Сучасная і шматфункцыянальная школа на 1020 месцаў адкрылася ў Магілёве

- 15:32Главная, Новости

Дзень ведаў стаў двайным святам для навучэнцаў мікразоны вуліц Стасава – Грышына Магілёва. Першы званок мясцовыя дзеці сустрэлі ў новай школе, перадае карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Адкрыццё новай школы прайшло ўрачыста. Свята разам з дзецьмі, педагогамі і бацькамі раздзялілі ганаровыя госці. Сярод іх — першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў. Яны звярнуліся да прысутных на лінейцы з віншаваннямі.

— Вам пачынаць летапіс гэтай новай навучальнай установы, ствараць яе традыцыі. Ад вас залежыць, якой яна будзе. У вашых руках сучасная школа, адна з лепшых, гатовая забяспечыць задзел для вучэбных і прафесійных перамог. Астатняе залежыць ад вас. У нашым дынамічным свеце без адукацыі ніяк, — дала наказ вучням і педагогам Наталля Уладзіміраўна.

Сярэдняя школа № 24 размясцілася ў маладым мікрараёне горада. Колькасць жыхароў тут пастаянна прырастае. Установы адукацыі былі аднымі з самых неабходных сацыяльных аб’ектаў. Цяпер гэтая праблема вырашана. Летась быў адкрыты дзіцячы сад. Зараз з’явілася сучасная шматфункцыянальная школа.

Па праектнай магутнасці сярэдняя школа № 24 разлічана на 1020 чалавек. У гэтым навучальным годзе яе будуць наведваць 944 вучні, з якіх 125 хлопчыкаў і дзяўчынак — першакласнікі.

Сярод тых, хто ідзе ў 1 клас, — двайняты Мацвей і Цімафей Гарусы. Деці зусім не хвалююцца, ім вельмі спадабалася школа. Пад уражаннем ад навучальнай установы і іх маці.

— Школа прыгожая, утульная, інавацыйная. А самае галоўнае — яна побач з нашым домам. Мы нядаўна атрымалі тут жыллё, новая школа стала сапраўдным падарункам, — падзялілася Таццяна Гарус.

Толькі пазітыўныя эмоцыі ад школы і ў настаўніцы пачатковых класаў Уладзіславы Кавалёвай. Малады педагог пачынае свой шлях у прафесію і задаволена, што трапіла па размеркаванні ў такую ўстанову адукацыі.

— Тут створаны цудоўныя ўмовы для навучання дзяцей. Настрой пазітыўны, цалкам гатова весці вучняў па дарозе ведаў, — запэўніла Уладзіслава Кавалёва.

Абсталявана сярэдняя школа № 24 сапраўды з улікам навейшых тэндэнцый. Для зручнасці будынак падзелены на блокі. У цэнтральным размясцілася ўваходная група, харчаблок, сталовая з буфетам, актавая зала і адміністрацыя. У прымыкаючых — кабінеты малодшых і старшых класаў.

Акрамя спартыўнай, ёсць гімнастычная, трэнажорная залы і зала харэаграфіі. На прылеглай тэрыторыі — вялікі стадыён, футбольнае поле, баскетбольная і хакейная пляцоўкі, зоны для рухавых гульняў з бяспечным пакрыццём. Тут ёсць прасторная чытальная зала, кнігасховішча, медыцынскі блок.

У распараджэнні вучняў і педагогаў таксама інфармацыйны цэнтр, вучэбна-лабараторны комплекс, чатыры лінгафонныя, два камп’ютарныя кабінеты, чатыры майстэрні працоўнага навучання. Ва ўстанове прадугледжана безбар’ернае асяроддзе для вучобы дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Пад асаблівай увагай — меры бяспекі: дзейнічае прапускная сістэма, ажыццяўляецца відэаназіранне. Хутка будзе завершана будаўніцтва басейна.

Адметна, што новай школе прысвоена імя вядомага пісьменніка Канстанціна Сіманава. І гэта не выпадкова. Лёс літаратара трывала звязаны з Магілёвам. Менавіта ён уславіў подзвіг абаронцаў горада на пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

— Прыярытэтам для педагагічнага калектыву нашай школы будзе грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў, прывіццё дзецям любові і адданасці сваёй Радзіме. Акрамя таго, сёлета ў нас пачне функцыянаваць профільны ваенна-патрыятычны клас. А на будучы год плануем стварыць музей, прысвечаны Канстанціну Сіманаву, — паведаміла дырэктар Людміла Здорыкава.

Падчас урачыстасцей неаднаразова гучалі словы падзякі будаўнікам. Дзякуючы іх зладжанай працы, школа расчыніла свае дзверы ў рэкордна кароткія тэрміны. Не абышлося і без падарункаў. Ад мясцовых выканаўчых улад і прадпрыемстваў горада адміністрацыі школы прэзентавалі шматлікія сертыфікаты на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара