Сугучча славянскіх сэрцаў у “Зубраняці”

- 9:56Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Дзве краіны — адзін лёс” прайшоў у НДЦ “Зубраня”. Мерапрыемства адбылося ў рамках III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі і сабрала хлопцаў і дзяўчат, аб’яднаных адзіным творчым запалам.

130 удзельнікаў з Беларусі і Расіі прыехалі на тыдзень у “Зубраня”, каб разам адпачываць, танцаваць, спяваць, сябраваць і абмяркоўваць, што хвалюе моладзь у абедзвюх краінах. Гэта прадстаўнікі Смаленскай, Бранскай, Калужскай, Пскоўскай, Ніжагародскай абласцей Расіі і розных рэгіёнаў Беларусі. Усе яны — удзельнікі заслужаных і ўзорных творчых калектываў, якія прадстаўляюць фальклорна-этнаграфічны, вакальны і харэаграфічны кірункі творчасці.

Насычаная праграма фестывалю прапанавала дзецям і педагогам безліч мерапрыемстваў. Яны пазнаёміліся з “Зубранём”, Нарачанскім краем і сталіцай Беларусі падчас экскурсій, наведалі майстэрні “Тэрыторыя маладзёжнай творчасці”, работу якіх забяспечвала кожная дэлегацыя з выкарыстаннем падыходу “роўны навучае роўнага”. Дэлегацыі падрыхтавалі відэаролікі для ўдзелу ў фестывалі сацыяльнай рэкламы “Саюзная дзяржава — краіна маёй будучыні”. Хлопцы і дзяўчаты бралі ўдзел у карнавале, рабоце дыскусійных і спартыўных пляцовак, творчай сустрэчы з дзеячамі культуры Беларусі. Прайшлі дні Беларусі і Расіі, падчас якіх дзеці дзяліліся вопытам работы і расказвалі аб сваіх дасягненнях.
Галоўныя мерапрыемствы фестывалю разгарнуліся ў дзень Саюзнай дзяржавы. На тэрыторыі цэнтра былі арганізаваны прэзентацыйныя пляцоўкі “Шматкаляровая палітра творчасці”: кожная дэлегацыя ў інтэрактыўнай форме прэзентавала свой рэгіён, яго культурныя традыцыі, свае ўстановы адукацыі і творчыя калектывы. Напрыклад, хлопцы і дзяўчаты з Пскова — удзельнікі ансамбля “Сонейка”, што дзейнічае ў Доме дзіцячай творчасці, — апранутыя ў нацыянальныя пскоўскія касцюмы, вучылі гасцей, якія завіталі на іх пляцоўку, ствараць ляльку-скакуху, адначасова расказваючы пра свой рэгіён і яго традыцыі. Дзеці са Смаленска, што займаюцца ў тэатры-студыі “Малады балет” у Палацы творчасці дзяцей і моладзі, паказалі ўдзельнікам фестывалю мультфільм пра свой горад і запрасілі ў віртуальнае падарожжа па ім. Легендамі аб 13 вежах Ніжагародскага Крамля зацікавілі выхаванцы Цэнтра эстэтычнага выхавання Ніжагародскай вобласці, якія займаюцца ў ансамблі народнага танца “Калінка”.

Цікава пра сваю Радзіму расказвалі і юныя беларусы. Прадстаўнікі Мінскай вобласці рабілі гэта падчас шматлікіх настольных гульняў. Пагуляць запрасілі ўдзельнікі з Брэсцкай вобласці: яны прапанавалі даведацца аб гісторыі краю, паспрабаваўшы сябе ў старадаўніх беларускіх гульнях.
Знаёмства з гісторыяй і традыцыямі нашай краіны прадоўжылася падчас этнаграфічнай праграмы ў турысцка-экскурсійным цэнтры старадаўняй бытавой культуры беларусаў “Хутар “Неслуч”. Тут для ўдзельнікаў фестывалю разгарнуўся кірмаш: яны паласаваліся беларускімі прысмакамі пад народныя спевы, навучыліся ствараць сувеніры з беларускім народным каларытам на майстар-класах па розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія падрыхтавалі для іх педагогі дадатковай адукацыі “Зубраняці”. Галоўнай творчай падзеяй гэтага дня і фестывалю наогул стала канцэртная праграма “Славянскае сугучча”, падчас якой на сцэну выйшлі ўсе творчыя калектывы — удзельнікі фестывалю са сваімі самымі яркімі нумарамі.

