Сучасныя камунікатыўныя тэхналогіі дазваляюць наладзіць эфектыўнае супрацоўніцтва, незалежна ад адлегласці. У красавіку 2016 года гродзенская гімназія № 3 і сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 461 Колпінскага раёна Санкт-Пецярбурга заключылі дагавор аб супрацоўніцтве на пяць гадоў і паспяхова рэалізоўваюць яго.
Першы год сумесных дзеянняў быў напоўнены цікавымі справамі і сумеснымі мерапрыемствамі, якія праходзілі ў анлайн-рэжыме.
— Каб акрэсліць шляхі і кірункі супрацоўніцтва, правялі сумесны педагагічны савет “Развіццё сацыяльнай паспяховасці ў кантэксце грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў”, — расказвае дырэктар гімназіі № 3 Вольга Лышова. — Сацыяльную паспяховасць навучэнцаў, актыўную грамадзянскую пазіцыю лічым адным з прыярытэтных кірункаў выхаваўчай работы, гэта ляжыць у аснове работы дзвюх нашых навучальных устаноў. На гэтым педагагічным савеце падзяліліся вопытам работы, прадэманстравалі свае дасягненні і намецілі канкрэтныя сумесныя мерапрыемствы. А прысутнічалі на педсавеце 54 нашы педагогі і 36 педагогаў з 461-й школы Санкт-Пецярбурга.
У гродзенскай гімназіі працуе дыскусійны клуб “Плюс — мінус”, удзельнікі якога паспяхова развіваюць камунікатыўныя навыкі падчас урокаў і ў пазакласнай дзейнасці. У гімназіі ўзнікла ідэя далучыць да работы клуба школьнікаў з Санкт-Пецярбурга.
— Прамы анлайн-дыялог паміж беларускімі школьнікамі і іх расійскімі аднагодкамі дазволіў дзецям лепш даведацца адно пра аднаго, вызначыць агульныя праблемы, якія было цікава абмеркаваць у час дыскусіі, — расказвае настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Казанцава. — Тэма “Поспех у жыцці: чым яго вымераць?” актуальная для старшакласнікаў абедзвюх навучальных устаноў, бо большасць з іх хутка стане перад выбарам свайго жыццёвага шляху. Наколькі паспяховым будзе гэты шлях, вырашаць яны самі, але зрабіць свае першыя крокі па шляху да поспеху нашы выпускнікі гатовы ўжо зараз.
Работа над тэлекамунікацыйным праектам складалася з некалькіх этапаў. Для абмеркавання навучэнцам былі прапанаваны тры пытанні: “Што значыць быць гаспадаром уласнага лёсу?”, “Ты “робіш” абставіны ці абставіны “робяць” цябе?”, “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся: ці добра там, дзе нас няма?”.
Старшакласнікам было прапанавана вызначыць, хто такі сацыяльна паспяховы чалавек, якімі якасцямі трэба валодаць, каб стаць сацыяльна паспяховым, і каго можна назваць сацыяльна паспяховым у наш час. У анкетах навучэнцы вызначылі, што паспяховасцю яны лічаць запатрабаваную і высокааплатную працу, упэўненасць у сабе і ў сваіх ведах, магчымасць развіцця і самаўдасканалення, грамадскае прызнанне і гарманічныя адносіны з блізкімі людзьмі.
— У дыскусіі ўдзельнічалі два бакі, вучні адстойвалі свае погляды, — расказвае Святлана Уладзіміраўна. — Пасля абмеркавання кожнага пытання гледачы галасавалі за пазіцыю “плюс” ці “мінус”, каб выявіць, чыя пазіцыя была больш абгрунтаванай. Найбольшае супадзенне поглядаў гродзенскіх і піцерскіх навучэнцаў было па першым пытанні. “Плюс” меркаванню аб тым, што для паспяховасці патрэбны перш за ўсё ўнутраныя якасці чалавека (арганізаванасць, працавітасць, мэтанакіраванасць) і з імі можна пераадолець любыя знешнія перашкоды на шляху да мэты, паставілі 33 гродзенскія гімназісты і 28 піцерскіх школьнікаў. “Замінусавалі” такое меркаванне адпаведна 7 і 12 чалавек. Вынікам анлайн-дыскусіі стаў камандны маршрут “Сем крокаў да поспеху”, дзе маладыя людзі вызначылі сем асноўных правіл сацыяльна паспяховага чалавека.
У гэтым дыялогу прынялі ўдзел 74 навучэнцы і 8 педагогаў з дзвюх навучальных устаноў.
У рамках рэалізацыі праекта “Тэрыторыя садружнасці” ў маі гэтага года правялі сумеснае анлайн-мерапрыемства “Па старонках гісторыі гарадоў”, на якое запрасілі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Даследуючы гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў Гродне і Санкт-Пецярбургу, старшакласнікі знайшлі шмат агульнага ў лёсах славянскіх народаў і падзяліліся цікавымі фактамі. Так, пецярбуржцам было цікава даведацца, што Пётр І быў у Гродне. З вялікай цікавасцю слухалі яны ўспаміны Ганаровага пагранічніка Рэспублікі Беларусь, Ганаровага грамадзяніна Гродна, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Георгія Ісаакавіча Абелеўскага.
— У найбліжэйшых планах — рэалізаваць анлайн-праект “Зялёныя маршруты. Цікавае побач”, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 3 Святлана Шакаладава. — 2017 год аб’яўлены ў Расіі Годам экалогіі. Нам будзе цікавы вопыт калег з колпінскай школы па экалагічным выхаванні навучэнцаў. Яны раскажуць пра раённы фестываль ракі Іжоры. У рамках вучэбна-даследчага практыкуму экалагічныя атрады школы № 461 пабывалі на Горным Алтаі, Заходнім Каўказе, возеры Байкал, у Карачаева-Чаркесіі. Відавочна, што школа валодае багатым вопытам у фарміраванні экалагічнай культуры старшакласнікаў. Мы ў сваю чаргу прадставім цікавыя даследаванні флоры і фаўны ўрочышча Пышкі, лесапарку Румлёва. Гатовы падзяліцца вопытам работы па супрацоўніцтве з Гродзенскім заапаркам.
Да Міжнароднага дня талерантнасці плануецца правядзенне анлайн-фестывалю — культуралагічнага праекта “Тэрыторыя творчасці”, які будзе доўжыцца тры дні. Падчас мерапрыемства будуць раскрыты асаблівасці дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі і Расіі.
І хоць сучасныя тэхналогіі дазваляюць бачыць і чуць на вялікай адлегласці, жывыя зносіны нічым не замяніць. Таму ў Гродне восенню чакаюць гасцей з Санкт-Пецярбурга і ўжо зараз працуюць над праграмай гэтага візіту.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.