійна-кваліфікацыйны стандарт педагога”. Гэты дакумент павінен быць асновай падрыхтоўкі будучых і павышэння кваліфікацыі працуючых педагогаў. Па меркаванні міністра, прынцыпова важна ўзмацніць практычны складнік дадатковай адукацыі. Неацэнным рэсурсам з’яўляецца выкарыстанне вопыту лепшых педагогаў: настаўнікаў-метадыстаў, удзель­нікаў конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, стваральнікаў аўтарскіх методык і эфектыўнага вопыту.

Сярод найважнейшых прыярытэтаў развіцця інавацыйнай адукацыі — падрыхтоўка моладзі да жыцця і дзейнасці ў IT-краіне. “Інфарматызацыя сістэмы адукацыі павінна быць нацэлена на прадастаўленне электронных паслуг усім удзельнікам адукацыйнага працэсу, і ў першую чаргу — навучэнцам і іх бацькам. Штодзённасцю павінны станавіцца запатрабаваныя электронныя паслугі: электронны журнал, электронны дзённік, электронны запіс ва ўстанову адукацыі. Навучэнцы, бацькі, педагогі павінны мець пастаянны доступ да электронных адукацыйных рэсурсаў”, — лічыць міністр.

Патрабуе ўдасканалення ацэнка якасці адукацыі: “Нацыянальная сістэма ацэнкі якасці агульнай сярэдняй адукацыі прадстаўлена наступнымі кампанентамі: выпускныя экзамены ў 9 і 11 класах; маніторынг якасці агульнай сярэдняй адукацыі. У цяперашні час ажыццяўляецца распрацоўка мадэлі, крытэрыяў, паказчыкаў і метадычных рэкамендацый па развіцці нацыянальнай сістэмы ацэнкі якасці агульнай сярэдняй адукацыі з улікам міжнародных даследаванняў. Змены ў сістэме ацэнкі якасці адукацыі наспелі таксама і ў сувязі з тым, што краіна падключаецца да міжнароднай сістэмы ацэнкі якасці адукацыі PISA, падчас якой пад увагу бяруцца функ­цыянальная пісьменнасць школьнікаў у розных краінах свету і ўменне прымяняць веды на практыцы.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца незалежнай выніковай атэстацыі вучняў на другой і трэцяй ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. Створана рабочая група, у якую ўваходзяць вядучыя навукоўцы, метадысты, педагогі-практыкі, па распрацоўцы мадэлі незалежнай выніковай атэстацыі выпускнікоў базавай і сярэдняй школы, механізмаў яе рэалізацыі. Вынікі незалежнай ацэнкі адукацыйных дасягненняў вучняў будуць выкарыстоўвацца для размеркавання выпускнікоў 9-х класаў па далейшых каналах атрымання адукацыі: у профільным або базавым класе сярэдняй школы, гімназіі або ліцэі, установе прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама для прыняцця эфектыўных кіраўніцкіх рашэнняў па павышэнні якасці адукацыі.

Прапрацоўваецца пытанне магчымасці сумяшчэння выпускных экзаменаў ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі і цэнтралізаванага тэсціравання. Акрамя таго, Міністэрствам адукацыі з улікам сусветнага вопыту разглядаецца мэтазгоднасць увядзення нездавальняючых адзнак пры атэстацыі навучэнцаў па 10-бальнай сістэме”, — адзначыў Ігар Карпенка.

На сучасным этапе развіцця грамадства асаблівая ўвага павінна быць удзелена ўзмацненню выхаваўчага патэнцыялу ўрока. У сувязі з гэтым узнікае неабходнасць распрацоўкі адпаведных метадычных рэкамендацый і дыдактычных матэрыялаў, накіраваных на рэалізацыю выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў. “Выкананне названай задачы плануецца ў рамках галіновай навукова-тэхнічнай праграмы “Выхаванне праз навучанне” на 2018—2020 гады. Выхаваўчы і ідэалагічныя аспекты фарміравання светапогляду навучэнцаў фарміруюцца не толькі ў вучэбнай, але і пазавучэбнай дзейнасці. Работа носіць сістэмны характар на ўсіх узроўнях адукацыі. Яна накіравана на вырашэнне адзінай задачы — выхаванне грама­дзяніна і патрыёта, працаўніка, адказнага сем’яніна”, — рэзюмаваў міністр.

Рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй Манастырны ў сваім выступленні зрабіў акцэнт на развіцці інавацыйнай культуры сучаснага настаўніка, адзначыўшы, што асноўная роля ў гэтым належыць сістэме дадатковай адукацыі дарослых.

Святлана Леанідаўна РУМЯНЦАВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка, звярнулася да тэмы выкарыстання інавацыйных тэхналогій для павышэння якасці адукацыі: “Выкарыстанне сучасных інавацыйных тэхналогій — адзін з найбольш эфектыўных шляхоў фарміравання як прадметных ведаў і ўменняў (прадметных і агульнапрадметных кампетэнцый), так і ключавых кампетэнцый. Тэхналогіі забяспечваюць асобаснае развіццё дзіцяці за кошт памяншэння долі рэпрадуктыўнай дзейнасці ў вучэбным працэсе. Іх выкарыстанне — ключавая ўмова павышэння якасці адукацыі, памяншэння нагрузкі навучэнцаў, больш эфектыўнае выкарыстанне вучэбнага часу.

Выбар тэхналогій для ўрокаў вызначаецца перавагамі настаўніка, наяўнасцю адпаведных сродкаў навучання, стылямі пазнавальнай дзейнасці вучня, часавым рэсурсам. Самым важным крытэрыем выбару з’яўляецца мэтавая накіраванасць тэхналогіі: на ўроках трэба выкарыстоўваць тую тэхналогію, прымяненне якой здольна назапашваць у школьнікаў прадметныя веды і ўменні, стварае ўмовы для іх выхавання, станаўлення і развіцця, забяспечвае засваенне на ўроку выбраных настаўнікам кампетэнцый. Назапашаны вопыт паказвае, што аптымальнай умовай, якая забяспечвае развіццё асобы вучня, павышэнне якасці адукацыі, выступае не эпізадычнае выкананне асобных элементаў тэхналогіі, а планамернае, мэтанакіраванае выкарыстанне іх у сістэме, якая патрабуе рэалізацыі пэўных умоў і патрабаванняў.

Прывяду прыклады з асабістага вопыту педагагічнай дзейнасці па выкарыстаннні інавацыйных тэхналогій. Мяне як настаўніка турбуюць праблемы развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Для таго каб ліквідаваць гэтую праблему, я пастаралася авалодаць метадамі і прыёмамі развіцця пазнавальнай актыўнасці вучняў, у тым ліку і інтэрактыўнымі, якія прымяняю ў прафесійнай дзейнасці і зараз. Інтэрактыўныя метады навучання вельмі эфектыўныя, бо яны ўключаюць кожнага вучня ў працэс засваення вучэбнага матэрыялу, вучаць працаваць з камандай і ў камандзе, быць адказным за сумесную і асабістую дзейнасць, садзейнічаюць высокай ступені матывацыі, максімальнай індывідуальнасці навучання, прадугледжваюць шырокія магчымасці для творчасці, самарэалізацыі навучэнцаў. Вось некаторыя з іх: дыскусіі, дэбаты, праекты, прэзентацыі, дзелавыя, сюжэтна-ролевыя, дыдактычныя гульні, віртуальныя падарожжы і экскурсіі, работа з друкаванымі матэрыяламі і многія іншыя.

