На базе Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта прайшоў рэспубліканскі семінар-практыкум “Маладзёжны хор: пеўчыя традыцыі і творчы эксперымент”. Удзельнікамі двухдзённага мерапрыемства, арганізаванага Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, сталі кіраўнікі калектываў харавога жанру ўстаноў вышэйшай і дадатковай адукацыі.
— Семінар-практыкум кіраўнікоў харавых калектываў працягвае цыкл метадычных мерапрыемстваў па розных напрамках выхаваўчай работы з моладдзю ва ўстановах вышэйшай адукацыі і творчай дзейнасці студэнтаў у вольны час, — расказала загадчыца аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі А.С.Лаўрыновіч. — Гэта добрая пляцоўка для абмену педагагічным вопытам, дэманстрацыі творчых дасягненняў, абмеркавання перспектыў развіцця харавых калектываў і наладжвання прадукцыйнага ўзаемадзеяння паміж імі.
Па словах А.С.Лаўрыновіч, у рамках Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” вывучаюцца тэндэнцыі маладзёжнай творчасці, сацыякультурныя інтарэсы студэнтаў, аналізуецца якасць дзейнасці творчых калектываў. На аснове комплекснага маніторынгу будуецца работа па далейшым павышэнні іх прафесійна-педагагічнага майстэрства. Калектывы — пераможцы фестывалю з’яўляюцца апорнымі пляцоўкамі ў сістэме дадатковай адукацыі моладзі.
Сёння ва УВА краіны дзейнічаюць 535 творчых аб’яднанняў мастацка-эстэтычнага напрамку, сярод якіх 4 заслужаныя аматарскія калектывы і 76 народных аматарскіх калектываў. Найбольш шматлікімі з’яўляюцца калектывы тэатральнага (150), харэаграфічнага (133) і вакальна-харавога (115) жанру. Харавыя калектывы ўяўляюць сабой фальклорныя ансамблі і ансамблі эстраднай песні, тэатры песні і танца, групы народнай песні і інш.
Адкрыўся семінар-практыкум з інтэрактыўнай пляцоўкі “Вялікі музычны перапынак”, удзельнікі якой з ліку студэнцкіх калектываў розных факультэтаў БрДТУ выконвалі беларускія народныя і сучасныя песні. Моладзь паказала выдатную згуртаванасць і крэатыў.
Кіраўнік народнага акадэмічнага хору “Белая вежа” БрДТУ І.В.Ангалюк прэзентавала творчую дзейнасць калектыву, які па выніках мінулагодняга Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” стаў уладальнікам гран-пры. Творчы шлях хору пачаўся 5 гадоў назад. Спачатку ён складаўся толькі з дзяўчат, якія вучыліся ў музычнай школе, ігралі на музычных інструментах ці валодалі добрымі вакальнымі данымі. Праз пэўны час да дзяўчат далучыліся і юнакі. Для падтрымкі і захавання матывацыі ўдзельнікаў хору падбіраецца цікавы рэпертуар, арганізоўваюцца канцэрты і гастрольныя паездкі, сустрэчы з іншымі калектывамі і інш. Галоўную задачу ўніверсітэцкага хору Ірына Васільеўна бачыць у прапагандзе беларускай харавой культуры ў студэнцкім асяроддзі, развіцці творчага патэнцыялу моладзі і арганізацыі яе вольнага часу. На рахунку калектыву шмат узнагарод, атрыманых на розных конкурсах і фестывалях. Хор актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці Брэста.
Падчас дзейнасці навукова-метадычнай пляцоўкі “Псіхолага-педагагічныя і арганізацыйныя асновы функцыянавання аматарскай харавой творчасці” дацэнт кафедры сацыяльнай педагогікі і пачатковай адукацыі БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат філасофскіх навук Л.І.Борсук гаварыла пра пеўчыя традыцыі беларускай вакальна-харавой школы, псіхолаг БрДТУ Н.Я.Мароз — пра псіхолага-педагагічнае суправаджэнне мастацка-творчай дзейнасці ва УВА, а трэцякурсніца псіхолага-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна Зінаіда Шайко — пра ўплыў харавых спеваў на паказчыкі працаздольнасці студэнцкай моладзі.
Даволі цікавым атрымаўся майстар-клас мастацкага кіраўніка студэнцкага акадэмічнага хору Melior ПалесДУ С.Л.Гарбачэўскай па выкарыстанні элементаў аўтарскіх методык у развіцці вакальна-харавых навыкаў удзельнікаў студэнцкага харавога калектыву. Шмат станоўчых эмоцый падарыла канцэртная праграма з удзелам харавых калектываў БрДТУ, ПалесДУ і Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Р.Шырмы.
Удзельнікі семінара-практыкуму азнаёміліся з дзейнасцю ўніверсітэцкага аддзела студэнцкіх ініцыятыў і культурна-адпачынкавай работы, які ўзначальвае І.В.Ангалюк, абмеркавалі пытанні стану і развіцця харавога жанру на Брэстчыне, традыцыйную і сучасную беларускую музыку ў рэпертуары харавых калектываў, сучасныя падыходы ў рабоце з маладзёжным хорам і інш.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.