Студэнцкі форум

- 13:34Навіны рэгіёнаў

VII Рэспубліканскі студэнцкі форум прайшоў у Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога.

У Беларусі форум праходзіць з 2010 года пры падтрымцы дабрачыннага італьянскага фонду “Дапаможам ім жыць”. Галоўная ідэя, якую абазначаюць арганізатары форуму, — аб’яднанне намаганняў італьянскіх сем’яў і беларускіх студэнтаў у рэалізацыі гуманітарных акцый на карысць дзяцей, якія маюць патрэбу ў той ці іншай дапамозе.

На адкрыцці форуму ўдзельнікаў і гасцей віталі рэктар ГДТУ імя П.В.Сухога Сяргей Цімошын і прарэктар па вучэбнай і выхаваўчай рабоце Віктар Кірыенка. Удзел у форуме прынялі таксама член адміністрацыйнага савета фонду “Дапаможам ім жыць” Лучана Браконі, куратар праекта “Усынаўленне на адлегласці” Сандра Сабаціні, прарэктар па выхаваўчай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Галіна Чаянкова, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Андрэй Гарбар.

Сёлета форум сабраў каля 150 студэнтаў з дзесяці ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі. Маладыя людзі на працягу трох дзён займаліся на вучэбных семінарах, разам з выкладчыкамі і гасцямі з Італіі вырашалі актуальныя пытанні і ўдзельнічалі ў конкурсах і акцыях.

Гэты форум, як адзначыў Лучана Браконі, стаў завяршальным у цыкле праектаў фонду “Дапаможам ім жыць”. Наступны форум будзе арганізаваны ўжо непасрэдна самімі студэнтамі. Моладзь не разгубілася, і літаральна адразу пачала выказваць розныя прапановы аб месцы правядзення і новым фармаце будучага мерапрыемства.

Акрамя абмеркаванняў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, сацыяльнай падтрымкі студэнтаў і іншых пытанняў, форум уключаў шмат цікавых мерапрыемстваў. Так, конкурс “Лепшы студэнт года” даў магчымасць даведацца пра валанцёрскую дзейнасць студэнтаў універсітэта, у конкурсе песні “Голас надзеі” таленавітыя студэнты-вакалісты спявалі на італьянскай і рускай мовах. У рамках форуму была таксама арганізавана дабрачынная акцыя-кірмаш “Свята дзяцінства”, выручаныя сродкі ад якой накіраваны ў Гомельскі абласны дом дзіцяці.

Наталля ЛУТЧАНКА.