Маё прафесійнае жыццё — гэта пастаянны пошук у супрацоўніцтве з вучнямі. Пошук новых прыёмаў, метадаў навучання прывёў мяне да стратэгіі актыўнай ацэнкі. Актыўная ацэнка — тэхналогія навучання, заснаваная на якаснай зваротнай сувязі. Яна прызнана найлепшай для паляпшэння матывацыі і вучнёўскіх дасягненняў, асабліва для тых, хто мае праблемы з вучобай. Актыўная ацэнка эфектыўна рыхтуе маладых людзей вучыцца на працягу ўсяго жыцця, браць адказнасць за сваё навучанне.

“Як падрыхтаваць дзіця да жыцця ў такім зменлівым свеце?” — задалася пытаннем настаўніца біялогіі Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Ірына Леанідаўна СЯРКО. — Так, у маім багажы з’явіўся кейс-метад — метад аналізу канкрэтных сітуацый. Выкарыстанне гэтага метаду ў 7—9 класах дазваляе звесці аб’ём тэорыі да жыццёвага ўсведамлення і прымянення, а не механічнага зазубрывання. А самае галоўнае, навучыць дзіця метадалогіі пазнання.

Атрымліваючы рэалістычную, асобасную і сацыяльна значную сітуацыю, навучэнцы працягваюць яе рашэнне ў пазаўрочнай дзейнасці або дома. Яны прапануюць розныя спосабы вырашэння праблемы (кейса), якая ператвараецца ў практычнае міні-даследаванне або ў цэлую даследчую работу. Неабходнасць укаранення метаду ў адукацыйны працэс, на мой погляд, абумоўлена далучэннем Беларусі да міжнароднай сістэмы ацэнкі якасці адукацыі PISA, дзе ў ходзе ацэнкі якасці адукацыі навучэнцы будуць рашаць кейс-заданні”.

Дырэктар сярэдняй школы № 34 Магілёва Ігар Віктаравіч ЯКІМЕНКА, гаворачы пра дзейнасць школы ў інавацыйным рэжыме (школа ў ім працуе з 2008 года), адзначыў: “Сёння практычна любая змена ў сферы адукацыі прэтэндуе на інавацыйны статус. Масавы характар прыводзіць да таго, што інавацыйная дзей­насць часам падмяняецца педагагічным вынаходніцтвам без істотных новаўвядзенняў. Інавацыі — гэта змест магчымых змяненняў педагагічнай рэчаіснасці, якія вя­дуць да раней не вядомага стану, выніку, якія развіваюць тэорыю і практыку навучання і выхавання.

Хацелася сказаць яшчэ аб адным фактары рызыкі: непрыманне змен педагогамі і непадрыхтаванасць да іх вучняў — галоўны тормаз шырокага ўкаранення інавацый у вучэбным працэсе. Гэта з’явілася штуршком да прыняцця кіраўніцкага рашэння ўдасканаліць сістэму метадычнай работы ў школе праз рэалізацыю кіраўніцкага праекта “Кіраванне сістэмай метадычнай работы ў школе як аснова павышэння якасці адукацыі”, які праходзіць паралельна з інавацыйным.

Каб рэалізаваць мэты праекта, была складзена матрыца прыярытэтных напрамкаў, якія забяспечваюць павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.

