Стварэнне здароўезберагальнага асяроддзя ў групе прадоўжанага дня: практычныя парады

- 11:04Образование

Для ўсебаковага развіцця дзяцей у групе прадоўжанага дня трэба добра арганізаваць прадметна-прасторавае асяроддзе.

Так, у гульнявым цэнтры размешчаны гульні і цацкі для рацыянальнага выкарыстання вольнага часу. Некаторыя з іх патрэбны для тактыльнага кантакту і развіцця эмацыянальна-валявой сферы, іншыя — для ролевых гульняў, фарміравання ўмення сябраваць, аказваць дапамогу і проста мець зносіны. Незаменным складнікам дзейнасці групы прадоўжанага дня з’яўляецца цэнтр рухальнай актыўнасці. У ім ствараюцца неабходныя ўмовы для рэалізацыі патрэбнасці вучняў у руху і для зняцця фізічнага напружання. Дзейнасць тут арганізуецца з дапамогай рознага спартыўнага інвентару.

Для вырашэння вучэбна-пазнавальнай задачы створаны чытацкі куток, забяспечаны развіццёвымі і дыдактычнымі гульнямі, а таксама памяткамі па вучэбных прадметах з табліцамі і схемамі для выкарыстання пры самападрыхтоўцы. У цэнтры творчай актыўнасці ўсё скіравана на рэалізацыю патрэбнасці ў самавыяўленні. Наборы канцылярскіх прылад, запісы дзіцячых песень дазваляюць хлопчыкам і дзяўчынкам праявіць свае таленты.

Здароўе — найважнейшы фактар працаздольнасці і гарманічнага развіцця дзіцячага арганізма. Таму стварэнне здароўезберагальнага асяроддзя ў групе прадоўжанага дня бачу адной з галоўных задач выхавальніка.

Ажыццяўляецца гэтая дзей­насць па наступных напрамках: захаванне рэжыму дня, гарачае харчаванне, аптымальная рухальная актыўнасць, прапаганда здаровага ладу жыцця, павышэнне псіхаэмацыянальнай устойлівасці.

Рэжым дня мае важнае значэнне ў жыцці малодшага школьніка. Дзеянні, якія рэгулярна паўтараюцца, паступова фарміруюць так званы дынамічны стэрэатып. Тым самым дзіцячы арганізм адаптуецца да нагрузак, дзіця вучыцца планаваць і арганізоўваць сваю дзейнасць. У рэжыме нашай работы ўлічаны працягласць і чаргаванне наступных відаў дзейнасці: вучэбная (самапад­рыхтоўка), спартыўныя заняткі, заняткі па інтарэсах, харчаванне. Пасля заканчэння вучэбных заняткаў для адпачынку і аднаўлення працаздольнасці арганізаваны прагулкі. Усе выхаванцы групы забяспечаны трохразовым харчаваннем. Перад прыёмам ежы праводжу кароткую гутарку аб карысці пэўных прадуктаў, важнасці своечасовага і здаровага харчавання. Усяго некалькі слоў перад кожным абедам — і дзеці атрымаюць інфармацыю аб вітамінах, бялках і тлушчах, даведаюцца, чаму трэба есці агародніну і садавіну, чаму шкодныя чыпсы, які прадукт можа замя­ніць любімыя цукеркі, навошта чалавек п’е ваду. Менавіта ў школе дзіця можа далучыцца да культуры харчавання, палюбіць здаровую ежу.

Падчас спартыўнай гадзіны вучні ўдзельнічаюць у рухавых гульнях, фізкультурна-аздараўленчых занятках, эстафетах, спартакіядах. Мая мэта — фарміраванне фізічнай культуры асобы і аздараўленне вучняў з улікам узроставых асаблівасцей, а таксама зняцце стомленасці ад маларухомай дзейнасці.

Вялікую ўвагу ўдзяляем павышэнню псіхаэмацыянальнай устойлівасці. Вучу дзяцей радавацца нават самай малой сваёй перамозе, а таксама поспеху сябра. Выконваем з імі практыкаванні на рэлаксацыю, стварэнне камфортнага асяроддзя ў калектыве.

У ходзе правядзення самападрыхтоўкі выкарыстоўваю практыкаванні рознай накіраванасці: “Гімнастыка мозгу”, фізкультурныя хвілінкі, практыкаванні для правільнай паставы, зарадка для вачэй, пальчыкавая гімнастыка.

Для фарміравання ведаў аб здаровым ладзе жыцця праводжу заняткі на такія важныя тэмы, як “Рэжым дня школьніка”, “Калі хочаш быць здаровым”, “Парады доктара Айбаліта”. У займальнай форме мы знаёмімся з рознымі відамі спорту, спосабамі загартоўвання. Не забываем і пра прафілактыку захворванняў. Я ўважліва сачу за тым, каб адзенне дзяцей адпавядала надвор’ю. Загартоўцы спрыя­юць прагулкі на свежым паветры, спартыўныя заняткі, масаж. Кант­ралюю таксама гігіенічныя працэдуры, прывучаю выхаванцаў праветрываць памяшканне. Вучні ўдзельнічаюць у прыбіранні кабінета: выціраюць пыл, мыюць дошку і перыядычна парты; звяртаем увагу на свой знешні выгляд.

Лідзія АНЦЫФЕРАВА,
выхавальніца групы прадоўжанага дня
сярэдняй школы № 15 Барані