“Закахаўся як чорт у вярбу”, ці Дзікарослыя расліны ў светапоглядзе беларусаў

- 10:40Навука і інавацыі

У дзіцячую пару хто не любіў слухаць бабуліны і дзядулевы казкі? Затаіўшы дыханне і падпершы галаву рукамі, вандраваць па чароўных сцяжынках, дзе ад бяды выратоўвае дуб, цвіце папараць-кветка і гуляюць русалкі. Усё гэта адраджаецца ў памяці, калі гартаеш кнігу навуковага супрацоўніка аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Яны Шаўчэнка “Дзікарослы раслінны свет у традыцыйных уяўленнях і сучасным жыцці беларусаў”.

Гэтая навуковая гісторыя маладой даследчыцы пачалася падчас вучобы ў Полацкім дзяржаўным універсітэце: спецыфіка навучання на гістарычным факультэце прадугледжвала выезд у этнаграфічныя і палявыя экспедыцыі. Першую курсавую работу дзяўчына напісала па сакральных камянях. Пасля паездкі ў Докшыцкі раён, дзе пераважаюць лясы, другакурсніца вырашыла працаваць з раслінным светам — праблематыка аказалася значна бліжэйшай. Дыпломны праект студэнткі аб’яднаў матэрыялы па раслінах і жывёлах у традыцыйных уяўленнях беларусаў.

У 2014 годзе дзяўчына паступіла ў аспірантуру пры аддзеле народазнаўства Цэнт­ра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літараратуры НАН Беларусі. Яна вырашыла, што будзе і далей даследавац­ь дзікарослы свет. Хацела вывучаць не толькі медыцынскія вартасці раслін і іх прымяненне ў побыце. Маладая даследчыца паставіла мэту паказаць дзікарослую флору ва ўяўленнях беларусаў як асобную з’яву. І да ранейшых матэрыялаў пачалі далучацца запісы з новых камандзіровак і паездак. Геаграфія экспедыцый ахапіла розныя раёны Беларусі: Добрушскі і Лельчыцкі (Гомельская вобласць), Смаргонскі, Іўеўскі і Ваўкавыскі (Гро­дзенская), Брэст, амаль усю Віцебшчыну і інш. Кніга “Дзікарослы раслінны свет у традыцыйных уяўленнях і сучасным жыцці беларусаў”, якая ўбачыла свет у мінулым годзе, стала вынікам дзесяцігадовых пошукаў Яны Сяргееўны.

— Любоў да раслін, мне здаецца, ёсць у кожнага з нас, — дзеліцца навуковы супрацоўнік. — Калі чалавеку дрэнна, ён ідзе на прыроду. Гэта своеасаблівая генетычная памяць беларусаў, без якой мы не можам існаваць. Як бы чалавека ні скіроўвала ў бок сучасных тэхналогій, ён усё роўна не можа адысці ад прыроднага, першаснага. Прырода — цэлы свет са сваімі падкатэгорыямі і з’явамі, які супакойвае, ураўнаважвае. І, уявіце, яго можна вывучаць!

Адкрываецца выданне незвычайным для навуковай работы прысвячэннем “Маім баць­кам — Сяргею Сяргеевічу і Марыне Мікалаеўне”. Тым, хто, па словах Яны Сяргееўны, з’яўляецца першымі сярод людзей, дзякуючы якім адбылося яе агульначалавечае і прафесійнае станаўленне (тата — мастак, супрацоўнік музея гістарычнай культуры; матуля — бібліятэкар: адносіны да прафесій бацькоў развілі ў дзяўчыне дапытлівасць, цікаўнасць, любоў да беларускай мовы і ўменне знаходзіць адказы на любыя пытанні).

Кніга мае 6 глаў, якія расказваюць пра раслінны свет у каляндарнай і сямейнай абрадавасці беларусаў, у народнай медыцыне, традыцыйных рамёствах і сучаснай беларускай культуры. Павандруем па яе старонках.

Паводле міфалагічных уяўленняў нашых продкаў, сусвет дзеліцца на тры часткі: падземны (дзе пражываюць хтанічныя істоты), сярэдні (свет людзей і ўсяго жывога) і вышэйшы свет, які належыць птушкам і звыш­натуральным сілам. Па народных павер’ях, дзікарослыя расліны — частка сярэдняга свету, таму згадкі пра іх часта сустракаюцца ў беларускім фальклоры (каляндарна-абрадавай, сямейнай паэзіі і інш.) і мастацкіх творах. У многіх легендах і паданнях даюцца тлумачэнні аб паходжанні дрэў і раслін. І ўвогуле, здаецца, няма ніводнага пласта вуснай народнай творчасці, дзе б не ўзгадвалася пра іх.

