Стратэгія развіцця навукі прызначана сфарміраваць кадравы патэнцыял маладых вучоных

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

Стратэгія “Навука і тэхналогіі: 2018—2040” прызначана сфарміраваць кадравы патэнцыял маладых вучоных. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Андрэй Белякоў.

Стратэгія, вылучаная на шырокае абмеркаванне грамадскасці напярэдадні II з’езда вучоных Беларусі, які пройдзе 12—13 снежня ў Мінску, як адзначыў сенатар, “па сутнасці з’яўляецца дарожнай картай у развіцці беларускай навукі і накіравана на фарміраванне кадравага патэнцыялу маладых вучоных — будучай эліты беларускага грамадства”.

А.Белякоў падкрэсліў, што навуковая галіна патрабуе планавага і сістэмнага падыходу. “У праекце стратэгіі вялікае месца адведзена падрыхтоўцы маладых навуковых кадраў, што, безумоўна, будзе садзейнічаць павышэнню аўтарытэту навуковай дзейнасці і прэстыжу прафесіі вучонага. Пацвярджэнне гэтага — пастаўленая задача прадумаць сістэму мер па дадатковай матывацыі, абароненасці маладых таленавітых людзей, якія прыходзяць сёння ў навуку”, — дадаў Андрэй Белякоў. Паводле яго слоў, з’езд збярэ не толькі карыфеяў навукі, але і зусім маладых людзей — удзельнікаў стартапаў, пераможцаў Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, вынаходнікаў, якія з’яўляюцца лаўрэатамі шматлікіх прэмій, у тым ліку міжнародных.

Праект стратэгіі прадугледжвае меры па стварэнні спрыяльнага нарматыўнага прававога асяроддзя, якое садзейнічала б павышэнню эфектыўнасці навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Прадугледжваецца фарміраванне дзейснай сістэмы аховы, выкарыстання і абароны вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці. Андрэй Белякоў адзначыў, што нядаўна ў Савеце Рэспублікі былі адобраны папраўкі ў Закон аб патэнтах на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры. Законапраект прадугледжвае шэраг навацый. Напрыклад, удакладняюцца азначэнне “вынаходства”, аб’екты вынаходства, пералік рашэнняў, якія не прызнаюцца патэнтаздольнымі вынаходствамі. Вынаходствам, якому прадастаўляецца прававая абарона, прызнаецца тэхнічнае рашэнне ў любой галіне, якое з’яўляецца новым, мае вынаходніцкі ўзровень і прамыслова прымяняльнае. Павялічваецца таксама максімальны тэрмін дзеяння патэнта на карысную мадэль з 8 да 10 гадоў. Пашыраецца кола асоб, за якімі прызнаецца права на атрыманне патэнтаў, і ўдасканальваюцца нормы, што вызначаюць працэдуру іх выдачы. Акрамя таго, прадугледжваецца магчымасць спагнання кампенсацыі ў якасці дадатковага спосабу абароны выключнага права на вынаходства, карысную мадэль, прамысловы ўзор. Законапраект прыняты абедзвюма палатамі беларускага парламента.