  1. Умовы для навучання педагогаў: рэструктурызацыя зносін у рамках метадычных аб’яднанняў (сістэмнае правядзенне пасяджэнняў МА ў новых формах), арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне маладых спецыялістаў, ІКТ у метадычнай рабоце, дыстанцыйнае навучанне, удасканаленне матэрыяльнай базы, выкарыстанне ў метадычнай рабоце інавацыйнага педагагічнага вопыту, сфарміраванага ў ходзе рэалізацыі інавацыйных праектаў, як вучэбнага рэсурсу.
  2. Умовы для развіцця прафесіяналізму: трэнінгі, майстар-класы, стварэнне электронных партфоліа (новыя формы абагульнення перадавога педвопыту), кіраванне самаадукацыяй, удзел у інтэрнэт-канферэнцыях.
  3. Механізмы матэрыяльнага і маральнага стымулявання: лакальныя дакументы (калектыўны дагавор, палажэнні аб узнагароджанні граматай, падзячным лістом), удзел у прафесійных конкурсах (3 педагогі з’яўляюцца пераможцамі і лаўрэатамі прафесійных конкурсаў ад гарадскога да рэспубліканскага ўзроўню), абнаўленне кадраў (на аснове палажэння аб кадравым рэзерве), удасканаленне сістэмы атэстацыі.
  4. Развіццё прафесійных суполак: метадычныя міжпрадметныя фарміраванні, членства ў рэспубліканскім і абласным клубах “Настаўнік года”, у беларускім педтаварыстве, удзел у творчых сустрэчах, фэстах.
  5. Фарміраванне пазітыўнага вобраза школы і настаўніка: выступленні ў СМІ, школьная прэса, развіццё сайта школы, міжнароднае супрацоўніцтва (Тула, Бранск).

На гэтай базе фарміруецца гатоў­насць да ўспрымання, ацэнкі і рэалізацыі педагагічных інавацый у рамках стройнай сістэмы кіравання эфектыўным арганізацыйна-метадычным забеспячэннем павышэння якасці адукацыі. Педагог можа выступаць у якасці аўтара, распрацоўшчыка, даследчыка, карыстальніка і прапагандыста новых педагагічных тэхналогій, тэорый, канцэпцый. Кіраванне гэтым працэсам забяспечвае мэтанакіраваны адбор, ацэнку і прымяненне ў дзейнасці вопыту калег або прапанаваных навукай новых ідэй, методык”.

Настаўнік працоўнага навучання настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 13 Жлобіна Дзмітрый Барысавіч ДОЎНАР падняў пытанне ролі працоўнага навучання ў станаўленні і далейшым жыцці выпускнікоў:

— Навучэнцаў 10—11 класаў прыцягне прафесійная падрыхтоўка толькі тады, калі ў іх рэальна будзе магчымасць атрымліваць не проста ўяўленне аб прафесіі, а прафесію з адпаведным пасведчаннем дзяржаўнага ўзору. Патрэбна практычная прафесійная падрыхтоўка са здачай дзяржаўных кваліфікацыйных экзаменаў. Рэальным у мэтах узняцця прэстыжу прадмета і ўзроўню тэхнічнай падрыхтоўкі вучняў лічу набыццё імі ўстойлівых працоўных навыкаў і ўменняў, неабходных у далейшым самастойным жыцці, арганізацыю вучэбнай дзейнасці ў школьных майстэрнях, заснаваную на рэальнай вытворчай дзейнасці. Калі не ў 5—6 класах, то ў 7, 8, 9 класах, калі аб’ектамі працы на ўроках стануць канкрэтныя вырабы, можа быць, не на продаж, а хаця б для ўласных патрэб школы, іншых устаноў аддзела адукацыі. Мы можам вырабляць сіламі навучэнцаў шуфлікі, граблі, ручкі для рыдлёвак, грабляў і іншага інструменту, рыдлёўкі для ўборкі снегу. Наш вопыт паказвае, што гэта ўсё магчыма і прыбыткова.

Заўважце, у такім выпадку бюджэтныя сродкі, якія выдзяляюцца на гаспадарчыя патрэбы, напрыклад, на набыццё ўборачнага інвентару і пасцельнай бялізны ў ганд­лёвай сетцы, будуць працаваць на забеспячэнне вучэбнага працэсу, а не сыходзіць незваротна. Выгада больш чым відавочная. Больш за тое, такая арганізацыя заняткаў, заснаваная на матэрыяльнай вытворчасці, найбольш эфектыўная для выхавання працавітасці, культуры працы, самастойнасці, а таксама для фарміравання ведаў, уменняў і навыкаў.

