Сучасны ўрок — метапрадметны ўрок

- 15:41Навіны рэгіёнаў

Каб паспяхова арыентавацца ў сённяшнім свеце, выпускнікі школ павінны валодаць разгорнутай сістэмай разнастайных ведаў. На жаль, пакуль гаварыць, што паўсюдна так і ёсць, заўчасна. Справа ў тым, што часта школьнікі на працягу шэрага гадоў вывучаюць разрозненыя дысцыпліны, не бачачы паміж імі ніякай сувязі. Змяніць сітуацыю можа ўкараненне метапрадметнага падыходу да навучання. Але зменам да лепшага замінае адзін нюанс: многія настаўнікі слаба ведаюць, як прымяніць гэты метад на ўроках. А між тым сучасны ўрок — гэта метапрадметны ўрок. Але ў большасці школ укараненне метапрадметнага падыходу па-ранейшаму знаходзіцца на тэарэтычным узроўні. Як перайсці ад тэорыі да практыкі? Над гэтым пытаннем разважалі на адпаведным фестывалі метадычных распрацовак, арганізатарам якога выступіў Магілёўскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі звыш 80 педагогаў. Сумеснымі намаганнямі яны пастараліся выпрацаваць для ўстаноў адукацыі рэгіёна адзіную сістэму рэкамендацый пераходу да метапрадметнага навучання. Для гэтага прысутныя дэталёва абмеркавалі ўсе аспекты такога метаду адукацыі.

На пленарным пасяджэнні вялікая ўвага была ўдзелена тлумачэнню сутнасці метапрадметных тэхналогій і прынцыпаў работы з імі. Загадчыца кафедры педагогікі і псіхалогіі МДАІРА Таццяна Кагачэўская ў сваім выступленні патлумачыла актуальнасць метапрадметнага навучання як аднаго з найважнейшых сродкаў рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу. Старшы выкладчык гэтай жа кафедры Вікторыя Цюко засяродзіла ўвагу настаўніцтва на тым, як выкарыстоўваць метапрадметную кампетэнтнасць у развіцці пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.

— Фарміраванне метапрадметнай кампетэнтнасці магчыма на кожным уроку пры ўмове глыбокага асэнсавання педагогамі сутнасці і зместу падобнага навучання. Асноўны напрамак работы па развіцці ў дзяцей метапрадметных кампетэнцый — рэалізацыя заняткаў у нестандартнай форме. Гэта можа быць урок-канферэнцыя, урок-семінар, урок-адкрыццё, урок-даследаванне. Важна таксама выкарыстоўваць на занятках сучасныя адукацыйныя тэхналогіі: праблемнае, праектнае, асобасна арыентаванае навучанне, — матывавала калег Вікторыя Віктараўна.

Як было падкрэслена падчас пасяджэння, важным момантам укаранення метапрадметнага падыходу ў вучэбны працэс з’яўляецца сфарміраванасць неабходных кампетэнцый непасрэдна ў саміх педагогаў. Навучаючы сваіх вучняў, настаўнік павінен добра разумець сутнасць новаўвядзення сам. Паводле слоў спецыяліста вучэбна-метадычнага кабінета Асіповіцкага аддзела адукацыі, спорту і турызму Тамары Ермаковай, дапамога педагогам у засваенні сучасных адукацыйных методык — галоўная задача органаў кіравання адукацыяй. Асіповіцкі РВМК разумее важнасць метапрадметнага падыходу ў адукацыйным працэсе. Мясцовымі спецыялістамі перыядычна праводзяцца вучэбныя мерапрыемствы, якія дазваляюць зрабіць падрыхтоўку педагогаў да ўкаранення гэтай методыкі больш якаснай. Такім чынам сваю работу неабходна арганізоўваць і астатнім.

Аднак імкненне да развіцця сябе і сваіх вучняў павінна прысутнічаць і непасрэдна ў саміх настаўнікаў. Сапраўдны педагог — той, хто знаходзіцца ў бесперапынным творчым пошуку. Пастаяннае прафесійнае развіццё найлепш спрыяе засваенню і ўкараненню перадавых тэхналогій. Гэта пацвердзілі выступленні намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 34 Магілёва Галіны Бяляевай і настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 40 Магілёва Святланы Шупілавай. Дакладчыкі прэзентавалі ўдзельнікам фестывалю аўтарскія электронныя адукацыйныя рэсурсы, прымяненне на ўроках якіх значна спрыяе фарміраванню ўніверсальных кампетэнцый у вучняў.

Як аказалася, педагогаў, якія імкнуцца да самаразвіцця, у вобласці мноства. Свой вопыт і распрацоўкі па падрыхтоўцы і правядзенні метапрадметных урокаў гэтыя настаўнікі прадэманстравалі калегам падчас работы практычных секцый. Пачутае на майстар-класах відавочна спатрэбіцца ў рабоце ўсіх прысутных на фестывалі. Напрыклад, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 45 Магілёва Марына Васількова і настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 31 абласнога цэнтра Таццяна Фісюк дэталёва растлумачылі калегам паняцце і структуру метапрадметнага ўрока, пазначылі эфектыўныя формы, метады і прыёмы фарміравання метапрадметнай кампетэнтнасці ў вучняў.

На майстар-класе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 21 Магілёва Аксаны Суворавай і настаўніцы пачатковых класаў гэтай установы Ірыны Валуевай метапрадметны падыход знайшоў сваё адлюстраванне ў распрацоўцы і рэалізацыі ўрокаў рашэння праектных задач. Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства гімназіі Глуска Сяргей Сяргееў, улічваючы асаблівыя магчымасці прадметаў, якія ён выкладае, у развіцці камунікатыўных уменняў, прадэманстраваў шляхі і сродкі фарміравання на занятках медыяпісьменнасці ў дзяцей. Педагогі сярэдняй школы № 35 Магілёва Любоў Трыфанава і Тамара Гадунова расказалі пра распрацаваную імі гісторыка-эканамічную гульню, якая накіравана на фарміраванне фінансавай дасведчанасці навучэнцаў. Цікавасць удзельнікаў мерапрыемства выклікаў і майстар-клас намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці вучэбна-педагагічнага комплексу № 44 Магілёва Святланы Ганінай, якая раскрыла асаблівасці работы адміністрацыі ўстановы па мадэляванні траекторыі прафесійнага развіцця настаўнікаў.

У прысутных на фестывалі таксама была магчымасць прааналізаваць разнапланавыя метапрадметныя відэаўрокі. Акрамя таго, яны маглі азнаёміцца з разнастайнымі тэхналагічнымі картамі, планамі-канспектамі заняткаў, якія спрыяюць развіццю ў вучняў метапрадметных кампетэнцый.

Цэлы дзень плённай працы прывёў да адназначнай высновы: метапрадметнае навучанне ў магілёўскіх школах неабходна развіваць. Такі падыход у навучанні эфектыўны і для павышэння прафесіяналізму педагогаў, і для развіцця базавых здольнасцей навучэнцаў. Метапрадметнасць матывуе настаўнікаў да пошуку новых спосабаў работы. На ўроках яны не проста выкладаюць матэрыял, а заахвочваюць дзяцей да дзеяння. У выніку вучні пачынаюць вучыцца лепш. А значыць, метапрадметны падыход — рэальная магчымасць павысіць якасць школьнай адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.