Студатрады на старце

- 10:33Актуально, Апошнія запісы

На плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь у Мінску стартаваў трэці працоўны семестр — 2017, які арганізоўвае Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прыняло ўдзел больш за 800 студатрадаўцаў, ветэранаў руху. У кожнага да адзення была прымацавана чырвона-зялёная стужка з яблыневай кветкай. Так удзельнікі ўрачыстасці далучыліся да патрыятычнай акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі”.

Камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў ЦК БРСМ Надзея Шахоўская далажыла аб гатоўнасці зводных студэнцкіх атрадаў Рэспублікі Беларусь да адкрыцця працоўнага семестра 2017 года першаму сакратару Цэнтральнага камітэта БРСМ Андрэю Белякову, і семестр быў аб’яўлены адкрытым. Пачалося ўручэнне пуцёвак зводным атрадам з рук кіраўнікоў і прадстаўнікоў галіновых міністэрстваў, ведамстваў.

Зводнаму педагагічнаму атраду працоўную пуцёўку ўручыў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка, а ўсе прысутныя студатрадаўцы пачулі ад яго добрыя словы і пажаданні.

— Гляджу на вас з пэўнай настальгіяй, дарагія хлопцы і дзяўчаты, — сказаў кіраўнік галіновага міністэрства, — бо сам калісьці, у далёкія 80-я гады, калі быў студэнтам педагагічнага ўніверсітэта, тады інстытута, удзельнічаў у гэтым руху, выязджаў у Ніжнявартаўск, Стаўрапольскі край, Рэспубліку Малдова. Гэта незабыўныя дні не толькі зносін з сябрамі, таварышамі, але і незабыўныя сумесныя справы, якія мы здзяйснялі на карысць нашай Айчыны, тады вялікай, адзінай і цэлай. Сімвалічна, што студатрадаўскі рух сёння падтрымліваецца на самым высокім узроўні ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь, што рух пераняў не проста лепшыя традыцыі з перыяду Савецкага Саюза, але надае ім новае гучанне, новыя цікавыя пачынанні.

Ігар Васільевіч таксама адзначыў, што ён удзячны ўсім, хто актыўна арганізоўвае дзейнасць студэнцкіх атрадаў, як і тым, хто вырашыў стаць на шлях студатрадаўскага руху, бо гэта не толькі зносіны і сумесная праца, але і набыццё дадатковых прафесійных навыкаў, без якіх не можа адбыцца сучасны спецыяліст. Гэта своеасаблівая пляцоўка для практыкі будучых прафесіяналаў: калі студэнт педагагічнай УВА працуе з дзецьмі, ён набывае дадатковыя ўменні і навыкі для педагагічнай прафесіі; калі будучы інжынер-будаўнік едзе ў будаўнічы атрад і працуе на ўзвядзенні атамнай электрастанцыі, бачыць працэс з самага пачатку, то гэта таксама пашырае яго прафесійны кругагляд, дае магчымасць папрацаваць у камандзе, набыць навыкі калектыўнай работы, чаго і патрабуе сучаснасць. Адным словам, лічыць І.В.Карпенка, студатрады прайшлі праверку жыццём і часам.

Частка такіх будучых спецыялістаў, якія вырашылі ўдзельнічаць у студатрадаўскім руху, уваходзіць у склад педагагічнага атрада “Імпульс” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Камісар атрада Ціхан Урбан, студэнт Інстытута псіхалогіі БДПУ, расказаў, што летась працаваў у складзе гэтага атрада ў аздараўленчым комплексе “Ракета”, размешчаным недалёка ад Мінска, і стаў лепшым байцом атрада.

— Я вельмі хацеў працаваць у педатрадзе, — расказвае Ціхан, — але трапіць у яго не так проста. Неабходна быць актыўным студэнтам з добрай паспяховасцю. Летась я працаваў у комплексе ўсе чатыры змены. Галоўным матывам для мяне было жаданне нешта карыснае даць дзецям, папрактыкавацца.

Ад Дзяржынскай раённай арганізацыі БРСМ на цырымоніі адкрыцця трэцяга працоўнага семестра прысутнічаў атрад абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя (Мінская вобласць). Удзельнікі будаўнічага атрада “Прамень”, які дзейнічае не першы год, працуюць на будоўлях раёна, зарабляючы пэўныя грошы. Але не гэта галоўнае, запэўнівае камандзір атрада.

— Студэнцкі атрад — гэта дух, гэта выхаванне патрыятызму, любові да сваёй прафесіі, гэта новыя сябры, тым больш што да нас звяртаюцца і маладыя людзі, якія не вучацца ў ліцэі (яны таксама могуць быць членамі атрада). Справа добраахвотная, і пры гэтым у нас заўсёды існуе чарга на запіс у атрад, — тлумачыць камандзір атрада “Прамень” Кірыл Шык.

Прынамсі, пачынаючы з 2003 года студатрадаўскі рух аб’яднаў 940 000 маладых людзей. Так, у трэцім працоўным семестры 2016 года ў складзе 3857 будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, сэрвісных, экалагічных, медыцынскіх і вытворчых атрадаў працавала больш за 70 тысяч дзяўчат і хлопцаў, яшчэ 1906 маладых людзей працаўладкаваліся індывідуальна.

Студатрадаўцы працавалі на будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі (Усебеларуская маладзёжная будоўля), абласных і мінскай гарадской будоўлях, будаўніцтве трэцяй лініі мінскага метро, Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень” і г.д.

Сёлета названыя лічбы абновяцца, будзем спадзявацца, што ў бок павелічэння. А масава працаваць студэнты і навучэнцы ў складзе студатрадаў пачнуць пасля заканчэння летняй сесіі. Штабы працоўных спраў устаноў вышэйшай адукацыі ў сваю чаргу штотыднёва праводзяць прома-акцыю “Выбіраем студатрад!” па запісе на работу ў атрады рознага профілю. “Труд — крут!” — так гучыць сёлетні слоган акцыі. Так называлася і працоўная акцыя, якая стала важнай часткай адкрыцця семестра: байцы студатрадаў заняліся добраўпарадкаваннем мінскага стадыёна “Дынама”, які знаходзіцца на рэканструкцыі, і тэрыторыі, якая да яго прылягае.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Уладзіміра ФАЛАЛЕЕВА.