Як жа арганізаваць матэрыяльна-вытворчую дзейнасць на практыцы? Патрэбен план вытворчасці вырабаў, заснаваны на рэальных заказах школ, дзіцячых садкоў і інш. Для рэалізацыі гэтага плана трэба матэрыяльнае забеспячэнне: матэрыялы, нарыхтоўкі, крапежныя дэталі, інструменты і прыстасаванні. Няма неабходнасці набываць дадатковае абсталяванне і інструменты. Цалкам дастаткова таго, што павінна быць у вучэбных майстэрнях згодна з нормамі забеспячэння ў адпаведнасці з вучэбнымі праграмамі.

Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 11 Маладзечна Віктар Эдуардавіч ЖУК гаварыў пра неабходнасць прафесійнага развіцця педагога ва ўмовах мадэрнізацыі адукацыйнага працэсу:

“Сярод новых падыходаў да прафесійнага развіцця настаўніка асобнай увагі заслугоўвае рэалізацыя прынцыпу “роўны навучае роўнага”, сутнасць якога заключаецца ў распаўсюджванні перадавога педагагічнага вопыту шляхам арганізацыі прафесійнай камунікацыі педагогаў: адкрытыя ўрокі, майстар-класы для педагогаў розных рэгіёнаў рэспублікі. Вялікая роля ў гэтым працэсе належыць клубу “Крыштальны журавель”, які быў створаны ў 2007 го­дзе. Клуб працуе пры падтрымцы Міністэр­ства адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. За 10 гадоў ён стаў вядомай і прызнанай суполкай педагогаў, якія маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, адэкватна ацэньваюць сябе і іншых і гатовы ўдзельнічаць у вырашэнні многіх праблем нашай адукацыі. У рамках праграмы “Настаўнік года” — адукацыі Рэспублікі Беларусь” “жураўлі” правялі для настаўнікаў больш за 500 адкрытых урокаў і больш за 500 майстар-класаў, а таксама 6 рэспубліканскіх фестываляў педагагічнага майстэрства. Члены клуба ўдзельнічаюць у правядзенні экспертызы праграм па вучэбных прадметах, рэцэнзаванні падручнікаў, у якасці лектараў працуюць на курсах павышэння кваліфікацыі на базе АПА і рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, выступаюць у тэле- і радыёперадачах.

З мэтай павышэння якасці метадычнай работы з педагагічнымі кадрамі, стварэння ўмоў для развіцця ініцыятывы творча працуючых педагогаў была складзена і зацверджана праграма развіцця прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў “Настаўнік-метадыст — адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Праграма ўяўляе сабой комплекс мерапрыемстваў па суправаджэнні бесперапыннага прафесійнага развіцця педагагічных работнікаў з дапамогай прыцягнення да метадычнай работы педагогаў, якія маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Настаўнікаў, якія маюць такую кваліфікацыйную катэгорыю, можна назваць педагагічнай элітай, якая істотна ўплывае на якасць адукацыі ў нашай краіне”.

Разам з тым настаўнікі, як і паэты, павінны быць “добрыя і розныя”, і мяккія, і жорст­кія, і рацыянальныя, і эмацыянальныя. Не павінна быць толькі абыякавых настаўнікаў. Гэта ў сваім выступленні падкрэсліла настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Ваўкавыска Людміла Віктараўна ЗАЯЦ: “Каб вучань адчуў сябе ўпэўненым і значным у грамадстве, яму патрэбен мудры настаўнік. Але і сам настаўнік павінен пастаянна працаваць над сабой, імкнуцца быць цікавым і сучасным, удасканальваць, адточваць майстэрства. Мая прафесія дае магчымасць пастаянна развівацца, удасканальвацца, вучыцца. Натхняльнікі гэтых перамен — мае вучні, іх бацькі, калегі. У маім жыцці кожны дзень адбываюцца цуды: сталеюць і становяцца асобамі ўчарашнія першакласнікі, яны адкрываюць у сабе здольнасці і таленты. Зазіраючы ў люстэрка іх вачэй, разумееш, што павінен аддаць усё лепшае. І няхай вынік будзе відавочны не так хутка, але збожжа пасеяна і дасць усходы. Як не пагадзіцца з народнай мудрасцю, якая абвяшчае: “Ад добрага дрэва добры і плён”. Жыць і тварыць у такім садзе — мая любімая праца”.