Кульмінацыяй дня Саюзнай дзяржавы стаў круглы стол “Беларусь і Расія: роднасць культуры — адзінства народаў”. Удзел у ім узялі прадстаўнікі кожнай дэлегацыі, а таксама ганаровыя госці: В.В.Якжык, намеснік міністра адукацыі Беларусі, А.І.Сягоднік, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы, член Камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, Н.Г.Ануфрыева, дырэктар НДЦ “Зубраня”.
Падчас дыялогу ўзнімаліся пытанні развіцця міжнароднага супрацоўніцтва паміж установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, уносіліся прапановы наладжваць партнёрскія адносіны і сяброўскія кантакты паміж моладдзю Расіі і Беларусі. Аляксандр Іванавіч Сягоднік, каменціруючы гэтую тэму, запэўніў хлопцаў і дзяўчат, што ўсе годныя і цікавыя праекты і ініцыятывы, звязаныя з работай з моладдзю і навучэнцамі, знаходзяць падтрымку кіраўніцтва Саюзнай дзяржавы.

Удзельнікі круглага стала папрасілі Віктара Віктаравіча Якжыка расказаць аб падзеях III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, каб аператыўна даведацца аб рашэннях і ініцыятывах ад непасрэднага ўдзельніка гэтага важнага мерапрыемства. У юных удзельнікаў круглага стала таксама былі ініцыятывы і прапановы. Першая датычылася непасрэдна фестывалю “Дзве краіны — адзін лёс” — хлопцы і дзяўчаты прапанавалі зрабіць яго традыцыйным і праводзіць штогод. І яшчэ адна цікавая ідэя выспела ў моладзі, што сабралася на фестывалі. Знаёмячыся, размаўляючы, абмяркоўваючы падзеі фестывалю і форуму рэгіёнаў, хлопцы і дзяўчаты прыйшлі да агульнай высновы, што іх ідэі і дзейнасць таксама могуць быць карыснымі Саюзнай дзяржаве, таму яны звярнуліся да ганаровых гасцей з прапановай вясной наступнага года правесці ў “Зубраняці” дзіцячы форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Даў ацэнку рабоце фестывалю Віктар Віктаравіч Якжык, адзначыўшы яго плённасць і важнасць: “Невыпадкова фестываль быў уключаны ў план мерапрыемстваў у рамках III Форуму рэгіёнаў. Гэта першы фестываль, і ён стане гісторыяй, тут зарадзіліся новыя традыцыі. Важна, што праграма яго ўключала не толькі творчыя выступленні, але таксама пазнавальныя, азнаямленчыя мерапрыемствы, а таксама тыя, дзе ладзяцца і ўсталёўваюцца зносіны, сувязі. Ідэя форумнага дзіцячага руху паказала сваю грунтоўнасць, і ўжо сёння на круглым стале абмяркоўвалася некалькі мерапрыемстваў і праектаў, якія могуць быць рэалізаваны на міжрэгіянальным узроўні”, — лічыць намеснік міністра адукацыі.

Напрыканцы работы круглага стала адзін з яго ўдзельнікаў запытаўся ў Надзеі Генадзьеўны Ануфрыевай, якім яна бачыць фестываль “Дзве краіны — адзін лёс” праз 5 гадоў. Дырэктар “Зубраняці” прызналася, што карцінку ўяўляе яркую і маштабную: тысяча чалавек на стадыёне цэнтра ў рознакаляровых касцюмах, на сцэне выступаюць не толькі харэаграфічныя і вакальныя, але і харавыя, інструментальныя калектывы, працуе агромністая выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці, на шматлікіх пляцоўках дзеці знаёмяцца і абмяркоўваюць агульныя сацыяльныя праекты і ініцыятывы. Думаецца, што ёсць усе перадумовы, каб гэтая карцінка ўвасобілася ў рэальнасці: удзельнікі першага фестывалю паказалі, што ў моладзі дзвюх краін ёсць мноства ідэй і, самае галоўнае, жаданне іх рэалізоўваць.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.