На тэрыторыі аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна толькі адна ўстанова дашкольнай адукацыі. У 2006 годзе яна набыла статус Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. З кожным годам тут паляпшаюцца ўмовы знаходжання дзяцей, павышаецца якасць іх адукацыі, выхаванцам і бацькам прапаноўваюцца новыя адукацыйныя паслугі. У бягучым навучальным годзе на базе цэнтра адкрыта рэспубліканская інавацыйная пляцоўка па рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі стварэння талерантнага адукацыйнага асяроддзя пры арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. Аб тым, як і пры дапамозе чаго дашкольная ўстанова ў сельскай мясцовасці можа стаць сучасным адукацыйным і культурным цэнтрам, расказала загадчык ДЦРД аграгарадка Парэчча Леакадзія Іванаўна Цімафеева.
Па запытах бацькоў
— Сёння на тэрыторыі аграгарадка Парэчча пражывае крыху больш за 3 тысячы жыхароў, — адзначыла Леакадзія Іванаўна. — Нараджальнасць з кожным годам павялічваецца, таму што ў аграгарадку актыўна ідзе будаўніцтва жылля. Да таго ж размешчаны ён за 7 кіламетраў ад мяжы з Літвой, побач з санаторна-курортным горадам Друскінінкай. І само Парэчча з’яўляецца санаторна-курортнай зонай. У нас добрае транспартнае забеспячэнне — амаль кожныя 40 хвілін ходзіць маршрутка да Гродна. Аграгарадок мае сучасную інфраструктуру.
У апошнія гады была абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі — нашага цэнтра і школ — сярэдняй агульнаадукацыйнай школы, а таксама Парэцкай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей, якія пакутуюць на захворванні страўнікава-кішачнага тракту, Парэцкай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У прыватнасці, для нашага цэнтра было набыта сучаснае гульнявое і спартыўнае абсталяванне, новая мэбля, пясочніцы. Актыўны ўдзел у вырашэнні гэтых пытанняў прымае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, а таксама кіраўніцтва Гродзенскага райвыканкама.
Дашкольная ўстанова ў вёсцы Парэчча была пабудавана яшчэ ў 1990 годзе і па праекце разлічана на 125 выхаванцаў (зараз яе наведваюць 95). Побач з установай знаходзіцца дзіцячая музычная школа мастацтваў і Дом культуры і адпачынку, дзе свае творчыя здольнасці рэалізуюць і дашкольнікі.
У ДЦРД дзецям і іх бацькам прапаноўваюцца разнастайныя адукацыйныя паслугі. У перыяд камплектавання груп, у жніўні, тут адкрываюцца адаптацыйныя групы для выхаванцаў, якія праз месяц прыйдуць у цэнтр.
— У першыя дні бацькі наведваюць установу разам з дзецьмі, — гаворыць загадчык цэнтра. — Ёсць малышы, якія праз 2—3 дні знаходжання ў цэнтры пры актыўным далучэнні да адаптацыйнага працэсу выхавальнікаў, педагога-псіхолага, музычнага кіраўніка, кіраўніка фізвыхавання і іншых спецыялістаў з задавальненнем застаюцца ў дашкольнай установе. І бацькі спакойна іх тут пакідаюць. Калі ж перыяд адаптацыі больш цяжкі, бацькі застаюцца побач з дзецьмі пры неабходнасці да верасня. Як правіла, гэтага часу дастаткова, каб групы сфарміраваліся і дзеці наведвалі іх практычна без слёз.
Для маладых мам, якія выхоўваюць дзяцей ад года да 3 гадоў, у цэнтры працуе мацярынская школа. Яе наведваюць жанчыны, якія пражываюць у аграгарадку і ў шасці бліжэйшых вёсках. Заняткі ў школе праходзяць на базе цэнтра 1—3 разы на тыдзень, у залежнасці ад запытаў мам. Пакуль іх малышы гуляюць, прымаюць удзел у музычных занятках, займаюцца творчасцю, маці атрымліваюць кансультацыі ў педагогаў цэнтра па важных для сябе пытаннях.
Па жаданні бацькоў праводзіцца дамашні патранат, калі педагогі выязджаюць у сем’і, у тым ліку ў тыя, якія жывуць у бліжэйшых вёсках, і праводзяць на месцы кансультацыі для бацькоў. Гэта могуць быць рэкамендацыі па падборы кніг і цацак для дзяцей у залежнасці ад узросту, па арганізацыі гульнявога асяроддзя для іх. У мінулым годзе, напрыклад, цэнтр патранаваў 5 сем’яў. Дарэчы, гэтая паслуга бясплатная. Мы таксама рыхтуем для бацькоў інфармацыйныя лісткі, даведнікі, буклеты па розных пытаннях. Перадаём іх у сем’і ў кожны зручны момант: калі наведваем, напрыклад, населены пункт падчас падвозу дзяцей да ўстановы — гэты працэс адбываецца пры суправаджэнні спецыялістамі ўстановы.
