Супрацоўніцтва развіваецца

- 9:30Навіны рэгіёнаў

У Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі падпісана Праграма супрацоўніцтва паміж галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскай і Полацкай епархіямі Праваслаўнай царквы. 

Пагадненне ўяўляе сабой сукупнасць мерапрыемстваў на наступныя 5 гадоў у галіне адукацыі, накіраваных на інфармацыйнае, нарматыўна-прававое, навукова-метадычнае і арганізацыйнае забеспячэнне ўзаемных кантактаў; выхаванне маральна сталай, духоўна развітой асобы, здольнай усведамляць сваю адказнасць за лёс Айчыны, усяго чалавецтва, навакольнага свету, быць захавальніцай культурнай спадчыны свайго народа; кансалідацыю намаганняў органаў кіравання адукацыяй, устаноў адукацыі, царкоўных і грамадскіх арганізацый для выкарыстання патэнцыялу праваслаўных традыцый і каштоўнасцей у фарміраванні асобы чалавека, духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі, карэкцыі паводзін, сацыяльнай падтрымцы дзяцей і падлеткаў з дэвіянтнымі паводзінамі і непаўналетніх, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання; правядзенне сумесных педагагічных даследаванняў па духоўна-маральнай, псіхолага-педагагічнай, царкоўна-гістарычнай і культуралагічнай тэматыцы.

— Праграма нашага супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой —важны вектар міжведамаснага ўзаемадзеяння ў пытанні духоўна-маральнага выхавання дзяцей і моладзі, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. — У цяперашні час асаблівае значэнне набываюць задачы фарміравання духоўнага, маральнага і фізічнага здароўя падрастаючага пакалення, выхавання новага тыпу грамадзяніна — актыўна дзеючага, з моцнымі маральнымі прынцыпамі і інтэлектуальным патэнцыялам. Адукацыі тут адводзіцца ключавая роля. У сваю чаргу, духоўна-маральнае выхаванне на аснове праваслаўных традыцый закладвае ядро асобы, дабратворна ўплывае на ўсе бакі і формы ўзаемаадносін чалавека са светам: этычнае і эстэтычнае развіццё, светапогляд і станаўленне грамадзянскай пазіцыі, патрыятычную і сямейную арыентацыю, інтэлектуальны патэнцыял, эмацыянальны стан, агульнае фізічнае і псіхічнае развіццё. Дзейснае і канструктыўнае міжведамаснае ўзаемадзеянне ў гэтым напрамку нацэлена на пераадоленне існуючых негатыўных тэндэнцый у грамадстве. 

Як праінфармаваў Дзмітрый Хома, традыцыйна штогод у рэгіёне праводзіцца шэраг абласных сумесных мерапрыемстваў, у тым ліку Калядныя епархіяльныя адукацыйныя чытанні, Грамнічныя адукацыйныя чытанні. Іх удзельнікамі сталі кіраўнікі і педагагічныя работнікі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, свяшчэннікі, навуковыя работнікі, дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі мясцовага самакіравання, дзяржаўных, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, якія займаюцца пытаннямі духоўна-маральнага выхавання, развіцця дзяцей і моладзі. Актыўны ўдзел педагогі вобласці прымаюць у рэспубліканскіх Свята-Ефрасіннеўскіх адукацыйных чытаннях на Полаччыне. Ажыццяўляецца актыўная работа па падрыхтоўцы педагагічных кадраў да рэалізацыі праграмы супрацоўніцтва. Пры падтрымцы Віцебскай епархіі абласным інстытутам развіцця адукацыі арганізавана павышэнне кваліфікацыі педагагічных работнікаў розных катэгорый па пытаннях духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа, асновах праваслаўнай культуры. У працэсе павышэння кваліфікацыі слухачы атрымліваюць неабходную інфармацыю аб месцы праваслаўнага веравучэння ў культурнай прасторы, яго ўплыве на мараль, навуку і мастацтва; фарміраванне сістэмных ведаў спрыяе рашэнню важных праблем светапогляднага выбару, забеспячэнню самаразумення і ўстойлівасці асобы ў сістэме адукацыйнай практыкі. Акрамя таго, у змест павышэння кваліфікацыі ўсіх педагагічных работнікаў уключаны пытанні духоўна-маральнага выхавання, здаровага ладу жыцця, псіхолага-педагагічнай прафілактыкі супрацьпраўных паводзін. Праграмай супрацоўніцтва прадугледжаны семінары для спецыялістаў адукацыі (уключаючы намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, настаўнікаў пачатковых класаў, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, класных кіраўнікоў) па пытаннях арганізацыі работы па захаванні і ўмацаванні маральнага, псіхалагічнага і фізічнага здароўя ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, штогод абласным інстытутам развіцця адукацыі праводзіцца больш за 15 такіх семінараў. Штогадовыя Кірыла-Мяфодзіеўскія адукацыйныя чытанні маладых даследчыкаў “Славянская гісторыя, культура і пісьменнасць: вывучэнне, захаванне, памнажэнне” арганізуюцца з мэтай духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі шляхам прыцягнення іх да айчыннай духоўнай культуры, аб’яднання намаганняў дзеячаў навукі, адукацыі, культуры, мастацтва і Праваслаўнай царквы дзеля далейшага адраджэння культурнай і гістарычнай памяці беларускага народа. На выяўленне лепшага педагагічнага вопыту па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў накіраваны конкурсны рух. За апошнія 5 гадоў праведзены абласныя конкурсы метадычных распрацовак: “Праваслаўнае краязнаўства”, “Выхаванне культуры сямейных адносін”, “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне на праваслаўных традыцыях беларускага народа”, конкурсы на лепшую кніжную выставу “Духоўнасць. Маральнасць. Асоба”, буктрэйлераў “Да духоўнасці — праз кнігу”. Прыведзеныя прыклады — няпоўны пералік сумесных мерапрыемстваў.

— Практыка ўзаемадзеяння структур сістэмы адукацыі вобласці з Віцебскай і Полацкай епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы з’яўляецца выніковай, дазваляе выкарыстоўваць магчымасці праваслаўнай педагогікі ў вырашэнні праблем выхавання, а абласная праграма на новы пяцігадовы тэрмін адкрывае перспектыву далейшага сістэмнага і прафесійнага ўзаемадзеяння ў гэтай галіне, — акцэнтаваў увагу Дзмітрый Хома. — Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў — прыярытэтны напрамак работы ўстаноў адукацыі вобласці. Рэалізацыя новай праграмы супрацоўніцтва будзе спрыяць раскрыццю нацыянальнага менталітэту, традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцей беларускага народа, дазволіць паглыбіць зместавую аснову ідэалагічнай і выхаваўчай работы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.