У мэтах удасканалення дзейнасці замяшчальных сем’яў на Магілёўшчыне адбыўся адпаведны абласны форум. Мерапрыемства аб’яднала начальнікаў і спецыялістаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, апекуноў, усынавiцеляў, бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, прыёмных бацькоў, кіраўнікоў устаноў адукацыі. Сумесна яны дэталёва абмеркавалі ўсе пытанні, якія тычацца аховы правоў дзяцінства.
Паводле слоў старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірыны Старавойтавай, ахова дзяцінства з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці нашай дзяржавы. Правы і законныя інтарэсы маленькіх беларускіх грамадзян замацаваны ў Канстытуцыі і многіх іншых нарматыўна-прававых актах.
— Сямейнае ўладкаванне спрыяе больш паспяховай сацыялізацыі сірот, а таксама скарачэнню інтэрнатных устаноў. За апошняе дзесяцігоддзе ў краіне прынята шмат нарматыўных дакументаў, якія накіраваны на паляпшэнне становішча дзяцей у замяшчальных сем’ях. Аднак у гэтай сферы пакуль ёсць праблемы. У мэтах стабілізацыі працэсу фарміравання прыёмнай сям’і неабходна аддаваць большы прыярытэт правам і інтарэсам дзіцяці. Сем’і падбіраць пад дзяцей, а не наадварот. Неабходна таксама рацыяналізацыя заканадаўства па пытаннях аплаты працы прыёмных бацькоў і льгот, якія прадастаўляюцца такім сем’ям, актывізацыя работы па пашырэнні сеткі адпаведных сацыяльных службаў, узмацненне прафесійнага ўзроўню прыёмных бацькоў, растлумачальнай работы з грамадскасцю. Трэба памятаць пра тое, што будучыня нашых дзяцей залежыць ад кожнага з нас. Форум — добрая магчымасць абмеркаваць надзённыя праблемы, бо менавіта ў дыялогу знаходзяцца тыя шляхі, якія становяцца найбольш эфектыўнымі ў выкананні пастаўленых перад намі задач, — падкрэсліла Ірына Анатольеўна.
Як было заўважана падчас размовы, на Магілёўшчыне сфарміравана і рэалізоўваецца рэгіянальная мадэль абароны законных інтарэсаў дзяцей, асноўнай мэтай якой з’яўляецца забеспячэнне права дзіцяці на жыццё ў сям’і і захаванне для дзяцей роднай сям’і. Сістэмная міжведамасная работа прыносіць чаканы вынік. Колькасць дзяцей, якія застаюцца без апекі бацькоў, штогод скарачаецца. Сёлета такіх хлопчыкаў і дзяўчынак 175. З іх 157 ужо ўладкаваны на выхаванне ў замяшчальныя сем’і. А ў цэлым па вобласці 83 працэнты сірот пражываюць у сем’ях.
— У большасці раёнаў дзеці-сіроты не накіроўваюцца ў інтэрнаты, а адразу ўладкоўваюцца на сямейнае выхаванне. Акрамя таго, у рэгіёне за апошнія гады істотна павялічылася колькасць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Гэта дазволіла нам значна аптымізаваць сетку інтэрнатных устаноў, — расказала намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова.
Умовы пражывання і выхавання сірот у замяшчальных сем’ях знаходзяцца на пастаянным кантролі, вызначаны і дзейнічае абласны рэгламент іх міжведамаснага суправаджэння.
— Гэты рэгламент прадугледжвае якасны адбор кандыдатаў у замяшчальныя бацькі, прыцягненне да рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы правоў дзяцінства лепшых сем’яў, іх падтрымку, а таксама маніторынг выканання правоў і інтарэсаў выхаванцаў. Такі падыход цалкам апраўдвае сябе. Сёння прыёмныя бацькі — добрыя спецыялісты, якія прайшлі адпаведнае навучанне і перыядычна павышаюць сваю кваліфікацыю. Многія з іх — гонар Магілёўшчыны і нават краіны. Гэта Рыта Уладзіміраўна Кундзікава, Тамара Аркадзьеўна Сянцова, Наталля Усеваладаўна Салодкая, Раіса Мікалаеўна Шамак, Алена Рыгораўна Алепка і іншыя прыёмныя бацькі, узнагароджаныя граматамі і ганаровымі званнямі, — адзначыла Ірына Міхайлаўна.
Аднак, як высветлілася, не заўсёды прыёмныя сем’і даюць падставу для гонару. Негатыўныя тэндэнцыі апошняга часу вымушаюць дзяржаўныя органы рабіць больш жорсткім кантроль за іх дзейнасцю. На канкрэтныя недапушчальныя факты звярнуў увагу прысутных начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі абласной пракуратуры Аляксандр Бардзілоўскі.
На яго погляд, у вобласці праводзіцца значная работа па абароне правоў дзяцінства, але хібаў у ёй хапае. Несвоечасовае прыняцце патрэбных мер рэагавання часам прыводзіць да ўшчамлення правоў дзяцей, сямейнага насілля, што цягне за сабой узбуджэнне крымінальных спраў, расфарміраванне прыёмных сем’яў і адпраўку сірот у інтэрнаты.
— Неабходна больш дэталёва ўнікаць ва ўсё тое, што адбываецца ў замяшчальных сем’ях, дасканала вывучаць сямейны мікраклімат, паводзінскія асаблівасці выхаванцаў, бо ўсё гэта ў далейшым вызначае лёс дзяцей-сірот, — акцэнтаваў Аляксандр Якаўлевіч.
Апекуноў і прыёмных бацькоў нельга пакідаць без увагі. Гэты заклік гучаў на форуме неаднойчы. Адпаведныя метадычныя службы павінны аказваць ім усебаковую падтрымку. У прынцыпе, шмат што ў гэтым плане ўжо зроблена. У кожным раёне створаны тэматычныя клубы, аб’яднанні, пры якіх замяшчальныя бацькі абмяркоўваюць актуальныя пытанні, змены ў заканадаўстве, атрымліваюць сацыяльна-педагагічную і псіхалагічную дапамогу. Актыўна дапамагае апекунам і абласны інстытут развіцця адукацыі. Акрамя прафесійнага навучання прыёмных бацькоў, павышэння іх кваліфікацыі, спецыялісты аддзела аховы правоў дзяцінства праводзяць для іх кансультацыі, трэнінгі, майстар-класы. Такая падтрымка звонку сапраўды дапамагае замяшчальным сем’ям справіцца са многімі праблемамі.
Патрэбным мерапрыемствам для прыёмных бацькоў стаў і форум. Яго ўдзельнікі не толькі закранулі найбольш хвалюючыя тэмы прафесійнай дзейнасці, але і маглі выступіць з заўвагамі і прапановамі, падзяліцца асабістым вопытам падчас работы розных дыскусійных пляцовак.
Фота аўтара.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.