Сучасны кіраўнік, спартсменка, музыкант

- 11:46Людзі адукацыі

Звязаць сваё жыццё з педагогікай Ілона Францаўна Марчанка марыла заўсёды. Выбар яе быў невыпадковы. Яна, як і яе мама, а таксама родны брат і сястра, працягнула дынастыю педагогаў. Скончыла філалагічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”, затым БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Менеджмент у адукацыі”. У 2017 годзе Ілона Францаўна прызначана кіраўніком ясляў-сада № 8 Віцебска.

“Вельмі люблю дзяцей і сваю работу, — прызнаецца кіраўнік. — Прыйшоўшы ў яслі-сад № 8, адразу адчула, што трапіла ў каманду аднадумцаў. Добрыя ўзаемаадносіны склаліся з выхаванцамі і іх бацькамі. Да гэтага я працавала музычным кіраўніком у яслях-садзе № 3 Віцебска, намеснікам загадчыка ў яслях-садзе № 57 Віцебска. Вялікую ўвагу мы ўдзяляем імі­джу нашай установы: дызайну памяшканняў, знешняй атрыбутыцы і абавязкова іміджу кіраўніка і яго каманды. Фарміраванне спрыяльнага ўражання ў супрацоўнікаў, або ўнутраны імідж, не менш важнае, чым знешні імідж, або тое, як цябе ацэньваюць бацькі, соцыум. Ужо ў жніўні 2017 года яслі-сад № 8 Віцебска быў прызнаны лепшым сярод устаноў дашкольнай адукацыі Першамайскага раёна ў намінацыі “Рацыянальнае выкарыстанне і эканомія матэрыяльных, грашовых і энергетычных рэсурсаў, умацаванне і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі”. У прыватнасці, дзякуючы рабоце па праекце “Квітнеючы сад”, дзеці, педагогі і бацькі на тэрыторыі ўстановы высадзілі кветкі: цыніі, васількі, петуніі, аксаміткі, ружы, сальвіі — і маладыя дрэвы, устанавілі вертыкальнае казачнае азеляненне”.

Імідж установы ў першую чаргу стварае кіраўнік. Гэта павінен быць пазітыўны, даведчаны, сучасны і аўтарытэтны чалавек. У 2019 го­дзе Ілона Францаўна атрымала падзяку за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і значны асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі ад кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Віцеб­ска М.В.Арлова. Яслі-сад № 8 размешчаны ў маляўнічым кутку побач са скверам імя Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова, дзе прахо­дзяць урокі гісторыі і патрыятызму, музычна-літаратурныя святы да Дня Перамогі, выхаванцы чытаюць вершы, разам з яго дачкой Дзінай Мінаеўнай Шмыровай і кіраўніком раённай адміністрацыі ўскладаюць кветкі да бюста легендарнага партызана. Выхаванцы, бацькі і педагогі даглядаюць сквер. Рэалізаваны праект установы “Дзякуй за мірнае неба”, які аформлены з выкарыстаннем QR-кода. Калі адкрыць спасылку, то можна пачуць чэленджар-песню “Кацюша”, выкананую калектывам ясляў-сада пад акампанемент на акардэоне загадчыцы Ілоны Францаўны. Акрамя таго, у рамках праекта прадстаўлены канспект заняткаў для дашкольнікаў да Дня Перамогі, распрацаваны намеснікам загадчыцы Валянцінай Мікалаеўнай Юрковай, відэакніга памяці, банер “Успомнім усіх пайменна” і лялькі ў вайсковай форме, якія сталі экспанатамі новага міні-музея сада. Гэта вынік сумеснай работы педагогаў, бацькоў і выхаванцаў. З названым праектам дзіцячы сад удзельнічаў у абласным педагагічным клубе “Праблемы. Пошук. Рашэнне” Віцебскага абласнога ІРА.

