Стымул для прафесійнага ўдасканалення

- 11:43Навіны рэгіёнаў

Пяць студэнтаў Гомельскай вобласці, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці, узнагароджаны штогадовымі прэміямі аблвыканкама ў памеры 40 базавых велічынь. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей уручыў іх у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны.

Сярод лаўрэатаў прэміі гэтага года дыпламанты міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый, конкурсаў, актыўныя ўдзельнікі навукова-даследчай і грамадскай дзейнасці.

Студэнтка апошняга курса Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта дыпламант пяці рэспубліканскіх конкурсаў навуковых работ студэнтаў Вікторыя Сотнікава мае 142 навуковыя работы. Вынікі яе даследаванняў укаранёны ў адукацыйны працэс і практычную дзейнасць. Дзяўчына ўзнагароджана падзякай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь за плённую працу, прафесіяналізм, значны ўклад у аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19.

— Я дапамагала амбулаторнай службе Гомеля. На базе ўніверсітэта быў арганізаваны кол-цэнтр. Мы абзвоньвалі кантакты першага ўзроўню. Прыходзілася працаваць з рознымі пацыентамі, але ўсё акуплялася эмоцыямі: калі чулі, што людзі папраўляліся, радаваліся, што ўсё добра. Многа нашых студэнтаў былі заняты ў паліклініках, бальніцах горада. І я ні разу не чула, каб хтосьці расчараваўся ў выбранай прафесіі. Наадварот, з-за пандэміі з’явіўся яшчэ большы стымул дапамагаць людзям. Цяпер я размеркавана ўрачом-хірургам у Гомельскую абласную клінічную бальніцу і з 1 жніўня пачну працаваць, — расказала Вікторыя.

Дар’я Пазняк заканчвае БелДУТ. Будучы архітэктар актыўна ўдзельнічала ў конкурсах на лепшы дызайн-праект па добраўпарадкаванні дваровых і грамадскіх тэрыторый Цэнтральнага раёна Гомеля, у студэнцкіх праектах “Горад без бар’ераў” на лепшае архітэктурнае рашэнне па адаптацыі гарадской прасторы для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб. Свой уклад Дар’я зрабіла і падчас добраахвотніцкіх акцый па аднаўленні і даследаванні помнікаў архітэктуры:

— Гомель вельмі прыгожы горад, і мы будзем імкнуцца рабіць яго яшчэ лепшым. Думаю, новых цікавых архітэктурных рашэнняў будзе шмат. Кім бачу сябе праз 10 гадоў? Напэўна, хацела б у сваім родным горадзе стаць галоўным архітэктарам, — падзялілася Дар’я.

Марыя Краўчук з Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна неаднойчы паспяхова прадстаўляла свае работы на рэспубліканскіх студэнцкіх навукова-практычных канферэнцыях, Тураўскіх епархіяльных адукацыйных чытаннях. Студэнтка — удзельніца маладзёжнага форуму “Беларусь — гэта мы”, адкрытай дыялогавай пляцоўкі “Удасканаленне работы галіны адукацыі”, акцыі “Полымя міру”. Яна закончыла 4 курс філфака па спецыяльнасці “Нямецкая і англійская мовы”. Дзяўчына адзначыла:

— Замежныя мовы вельмі важна ведаць кожнаму чалавеку. Я праходзіла практыку ў Мазырскім абласным ліцэі ў выкладчыцы Наталлі Дамасевіч. Яна многаму мяне навучыла. Сёння адукацыя не павінна заканчвацца ва ўніверсітэце. Настаўніку трэба развівацца ўсё сваё жыццё — у тым ліку асвойваць розныя інтэрнэт-тэхналогіі, якія пастаянна ўдасканальваюцца.

Выдатніца, студэнтка біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Дзіяна Халяўкіна — удзельніца міжнародных і рэспубліканскіх навукова-даследчых канферэнцый студэнтаў. Мае публікацыі па філасофіі і сацыялогіі, актыўна ўдзельнічае ў грамадскіх мерапрыемствах, добраахвотніцкім руху. Дзяўчына расказала, што спецыялізуецца на біяхіміі, займаецца палімерамі.

— Вельмі актуальная сёння праблема — перапрацоўка пластыку. Мы вырабляем палімерныя плёнкі, дабаўляем у іх розныя напаўняльнікі, глядзім, якім чынам яны сябе паводзяць, ці акісляюцца, ці ўстойлівыя пры ўзаемадзеянні з тымі ці іншымі металамі або аксідамі металаў. Я спадзяюся сумяшчаць выкладанне і навуковую дзейнасць. Трэба прыкладаць усе намаганні, каб дасягнуць мэты. Такім чынам можна дапамагчы прыродзе сваёй краіны, — пераканана Дзіяна.

Алег Кныш заканчвае вучобу на энергетычным факультэце Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога. Хлопец — дыпламант міжнародных, рэспубліканскіх і міжуніверсітэцкіх навуковых канферэнцый студэнтаў і маладых навукоўцаў, уваходзіць у склад студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Энергетык”, аўтар шматлікіх артыкулаў.

— Мы працуем у студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі пад кіраўніцтвам Аляксандра Шапавалава — робім тэрма-сіфон. Хочам яго паменшыць, каб у будучыні можна было ахалоджваць мікрапрацэсары камп’ютараў. Гэта будзе мець добры рынак збыту. Амаль паўгода я працую на адным з прадпрыемстваў Гомеля. Пачынаў там рабочым, мяне заўважылі і далі шанс раскрыцца больш. Мая работа звязана з новымі тэхналогіямі і часткова перасякаецца з маёй навуковай дзейнасцю. Работа цікавая, па душы. Думаю, такі вопыт будзе добрай базай для самарэалізацыі і далейшага развіцця, прафесійнага росту, — расказаў пра сябе Алег.

Уладальнікамі прэмій Гомельскага аблвыканкама штогод, пачынаючы з 2005 года, становяцца самыя дастойныя студэнты вобласці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.