— Уяўленні пра дзікарослы свет культываваліся ў шматстагоддзевым вопыце. Найбольшую ролю ў гэтым адыграла вусная традыцыя. Людзі сталага веку — найкаштоўнейшыя і найбуйнейшыя крыніцы звестак. На жаль, з часам яны сыходзяць, і ўнікальныя звесткі ўсё складаней знайсці, — гаворыць даследчык.

Бываюць “добрымі” і “дрэннымі”. І гэта пра расліны

У рабоце Яна Шаўчэнка звярнулася да некалькіх класіфікацый раслін. Адна з іх — падзел на “добрыя” (расліны, якія мелі адносіны да народных рытуалаў і лячэння хвароб) і “дрэнныя”. Таксама ўлічваецца лакалізацыя расліны: калі расце ў лесе — ушаноўваецца больш, бо мае лепшую энергетыку, калі ў балоце — менш, бо звязваецца з нячыстай сілай. Такое размежаванне мае амбівалентную прыроду, паколькі карысць ці шкода расліны вызначалася па-рознаму ў залежнасці ад сітуацыі. Другая класіфікацыя абапіраецца на асноўныя прыродныя элементы, што вылучаюць у межах лесу: дрэвы, пладовыя кусты і дробныя расліны. Згодна з трэцяй класіфікацыяй, расліны можна аднесці да тых, што азначаюць жаночы (бяроза, рабіна, вярба, ліпа) ці мужчынскі пачатак (дуб, явар, клён).

Па словах аўтара, самае паважанае дрэва беларусаў — дуб. У народных паданнях ён выступае сімвалам вечнага жыцця. Паводле адной з легенд, гэтае дрэва Бог выратаваў ад ганьбы: калі Іуда хацеў задавіцца на ім, дуб па загадзе Бога схіліўся і захаваў сябе. У некаторых кутках Беларусі да векавых дубоў прыходзілі на Радаўніцу і вешалі на іх ручнікі, таму дрэва лічылася пасрэднікам паміж светам жывых і памерлых. З’яўляючыся ўвасабленнем сілы і моцы, дуб дапамагаў пры лячэнні хвароб спіны: лічылася, што, пачуўшы першы гром, неабходна пацерціся аб яго. З гэтай жа прычыны дрэва забаранялася ламаць ці секчы, бо чалавек мог памерці заў­часнай смерцю. Таксама існавала павер’е, што прысядзібны дуб нельга вырошчваць з жалуда — толькі з парастка.

Прыкладам неадназначнага стаўлення да расліны з’яўляецца вярба. З аднаго боку, гэта неад’емны атрыбут Верб­най нядзелі (паводле Свяшчэннага Пісання, пры ўездзе ў Іерусалім Іісуса Хрыста віталі пальмавымі галінкамі, а вярба — іх славянскі адпаведнік). Яе асвячалі ў царкве, выкарыстоўвалі як рытуальны прадмет падчас першага выгану свойскай жывёлы на Юр’я, а пасля клалі за абразы. З другога боку, дрэва яшчэ з Сярэднявечча атаясамлівалася з іншасветам і нават смерцю. Беларусы лічылі, што ў сухіх дрэвах ад Вадохрышча да Вербніцы знахо­дзяць прытулак чэрці. А пасля таго як вярбу асвецяць у храмах, нячысцікі звальваюцца ў  ваду (адсюль і пайшла прымаўка “Закахаўся, як чорт у сухую вярбу”).

Арэх адносяць да “добрых” дрэў. Згодна з павер’ем, у яго ніколі не б’е маланка, таму пад ім і хаваюцца падчас навальніцы. Старыя людзі расказваюць, што той, хто сарве і захавае першы цвет арэхавага куста, зможа хутчэй адшукаць скарб у купальскую ноч. А калі знайсці арэхавы спарыш ці “трайнёныш” (звязку трох арэхаў) і насіць яго, зладзіцца любая справа і прыйдзе шчасце.

Таксама ад старажылаў можна пачуць аповеды пра дзівосныя расліны, якіх няма ў прыродзе. Да такіх адносяцца разрыў-трава і трава шчасця, якія ўзгадваюцца ў творы Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Першая разбівае кайданы ці расколвае косы, другая выконвае жаданні свайго ўладальніка.

Кожнаму святу — свая расліна

У залежнасці ад каляндарнай абрадавасці выкарыстанне дзікарослых раслін дзеліцца на чатыры цыклы: зімовы, веснавы, летні і восеньскі. Зіма, у параўнанні з іншымі порамі года, разглядалася як перыяд адпачынку прыроды, яе сну. Найбуйнейшымі святамі, калі ў гэты час звярталіся да дзікарослых раслін, былі Каляды і Вадохрышча. Паколькі зімой адбываецца вегетатыўны заняпад сезоннай расліннасці, на святы выкарыстоўвалі вечназялёныя дрэвы — елку, сасну, тую.