Яслі-сад № 8 Віцебска рэалізаваў рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі пра­грамна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, у выніку якога ва ўстанове былі адкрыты групы кароткачасовага знаходжання “Мацярынская школа” для дзяцей, якія не наведваюць сад. Калектыў сада дзеліцца вопытам работы па фарміраванні ў выхаванцаў элементарных матэматычных уяўленняў, лагічнага і алгарытмічнага мыслення на аснове гульнявых методык. У прыватнасці, арганізуе на працягу навучальнага года відэаканферэнцыі для дашкольных устаноў Віцеб­ска і Віцебскай вобласці. У першай частцы канферэнцыі тэарэтычны матэрыял па тэме прадстаўляе загадчыца. У другой частцы — выхавальніца Ніна Дзмітрыеўна Палінава праводзіць практычную работу з удзель­нікамі канферэнцыі. У трэцяй частцы арганізуецца рэфлексія, падчас якой удзельнікі аналізуюць атрыманую інфармацыю і выказваюць пажаданні, які матэрыял ім хацелася б атры­маць у далейшым. У выніку на электронныя пошты ўдзельнікаў такіх канферэнцый дасылаюцца відэа і канспекты заняткаў, картатэкі гульняў, матэрыял па дзейнасці клуба “Смышлёныш”, дзе ў рабоце з выхаванцамі выкарыстоўваюцца палачкі Кюізенера і блокі Дзьенеша. Малышам у садзе таксама прапануецца падрыхтоўка да школы (навучанне чытанню па методыцы Зайцава), гурток “Мама, я сам…”, дзіцячы фітнес, харэаграфія.

Ва ўстанове рэалізуецца творчы праект “Грошы. Што гэта?”, у рамках якога выхавальнікі праводзяць гутаркі з дзецьмі, аформілі альбом з малюнкамі, вырабілі дыдактычныя гульні, банкамат, які папоўніў прадметнае асяроддзе, і распрацавалі сюжэтна-ролевыя гульні, падчас якіх дзеці вывуча­юць правілы куплі-продажу, вучацца суадносіць кошт тавару, набыва­юць практычныя навыкі абыходжання з грашыма. Створаны міні-музей грошай, экспанаты для якога збіралі з дапамогай баць­коў, дзе размешчаны альбомы “Калекцыя манет”, калекцыя папяровых грошай розных краін і часоў, наглядна прадстаўлены спосабы назапашвання і зберажэння грошай: ашчадныя кніжкі, электронныя банкаўскія карты, скарбонкі, а таксама “першыя грошы” — ракавінкі, соль, футра. На занятках па кан­струяванні і дызайне выхаванцы вырабляюць кашалькі, упрыгожваюць іх. Малышы таксама ўдзель­нічаюць у драматызацыях па тэме (казка “Муха-цакатуха”).

Побач з дашкольнай установай знаходзіцца Віцебскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву з вялікім стадыёнам і лыжаролернай трасай. Выхаванцы ўстановы і педагогі прымаюць актыўны ўдзел у раённых конкурсах і спаборніцтвах, якія праводзяцца на стадыёне. Ілона Марчанка штогод удзельнічае ў культурна-спартыўным свяце “Лучаская лыжня”, дзе займае прызавыя месцы сярод кіраўнікоў устаноў адукацыі Першамайскага раёна. У лыжнай гонцы сярод настаўнікаў і выхавальнікаў устаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі сярод мужчын на дыстанцыі 1,5 км кіраўнік фізічнага выхавання малады спецыяліст установы Аляксей Уладзіміравіч Шавалда ўвайшоў у дзясятку лепшых лыжнікаў. А ў конкурсе “Педагагічны дэбют” сярод устаноў дашкольнай адукацыі Першамайскага раёна педагог прадставіў заняткі па фізічнай культуры і ў другім туры ў анлайн-галасаванні заняў 1-е месца. Застаўся апошні конкурсны этап: відэапрэзентацыя і майстар-клас ад педагогаў ясляў-сада № 8.

Для рознабаковага развіцця дзяцей і іх сацыялізацыі на дваровай тэрыторыі ўстановы аформлены тэматычныя веранды: “Мастацка-эстэтычная”, “Беларуская хатка”, “Экалагічная”, “Веранда бяспекі”. Гэты вопыт перанялі іншыя дзіцячыя сады раёна. Летам гэтага года ў мастацка-эстэтычнай верандзе прайшоў канцэрт, прысвечаны юбілею ўстановы. Адкрыў мерапрыемства ансамбль дзяўчынак-барабаншчыц старшай групы. Гукі марша былі чутныя ў розных канцах Віцебска. На свяце дзяўчынкі дэманстравалі капялюшыкі, а хлопчыкі — гальштукі, вырабленыя сумесна з бацькамі.

“Наш яслі-сад — жывы арганізм, які расце, развіваецца, — га­во­рыць Ілона Францаўна. — Імкнёмся дакрануцца да кожнага сэрца, каб напоўніць яго дабрынёй і любоўю. Бо нашы дзеці — самыя таленавітыя! Супрацоўнікі — самыя творчыя і працавітыя! Кожны з іх робіць сваю справу так, каб мамы і таты былі спакойныя за сваіх дзетак. У сваю чаргу бацькі — нашы галоўныя памочнікі ў важнай місіі — выхаванні будучых грама­дзян горада і краіны”.

Надзея ЦЕРАХАВА.