Сумленная гульня

Аднаго, двух, трох, а можа, дзесяць… Колькі яшчэ спартсменаў пазбавяць алімпійскіх медалёў? Колькі яшчэ допінгавых скандалаў з’явіцца ў СМІ? Дакладна невядома. Вядома толькі адно: перамога павінна быць чыстай, спартсмен павінен спаборнічаць сумленна. “Моладзь гуляе сумленна” — так называецца выхаваўча-адукацыйны комплекс пазакласных мерапрыемстваў, распрацаваны Беларускім дзяржаўным універсітэтам фізічнай культуры разам з Нацыянальным антыдопінгавым агенцтвам пры фінансавай падтрымцы Фонду па выкараненні допінгу ў спорце ЮНЕСКА.

Узгадаем дзяцінства. У дваровых камандах тых, хто гуляў несумленна, брудна, ніколі не любілі. З такімі не сябравалі і намагаліся пазбягаць гульнявога кантакту на полі. Яшчэ б! Каму ж хацелася, каб падчас, напрыклад, футбольнага матча табе быццам бы незнарок ударылі прамой нагой у калена або ў барацьбе за верхавы мяч ад усёй душы заехалі локцем у патыліцу? Але тое было ў дзяцінстве, у дваровых камандах, дзе правілы гульні з большага фармальныя. У аматарскім і прафесійным спорце ўсё па-іншаму. Высокакваліфікаваныя суддзі, відэазапісы, паўторы гульні — здаецца, незаўважна парушыць правілы немагчыма, несумленная, брудная гульня строга караецца. Аднак усе мы балельшчыкі і добра ведаем, што правілы парушаюць, гуляюць несумленна, ужываюць допінг.

Дрэнна тое, што сведкам спартыўнага бруду становіцца моладзь, будучыя чэмпіёны. Цалкам лагічна, што ў кагосьці з іх можа ўзнікнуць пытанне “Калі ў некага атрымліваецца несумленна перамагаць, то чаму б не паспрабаваць і мне?”. Каб такіх пытанняў не ўзнікала, у мінулым навучальным годзе ў вучылішчах алімпійскага рэзерву і пачалося ўкараненне праекта “Моладзь гуляе сумленна”, куратарамі якога з’яўляюцца дэкан спартыўна-педагагічнага факультэта спартыўных гульняў і адзінаборстваў БДУФК кандыдат біялагічных навук Алена Валер’еўна Планіда і дацэнт кафедры псіхалогіі БДУФК кандыдат псіхалагічных навук Лізавета Вячаславаўна Мельнік. Ствараўся комплекс пры актыўнай дапамозе калектыву супрацоўнікаў Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва пад кіраўніцтвам начальніка аддзела прафілактыкі, адукацыі і міжнароднага супрацоўніцтва Алесі Уладзіміраўны Лыцінай.

“Выхаваўча-адукацыйны комплекс “Моладзь гуляе сумленна” прызначаны для ўкаранення ў сістэму пазакласных мерапрыемстваў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў і накіраваны на прасоўванне ідэй чыстага і справядлівага спорту, прынцыпаў fair play. Праект дазволіць закласці падмурак для выхавання будучых пакаленняў “чыстых” спартсменаў і забяспечыць бесперапынную антыдопінгавую адукацыю сярод моладзі і ўстойлівае развіццё нацыянальнай антыдопінгавай праграмы”, — паведаміла Алена Валер’еўна.

Рэалізацыя праекта пачалася ў мінулым навучальным годзе і прайшла паспяхова, таму ён стане доўгатэрміновым. Мерапрыемствы праекта праводзяцца на базе вучылішчаў алімпійскага рэзерву абласных цэнтраў сярод навучэнцаў 8—10 класаў. Усяго ў праекце задзейнічана каля 600 юных спартсменаў. Выкладчыкі вучылішчаў разам з валанцёрамі праводзяць псіхалагічныя трэнінгі, семінары, гульні, антыдопінгавыя кансультацыі. Удзельнікі праекта атрымліваюць карысны вопыт, веды і навыкі, якія змогуць прымяняць падчас работы ў сферы спорту.

