Сцяг узнялі алімпійцы

У гонар яго спартыўнага дасягнення ўздымаўся сцяг Беларусі на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра. Сярэбраны прызёр XXXI Летніх Алімпійскіх гульняў аспірант Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Іван Рыгоравіч Ціхан у Дзень ведаў узняў сцяг роднай альма-матар на ўрачыстай цырымоніі, прысвечанай пачатку новага навучальнага года.

На ўрачыстасць сабралася каля 900 студэнтаў-купалаўцаў, выкладчыкі і кіраўніцтва ўніверсітэта, ганаровыя госці. Сярод ганаровых гасцей былі таксама і студэнты-алімпійцы — студэнты факультэта фізічнай культуры Павел Барэйша і Алена Собалева, якія, як і іх старэйшы таварыш, удзельнічалі ў спаборніцтвах па кіданні молата.

На плошчу ўніверсітэцкага сцяга, дзе па традыцыі адбываюцца ўрачыстыя мерапрыемствы, сцяг ГрДУ ўнеслі прадстаўнікі каардынацыйнага савета студэнтаў і студэнцкага савета валанцёраў, пераможцы міжнародных алімпіяд і спартыўных спаборніцтваў.

Да студэнтаў і выкладчыкаў звярнуўся рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Кароль, які пажадаў поспехаў усім універсантам і пажадаў здабываць тыя веды, якія мяняюць чалавека, нараджаюць новыя веды і вучаць аналізаваць. А.Д.Кароль уручыў падзячныя лісты сярэбранаму прызёру XXXI Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра Івану Ціхану, Паўлу Барэйшу і Алене Собалевай, студэнтам-актывістам за актыўны ўдзел у культурных мерапрыемствах.

Аспірант Іван Рыгоравіч Ціхан павіншаваў усю купалаўскую супольнасць з пачаткам новага навучальнага года, пажадаў праслаўляць свой універсітэт добрымі справамі ва ўсіх галінах і на ўсіх арэнах.

Універсітэт ганарыцца сваімі алімпійцамі-пераможцамі. Побач з партрэтам Івана Ціхана ў галерэі спартыўнай славы знаходзяцца партрэты сусветна вядомых спартсменаў Алены Валчэцкай, Вольгі Корбут, Ірыны Шылавай, Канстанціна Лукашыка. А аўтограф “Роднаму ўніверсітэту ад І.Ціхана”, які ён даў у першыя хвіліны ў мінскім аэрапорце прадстаўнікам ўніверсітэта на чале з рэктарам, якія яго сустракалі, напэўна, стане адным з галоўных экспанатаў музея гісторыі ГрДУ.

Спорт высокіх дасягненняў вырастае з масавай фізічнай культуры. Спорт і здаровы лад жыцця — прыярытэт для многіх студэнтаў і выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Як паведамілі ў Цэнтры па сувязях з грамадскасцю ГрДУ, новы навучальны год пачынаецца з тыдня спорту і здароўя, на працягу якога пройдуць масавыя спартыўныя мерапрыемствы па валейболе, настольным тэнісе, тэнісе на кортах, стрытболе, міні-футболе, паўэрліфтынгу і сілавой гімнастыцы. Для першакурсніц майстар-клас па валейболе дадуць члены жаночай зборнай універсітэта па гэтым відзе спорту. 4 верасня каманда ГрДУ прыняла ўдзел у Мінскім паўмарафоне.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юліі ГАРАШНЯКОВАЙ.