6 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыццё вучэбных лабараторый у філіяле “Рэсурсны цэнтр “ЭкаТэхнаПарк — Волма” Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, які знаходзіцца ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас, міністр адукацыі Ігар Карпенка, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын.
Знаёмячы гасцей з матэрыяльна-тэхнічнай базай вучэбнага корпуса рэсурснага цэнтра, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі паведаміў, што “ЭкаТэхнаПарк — Волма” — адзіны рэсурсны цэнтр у галіне энергетыкі з больш як 40 рэсурсных цэнтраў па розных відах эканамічнай дзейнасці, якія існуюць у нашай краіне. У лабараторыях тэхнапарка ёсць спецыяльнае вучэбнае абсталяванне з выкарыстаннем традыцыйных і аднаўляльных крыніц энергіі: ветраэнергетычныя ўстаноўкі, сонечныя батарэі, МГЭС, кацельні на драўніннай біясыравіне. Ён быў створаны ў 2016 годзе і зарэгістраваны як суб’ект інавацыйнай інфраструктуры ў якасці цэнтра трансферу тэхналогій. Рэсурсны цэнтр прызначаны для рэалізацыі адукацыйных праграм з выкарыстаннем сучаснага абсталявання і энергазберагальных тэхналогій, прафесійнай падрыхтоўкі розных узроставых груп насельніцтва, а таксама для навуковых даследаванняў у галіне энергетыкі, энергаэфектыўнасці і экалогіі.
“Перавага рэсурснага цэнтра ў тым, — адзначыў рэктар РІПА, — што кожны аб’ект на яго тэрыторыі абсталяваны рэальнымі кампанентамі кіравання электраэнергіяй, цяплом. Атрымліваецца свайго роду разумны раён, якім кіруюць з дапамогай сучасных праграмных прадуктаў, дасягаючы энергаэфектыўнасці”.
Ганаровым гасцям прадэманстравалі магчымасці кожнай з чатырох лабараторый. Лабараторыя “Жыллёва-камунальная гаспадарка з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі” абсталявана навучальнымі стэндамі з выкарыстаннем праграмуемых блокаў кіравання і рэальных кампанентаў сістэм цеплазабеспячэння і водаадвядзення, імітацыяй работы цеплавога насоса, геліякалектараў і сонечных панэлей. Лабараторыя “Разумны дом” прызначана для вывучэння сучасных прыбораў сістэм пажарна-ахоўнай сігналізацыі, асвятлення, ацяплення і кандыцыяніравання. У лабараторыі “Unitrain — асновы энергетыкі” можна вывучаць асновы законаў электратэхнікі і электронікі з дапамогай віртуальных вымяральных прыбораў. Комплекс “Аднаўляльная энергетыка, электрычныя сістэмы і сеткі” дазваляе азнаёміцца з сучаснымі тэхналогіямі ў кіраванні сістэмамі вытворчасці электраэнергіі і яе размеркавання.
Таксама Сяргей Румас сумесна з кіраўніком прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын адкрылі памятны знак, таблічку з надпісам “Міжгаліновы рэсурсны цэнтр “ЭкаТэхнаПарк — Волма”, абсталяваны пры падтрымцы Урада Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскага саюза.
“Бюджэт усяго праекта складае 11,5 млн еўра. Мы яшчэ знаходзімся ў працэсе яго рэалізацыі, падтрымліваем стварэнне шасці такіх цэнтраў. Імкнёмся дапамагаць у развіцці прафесійнай адукацыі, бо гэта вельмі важна для эканомікі”, — адзначыла Андрэа Віктарын.
Па матэрыялах БелТА.
Фота Генадзя ЖЫНКОВА, БелТА.