Першым крокам у рэалізацыі праекта стала стварэнне кароткаметражнага дакументальнага фільма, які ўключае асвятленне найбольш яркіх момантаў мерапрыемстваў, інтэрв’ю з удзельнікамі праекта, вядомымі спартсменамі, афіцыйнымі асобамі сферы спорту. Фільм можна выкарыстоўваць з мэтай інфармавання навучэнцаў аб праблемах чыстага спорту, у якасці дыдактычнага матэрыялу. Комплекс плануецца ўкараніць не толькі ў вучылішчах алімпійскага рэзерву, але і ў спецыялізаваных спартыўных установах, а таксама спартыўных класах, створаных на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Больш падрабязна з матэрыяламі праекта, фільмам, зместам гульняў, асаблівасцямі правядзення трэнінгаў можна азнаёміцца на сайце Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва.

Паняцце fair play шырокае і ўключае не толькі мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне адмоўнага стаўлення да допінгу. Сумленная гульня — гэта і павага да саперніка, правіл гульні, і жаданне дасягнуць спартыўных вяршынь у справядлівай барацьбе. Чым раней сфарміраваць у юных спартсменаў гэтае разуменне, тым больш “чыстым” будзе аматарскі і прафесійны спорт, справядлівымі будуць перамогі на міжнарожнай арэне. Над фарміраваннем у дзяцей і падлеткаў гэтых каштоўнасных арыенціраў і працуюць трэнеры мінскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па боксе.

Для знаёмства з вопытам работы па фарміраванні прынцыпаў fair play мы нездарма завіталі ў сталічную СДЮШАР па боксе. Па-першае, 22 кастрычніка Мінск далучыўся да міжнароднага спартыўнага праекта “Школьны бокс”. Па-другое, у мінулым годзе на базе БДУФК быў праведзены семінар з удзелам трэнераў школы, супрацоўнікаў Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва, на якім разглядаліся пытанні “чыстага” спорту. Па-трэцяе, бокс — той від спорту, дзе несумленна гуляць — толькі сабе шкодзіць. Падчас бою сапернікі знаходзяцца ад суддзі на адлегласці некалькіх метраў, і любое парушэнне правіл навідавоку. Ударыў, скажам, локцем — папярэджанне, некалькі папярэджанняў — дыскваліфікацыя. А дыскваліфікацыя — гэта ўжо чорная пляма на біяграфіі спартсмена. Аднак і ў боксе тэма fair play актуальная.

“Бывае (найбольш часта гэта сустракаецца ў прафесійным боксе), што спартсмены быццам бы незнарок б’юць галавой саперніка. У спартсмена рассячэнне, і ён прайграе, бо не можа далей весці паядынак. Хітрыкаў хапае, аднак карыстацца імі або не — гэта ўжо на сумленні трэнера і спартсмена. Аднак несправядлівай гульнёй у вялікім спорце вы не зможаце дабіцца вяршынь. Вас рана ці позна раскрыюць, пакараюць, і кар’ера можа быць скончана. Канечне, грубасці ў боксе хапае, аднак на грубасць лепш адказваць не грубасцю, а больш дасканалай тэхнікай”, — падзяліўся старшы трэнер Іван Сяргеевіч Жук. Яго калега Аляксандр Аляксандравіч Шалаеў дадаў: “Хочаш перамагчы — перамагай сумленна, каб сапернік або скідваў пальчаткі і пакідаў рынг расчараваным, або знаходзіўся ў стане накаўта. Тады ніякіх пытанняў да сумленнасці тваёй гульні не ўзнікне ні ў суддзяў, ні ў саперніка”.