Настаўніца матэматыкі настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 1 Драгічына Алена Барысаўна ПРАТАСЕВІЧ падкрэсліла, што выхаванне ў працэсе выкладання прадмета — найважнейшая задача педагога:

“Існуе мноства падыходаў у навучанні, якія прадугледжваюць унясенне ўкладу ў выхаванне і развіццё. І перш за ўсё гэта розныя актыўныя і інтэрактыўныя прыёмы і метады навучання. Усе актыўныя метады маюць на ўвазе раўназначны ўдзел настаўніка і вучняў у вучэбным працэсе. Гэта значыць, дзеці выступаюць як роўныя ўдзель­нікі і стваральнікі ўрока. Прэзентацыі навучэнцаў, выкарыстанне аналогій, дыдактычныя гульні, праблемныя лекцыі, якія з’яўляюцца яркімі прыкладамі актыўных прыёмаў і метадаў навучання, спрыяюць развіццю такіх якасцей асобы, як упэўне­насць ва ўласных сілах, настойлівасць, крэатыўнасць, смеласць у меркаваннях, мэтанакіраванасць і мабільнасць. Яшчэ большы ўклад у выхаванне закліканы ўнесці інтэрактыўныя метады, якія маюць на ўвазе, што не толькі настаўнік прыцягвае дзяцей да працэсу навучання, але і самі навучэнцы, узаемадзейнічаючы адно з адным, уплываюць на матывацыю кожнага вучня.

Настаўнік выконвае ролю памочніка, або фасілітатара. Яго задача — стварыць умовы для ініцыятывы дзяцей. Найбольш вядомыя інтэрактыўныя прыёмы і метады — круглы стол, акварыум, дзелавыя гульні, розныя эўрыстычныя прыёмы, даследчыя метады і іх прыватны выпадак — метад праектаў. Усе яны прадугледжваюць стварэнне ўмоў для развіцця пазнавальных, творчых навыкаў навучэнцаў, уменняў самастойна канструяваць свае веды, арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, для развіцця крытычнага мыслення, заснаванага на аналізе сітуацыі, самастойным пошуку інфармацыі, пабудовы лагічнага ланцужка і прыняцця ўзважанага і аргументаванага рашэння.

Пры гэтым варта адзначыць, што ў большай ступені развіццю творчых якасцей асобы, пазнавальнай актыўнасці, самастойнасці, здольнасці да самаадукацыі ў рамках прымянення інтэрактыўных метадаў спрыяе ўцягванне навучэнцаў у даследчую дзейнасць. Менавіта ў ходзе даследавання ў вучняў фарміруецца навуковы светапогляд, развіваецца мысленне і пазнавальная самастойнасць. Асобнай увагі заслугоўвае і такі метадычны прыём, як стварэнне сітуацый асобаснага развіцця. Гэта можа быць, напрыклад, абмеркаванне ў рамках вучэбных заняткаў фактаў з біяграфій навукоўцаў. Напрыклад, Жозэф Луі Лагранж, які ўвёў паняцці арксінуса і арккосінуса, перад смерцю сказаў сваім сябрам: “Я зрабіў сваю справу, нікога ніколі не ненавідзеў і не рабіў нікому зла”. З’яўляючыся дарадцам Напалеона, стаўшы ў 30 гадоў прэзідэн­там Берлінскай акадэміі навук, ён заўсёды заставаўся перш за ўсё Чалавекам з вялікай літары”.

Галіна Анатольеўна СУХАВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст гімназіі № 5 Віцебска, засяродзіла ўвагу на падручніку XXI стагоддзя:

“Адным з кірункаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне мадэрнізацыі зместу адукацыі з’яўляецца абнаўленне вучэбнага зместу ў логіцы кампетэнтнаснага падыходу, што патрабуе напісання новых школьных падручнікаў. Адна з асноўных задач, якія с­таяць перад аўтарамі падручнікаў, — падручнік павінен быць арыентаваны на развіццё ўменняў вучняў прымяняць атрыманыя тэарэтычныя веды і практычныя ўменні не толькі па гэтым вучэбным прадмеце, але і па іншых прадметах і ў рэальным жыцці. Звернемся да падручніка па беларускай літаратуры, адным з суаўтараў якога я з’яўляюся. Пастараюся акцэнтаваць увагу на тым, як са зменай зместу мяняецца змест і характар дзейнасці настаўніка.

Новы падручнік па беларускай літаратуры для 7 класа напісаны на ідэях кампетэнтнаснага падыходу, паводле якога засваенне зместу навучання накіравана на фарміраванне асобасных, метапрадметных і прадметных кампетэнцый вучняў. Рэалізацыя такога падыходу прадугле­джана падручнікам ва ўзмацненні метадычнага апарату, у з’яўленні прынцыпова новай лінейкі заданняў і пытанняў для вучняў пры вывучэнні тэкстаў мастацкіх твораў. Галоўнае, да чаго мы імкнуліся,— стварыць умовы для развіцця пазнавальнай цікавасці сямікласнікаў, выхавання мастацка-эстэтычнага густу і фарміравання цэласнага светапогляду пры навучанні беларускай літаратуры.

Як вы разумееце, інавацыйнасць нашага падручніка заключана ў прынцыпова новай лінейцы прыёмаў метадычнага апарату падручніка. Літаратурны матэрыял у падручніку для 7 класа падаецца асобнымі цыкламі-блокамі, якія аб’ядноўваюць творы, падобныя па сваіх ідэйна-тэматычных і мастацкіх якасцях, выяўляюць пэўныя спецыфічныя асаблівасці літаратуры.

Калі раней настаўнік добра валодаў зместам падручніка, то яго задача зво­дзілася да паведамлення звестак. Для эфектыўнага выкарыстання новага падручніка літаратуры настаўніку мала быць добрым і цікавым апавядальнікам, трэба вало­даць інфармацыйнымі ўменнямі, каб самому арыентавацца ў навігацыйным апараце падручніка і дапамагчы ў гэтым вучням. Падручнік цесна “супрацоўнічае” з Нацыянальным адукацыйным парталам. Мы, выкарыстоўваючы спецыяльныя ўмоўныя знакі, падказваем настаўнікам і вучням электронныя вучэбныя рэсурсы, якія змяшчаюць партрэты і кароткія звесткі пра аўтараў мастацкіх твораў, кароткі аналіз мастацкага твора, спасылкі на заданні і коды для праверкі ведаў пры дапамозе смартфона ці планшэта.

Да сур’ёзных здабыткаў новага падручніка можна аднесці артыкулы, якія знаёмяць сямікласнікаў з асноўнымі паняццямі тэорыі літаратуры. Яшчэ адным здабыткам падручніка з’яўляецца шматгалоссе: пастаяннае запрашэнне чытачоў да абмеркавання праблемных пытанняў, да дыскусіі. Унікальнай у гэтым сэнсе з’яўляецца рубрыка “Абмяркоўваем разам”. Каб эфектыўна выкарыстаць на ўроку такі метадычны інструмент падручніка, настаўніку неабходна валодаць спосабам арганізацыі парнай і групавой работы, навучыць дзяцей так званым мяккім уменням супрацоўніцтва, рабоце ў парах пастаяннага і зменнага складу, засвоіць правілы правядзення вучэбных дэбатаў і дыскусій.