З мінулага навучальнага года спецыялісты цэнтра пачалі набываць вопыт па аказанні гувернёрскіх паслуг — догляд дома, арганізацыя свят для дзяцей і заняткаў згодна з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі (змест заняткаў вызначаны праграмай, пачынаючы ад 3 месяцаў дзіцяці). Найбольш запатрабаванымі сталі арганізацыя свят і догляд дома. Паралельна педагогі даюць бацькам кансультацыі па самых розных пытаннях развіцця іх дзіцяці. Часта бацькі заклапочаны маўленчымі пытаннямі, напрыклад, тым, што дзіця ў 2,5 года зусім не размаўляе або не вымаўляе столькі гукаў і слоў, колькі хацелася б бацькам. У сем’і ходзяць не толькі выхавальнікі, але і псіхолаг, настаўнік-дэфектолаг і кіраўнік фізвыхавання цэнтра, бо ў раннім узросце фізічнае развіццё адыгрывае важную ролю. Педагог падбірае комплексы практыкаванняў для дзяцей, вучыць правільна іх выконваць.
Кошт гувернёрскай паслугі складае 50 тысяч у гадзіну. За мінулы год такімі паслугамі дашкольнага цэнтра скарысталіся дзве сям’і, сёлета іх будзе ўжо тры.
— Большасць нашых бацькоў працуюць у нашых школах, ва ўстановах аховы здароўя, у тым ліку ў мясцовых санаторыях, аздараўленчых летніках, — адзначае Леакадзія Іванаўна. — Многія з іх маюць магчымасць працаваць па зменах, некаторыя ўладкоўваюцца на палову стаўкі або падбіраюць прымальны для сям’і графік работы і імкнуцца аддаць дзяцей у сад як мага раней, ужо з 2 гадоў (згодна з уставам, у цэнтр мы можам прымаць дзяцей з 1,5 года). Вопыт паказвае, што ў раннім узросце дзеці лепш адаптуюцца да дашкольнай установы, нават хутчэй, чым калі іх аддаюць сюды ў тры гады. Канечне, яны не ў поўнай меры асэнсоўваюць, куды яны патрапілі, і адносяцца да ўсяго як да прыгоды, а выхавальнік стараецца захапіць іх рознымі відамі дзейнасці. Ужо ў 3 гады малыш падыходзіць да ўсяго асэнсавана: яму шкада адпускаць маму, ён яе чакае, яму цяжэй прымаць правілы рэжыму дня ўстановы. Як правіла, усе рэжымныя моманты фарміруюцца ў дзяцей з 1,5 да 2 гадоў, а ў дашкольнай установе іх фарміраванне працягваецца. Калі ж дзіця да 3 гадоў знаходзіцца ў дамашніх умовах, то асноўныя яго звычкі ўжо сфарміраваны, і часта не зусім правільныя.
Габеленапляценне + падрыхтоўка да школы
Дашкольны цэнтр у Парэччы ўкамплектаваны педагагічнымі кадрамі на 100 працэнтаў. Педагагічны калектыў цэнтра налічвае 17 чалавек, з іх 10 выхавальнікаў, у тым ліку трое маладых спецыялістаў, два настаўнікі-дэфектолагі, два музычныя кіраўнікі, кіраўнік фізвыхавання і педагог-псіхолаг.
— Калі маладыя спецыялісты прыязджаюць у аграгарадок, мы ствараем для іх спрыяльныя ўмовы, — гаворыць Леакадзія Іванаўна. — Дамаўляемся загадзя з мясцовымі жыхарамі, каб яны прадаставілі спецыялістам добраўпарадкаванае жыллё на правах найму. У калектыўны дагавор унеслі пункты па выдзяленні матэрыяльнай дапамогі пры аплаце за жыллё — да 5 базавых велічынь у залежнасці ад прапанаванага гаспадарамі кошту.
Сённяшнія маладыя спецыялісты, якія заканчваюць сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі, атрымліваюць адначасова дадатковую адукацыю па розных кірунках творчай дзейнасці, яны маюць спецыялізацыю па замежнай мове, харэаграфіі і могуць праводзіць дадатковыя заняткі звыш базавага кампанента і атрымліваць плату за гэта, стымулююцца яны і дадаткова, што прадугледжана калектыўным дагаворам.
Усе педагогі гатовы дапамагаць дзецям выяўляць і развіваць іх здольнасці. Сярод дадатковых паслуг два разы на тыдзень выхаванцам цэнтра прапаноўваюцца дадатковыя заняткі звыш базавага кампанента па харэаграфіі і дзіцячым ручным ткацтве — габеленапляценні. У гэтым навучальным годзе будуць праводзіцца яшчэ дадатковыя заняткі па замежнай мове (польская).