“У любым відзе спорту, у тым ліку боксе, сумленнасць гульні і перамогі залежыць ад узроўню выхаванасці спартсмена. Калі чалавек выхаваны, прытрымліваецца агульнапрынятых маральных каштоўнасцей, то сумленна ён будзе паводзіць сябе і на спартыўнай пляцоўцы. Калі мы будзем вучыць дзяцей спартыўным хітрыкам, несумленнай гульні, то якіх мы ў выніку выхаваем грамадзян? Якія таксама будуць усімі няпраўдамі дасягаць жыццёвых вяршынь?” — працягнуў размову Іван Сяргеевіч.

Выхаваўчы працэс у рабоце СДЮШАР па боксе бесперапынны. Гэта толькі на першы погляд можа падацца, што работа спартыўнай школы — выключна трэніроўкі, спаборніцтвы. А як жа прафілактычныя размовы пра fair play? Як жа сустрэчы за кубачкам чаю з вядомымі спартсменамі? А як жа наведванне знакавых у гісторыі нашага народа мясцін? Усе гэтыя формы таксама актыўна выкарыстоўваюцца ў рабоце спартыўнай школы. Баксёр павінен быць усебакова развітой асобай, а не толькі ўмела прымяняць на рынгу джэб, хук або аперкот.

Па словах дырэктара СДЮШАР па боксе Дзмітрыя Уладзіміравіча Якубчыка, баксёры — гэта вялікая дружная сям’я. Сярод спартсменаў братэрства наладжана як на ўзроўні школы, так і горада, краіны, Еўропы, усяго свету. Калі на рынгу баксёры раз’юшана баксіруюць, то па-за рынгам можна назіраць, як яны цёпла вітаюць адно аднаго. Бокс без сумленнай гульні, павагі да саперніка, братэрства — гэта не бокс, бо, як спяваў У.Высоцкі, “бокс — не драка, это спорт отважных”. Як пачынаецца любы паядынак? Спартсмены паціскаюць адно аднаму рукі. Чым заканчваецца паядынак? Яны абавязкова абдымаюцца і таксама паціскаюць рукі. Трэнеры заўсёды гавораць дзецям, што на рынгу яны воіны, а па-за рынгам сябры. Канечне, здараюцца ў боксе розныя выпадкі, аднак усё гэта на эмоцыях, таму вельмі важна навучыць спартсменаў кантраляваць сябе. Суддзя сказаў “стоп” — значыць стоп. Сапраўдныя баксёры — гэта спакойныя, ураўнаважаныя людзі, якія волю сваім эмоцыям даюць выключна на рынгу. Фарміруецца такі кантроль не за адну трэніроўку, гэта зладжаная шматгадовая сістэма работы.

“Бокс — кантактны і траўманебяспечны від спорту, аднак ён фарміруе ў юных спартсменаў мужнасць, дазваляе пазбавіцца эгаізму, развівае характар, сілу волі, фізічныя якасці, выхоўвае сапраўдных спартсменаў. Не кожны стане суперчэмпіёнам, аднак кожнаму, хто рэгулярна наведвае трэніроўкі, удзельнічае ў спаборніцтвах, бокс дапаможа сфарміраваць названыя якасці”, — адзначыў Пётр Іванавіч Букштановіч, які працуе трэнерам па боксе амаль 40 гадоў. Сапраўды, “бокс — не драка, это спорт отважных”.

Цікава, калі ў чарговы раз СМІ паведамяць пра допінгавы скандал? Сёння? Заўтра? Каго пазбавяць медалёў? Лыжнікаў? Біятланістаў? Можа, баксёраў? Ці будуць узгадвацца беларускія спартсмены? Нам, балельшчыкам, дакладна невядома. Вядома толькі адно: імёны сённяшніх удзельнікаў праекта ніколі не будуць фігурыраваць у допінгавых скандалах. Сённяшняя моладзь гуляе сумленна. Сумленная гульня — галоўная прымета аматарскага і прафесійнага спорту будучыні.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *