Супрацоўніцтва ў творчасці

- 10:38Навіны рэгіёнаў

Супрацоўніцтва ўстаноў дадатковай адукацыі з сем’ямі выхаванцаў мае сваю спецыфіку. Поспехі ў рабоце, дасягненні ў сацыялізацыі дзяцей калектыў Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі бачыць у цесным супрацоўніцтве з бацькамі, прыцягненні іх да дзейнасці ўстановы. Аб вопыце такога супрацоўніцтва мы гутарым з загадчыкам інфармацыйна-метадычнага аддзела Навагрудскага раённага ЦТДіМ С.В.КРЫНСКАЙ.

— Святлана Вячаславаўна, у чым асаблівасці супрацоўніцтва з бацькамі ва ўстановах дадатковай адукацыі? На якіх прынцыпах вы будуеце яго ў вашым цэнтры?

— Узаемадзеянне сям’і і дадатковай адукацыі адрозніваецца ад узаемадзеяння з бацькамі ў школе. Адносіны паміж навучэнцамі, бацькамі і педагогамі ў дадатковай адукацыі пабудаваны на аснове свабоды выбару. І толькі ў самым блізкім супрацоўніцтве з бацькамі можна зрабіць сацыялізацыю дзіцяці найбольш паспяховай. У Навагрудскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі стварэнне саюзу трох сацыяльных сіл — педагогаў, дзяцей і бацькоў — ажыццяўляецца на аснове ўзаемаразумення і ўзаемапавагі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Праца з бацькамі ўключае ў сябе розныя формы педагагічнай асветы, навучання, кансультавання, прафілактыкі, якія дапамагаюць дарослым усвядоміць сваю ролю ў інтэлектуальным, сацыяльным, пачуццёвым, этычным, эстэтычным развіцці дзіцяці. Гэта дзейнасць бацькоўскага клуба “Сябры”, дні адкрытых дзвярэй, святы двара, творчыя майстэрні, майстар-класы, клас-канцэрты, творчыя справаздачы, бацькоўскія сходы, індывідуальныя кансультацыі, анкетаванне, размяшчэнне інфармацыі для бацькоў на сайце ўстановы і ў групе “Навагрудскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”, удзел у падрыхтоўцы да конкурсаў, выстаў, канцэртных праграм, арганізацыі экскурсій, паходаў, паездак.

— Чым вы можаце зацікавіць бацькоў? Якія мерапрыемствы для іх найбольш прывабныя?

— Педагогі стараюцца ўцягнуць бацькоў у сумесную творчасць, бо менавіта такая дзейнасць ім цікава. Асаблівую цеплыню і настрой ствараюць сумесныя святы ў рамках пасяджэнняў бацькоўскага клуба “Сябры”, канцэрты, прысвечаныя Дню маці, конкурсныя праграмы да 23 лютага і 8 Сакавіка, навагоднія святы, канцэрты да Дня абароны дзяцей. У рамках пасяджэнняў мы імкнёмся запрасіць на сустрэчы цікавых людзей. Гэта псіхолагі, валеолаг, супрацоўнікі музеяў Навагрудка, прадстаўнікі РАУС і раённага аддзела МНС.

Прыцягваюць бацькоў і раённыя святы, арганізатарам якіх выступае наша ўстанова. Дзякуючы выкарыстанню такіх форм узаемадзеяння, бацькі атрымліваюць магчымасць далучыцца да дзейнасці дзіцячага калектыву, яны быццам апынаюцца на тэрыторыі інтарэсаў дзіцяці.