— Мы знайшлі спецыяліста па ручным ткацтве — сапраўдную рукадзельніцу Нэлі Антонаўну Гойла, якая амаль з нічога можа зрабіць неверагоднае, — гаворыць Леакадзія Іванаўна. — У першы год, як з’явілася такая паслуга, 30 дзяцей старэйшага ўзросту выбралі яе. Дзякуючы габеленапляценню развіваецца дробная маторыка пальцаў, уседлівасць, вядзецца падрыхтоўка да навучання ў школе. Так рука ў працэсе ткацтва прызвычайваецца да пісьма: дзеці пад кіраўніцтвам педагога ствараюць з нітак самыя розныя ўзоры, якія з’яўляюцца элементамі літар. Яны літаральна пішуць рукой у паветры — робяць пяцелькі, кручочкі, коскі.
Для габеленапляцення выкарыстоўваюцца два віды нітак: шнуркі, больш шчыльныя — для дзяцей, у якіх слаба развіта маторыка пальцаў, а таксама не вельмі ўседлівых, якім хутчэй патрэбны вынік. І ніткі танчэйшыя — для больш уседлівых і старанных дзяцей, якія павольна, але з вялікім задавальненнем выконваюць сваю работу.
Спачатку дзеці вучацца працаваць з адной асобна ўзятай ніткай і на кардоннай аснове — гэта дапамагае ім вучыцца дакладна накладваць нітку адна на адну, а ў далейшым малышы плятуць іх на станочку. Для кожнага дзіцяці былі набыты і станочкі, і рамачкі для гатовых работ. Замест чаўнака выкарыстоўваецца звычайная палачка для размешвання цукру з адтулінамі.
На працягу года на базе дашкольнага цэнтра ў Парэччы праводзіліся семінары для кіраўнікоў цэнтраў развіцця Гродзенскай вобласці і для загадчыкаў дашкольных устаноў Гродзенскага раёна. Спецыялісты цікавіліся вопытам работы ў кірунку дзіцячага ручнога ткацтва. Да мерапрыемстваў кожны малыш выткаў аснову, якая была нанесена на рамачкі. Для таго, каб работы набылі адмысловы змест і сэнс, дзеці разам з педагогам наносілі на аснову розныя віды кампазіцый, якія падбіралі самі з разнастайных матэрыялаў — усім знаёмых сюжэтаў з казак, з жыцця жывёл. Сёння гэтыя дзіцячыя работы ўпрыгожваюць нашу ўстанову, дзеці дораць свае вырабы бацькам.
Асяроддзе без бар’ераў
У 2011—2012 гадах на базе ДЦРД аграгарадка Парэчча працавала эксперыментальная пляцоўка па апрабацыі мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу пры сумеснай рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і вучэбных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі. З бягучага года ва ўстанове пачаў рэалізоўвацца інавацыйны праект пад навуковым кіраўніцтвам кансультанта аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Юліі Мікалаеўны Кісляковай.
— Наш дашкольны цэнтр наведваюць дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення, працуюць тры інтэграваныя групы напаўняльнасцю 10—12 чалавек, з іх 3—4 дзіцяці з АПФР, — гаворыць Леакадзія Іванаўна. — Асноўная мэта інавацыйнага праекта — стварэнне талерантнага адукацыйнага асяроддзя: пераадоленне псіхалагічных бар’ераў у свядомасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, фарміраванне ў дзяцей пачуцця павагі да адрозненняў, якія існуюць паміж людзьмі, усведамленне каштоўнасці кожнай асобы, а таксама правядзенне мерапрыемстваў, якія аб’ядноўваюць бацькоў звычайных дзяцей і бацькоў дзяцей з асаблівымі патрэбамі, а таксама іх дзяцей, незалежна ад асаблівасцей.
Цяжкасці ва ўзаемаадносінах узнікаюць у асноўным на этапе адкрыцця інтэграваных груп, асабліва для дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту. Нярэдкія сітуацыі, калі бацькі не заўсёды згодны, каб іх дзеці, якія добра размаўляюць, знаходзіліся разам з дзецьмі, якія не дакладна вымаўляюць словы і гукі або зусім не размаўляюць. Тым больш што на гэтым этапе пачынаецца падрыхтоўка да навучання ў школе. Але ж, калі паглядзець з іншага боку, дзеці, якія добра размаўляюць, становяцца ўзорам, прыкладам для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. З мэтай дасягнення канкрэтных вынікаў у бліжэйшыя гады ва ўстанове будзе стварацца разнастайнае прадметна-развіццёвае асяроддзе, арганізоўвацца змястоўныя і цікавыя для бацькоў і дзяцей формы ўзаемадзеяння.
Надзея ЦЕРАХАВА.