Абрадавая дзейнасць веснавога цыкла была накіравана на сустрэчу вясны і пачатак сельскагаспадарчых работ, якія павінны былі прынесці багаты ўраджай. Цэнтральныя святы — Масленіца, Дабравешчанне, Вербная нядзеля, Юр’я і Тройца. Так, у цэнтральнай Беларусі існаваў звычай распілоўвання бервяна для павышэння ўрадлівасці глебы. На масленічным тыдні гурт маскіраваных міфічных персанажаў насіў па вёсцы бервяно. У кожнай хаце з пажаданнямі дабрабыту сям’і ад яго адпілоўвалі кавалак. Гаспадары павінны былі спаліць яго, а попел вынесці на агарод і палі.

Летні цыкл самы працяглы па часе ў параўнанні з іншымі. Большая частка ўяўленняў пра дзікарослыя расліны звязваецца з перыядам летняга сонцастаяння — днём на Івана Купалу (Купалле, свята святога Яна). Менавіта яно выступала кульмінацыяй гадавога земляробчага кола. Таксама з Купаллем атаясамліваецца найбольшая колькасць раслін: траў, зёлак, ягад.

У восеньскім народным календары ўяўленні беларусаў пра дзікарослыя расліны базіраваліся вакол Вялікай і Малой Прачыстай, Уздзвіжання, свята Іаана Хрысціцеля (у народзе — Іван Галавасек). Так, на Шаркаўшчыне ў дзень Іаана Хрысціцеля было прынята хадзіць па журавіны як сродак ад галаўнога болю.

Па лекі — у… лес

Яна Сяргееўна з лёгкасцю аперыруе шматлікімі назвамі раслін (а ў некаторых іх па некалькі), што людзі і зараз выкарыстоўваюц­ь у якасці лекавых сродкаў. Сярод іх нямала “ўніверсалаў” — тых, што дапамагаюц­ь супраць розных хвароб: чабор, крапіва, васілёк (валошка, бугаўкі), крываўнік, дуброўка, жывакост… Пра святаяннік наогул гавораць: “Зелле без зверабою, што страва без солі”. Многія расліны прынята збіраць у ноч на Купалле: лічыцца, што ў гэты час яны дасягаюць найбольшага біялагічнага росквіту, таму валодаюць вялікай моцай і загойвальнай сілай.

— Многае з аповедаў і паданняў прыйшло з дахрысціянскіх часоў, многае дадалося пасля, — заўважае Яна Шаўчэнка. — Спецыфіка беларускай культуры — у яе сінкрэтычнасці. Таму разнастайныя ўяўленні і перакананні сплятаюцца, не супярэчачы адно аднаму.

Расказваючы пра блок народнай медыцыны, спецыяліст успамінае свайго навуковага кіраўніка — доктара гістарычных навук Любоў Ракаву, якая “можа расказаць пра любую расліну, патлумачыць, што з ёй можна рабіць”. Яна Сяргееўна прызнаецца, што вучыцца ў кожнага, з кім сустракаецца ў межах даследавання: у калег — прафесіяналізму, у вясковых бабуль — векавой мудрасці.

— Духоўная культура, якую вясковыя бабулі ўтрымліваюць у сабе, — самае важнае, — пераканана Яна Шаўчэнка. — Цікава слухаць, напрыклад, чаму яліну нельга са­джаць ля хаты (лічыцца, што, калі дрэва перарасце дом, гаспадар памрэ). Ці што асвечанай вербай трэба акурваць дом і жывёлу, а ўваходзячы ў лес — павітацца з яго гаспадаром, каб ён спрыяў у дарозе, і пасля не парушаць яго законы. Гэта тое, што сыходзіць, але пакуль яго можна захаваць.

Сёння зварот да спадчыны дзікарослых раслін адчуваецца з новай сілай. Шэраг беларускіх прадпрыемстваў (“БелТэя”, Kalilaska) выпускае сетку чаёў з дзікарослых зёлак, запушчана вытворчасць марожанага са смакам васілька, які многімі ўспрымаецца як сімвал Беларусі. Нацыянальныя матывы знаходзяць адлюстраванне ў індывідуальнай вытворчасці ўпрыгажэнняў (брэнды Ska l aban, Pollihands і інш.), вокладках музычных альбомаў беларускіх выканаўцаў (рок-гурт Relikt), рэкламе (праект “Смак беларускай мовы”) і пры адкрыцці тэматычных музеяў.

— Ці змянілася стаўленне беларусаў да расліннага свету ў наш час? Ці выкарыстоўваюцца народныя веды гэтак жа актыўна, як некалькі стагоддзяў назад? — задаецца пытаннямі Яна Шаўчэнка. Спадзяёмся, што адказы на іх хутка пачуем і мы.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.