Падручнік — інструмент для навучання. Ніхто не спрачаецца з тым, што прафесія настаўніка — адна з самых складаных. Але яна ж і адна з самых цікавых і творчых. Хіба не? Любы падручнік не будзе перашка­джаць творчаму настаўніку нават тады, калі будзе выконваць толькі функцыю зборніка мастацкіх твораў. Самы наватарскі падручнік будзе зламаным інструментам у арсенале настаўніка, які слаба падрыхтаваны для яго выкарыстання”.

Настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 3 Оршы Андрэй Міхайлавіч ІВАНОЎ гаварыў пра выкарыстанне патэнцыялу абноўленага зместу вучэбнага прадмета “Гісторыя” ў працэсе навучання:

“З 1 верасня 2015 года пачаў ажыццяўляцца пераход на адносную заверша­насць навучання на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта азначае, што вучань, які скончыў 9 класаў, павінен атрымаць неабходны і дастатковы аб’ём ведаў, уменняў і навыкаў, якія дазволяць яму паспяхова сацыялізавацца, выбраць кірунак для працягу адукацыі, вызначыць будучую сферу прафесійнай дзейнасці. Прынцып адноснай завершанасці рэалізуецца ў змесце вучэбных прадметаў “Гісторыя Беларусі” і “Сусветная гісторыя”. Калі раней змест школьнай гістарычнай адукацыі структураваўся на аснове лінейнага прынцыпу, згодна з якім вучні вывучалі гісторыю ў храналагічнай паслядоўнасці, то зараз у пабудове зместу гістарычнай адукацыі рэалізуецца канцэнтрычны прынцып. Гэта азначае, што навучэнцы будуць вывучаць увесь перыяд гісторыі — ад старажытных часоў да цяперашняга часу з 5 па 9 клас. У 10—11 класах таксама будзе вывучацца ўвесь названы перыяд гісторыі, але на больш высокім праблемна-тэарэтычным узроўні, які прадугле­джвае ўвядзенне новых тэарэтычных ведаў, іх абагульненне і сістэматызацыю.

З пачаткам пераходу на адносную завершанасць навучання на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі ўзнікла неабходнасць у абнаўленні вучэбных праграм. Створаныя новыя вучэбныя праграмы дазваляюць знізіць вучэбную нагрузку, бо ў іх вызначаны асноўныя віды вучэбнай дзейнасці, якія рэкамендуецца выкарыстоўваць на ўроках; канкрэтна прапісана, што вучні павінны ведаць і ўмець, каб настаўнік кантраляваў веды і ўменні навучэнцаў па зада­дзеных крытэрыях і паказчыках; скарочаны пералік гістарычных дат, паняццяў, асоб, абавязковых для запамінання; вывучэнне асобных, складаных для ўспрымання тэм перанесена ў старшыя класы альбо перакладзена з базавага ўзроўню вывучэння на павышаны; асобныя тэмы будуць вывучацца на ўзроўні агульнага ўяўлення. Акрамя таго, праграмамі вызначана, што асноўны вучэбны матэрыял павінен засвойвацца на ўроку, а для дамашняга задання можа прапаноўвацца толькі той матэрыял, які засвоены на вучэбных занятках.

Сёння адукацыя павінна рыхтаваць не толькі чалавека ведаў, але і чалавека кампетэнцый, які будзе запатрабаваны ў сучасным грамадстве. Мне як настаўніку гісторыі прыемна бачыць, што новыя праграмы і падручнікі пабудаваны на аснове кампетэнтнаснага падыходу, які прадугледжвае такое вызначэнне мэт, зместу, метадаў, сродкаў, вынікаў навучання, якія спрыяюць фарміраванню гатоўнасці вучняў да жыццядзейнасці ў зменлівым свеце”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота БелТА.