Педагогі шукаюць эфектыўныя формы ўзаемадзеяння з сем’ямі навучэнцаў. Практычнае вырашэнне гэтай задачы прадэманстравала педагагічная панарама “Садружнасць у творчасці: педагогі, бацькі, дзеці” ў аб’яднаннях па інтарэсах. Так, на занятках аб’яднання па інтарэсах “Польская мова” кіраўнік Марыя Вячаславаўна Талочка зрабіла сумесную тэатралізацыю казкі “Журавель і чапля” на польскай мове. Педагогі аб’яднанняў па інтарэсах “Мастацкае вязанне кручком” (кіраўнік Вольга Аляксандраўна Юшманава), “Гурток цырульніцкай справы “Лонда” (кіраўнік Алена Уладзіміраўна Рудзік) арганізавалі работу творчай майстэрні для вучняў і іх бацькоў па вырабе ўпрыгажэнняў з наступным іх прымяненнем у прычосках дзяцей. Майстар-класы з дзецьмі і іх бацькамі правялі педагог Ганна Сяргееўна Манекіна ў аб’яднанні “Чароўная іголачка”, Іна Васільеўна Гасман у аб’яднанні “Народная кераміка”, Алена Леанідаўна Баршчэўская ў аб’яднанні “Вясёлка”.

Педагогі імкнуцца да выкарыстання сучасных тэхналогій. Заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах “Тэхнічная журналістыка”, якія правяла Кацярына Юрьеўна Семярнік, спалучалі адразу дзве методыкі: майстар-клас і выкарыстанне інтэрнэт-тэхналогій. Першай часткай заняткаў быў майстар-клас. Другой часткай стаў вэбінар. Пры рабоце з бацькамі вэбінары дазваляюць сачыць за заняткамі, не прысутнічаючы на іх асабіста.

— Ці вядзецца работа з бацькамі ў пакоях па месцы жыхарства і ў летні час?

— Канечне, выкарыстоўваем усе магчымасці, каб зацікавіць бацькоў сумеснай дзейнасцю. Падчас музычнага вечара ў пакоі па месцы жыхарства “Поўдзень — захад” бацькі і дзеці змаглі паўдзельнічаць у музычных конкурсах, разгадаць крыжаванкі, выканаць песні ў караоке. Бацькі ўбачылі творчыя дасягненні сваіх дзяцей. Юныя артысты выканалі для ўсіх прысутных песні і музычныя п’есы, якія яны развучваюць на занятках у аб’яднаннях па інтарэсах “Вакальны”, “Індывідуальнае навучанне ігры на фартэпіяна” пад кіраўніцтвам педагогаў Ларысы Пятроўны Апалонік, Галіны Пятроўны Мамончык, Юліі Станіславаўны Мулярчык, Надзеі Вячаславаўны Гнілякевіч.

Лета для ўстаноў дадатковай адукацыі Навагрудчыны — гарачы час. Мы імкнёмся арганізаваць карысную занятасць дзяцей. А хто, калі не бацькі, нашы саюзнікі ў гэтай важнай справе? Сёлета, каб зрабіць рэкламу аб’яднанняў і паказаць творчыя дасягненні дзяцей, мы правялі свята двара. Летнім вечарам проста на пляцоўцы каля пакоя па месцы жыхарства “Поўдзень — захад” перад сваімі бацькамі і жыхарамі мікрараёна выступілі ўдзельнікі ўзорнага ансамбля танца “Свіцязяначка” і юныя вакалісты. Кіруе ансамблем таленавіты педагог Галіна Аляксееўна Апалонік. Многія з бацькоў некалі самі займаліся ў яе танцамі, а зараз прыводзяць і сваіх дзяцей. А некаторыя ўжо і ўнукаў.

— Раскажыце, калі ласка, як працуе бацькоўскі клуб “Сябры”.

— Бацькоўскі клуб дзейнічае ў цэнтры больш за 20 гадоў. Кіруе ім загадчык агранізацыйна-масавага аддзела Ганна Яўгенаўна Скаварада. На пасяджэннях клуба ствараецца добразычлівы настрой, атмасфера агульнасці інтарэсаў. Пасяджэнні праводзяцца ў форме творчых сустрэч, часта прымеркаваных да свят. Як паказвае вопыт работы з бацькамі, іх вабіць менавіта сумесная дзейнасць са сваімі дзецьмі.

Увогуле, лічу, што праца ўстановы дадатковай адукацыі можа быць паспяховай толькі тады, калі педагогі і бацькі стануць саюзнікамі ў разуменні індывідуальных асаблівасцей дзяцей, развіцці іх здольнасцей і захапленняў, — інакш кажучы, праз супрацоўніцтва ў творчасці.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.